Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея хоча ператварыць Беларусь у “шэрую зону”, якая будзе крыніцай пагроз бясьпекі і стабільнасьці краінам Захаду і Ўкраіне. Гэта можа абярнуцца стратай сувэрэнітэту і нацыянальнай катастрофай для беларускага народу», – заяўляюць Арсень Сівіцкі і Юры Царык, «якія лічацца ляяльнымі ўладам аналітыкамі».

А што рабіць РФ? Адступаць? Сыходзіць з Данбасу і Крыму? Не. Бо параза ня можа ўваходзіць у пляны тых, хто наступае. Тады трэба працягваць наступаць. У такім выпадку, калі Беларусь застаецца нэўтральнай, яна трапляе пад формулу «хто ня з намі, той супраць нас».

Калі Беларусь будзе трымацца існага стану рэчаў, быць «супраць нас», чаму б не паспрабаваць паставіць у Беларусі свой рэжым, пакідаючы РБ юрыдычна самастойнай краінай? Так ужо было ў гісторыі: БССР была фармальна незалежнай дзяржавай між 1919 і 1922 гадамі. Але зьнешняя палітыка, фінансы і войска, як бы добраахвотна, дэлегаваліся Крамлю.

Ці разумеюць названыя пэрспэктывы ў вышэйшых кіроўных структурах Беларусі? Пытаньне хутчэй рытарычнае, але вісіць у паветры, бо адказ не трапляе ў мэдыйную прастору. І мне зразумела, чаму.

Уявіце сабе, што ў СМІ рэгулярна ўсплывае інфармацыя пра перасьлед прарасейскіх баевікоў-беларусаў ва Ўкраіне і вядзецца гаворка пра прэсінг «казакоў» ды сілавікоў, якія іх крышуюць. Што грамадзяне ведаюць і сочаць праз мэдыі за разгортваньнем структур тэрытарыяльнай абароны Беларусі. Што «Советская Белоруссия» публікуе перадавіцы з выкрыцьцём мілітарысцкіх захадаў РФ адносна РБ. Што дзяржава сыстэмна рыхтуе грамадзкую думку пра магчымасьць у той ці іншай форме агрэсіі з Усходу.

З боку сучаснага кіраўніцтва РБ падобныя захады ў СМІ азначалі б сыгнал для «саюзьнікаў» з РФ – мы рыхтуемся абараняцца ад вас, вы – патэнцыйныя ворагі.

Такое немагчыма, пакуль ня «дзюбне смажаны певень». Немагчыма проста ўзяць і разбурыць вонкавае саюзьніцтва. Няма відавочных падставаў. Толькі дадзеныя выведкі і высновы аналітыкаў. Якія «ў кішэню не пакладзеш», адданаму электарату не прадасі. Таму дэ-факта мы цяпер назіраем гульню ў покер. Дзе рэальнасьць, а дзе блеф – ніхто ня скажа, пакуль карты не раскрыюцца.

З гледзішча лінейнай лёгікі беларускія ўлады паводзяць сябе рацыянальна. Ціха аналізуюць сытуацыю, і не/прымаюць пэўныя прэвэнтыўныя меры. Але нявыкрутка ў тым, што без маральнай падрыхтоўкі насельніцтва абарончы эфэкт у выпадку агрэсіі будзе слабым.

Зь іншага боку, у выпадку якіх-кольвек адкрытых захадаў супраць беларускай дзяржаўнасьці, нават на словах, частка беларускага грамадзтва маральна мабілізуецца сама, без указаньняў зьверху.

Старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель спачатку заявіў, а пасьля аспрэчыў уласныя словы пра тое, што беларускія спартоўцы будуць на цырымоніі адкрыцьця летняй Паралімпіяды несьці разам зь беларускімі расейскія сьцягі.

Навіна абляцела многія беларускія і замежныя СМІ і выклікала шырокі рэзананс. Хутчэй за ўсё, на эмоцыі, будучы прыхільнікам Расеі, спартовы чыноўнік сказаў ад сябе рэч, якая сталася фактычна правакацыйнай. Тым самым укідам, які паставіў пытаньне «ты за каго?»

Відавочна, што беларускае грамадзтва ўнутры сябе не прагаворвае публічна многія рэчы, зьвязаныя з бачаньнем будучыні краіны. Кшталту «ты за Расею, ці за незалежнасьць?» Але падобныя інфармацыйныя ўкіды можна рабіць і мэтанакіравана – звонку.

Тым ня менш, разгойдваньне сытуацыі не абавязкова гарантуе зьнешнім сілам посьпех. Закрытасьць інфармацыйнай прасторы хавае сапраўдны стан рэчаў што да грамадзкага меркаваньня ў Беларусі.

Шмат гадоў прэсуючы грамадзянаў па ідэалягічнай прыкмеце, рэжым пазбавіў сябе ды навакольны сьвет аб'ектыўнай карціны грамадзкай думкі. Але рана ці позна ў кагосьці здадуць нэрвы, адбудзецца чарговы «стрэл», як з аматарам Расеі Шэпелем, і пачнецца адкрытая дэклярацыя і адстойваньне сваіх перакананьняў. Толькі вось маленькі аспэкт што да патэнцыйных удзельнікаў дыялёгу ці ср@чу – невядома, на чыю карысьць будзе вынік.

Лёгка ў сучаснай Беларусі наляпіць сабе на машыну «георгіеўскую» стужку. Але той, хто ўжывае нацыянальную сымболіку – вымагае ад сябе рашучасьці ў разы большай.

Таму, калі я чытаю дыскусіі, дзе мераюцца сваімі ўражаньнямі пра суадносіны пабачаных б-ч-б і «калярадзкіх» стужак, я разумею, што колькасьць б-ч-б прыхільнікаў трэба павялічваць на парадак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG