Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: У мяне не было блізкіх адносінаў з дэпутатам Лукашэнкам АНОНС


У новым цыклі Свабоды «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» гутарка з былым кіраўніком Беларусі, старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня (28.01.1994 — 10.01.1996 ) Мечыславам Грыбам.

Ганна Соўсь: Я памятаю, як глядзела па тэлебачаньні, як вас прадстаўлялі як старшыню ВС 12-га скліканьня пасьля адстаўкі Шушкевіча «за скрыню цьвікоў». Мае першае ўражаньне было, што вы — прадстаўнік намэнклятуры, генэрал міліцыі кшталту Чаргінца, ніяк не дэмакрат, ніяк не будучы апанэнт рэжыму Лукашэнкі. Я памылялася. А як мяняўся ваш сьветапогляд напачатку 1990-х?

Маё станаўленьне як дэпутата і як чалавека ў асноўным адбывалася ў складзе Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня

Мечыслаў Грыб: У мяне не было блізкіх адносінаў з дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам, можа быць таму, што і статус у нас быў розны, і ўзрост быў розны, у яго была свая кампанія сярод дэпутатаў, а ў мяне свая. Я зь Віцебскай вобласьці быў дэпутатам, ён з Магілёўскай. Гэта таксама мела значэньне. Я асабіста ўвагі на яго і не зьвяртаў да таго часу, як ён ня стаў кіраўніком камісіі па барацьбе з карупцыяй. Калі ён стаў выкрываць усіх і выносіць на трыбуну таўшчэзныя справы і гаварыць, што ўвесь Савет міністраў у карупцыі. Я тады зьвярнуў увагу, што гэта даволі небясьпечныя заявы. Але гэтыя заявы нічым не завяршаліся. Заявы былі, абвінавачваньні былі, але ўсё неяк гублялася, ніхто далей на гэта не зьвяртаў увагі. Гаворыць ды гаворыць, хай гаворыць. Далей болей стала...

Маё станаўленьне як дэпутата і як чалавека ў асноўным адбывалася ў складзе Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Мне падабалася, што там пачынае культывавацца беларуская мова. Мне падабалася, як Шушкевіч вядзе паседжаньне па-беларуску, і я нешта спрабаваў. Але мне было складана, бо я заканчваў на расейскай мове школу, ўнівэрсытэт і акадэмію.

Соўсь: Дык вы ў Вярхоўным Савеце фактычна навучыліся гаварыць па-беларуску. У якім ўзросьце?

Грыб: Мне было 53-54 гады. Было цяжка. Беларуская мова — мая родная. Я ж зь Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці, але ў нас і расейская мова была, але найбольш трасянка... Але нешта ў каранях, у крыві маёй заставалася, я гэта адчуваў. І калі я прыняў рашэньне размаўляць па-беларуску, знайшоў падручнікі, і ўсё пачало ўспамінацца. Я папрасіў сваё атачэньне, каб яны мяне крытыкавалі за кожны няправільны сказ. Я хацеў як мага хутчэй дамагчыся, каб я пачаў ня толькі размаўляць па-беларуску, але і думаць па-беларуску. Калі гэта адбылося, стала лягчэй. Першы свой выступ на беларускай мове я зрабіў на актыве ў Віцебскай вобласьці. Так было цяжка мне, так сорамна, нязручна, што я так дрэнна, з памылкамі кажу. Але хачу падзякаваць, што людзі гэта зразумелі і ніхто мяне не крытыкаваў. І ніхто не сьмяяўся зь мяне, хаця падстаў для сьмеху было болей, чым з Мікалаем Іванавічам (Старшыня Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня Мікалай Дземянцей — РС). Неяк людзі зразумелі, што я сумленна імкнуся да гэтага і даравалі мне мае памылкі...

Цалкам інтэрвію з былым кіраўніком Беларусі Мечыславам Грыбом неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG