Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусі трэба адзначаць Дзень Незалежнасьці


1 студзеня, 25 сакавіка, 3 ліпеня, 27 ліпеня, 25 жніўня, 17 верасьня, 8 і 10 сьнежня — шмат варыянтаў і адсутнасьць кансэнсусу.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Дзьмітры Гурневіч.


Карбалевіч: 25 жніўня адзначаецца чвэрць стагодзьдзя з моманту, калі ў 1991 годзе Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага акту. Што дае поўную падставу адлічваць ад гэтай даты беларускую Незалежнасьць.

Але, як вядома, афіцыйна Беларусь сьвяткуе Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе Менск быў вызвалены Чырвонай Арміяй ад фашыстаў.

Нагадаю, што да 1996 году Беларусь сьвяткавала Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Можна яшчэ ўзгадаць, што ў савецкія часы дзень абвяшчэньня БССР адзначалася 1 студзеня, бо ў гэты дзень у 1919 годзе была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.

Нацыянальна-дэмакратычныя сілы кожны год адзначаюць 25 сакавіка Дзень волі і настойваюць, што менавіта гэтая дата зьяўляецца пачаткам беларускай незалежнасьці. Бо 25 сакавіка 1918 году Радай Беларускай Народнай Рэспублікі была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасьць беларускай дзяржавы.

Факт рознагалосься адносна пачатку беларускай незалежнасьці знамянальны. Ён сьведчыць пра глыбокі сьветапоглядны раскол і ў грамадзтве, і ў асяродзьдзі эліты, і ў асяродзьдзі інтэлектуалаў па важнаму пытаньню.

І гэта яшчэ ня ўсё. Існуюць прапановы лічыць Днём незалежнасьці дзень падпісаньня Белавескіх пагадненьняў 8 сьнежня 1991 году, калі дэ-юрэ перапыніў сваё існаваньне СССР.

Таксама ёсьць прапанова сьвяткаваць дзень незалежнасьці 17 верасьня. Гэты дзень адзначаецца як дзень абʼяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі ў 1939 годзе.

Сам факт такога рознагалосься адносна пачатку беларускай незалежнасьці знамянальны. Ён сьведчыць пра глыбокі сьветапоглядны раскол і ў грамадзтве, і ў асяродзьдзі эліты, і ў асяродзьдзі інтэлектуалаў па важнаму пытаньню. Гэта пытаньне ідэйных і палітычных вытокаў, крыніцаў беларускага сувэрэнітэту. Бо тое, што прызнае адна частка грамадзтва, катэгарычна адрынае іншая.

Лукашэнкаўская большасьць не прызнае Дзень Волі, бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. У сваю чаргу, дэмакратычная меншасьць ня можа прызнаць Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня.

Цяжка знайсьці краіну, у якой праз чвэрць стагодзьдзя пасьля зьяўленьня незалежнасьці адбываюцца жорсткія спрэчкі наконт таго, калі сьвяткаваць галоўнае сьвята краіны.

Усё гэта ў сваю чаргу сьведчыць пра ідэалягічную недафармаванасьць беларускай незалежнасьці. Цяжка знайсьці краіну, у якой праз чвэрць стагодзьдзя пасьля зьяўленьня незалежнасьці адбываюцца жорсткія спрэчкі наконт таго, калі сьвяткаваць галоўнае сьвята краіны. І цяжка знайсьці кансэнсус, знайсьці дату, якая б абʼяднала ўсіх беларусаў.

Гэта азначае, што фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці не завершанае. І той варыянт, які навязвае існы палітычны рэжым, не канчатковы. Можна прагназаваць, што яшчэ доўгі час кожная зьмена ўлады ў Беларусі будзе азначаць зьмену Канстытуцыі, дзяржаўнага ладу і новую дату сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. Добра, што ёсьць з чаго выбіраць.

Дракахруст: Добра, што ёсьць што сьвяткаваць. Я б дадаў яшчэ адну дату — гэта 10 сьнежня. Менавіта тады Вярхоўны Савет БССР ратыфікаваў Белавескія пагадненьні і запусьціў працэс свабоднага плаваньня Беларусі.

Даты 1990-1991 гадоў — 27 ліпеня, 25 жніўня, 8 і 10 сьнежня — у прынцыпе любую зь іх можна ўзяць за Дзень Незалежнасьці.

Пасьля 25 жніўня 1991 году ніводнае саюзнае прадпрыемства не перайшло ў беларускае падпарадкаваньне, Беларусь як плаціла падаткі ў саюзны бюджэт, так і працягвала, войскі на тэрыторыі Беларусі падпарадкоўваліся Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму, прэзыдэнту СССР Гарбачову. Так што да сьнежня нічога кардынальнага не адбылося.

Зь іншага боку, ёсьць досьвед мноства іншых краінаў — Злучаных Штатаў, Польшчы, Літвы, калі Дзень Незалежнасьці адзначаецца менавіта ў дзень дэкляраваньня незалежнасьці, а не атрыманьня яе фактычна. Злучаныя Штаты абвясьцілі сваю незалежнасьць у 1776 годзе, але толькі ў 1783 годзе, калі яны выйгралі вайну за незалежнасьць, Вялікабрытанія іх прызнала.

25 сакавіка — аптымальны Дзень незалежнасьці. Па-першае, ён расьцягвае пэрыяд незалежнасьці, то бок адносіць яе пачатак усё ж такі да 1918 году, а не да 90-х, а па-другое, гэтая дата там адна.

17 верасьня — сапраўды важная падзея ў беларускай гісторыя, але нейкая яна нясмачная, бо зьвязаная наўпрост з Гітлерам. Скажам, Харватыя ці Славаччына ў найноўшай гісторыі сапраўды першы раз атрымалі незалежнасьць, хай сабе і куртатую, з рук Гітлера. Але там нікому не прыходзіць у галаву менавіта гэтыя даты называць Днём Незалежнасьці.

Мне падаецца, што 25 сакавіка — аптымальны Дзень незалежнасьці. Па-першае, ён расьцягвае пэрыяд незалежнасьці, то бок адносіць яе пачатак усё ж такі да 1918 году, а не да 90-х, а па-другое, гэтая дата там адна. Вось такога каскаду паступовага набліжэньня да незалежнасьці, як быў у 1990-1991 гадах, тады не было — была адна дата.

Але вы маеце рацыю, што магчыма мы яшчэ ўбачым некалькі войнаў за дату незалежнасьці і некалькі зьменаў яе.

Гурневіч: Я прыгадваю шапку газэты «Наша слова» 90-х гадоў. Там таксама быў пералік усіх гэтых дзён, якія спадар Валер агучыў, і рытарычнае пытаньне: «Ці не зашмат дзён незалежнасьці для маленькай калёніі»? Але насамрэч, дзякуй Богу, гэта жарт, усё ж такі Беларусь — незалежная дзяржава. Для мяне, бясспрэчна,

Дзень Незалежнасьці — гэта 25 сакавіка. Няхай гэтая дата сымбалізуе фармальную незалежнасьць, гэта толькі сымбаль намеру ці спробы, але сама дата мае вялізнае гістарычнае значэньне. Фактычна ўпершыню ў гісторыі пасьля зьнікненьня з мапы Вялікага Княства Літоўскага, праз 123 гады пасьля зьнікненьня Рэчы Паспалітай, (якая не была беларускай дзяржавай, беларусы былі часткай гэтай дзяржавы) была сфармуляваная ідэя бачаньня ўласнай дзяржавы.

Гэта абсалютна фантастычная зьява, калі ўлічыць, што эліта ў той час была раздробленай, і кожны па-свойму ўяўляў незалежнасьць. Сярод тых людзей, якія абвяшчалі яе, большасьць па-руску гаварыла. Людзі розных палітычных напрамкаў здолелі аб’яднацца тады вакол гэтай візіі, што нават сёньня складана для незалежніцкіх колаў.

Фактычна працэс, распачаты 25-га сакавіка, завяршыўся 25 жніўня 1991 году, таму можна захаваць два Дні Незалежнасьці — адзін галоўны, гэта 25 сакавіка, а другі — як аднаўленьне незалежнасьці, 25 жніўня.

Незалежнасьць была абвешчана праз 123 гады расейскай акупацыі, калі ідэя беларускасьці захапляла ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, можа з сотню. Гэта ніяк нельга параўнаць з украінскай ці славенскай ідэяй незалежнасьці ў Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Калі славенцы абвясьцілі незалежнасьць, імпэратар заплакаў. Штосьці такое пра Беларусь у складзе Расейскай імпэрыі немагчыма ўявіць.

Фактычна працэс, распачаты 25-га сакавіка, завяршыўся 25 жніўня 1991 году, таму можна захаваць два Дні Незалежнасьці — адзін галоўны, гэта 25 сакавіка, а другі — як аднаўленьне незалежнасьці, як у літоўцаў, напрыклад, 25 жніўня. Ёсьць дата абвяшчэньня і аднаўленьня.

У той жа час, важна захаваць дату вызваленьня Менску ад нацыстаў 3 ліпеня, але перасунуць у яе ў разрад сталічных датаў. Гэта павінна быць выключна менская дата, важная для гісторыі сталіцы. У Варшаве, напрыклад, ёсьць такі міт, гэта 1 жніўня, калі пачалося Варшаўскае паўстаньне. Але мінус гэтай даты ў тым, што яны пацярпелі паразу, хоць для іх гэта сымбаль гераізму людзей, якія падняліся супраць немцаў. А мы маем пазытыўны пераказ. Таму 25 сакавіка агульнабеларуская дата, аднаўленьне 25 жніўня — таксама і менская дата — 3 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG