Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тактыка скандалу спрацавала: Расея і Беларусь дамовіліся пра новую формулу разьлікаў за газ


Менск і Масква нібыта дамовіліся вырашыць канфлікт вакол газавых цэнаў. Што стаіць за новай формулай разьлікаў за газ?

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Дзьмітры Гурневіч


Глод: Расейская газэта «Коммерсант» паведаміла пра новую схему цэнаўтварэньня на расейскі газ для Беларусі. Пакуль гэта не канчатковае рашэньне, але яно ўжо ўзгодненае на працоўным роўні.

Што новага ў новых умовах? Галоўнае — разьлікі цалкам пераводзяцца з даляраў у расейскія рублі. Ідэя гэтая ня новая. Я асабіста яшчэ два гады таму задаваў такое пытаньне амбасадару Расеі ў Беларусі Аляксандру Сурыкаву. Добра памятаю: ён тады казаў, што трэба сапраўды пераходзіць на рублёвыя разьлікі, навошта, маўляў, уносіць у разьлікі чужую валюту дзьвюм краінам, якія будуюць саюзную дзяржаву. Але, паводле амбасадара, на такі крок не хацелі ісьці самі газавікі, які ўжо прыстасаваліся да працы з далярамі.

Калі пераход на рублі сапраўды адбудзецца, то, паводле разьлікаў расейскага выданьня, газ для Беларусі ўжо ў наступным годзе патаньнее прыкладна на 30% — зь цяперашніх 132 даляраў за тысячу кубамэтраў да 100. Яшчэ адзін плюс для Беларусі — зьніжаюцца рызыкі, зьвязаныя з ваганьнем курсу даляра да беларускага рубля.

Калі новыя ўмовы будуць зацьверджаныя, Беларусь пагасіць доўг перад «Газпромам», уключна зь пенямі, па старой цане (гэта каля 300 мільёнаў даляраў), а Расея цалкам адновіць скарочаныя падчас канфлікту пастаўкі нафты ў краіну.

Для Беларусі Масква ўводзіць падвышальны каэфіцыент адносна расейскіх цэнаў. Пакуль ён будзе складаць 1,48, але да 2025 году паступова дойдзе да 1.

Чаго патрабуе ўзамен Расея? Прыбраць зь міжурадавага пагадненьня ад 2011 году пункт аб пераходзе Расеі на роўнадаходныя цэны на газ. Менавіта розная інтэрпрэтацыя гэтага пункту і дазволіла Беларусі аспрэчыць бягучыя кошты на газ і ня цалкам аплачваць яго, пачынаючы ад студзеня 2016 году.

Калі новыя ўмовы будуць зацьверджаныя, Беларусь пагасіць доўг перад «Газпромам», уключна зь пенямі, па старой цане (гэта каля 300 мільёнаў даляраў), а Расея цалкам адновіць скарочаныя падчас канфлікту пастаўкі нафты ў краіну. Пакуль, калі верыць «Коммерсанту», бакі спрачаюцца, зь якога моманту прымяняць дамоўленасьці. Менск прапануе — з 1 ліпеня, расейскі бок — з 1 жніўня.

Расейскія экспэрты лічаць, што Масква пайшла на саступкі дзеля таго, каб стварыць адзіны рынак электраэнэргіі дзьвюх краін у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Карацей, зьніжэньне коштаў на газ для Менску было непазьбежным, калі Масква хацела працягваць курс на інтэграцыю ў рамках ЭАЭС. Але гэта лягічны крок, які стане працягам інтэграцыі беларускай эканомікі з расейскай газавай і энэргетычнай галіной, лічыць, напрыклад, Віталь Крукаў.

Тэму цэнаў на газ ужо некалькі разоў абмяркоўвалі ў «Трайным удары». Тады пытаньне ставілася так: альбо бакі дасягнуць кампрамісу, альбо Менск капітулюе. Але ж цяпер выглядае, што капітулявала Масква? А што мяркуеце вы, калегі?

Гурневіч: Гэта пасьлядоўная палітыка па зьніжэньні коштаў, заплянаваная ў Эўрапейскім эканамічным зьвязе, і гэта фактычна ўжо прагназавалася, і цяпер мы бачым, як гэта рэалізуецца. Таму ня думаю, што тут варта шукаць нейкіх падводных камянёў, зьвязаных зь нейкімі палітычнымі рашэньнямі, манэўраваньнем Беларусі паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам. Гэта ўсяго толькі працоўны момант, і мы неаднаразова ўжо гэта назіралі. Калі здараліся вельмі сур’ёзныя пікіроўкі паміж Масквой і Менскам у газавых пытаньнях, яны заўсёды даходзілі да ладу, бакі заўсёды знаходзілі паразуменьне, таму што гэта выгадна ўсім. Расеі насамрэч няшмат каштуе зьнізіць гэтую цану, таму што там сума ня вельмі вялікая. Таму пагасіць гэты доўг у 300 мільёнаў, які Беларусь мае, ня будзе праблемай. Абсалютна ніякіх палітычных прычын, палітычнага фону тут няма.

Расеі насамрэч няшмат каштуе зьнізіць гэтую цану, таму што там сума ня вельмі вялікая. Абсалютна ніякіх палітычных прычын, палітычнага фону тут няма.

Адзінае — гэта дае падставу думаць, што Расея хоча зьвярнуць увагу вось на што. Маўляў, яна зноў датуе беларускую эканоміку, і зараз зьявяцца такія нагоды ўзгадваць пра гэта ў СМІ, а расейскім палітыкам гаварыць — глядзіце, мы ж вам даем газ на 30% ніжэй! Ня будзьце дурныя, на што вам гэты Захад патрэбны? Гэта ў палітычных дэбатах паміж Расеяй і Беларусьсю можа быць аргумэнтам. Але насамрэч, так скажу, непераканаўчым аргумэнтам, бо гэта ўсё абсалютна ідзе паводле пляну інтэграцыі Эўразійскага эканамічнага саюзу, Мытнага саюзу. Калі беларусы скардзіліся на падвышэньне мыта на машыны з-за мяжы, Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў, што затое праз пару гадоў мы будзем мець вельмі танны газ, вы будзеце менш плаціць. Гэта, канечне, не адбываецца, ніхто зь беларусаў менш ня плоціць. Але афіцыйна газ для Беларусі, вядома, таньнейшы. Для эканомікі гэта лепш, таму што прадпрыемствы завязаныя на расейскі газ.

Таму абсалютна працоўны момант, на які ня варта зьвяртаць увагі. Як я разумею, «Коммерсант» такі кантраляваны зьліў зрабіў, каб зараз мы мелі пра што пагаварыць і каб расейцы маглі сказаць, што беларусы павінны трымацца Расеі.

Карбалевіч: Я трохі ня згодзен са Зьмітром. Я лічу, што ў беларуска-расейскіх адносінах любыя эканамічныя праблемы адразу набываюць палітычны кантэкст. І тое, што адбывалася апошнія паўгода, калі спачатку Беларусь адмовілася плаціць тую цану за газ, якая прадугледжаная кантрактам, а ў адказ Расея зьменшыла пастаўкі нафты — гэта такія ўдары пад дых з двух бакоў, і яны даволі балючыя, асабліва для Беларусі.

Варта зьвярнуць увагу, што інфармацыя пакуль не пацьверджаная на афіцыйным узроўні. «Коммерсант» спасылаецца на кулюарныя крыніцы.

У беларуска-расейскіх адносінах любыя эканамічныя праблемы адразу набываюць палітычны кантэкст.

Другі момант. Гэта дамоўленасьць на ўзроўні ўрадаў. Пакуль дамоўленасьць не зацьверджаная на палітычным узроўні.

І яшчэ не зразумела, як вырашыцца пытаньне з нафтай. Справа ў тым, што ўжо два месяцы Расея пастаўляе ў Беларусь меншыя аб’ёмы нафты, чым належыць паводле міжурадавай дамовы. Дык вось, ці кампэнсуе Расея гэтыя недапастаўкі за два месяцы? Для беларускай эканомікі гэтае пытаньне надзвычай важнае, зьніжэньне аб’ёмаў пастаўкі нафты абыходзіцца Беларусі штомесяц у 0,2% валавога ўнутранага прадукту.

Але калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то ў цэлым можна адзначыць, што ў гэтай зацятай нафтагазавай вайне, якая цягнулася паўгода, перамог афіцыйны Менск. Расея пагадзілася на тое, чаго патрабаваў беларускі бок яшчэ на пачатку году. А Беларусь патрабавала перагледзець кантракт у бок зьніжэньня цэнаў на газ. Масква была катэгарычна супраць. Тады Беларусь проста стала плаціць удвая меншую цану. І сваімі брутальнымі дзеяньнямі Менск прымусіў Расею пайсьці на саступкі.

Калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то ў гэтай зацятай нафтагазавай вайне, якая цягнулася паўгода, перамог афіцыйны Менск.

Вядома, Беларусь атрымала не 100% таго, што хацела. Менск патрабаваў зьнізіць цэны на газ удвая. Паводле цяперашняй дамоўленасьці цана зьніжаецца толькі на 30%. Зразумела, гэта кампраміс. Менск выбраў тактыку — на пачатку торгу выставіць максымальныя патрабаваньні, а потым саступіць. Важна тое, што ўводзіцца паніжальны каэфіцыент, і з кожным наступным годам цана на газ для Беларусі будзе ніжэйшая.

Адзін з урокаў гэтай нафтагазавай вайны палягае ў тым, што тактыка, якую выкарыстоўвае Менск, тактыка скандалу, — яна працуе. Лукашэнка добра разумее лёгіку мысьленьня Крамля, ягоныя імпэрскія комплексы, і эфэктыўна гуляе на іх, эфэктыўна іх выкарыстоўвае.

XS
SM
MD
LG