Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала Беларусь за 25 гадоў незалежнай у культурнай сфэры


За 25 гадоў сувэрэннага існаваньня этнакультурныя каштоўнасьці застаюцца ў загоне. У чым прычыны такой зьявы?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч


Карбалевіч: Як мне падаецца, якраз у культурнай сфэры Беларусь аказалася найбольш залежнай ад Расеі. Хоць на пачатку 1990-х гадоў у краіне пачаўся працэс беларускага нацыянальнага адраджэньня, беларуская мова займала ўсё большую прастору.

Але пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі адбыўся адкат. Рэфэрэндум 1995 году паклаў канец працэсу беларусізацыі. Курс на аб’яднаньне з Расеяй спрычыніўся да таго, што ў якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі пачала выкарыстоўвацца ідэалёгія панславізму, ідэя славянскай еднасьці. Што на практыцы вяло да дамінаваньня тут расейскай культуры.

Калі ў іншых сфэрах Беларусь павольна дыстанцыявалася ад Расеі, у культурнай сфэры гэтага не адбылося.

З пачаткам 2000-х гадоў, калі да ўлады ў Расеі прыйшоў Пуцін, Лукашэнка зразумеў, што захапіць крамлёўскі пасад ня ўдасца, у Беларусі ўзмацніўся працэс дзяржаўнага і нацыянальнага будаўніцтва. Але этнакультурныя каштоўнасьці (беларуская мова, нацыянальныя сымбалі, апэляцыя да беларускай гісторыі) па-ранейшаму адрыналіся. Культурная палітыка разьвівалася на глебе пастуляту, што беларусы — гэта рускія, толькі са знакам якасьці.

Таму, калі ў іншых сфэрах Беларусь павольна дыстанцыявалася ад Расеі, у культурнай сфэры гэтага не адбылося. Моцна ўплывала на ўвесь культурны кантэкст дамінаваньне тут расейскай мовы. Магчыма, уплывалі тут і культурныя густы самога Лукашэнкі. Вось ён рэгулярна высылае віншаваньне ўсім больш-менш вядомым расейскім артыстам, не шкадуе для іх узнагарод.

Зь іншага боку, Лукашэнка бачыць у этнакультурным нацыяналізьме палітычную пагрозу свайму рэжыму. Адсюль забарона папулярных беларускіх музычных гуртоў, адсюль і, мякка кажучы, ігнараваньне на афіцыйным узроўні найбольш вядомых беларускіх пісьменьнікаў, кшталту Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна. У катэгорыю палітычна небясьпечных трапіла і Сьвятлана Алексіевіч.

Лукашэнка бачыць у этнакультурным нацыяналізьме палітычную пагрозу свайму рэжыму.

А вось у дамінаваньні тут расейскай культуры Лукашэнка ніякай пагрозы ня бачыў. Гэта ўсяляк віталася. Таму ў сфэры масавай культуры ў Беларусі вядзе рэй расейская папса. Сымбалем беларускай культуры, выразьнікам, як кажа Лукашэнка, «беларускай духоўнасьці» стаў «Славянскі базар» у Віцебску. Кнігі беларусы чытаюць пераважна на расейскай мове. Глядзяць расейскае кіно. Па розных тэлеканалах ідуць бясконцыя расейскія сэрыялы. Увогуле Беларусь апынулася ў сфэры дамінаваньня расейскай інфармацыйнай прасторы.

Толькі пасьля Крыму кіраўніцтва Беларусі ўбачыла пагрозу ад панаваньня тут расейскіх мас-мэдыяў. Стала відавочна, што разам з культурным уплывам адбываецца палітычны ўплыў, накіданьне беларусам ідэалёгіі «русского мира». Клясычны прыклад — георгіеўскія стужкі як сымбаль перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Таму пачалося асьцярожнае дыстанцыяваньне ад Расеі. Георгіеўскія стужкі не рэкамэндаваныя для ўжываньня на сьвяточных мерапрыемствах. Адбываецца падтрымка вышыванак, падкрэсьлена нэўтральна ставяцца ўлады да курсаў беларускай мовы.

Увогуле ўлады цягам многіх гадоў спрабуюць зладзіць сацыяльны экспэрымэнт: сфармаваць нацыянальную беларускую ідэнтычнасьць без этнакультурнага нацыяналізму. Экспэрымэнт ня скончаны. Пакуль не да канца зразумела, што з гэтага атрымаецца.

Глод: Хачу адразу пагадзіцца з Валерам Карбалевічам. Культура — гэта сапраўды тая сфэра, дзе залежнасьць ад суседняй краіны мы адчуваем найбольш выразна. Чаму так атрымліваецца, спадар Валер нам патлумачыў. Хачу дадаць да гэтага толькі яшчэ некалькі лічбаў і меркаваньняў.

Беларусы цалкам існуюць у сфэры расейскай масавай культуры.

Глядзіце, беларусы цалкам існуюць у сфэры расейскай масавай культуры. З васьмі тэлеканалаў сацыяльнага бясплатнага пакету пяць — расейскія. Гэта вельмі небясьпечная залежнасьць. Расейская прапаганда дзейнічае на псыхалёгію беларусаў. Яна вельмі разнастайная і гнуткая. І прафэсійная, зробленая так, што складана зразумець і правесьці мяжу, дзе тут сканчаецца прасоўваньне нейкага інфармацыйнага прадукту і пачынаецца менавіта мэтанакіраваны ўплыў у палітычных інтарэсах.

Нарэшце гэта зразумелі і ўлады. Працытую Ігара Бузоўскага, намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта:

«Кантэнт Расейскай Фэдэрацыі ў беларускіх мэдыях складае ўжо на сёньня, гэта нас не павінна не насьцярожваць з гледзішча нашай нацыянальнай культуры, інфармацыйнай бясьпекі, — даходзіць да 65%».

А на пачатку гэтага месяца міністар інфармацыі Лілія Ананіч, кажучы пра беларускую інфармацыйную прастору, казала, што трэба ствараць уласныя беларускія сэрыялы. Яна ж таксама бачыць, што па тэлевізару бясконца круцяць менавіта расейскія дэтэктывы, з расейскім разуменьнем спраў, з расейскай мэнтальнасьцю, з расейскім самаўсхваленьнем.

А што можна зрабіць, каб кардынальна памяняць становішча? Вось некалькі захадаў, якія прапануе партыя БНФ:

— вяртаньне нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных;

— вяртаньне беларускай мовы ў якасьці адзінай дзяржаўнай, аднаўленьне беларускамоўнай адукацыі, у тым ліку ў ВНУ;

— аднаўленьне Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа ў ранейшым статусе;

— ажыцьцяўленьне комплексу захадаў дзеля супрацьдзеяньня расейскай імпэрыялістычнай прапагандзе, у тым ліку:

— вывад з базавых пакетаў усіх кабэльных сетак расейскіх тэлеканалаў НТВ, РТР, «Россия 24», ОРТ/ОНТ;

— заканадаўчая ды фактычная забарона дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі любых арганізацыяў, якія ў сваёй дзейнасьці распаўсюджваюць погляды ды ідэі, якія ставяць пад пытаньне гістарычную абгрунтаванасьць існаваньня і/або само існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы, існаваньне беларускай нацыі ды яе мовы, культурнай спадчыны, традыцыяў.

Пакуль улады паводзяць сябе вельмі асьцярожна. І калі нейкія зрухі адбываюцца, то вытокі іх знаходзяцца ў грамадзкіх ініцыятывах.

Гэта сапраўдная праграма істотных пераменаў.

Але пакуль улады паводзяць сябе вельмі асьцярожна. І калі нейкія зрухі адбываюцца, то вытокі іх знаходзяцца ў грамадзкіх ініцыятывах. Так, як гэта адбываецца з вышыванкамі, калі прадзяржаўны БРСМ перахапіў гэтую ідэю ад нацыянальна-арыентаваных грамадзкіх структураў.

Гурневіч: Я сабе дазволю не пагадзіцца з калегамі ў тым, што Беларусь цалкам засталася залежнай ад Расеі. Мне здаецца, што яна стала больш незалежнай у культурным пляне ад Расеі, але пытаньне ў тым, што гэта ня надта вялікі працэнт.

Асноўнае ў здабыцьці гэтай культурнай незалежнасьці — гэта тое, што людзі пачалі атаясамліваць сябе менавіта з гэтай краінай, з гэтай дзяржавай. І хоць гэта не заўсёды праяўляецца ў выкарыстаньні беларускай мовы, але прынамсі ў людзей за гэтыя гады выхавалася ляяльнасьць да беларускай мовы.

Асноўнае ў здабыцьці культурнай незалежнасьці — гэта тое, што людзі пачалі атаясамліваць сябе менавіта з гэтай краінай, з гэтай дзяржавай.

Калі яшчэ 15–20 гадоў таму можна было сустрэць на вуліцах непрыязнае стаўленьне або дзіўныя пытаньні, сёньня гэта зьведзенае да мінімуму. Я, напрыклад, не жывучы пастаянна ў Беларусі, калі прыяжджаю, а прыяжджаю вельмі часта — кожны месяц, ні разу не сустрэў зьдзіўленага стаўленьня. Людзі, наадварот, імкнуцца адказваць па-беларуску. Гадоў 10 таму сталі б пытаць — а вы настаўнік, пісьменьнік ці хтосьці там?

Нават гаворачы па-расейску, беларусы не становяцца расейцамі. Магчыма, па форме гэта расейская мова і ў пэўным сэнсе расейская культура, але па зьмесьце — беларуская.

Сёньня вельмі шмат маладых беларусаў не арыентуюцца на расейскую папсу, яны арыентуюцца на заходнеэўрапейскую, амэрыканскую, або на беларускую ўласнага разьліву, такую, як Макс Корж, Анна Бонд, хоць гэта не сьпявачка, але, так бы мовіць, поп-зорка. Гэта ўжо не якая-небудзь Лайма Вайкуле ці Леанід Агуцін.

Культурная незалежнасьць расьце вельмі часта насуперак уладзе.

Дзяржава ўвесь гэты час намагаецца захоўваць статус-кво, які быў у БССР. Прынамсі, так было гадоў 15 ці 20 таму. Цяпер абсалютна заўважна, апошнія два гады, што гэта зьмяняецца, пачынаючы з шыльдаў. Хоць гэта нязначная зьмена, але тым ня менш існуе пэўны трэнд, які сьведчыць пра зьмену пакаленьняў. Бо прыходзяць новыя маладыя чыноўнікі, людзі, якія ўжо арыентуюцца на нейкія ўласныя арыенціры.

Гэтая культурная незалежнасьць расьце вельмі часта насуперак уладзе. І тут заўважныя незалежніцкія трэнды: вышыванкі, канцэрты беларускіх гуртоў, опэн-эйр фэстывалі, якіх цяпер проста процьма. Вельмі шмат падзеяў, якія нядаўна ўявіць сабе было немагчыма.

Ведаю, што шмат беларусаў наракаюць, што мала на радыёканалах беларускай музыкі. Я як чалавек, які прыяжджае, хачу сказаць, што ў параўнаньні з тым, што было 10 гадоў таму, гэта велізарная зьмена. Ёсьць украінскія гурты, «Акіян Эльзы», ці Н.Р.М., Вольскі, Крамбамбуля, тое, што раней можна было пачуць раз на тыдзень. Абсалютна відавочна для мяне, што Беларусь стала больш незалежнай, але вельмі часта ня дзякуючы ўладзе, а наадварот, насуперак.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG