Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат з Рагачова прарваўся да міністра. Той абяцаў перадаць прэтэнзіі ўраду


Мікалай Камароўскі

Мікалай Камароўскі

26 жніўня кандыдату ў дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду» па Рагачоўскай выбарчай акрузе № 45 Мікалаю Камароўскаму ўдалося патрапіць на прыём да міністра эканомікі Беларусі Ўладзімера Зіноўскага. Чыноўнік ладзіў прыём грамадзянаў у Рагачове.

«Мяне турбуе, што ў райцэнтры за апошнія два дзесяцігодзьдзі закрылі восем прадпрыемстваў, у тым ліку мэблевую фабрыку, гароднінны камбінат, будаўнічае прадпрыемства „Сьвіцязь“, заводы па выпуску цэглы, жалезабэтонных вырабаў. Па сутнасьці, у шэсьць разоў скарацілася колькасьць рабочых на заводзе „Дыяпраектар“, аснашчаным разнаплянавым абсталяваньнем, дзе можна выпускаць якую заўгодна прадукцыю. А вытворчасьць — гэта ж і занятасьць, і даходы людзей, і дадатковыя адлічэньні ў бюджэт».

Паводле Камароўскага, міністар паабяцаў давесьці да ўраду ўзьнятыя кандыдатам пытаньні.

«Я ня чуў, каб пытаньне эканамічнага разьвіцьця акругі ў кантэксьце разьвіцьця эканомікі краіны ўсур’ёз узьнімалася на дзяржаўным узроўні. Мне балюча глядзець, як на вачах слабее эканамічны патэнцыял рэгіёну. Я ў свой час таксама працаваў інжынэрам на „Дыяпраектары“, потым быў абраны старшынём Рагачоўскага гарвыканкаму. Таму й пайшоў да міністра эканомікі, каб неяк павярнуць сытуацыю ў лепшы бок, даць людзям занятак дома, каб не чакаць, пакуль эканамічна здольныя людзі ўсе да аднаго зьедуць на заробкі ў суседнія краіны», — падсумоўвае Мікалай Камароўскі.

XS
SM
MD
LG