Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці стала Беларусь за 25 гадоў незалежнай у зьнешняй палітыцы


Уладзімер Садоўскі. Вялейка. Цэнтральная плошча.

Уладзімер Садоўскі. Вялейка. Цэнтральная плошча.

АДКБ, Эўразійскі саюз, эканамічныя войны, непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, збліжэньне і сваркі з Захадам — ці ёсьць трэнд у гэтых манэўрах беларускай зьнешняй палітыкі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Не — адказ правільны, але фармальны і таму няпоўны.
Беларусь — з усіх краінаў сьвету знаходзіцца ў найбольшай колькасьці разнастайных саюзаў з Расеяй: саюзная дзяржава, Эўразійскі саюз, АДКБ. Гэтыя саюзы рознай ступені абавязковасьці, але саюз дзяржавы адносна невялікай з гіганцкай абмяжоўвае сувэрэнітэт першай.

Варта адзначыць, што зьнешняя палітыка краіны зазнала шмат сутнасна розных этапаў.

1991-1993 год — зьяўленьне зьнешняй палітыкі нованароджанай краіны як такой. Усталяваньне адносінаў, адкрыцьцё пасольстваў, уступленьне ў міжнародныя арганізацыі. Варта адзначыць, што тады на ўзроўні інстытуцыйнай палітыкі ўхіл у бок Расеі быў не такім і моцным, тагачасную эліту вабіў і Захад, адносіны зь якім бурліва разьвіваліся.

Ужо ў 1993 годзе пачаўся паварот у бок Расеі, Беларусь уступіла ў АДКБ — ваенна-палітычны саюз з Расеяй. Тады ж зьявіўся праект абʼяднаньня грашовых сыстэмаў.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі працэс паглыбіўся — каскад саюзных дамоваў 1996, 1997, 2000 ствараў уражаньне, што Беларусь наагул страчвае ці ўжо страціла міжнародную субʼектнасьць, ператвараецца і дэ-юрэ ў рэгіён Расеі. Сымбалем было ўрачыстае зьнішчэньне памежнага шлягбаўму паміж Беларусьсю і Расеяй.

Зьнешняя палітыка Менску нагадвае палітыку румынскага камуністычнага лідэра Чаўшэску ў 60-х-70-х гадах. Ён саюзьнічаў з СССР, спраўна цалаваўся з Брэжневым, але рабіў і пэўныя самастойныя крокі ў зьнешняй палітыцы, за што Захад ставіўся да яго крыху інакш, чым да іншых сатэлітаў СССР.

Варта прыгадаць, што гэтае збліжэньне з Расеяй суправаджалася, асабліва пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, рэзкім пагаршэньнем стасункаў з Захадам. Менавіта тады гучалі словы і пра «монстра НАТО, які падпаўзае да нашых межаў», і многае іншае.

Але сытуацыя пачала мяняцца з прыходам да ўлады Пуціна, са знакамітых «мух і катлет», а асабліва — з прапановы Пуціна аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расеі шасьцю губэрнямі. Адказам было рашучае «не» і паступовае ахаладжэньне адносінаў. Так, Беларусь і надалей працягвала карыстацца так званым расейскім «грантам», аднак напачатку пагаршэньне стасункаў вылілася ў шэраг эканамічных войнаў, першая — у лютым 2004 году.

Паваротным пунктам наступнага этапу стала адмова Менску прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, значнае паляпшэньне адносінаў з Захадам, пікам якога стала далучэньне Беларусі да праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Кропкай адваротнага павароту стала як трагедыя 19 сьнежня 2010 году, так і ўступленьне Беларусі ў новы, больш акрэсьлены інтэграцыйны расейскі праект — мытны саюз, які потым трансфармаваўся ў адзіную эканамічную прастору і эканамічны саюз.

Аднак канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, Крым і Данбас абазначылі новы этап, новы паварот у зьнешняй палітыцы Беларусі. Пры агульнай ухвале палітыкі Масквы абазначылася нежаданьне стаць ва ўкраінскім пытаньні ў яе ваенна-палітычны шыхт. Новы этап паляпшэньня стасункаў з Захадам, адмова ад разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы была цалкам у рэчышчы гэтай новай палітыкі.

Падводзячы вынікі, трэба сказаць, што, зразумела, незалежнасьць Беларусі ў зьнешняй палітыцы досыць абмежаваная і інстытуцыйна, і фактычна. Але адценьні маюць значэньне. Зараз палітыка Менску ў гэтым сэнсе нагадвае палітыку румынскага камуністычнага лідэра Чаўшэску ў 60-х-70-х гадах. Ён саюзьнічаў з СССР, спраўна цалаваўся з Брэжневым, але рабіў і пэўныя самастойныя крокі ў зьнешняй палітыцы, за што Захад ставіўся да яго крыху інакш, чым да іншых сатэлітаў СССР. Гэта не мадэль стасункаў з СССР Ціта і Мао якія прывялі да прамога разрыву і канфлікту.

Ацаніць трэнд складана — у пэўным сэнсе ў зьнешняй палітыцы Беларусь цяпер менш незалежная, чым у нейкім 92 годзе, але больш, чым у 99-м годзе, падчас падпісаньня дамовы аб саюзнай дзяржаве.

Гурневіч: Адназначны адказ — не, але, канешне, ёсьць шмат «але». Параўнаць з 1991 годам — натуральна, Беларусь нашмат больш незалежная дзяржава. Я ўзгадваю, калі чытаў успаміны Пятра Краўчанкі, тагачаснага і пазьнейшага міністра замежных спраў Беларусі, ён увогуле пісаў, што не было такога МЗС, быў нейкі дэпартамэнт ці нейкі аддзел, дзе быў адзін стол, два габінэты і тры сакратаркі бяз грошай. Па сутнасьці, узьнікненьне амбасадаў адбывалася пазьней.

Сёньня Беларусь залежыць амаль поўнасьцю ад Расеі, тым ня менш, захоўвае нейкія элемэнты незалежнай вонкавай палітыкі, але ў прыняцьці вельмі нязначных рашэньняў.

Сёньня Беларусь залежыць амаль поўнасьцю ад Расеі, тым ня менш, захоўвае нейкія элемэнты незалежнай вонкавай палітыкі, але ў прыняцьці вельмі нязначных рашэньняў. Гэта хутчэй нейкія эканамічныя пытаньні — як Аляксандар Лукашэнка патрабаваў ад пасла ў Францыі Паўла Латушкі не займацца карцінамі ці тэатрамі, а прадаваць трактары, камбайны і гэтак далей. Вось гэта для сёньняшняй улады, на маю думку, галоўнае ў вонкавай палітыцы.

У прынцыпе, гэта было б някепска, калі б гэта была раўнапраўная палітыка з усіх бакоў, з Захадам, з Усходам, але адна скіраванасьць на Ўсход — гэта, зразумела, ёсьць трагедыя сёньня для Беларусі.

І фактычна гэта адбываецца па ўласным жаданьні, бо гэта ёсьць спадчына, Аляксандар Лукшэнка праводзіў такую палітыку першыя 5-7 гадоў, як быў абраны прэзыдэнтам. Праводзіў ён гэтую інтэграцыю ў спадзяваньні на нейкую вялікую пасаду ў Маскве і сам зайшоў у такі тупік. Сёньня спрабуе вырвацца, але марна, таму што вельмі цяжка ад Расеі вырвацца — гэта мы бачым па Ўкраіне.

І прыклад Украіны паказвае, што насамрэч, калі мы кажам, што Беларусь ня цалкам незалежная або вельмі моцна залежная ад Расеі — гэта ня ёсьць выключэньне на постсавецкай прасторы. Здавалася, і Кучма, і Юшчанка, і Януковіч былі незалежнымі, але калі пачалі садзіць адзін аднаго ў турмы, колькі выявілася агентаў сярод гэтых генэралаў. Гэта паказвае, што ці па той самай схеме як у Беларусі, ці па ўласным жаданьні, але вельмі моцная прывязка. Узгадаем і Паксаса ў Літве.

Сёньня Беларусь па эканамічным пытаньнях прымае нейкія рашэньні, зараз заігрывае з Захадам, гэта не палітычныя справы, хутчэй спроба націснуць на Маскву, паказаць, што мы хочам больш атрымаць ільготаў. Але таксама гэта нічым ня скончыцца, таму што абсалютна адзіны курс абраны — Усход, усе гэта ведаюць на ўсіх узроўнях улады.

Можа ёсьць некалькі людзей: вось некаторыя падазраюць, што Макей праэўрапейскі. Але такая палітыка — спадчына посткаляніяльнага сындрому. Нават калі б была зьмененая палітыка цэнтру, Аляксандра Лукашэнкі ў іншы бок, мне здаецца, гэта адбывалася б вельмі-вельмі доўга, бо людзі настолькі атаясамляюць сябе з Расеяй, зь яе інтарэсамі, жывучы ў гэтай адзінай прасторы 20 гадоў.

Карбалевіч: Я лічу, што Беларусь усё ж мае вялікую ступень незалежнасьці. У першыя гады існаваньня незалежнай Беларусі было адчуваньне, што новы статус былой рэспублікі СССР зьяўляецца некамфортным як для грамадзтва, так і для кіроўнай эліты. Не было зразумела, што рабіць з гэтым зьнянацку зваліўшымся сувэрэнітэтам.

Таму першай рэакцыяй было жаданьне прыхіліцца да вялікай Расеі, маўляў, няхай там у Маскве, як і раней, прымаюць стратэгічныя рашэньні. Таму ідэя інтэграцыі з Расеяй дамінавала ў замежнай палітыцы Беларусі цэлае першае дзесяцігодзьдзе яе існаваньня.

Сёньня Беларусь ня менш, а, можа, нават больш незалежная, чым іншыя краіны нашага рэгіёну. Працэс пошуку Беларусьсю свайго аптымальнага месца ў сьвеце працягваецца.

Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, то напачатку з замежнай палітыкай адбываўся пэўны парадокс. З аднаго боку, працэсу інтэграцыі з Расеяй былі прыдадзеныя паскарэньне і новы імпульс.

Але на замежную палітыку стаў моцна ўплываць такі фактар, як асабістыя палітычныя амбіцыі Лукашэнкі. Яму было цесна ў межах Беларусі, у яго зьявіўся мэсіянскі комплекс. І гэта штурхала яго да самастойных дзеяньняў і ініцыятываў. У працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі менавіта Менск быў актыўнай сілай. І часам складалася ўражаньне, што хвост круціць сабакам. Менавіта Лукашэнка абвясьціў сябе галоўным інтэгратарам постсавецкай прасторы. Ён жорстка крытыкаваў кіраўніцтва Расеі за супрацоўніцтва з Захадам. Беларусь уступіла ў Рух Недалучэньня, бо Лукашэнка імкнуўся стаць адным зь яго лідэраў. То бок, мэсіянскія амбіцыі Лукашэнкі рабілі замежную палітыку ў пэўным сэнсе самастойнай.

Увогуле любы аўтарытарны лідэр, такі, як Лукашэнка, імкнецца пазьбегнуць усялякага вонкавага кантролю за сваімі дзеяньнямі. Таму ён катэгарычна адрынае любыя спробы, што з Усходу, што з Захаду, уплываць на эканамічную ці ўнутраную палітыку краіны. Гэтым прынцыпам кіруецца Менск, уступіўшы ў АДКБ і ЭАЭС.

У рамках беларуска-расейскай інтэграцыі Беларусь імкнецца залезьці пад расейскі парасон роўна настолькі, каб ён абараніў яе ад нейкай замежнай вайсковай пагрозы, дапамагаў эканамічна, але ня зьвязваў рукі ў правядзеньні самастойнай палітыкі. І гэта Лукашэнку ў значнай ступені ўдаецца.

Пачынаючы з 2014 году, пасьля Крыму, незалежнасьць замежнай палітыкі Беларусі стала большай. Афіцыйны Менск адчуў пагрозу з боку Расеі. Да таго ж магчымасьці РФ дапамагаць Беларусі ў эканамічным пляне зьменшыліся. Таму Менск пачаў шукаць іншыя кропкі апоры ў сьвеце. Пачаўся дыялёг з Захадам. Інтэнсыфікаваўся працэс супрацоўніцтва з Кітаем.

Сёньня Беларусь ня менш, а, можа, нават больш незалежная, чым іншыя краіны нашага рэгіёну. Увогуле, працэс пошуку Беларусьсю свайго аптымальнага месца ў сьвеце працягваецца. Больш за тое, ён набывае новае паскарэньне.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG