Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлова павіншавалі з днём незалежнасьці і з днём народзінаў


Ранкам 25 жніўня маладафронтаўцы завіталі да пісьменьніка Ўладзімера Арлова, каб павіншаваць яго з днём незалежнасьці і з днём народзінаў. Сёньня Ўладзімеру Арлову спаўняецца 63 гады.

«25 жніўня — гэта трайное сьвята для кожнага патрыёта. Так, 25 жніўня 1991 года на пазачарговым паседжаньні Вярхоўнага савета БССР Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону — першае сьвята. На тым жа паседжаньні парлямэнту была спыненая дзейнасьць кампартыі — другое сьвята. І нарэшце трэцяе сьвята патрыёта: 25 жніўня сьвяткуе дзень народзінаў клясык беларускай літаратуры Ўладзімер Арлоў — ну і канешне мы не маглі прайсьці міма такой слаўнай падзеі, але самым ранкам прыйшлі да Ўладзімера Арлова, каб павіншаваць яго з народзінамі», — гаворыць лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч.

Маладафронтаўцы падаравалі спадару Ўладзімеру бел-чырвона-белы букет ружаў, а таксама сымбалічныя падарункі: герб «Пагоню» ручной працы маладога скульптура Алеся Сакалова і бел-чырвона-белы сьцяг, пашыты рукамі маладафронтаўцаў.

Уладзімер Арлоў падпісаў некалькі сваіх кніг у падарунак удзельнікам «Купалаўскіх чытаньняў», якія пачнуцца сёньня а 18-ай гадзіне ля помніка Янку Купалу.

«Я гісторык паводле адукацыі і зьяўляюся прыхільнікам ангельскага філёзафа і гісторыка Арнольда Тойнбі, які вызначыў гісторыю як няспынны дыялёг паміж Логасам — Богам і нацыямі. Бог пасылае нацыям выклікі, і калі нацыі гэтыя выклікі не прымаюць — яны зьнікаюць з гістарычнай сцэны. Мы ведаем шмат нацыяў, якія зьніклі. У сьвеце каля трох тысяч нацыяў і толькі каля дзьвюхсот зь іх здолелі дамагчыся сваёй дзяржаўнасьці. І вось беларусы ў самыя небясьпечныя часы гісторыі ўсё ж такі знаходзілі ў сабе сілы прыняць выклік Бога і на яго адказаць. Таму мы маем сваю дзяржаву і таму я з аптымізмам гляджу ў будучыню нашага народа», — адказаў Уладзімер Арлоў на маладафронтаўскія віншаваньні з народзінамі і Днём Незалежнасьці Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG