Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Палянэзы» гатовыя бараніць сувэрэнітэт Беларусі, — міністар абароны


Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»

Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»

Падчас урачыстай цырымоніі ў пачатку гэтага тыдня новыя рэактыўныя сыстэмы залпавага агню беларускай вытворчасьці «Палянэз» перадалі 77-му асобнаму рэактыўнаму артылерыйскаму дывізіёну 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады.

Пра гэта паведамляе «Беларуская ваенная газэта».

Першыя ў гісторыі Беларусі пускі з новага комплексу — рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз» — прайшлі ў чэрвені гэтага году на Гомельшчыне.

Як адзначыў камандзір 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандар Цішкевіч, «у склад дывізіёна, куды перадалі „Палянэзы“, увайшлі лепшыя спэцыялісты».

Міністар абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў адзначыў, што комплекс «Палянэз», які быў створаны за невялікі прамежак часу, у выпадку неабходнасьці гатовы для абароны сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, канстытуцыйнага ладу і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

«Перш за ўсё гэта зброя прызначаная для абароны чыстага, мірнага неба, для абароны нашай міралюбнай зямлі. Вядома, было б добра, калі б „Палянэз“ не ўжываўся ў баявых умовах... Але калі спатрэбіцца, мы павінны быць гатовыя выкарыстоўваць яго ў цяжкую гадзіну для абароны сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, канстытуцыйнага ладу і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь».

Пра колькасьць перададзеных 77-му асобнаму рэактыўнаму артылерыйскаму дывізіёну «Палянэзаў» не паведамляецца.

***

Рэактыўную сыстэму залпавага агню ўпершыню прэзэнтавалі на вайсковым парадзе 9 траўня 2015 году ў Менску. Паводле афіцыйных зьвестак, максымальная далёкасьць стральбы беларускіх «Палянэзаў» складае 200 кілямэтраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG