Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці выгадавалася ў Беларусі за 25 гадоў кіроўная эліта, якая будзе бараніць незалежнасьць ад пагрозаў як з Захаду, так і з Усходу?

Абмяркоўваюць: Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Гурневіч: Што да пагрозы з захаду, то тут, відавочна, рэакцыя будзе адназначнай – адпор НАТО ўсімі сіламі плюс расейская дапамога, як галоўнага ваеннага хаўрусьніка. За 25 гадоў кіраўніцтва краіны выхоўвала ў сваіх наступніках недавер і варожасьць да Захаду і многія гэта ўсмакталі «з малаком маці».

Што да ўсходняй суседкі, то тут шмат нюансаў. Вялікая частка беларускай кіроўнай эліты пакутуе на посткаляніяльны сындром адносна Расеі. Для многіх Масква – гэта компас. Асабліва чыноўніцтва старэйшага пакаленьня хварэе на комплекс «малодшага брата». Гэта ня дзіўна, бо мэнталітэт многіх зь іх сфармаваўся ў СССР «пад капірку», а за 25 гадоў незалежнасьці яны ня мелі нагоды прайсьці катарсіс.

І калі ўявіць сытуацыю расейскага ўварваньня ў Беларусь, то, на жаль, многія зь іх «склалі б лапкі», бо нават расейская армія ўспрымаецца імі як «свая». І ў іх будзе алібі – кіраўніцтва Беларусі рознымі вайсковымі дамовамі паставіла краіну ў такую сытуацыю, што, па сутнасьці, уваход рускіх танкаў можа быць санкцыянаваны і легальны.

«Абаронцы незалежнасьці» ад патэнцыйнай пагрозы з Усходу будуць сярод кіроўнай эліты ў меншасьці. Занадта шмат афіцыйны Менск усе гэтыя гады шчыраваў на фронце збліжэньня з Масквой.

Велізарная колькасьць армейскага камандаваньня ў Беларусі – гэта расейцы. Цяжка ўявіць, каб генэралы беларускага войска, народжаныя ў Расеі і выхаваныя там, аддавалі загад беларускім салдатам страляць у расейскіх вайскоўцаў. Абароннае ведамства і Рада бясьпекі нашпігаваныя расейцамі. Цяперашні міністар абароны – выпускнік расейскіх ваенных ВНУ. І хаця кіраўнік краіны абяцае да апошняга патрона адстрэльвацца ад любога ворага, у мяне шмат сумневаў, што так будзе.

Маладзейшае пакаленьне чыноўнікаў незалежнасьць успрымаюць як каштоўнасьць, але пытаньне: наколькі яны ўпаўнаважаныя прымаць рашэньні й якое іх значэньне ў герархіі?

Зразумела, што адназначнага адказу на гэтае пытаньне быць ня можа. Але «абаронцы незалежнасьці» ад патэнцыйнай пагрозы з Усходу будуць сярод кіроўнай эліты ў меншасьці. Занадта шмат афіцыйны Менск усе гэтыя гады шчыраваў на фронце збліжэньня з Масквой. За апошні год заўважныя пэўныя крокі, каб адмежавацца й акрэсьліць сябе самастойнымі, але яны вельмі кволыя і няўпэўненыя.

Дракахруст: Магу пагадзіцца з тым, што такія настроі існуюць, хоць я б сказаў, больш яны да Расеі як да блізкай краіны, братэрскай, але ўсё ж такі не сваёй. На працягу гэтых 25 гадоў адбывалася псыхалягічнае дыстанцыяваньне ад Расеі, усьведамленьне, што гэта амаль мы, але ўсё ж такі ня мы. І гэтае ўяўленьне стала даміноўным і ў народзе, і ў колах эліты, у тым ліку і ў коле людзей, якія прыехалі калісьці з Расеі.

Беларуская ідэнтычнасьць даволі хітрая. Яна на першы погляд слабая, плыткая, але яна ўмее «пераварваць» іншых людзей і перарабляць іх у беларусаў.

Беларуская ідэнтычнасьць даволі хітрая. Яна на першы погляд слабая, плыткая, але яна ўмее «пераварваць» іншых людзей і перарабляць іх у беларусаў.

У 2002 годзе прагучала знакамітая прапанова Пуціна: давайце, уступайце ў РФ шасьцю губэрнямі. Тады акрамя двух другарадных палітыкаў – Сініцына і Ярашука – уся Беларусь прадэманстравала адзінства, умоўна кажучы, ад Пазьняка да Лукашэнкі.

Гурневіч: Гэта была прапанова, гэта не была пагроза.

Дракахруст: Рэакцыя на прапанову таксама паказальная. Вось гэтая беларуская памяркоўнасьць часам хітрая і людзей падманвае. Я памятаю сваю гутарку з Сяргеем Маркавым, вядомым расейскім палітыкам, у 2004 годзе пасьля газавага крызысу.

Ён цяпер ідэоляг Наваросіі, ну і тады быў даволі блізкім да Крамля. Ён казаў: вось мы глядзім, ведаем апытаньні, ведаем ваш кантэкст, думаю, у вас там праз паўгода паўстане моцны прарасейскі рух, які будзе спаборнічаць з Лукашэнкам. Праз паўгода я не паленаваўся яму патэлефанаваць па іншым пытаньні, і спытаў: ну, як вам рух прарасейскі ў Беларусі – паўстаў ужо? Ён кажа: так, нешта ў вас усё складана неяк.

Гурневіч: Менавіта гэта я маю на ўвазе: абыякавасьць, памяркоўнасьць – гэта той чыньнік, які паўплывае на тое, што беларусы ня будуць, прынамсі, эліта не захоча супраціўляцца

Дракахруст: Я ў свой час уяўляў сабе такую тэарэтычную схему. Вось уявіце сабе – у 1940 годзе нейкаму афіцэру Абвэру даюць заданьне: спрагназуйце маштабы «партызанкі» ў Беларусі ў выпадку нашага ўварваньня. Ці будуць беларусы супраціўляцца?

Мяркую, што нават абазнаны чалавек сказаў бы «не». У Першую Сусьветную беларусы ня надта немцам супраціўлялілся, народ рахманы, Сталіна ім любіць няма з чаго, супраціву ня будзе. А яно склалася інакш.

Зразумела, можна сказаць, што гэта вынік працы НКВД. Але НКВД паўсюль шчыраваў – і ў Прыбалтыцы, і ва Ўкраіне, а такія маштабы «партызанкі», якія рэальна перашкаджалі немцам, былі пераважна ў Беларусі. Так што я быў бы ўсё ж акуратным у прагнозах наконт капітулянцкіх настрояў беларусаў.

Карбалевіч: На пастаўленае пытаньне цяжка адказаць адназначна. Бо дакладны адказ можа быць атрыманы толькі экспэрымэнтальным шляхам. Ад чаго, як кажуць, барані Бог.

Праблема складаная, і яна мае шмат аспэктаў. З аднаго боку, за чвэрць стагодзьдзя незалежнасьць Беларусі не падлягае сумневу як на ўзроўні грамадзтва, так і на ўзроўні элітаў. Можа, гэта адзінае палітычнае пытаньне ў краіне, па якому існуе агульнанацыянальны кансэнсус.

На чале дзяржавы стаіць аўтарытарны кіраўнік, які не ўяўляе свае палітычнае існаваньне па-за беларускай дзяржавай. І бараніць незалежнасьць ад танкаў ён будзе, бо гэта пытаньне яго палітычнага і біялягічнага існаваньня.

У краіне створаныя дзяржаўныя інстытуты, якія працуюць даволі эфэктыўна з гледзішча захаваньня статус-кво. «Вэртыкаль улады» працуе амаль як гадзіньнік. Калі ня браць сфэру эканомікі, то загады зь вяршыні адміністрацыйнай піраміды выконваюцца бездакорна. Дзяржапарат, сілавыя структуры вышкаленыя і дзеяздольныя. У гэтым прынцыповае адрозьненьне Беларусі ад Украіны, дзе ў крытычны момант дзяржаўныя інстытуты проста разваліліся.

На чале дзяржавы стаіць аўтарытарны кіраўнік, які не ўяўляе свае палітычнае існаваньне па-за беларускай дзяржавай. І бараніць незалежнасьць ад танкаў ён будзе, бо гэта пытаньне яго палітычнага і біялягічнага існаваньня.

Зь іншага боку, дзяржаўны апарат, сілавыя структуры ідэалягічна і псыхалягічна не гатовыя ўступаць у сілавы канфлікт з расейскай пагрозай. У Міністэрстве абароны кіроўныя пасады займаюць вайскоўцы, якія вучыліся ў Расеі, як напрыклад, міністар Раўкоў.

І як паказваць сацыялягічныя апытаньні, большасьць грамадзянаў таксама не гатовая ахвяраваць сабой дзеля абароны незалежнасьці, прычым, незалежна ад таго, адкуль будзе пагроза. Але ў гэтым Беларусь ня моцна адрозьніваецца ад большасьці краінаў Эўропы. Там таксама грамадзяне ня надта гатовыя цаной жыцьця абараняць незалежнасьць. (Можа, за невялікім выключэньнем, якім, у прыватнасьці, зьяўляецца Польшча, ну і, зразумела, Расея.)

Бо ў эпоху глябалізацыі, спажывецкага грамадзтва, дамінаваньня ідэі прыярытэту правоў чалавека, кантрактнага войска ідэалягема абароны Радзімы ператвараецца ў пэўным сэнсе ў абстракцыю. І гэта моцна адрозьнівае хрысьціянскую цывілізацыю ад мусульманскай. Там на Блізкім Усходзе, як мы бачым, існуе рэлігійны фанатызм і ідэалягічная зацятасьць. Таму гэта ня толькі беларуская праблема.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG