Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія дэмаграфічныя зьмены адбыліся ў постсавецкіх краінах за 25 гадоў незалежнасьці? Тэму абмяркоўваюць аналітыкі Радыё Свабода, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Дракахруст: Падборка адпаведных матэрыялаў была апублікаваная ўчора на нашым сайце. Яна дазваляе, па-першае, ацаніць дынаміку дэмаграфічных зьменаў, а, па-другое, у параўнаньні адкінуць некаторыя звыклыя гіпотэзы аб іх прычынах.

За 25 гадоў насельніцтва Беларусі зьменшылася на 7%. Але прыкладна настолькі ж зьменшылася насельніцтва Расеі, а яшчэ значна больш — насельніцтва Ўкраіны, Малдовы і трох Балтыйскіх краінаў.

Пры гэтым насельніцтва краінаў Цэнтральнай Азіі істотна вырасла, у сярэднім на 20%, прычым яно няўхільна расло ўсе гады незалежнасьці. Першыя яе гады значна зьменшылася, за кошт эміграцыі расейцаў і немцаў, насельніцтва Казахстану, але за кошт нараджальнасьці па выніку і яго насельніцтва павялічылася прыкладна на 8%.

Таксама больш чым на 30% павялічылася насельніцтва Азэрбайджану, прыкладна на 15% зьменшылася насельніцтва ў Армэніі, ажно на 30% — у Грузіі.

Найважнейшым чыньнікам гэтых зьменаў было зьніжэньне нараджальнасьці. У трох усходнеславянскіх краінах, як і ў трох балтыйскіх, колькасьць нараджэньня на адну жанчыну была ніжэйшая за двух дзяцей, гэта значыць, за мяжу простага ўзнаўленьня насельніцтва. За апошнія 10 гадоў гэтая колькасьць крыху падвысілася, усутыч падышоўшы да паказьніку 2, але не дасягнуўшы яго.

За 25 гадоў насельніцтва Беларусі зьменшылася на 7%.

Адпаведны паказьнік зьнізіўся ва ўсіх без выключэньня постсавецкіх краінах, аднак у Цэнтральнай Азіі ён увесь гэты час складаў ад 2.5 да 3.5 дзяцей на адну жанчыну ў розных краінах.

Зразумела, значным чыньнікам гэтых дэмаграфічных зьменаў была міграцыя. Пры гэтым на постсавецкай прасторы накірункам пераважнай долі міграцыйных патокаў быў расейскі, у Расею. Туды ехалі і з краінаў Балтыі, і з Цэнтральнай Азіі. Немалой, хаця і значна меншай, была эміграцыя за межы былога СССР.

Але Беларусь гэты міграцыйны шок закрануў у найменшай ступені, яна была адзінай краінай былога СССР, якая мела станоўчае міграцыйнае сальда з Расеяй.

Усе гэтыя лічбы абвяргаюць спрошчаныя трактоўкі сувязі паміж дынамікай народанасельніцтва і палітычнымі рэжымамі і нават дабрабытам.

Культурныя і рэлігійныя чыньнікі аказваюцца мацнейшымі за палітыка-эканамічныя. Насельніцтва самай багатай і пасьпяховай з постсавецкіх краінаў, дэмакратычнай Эстоніі за 25 гадоў скарацілася, насельніцтва беднага дыктатарскага Таджыкістану, які да таго ж перажыў напачатку 90-х грамадзянскую вайну, павялічылася амаль ў паўтара раза. І справа не ў міграцыі — таджычкі нараджалі нашмат больш дзяцей, чым эстонкі.

Але тое, што і колькасьць насельніцтва, і нараджальнасьць зьнізіліся нават у Цэнтральнай Азіі, сьведчаць пра тое, што распад СССР быў экзістэнцыйным шокам для ўсіх жыхароў былога Савецкага Саюзу. І справа ня толькі ў падзеньні жыцьцёвага ўзроўню, справа ў адаптацыі да новых умоваў жыцьця, у страце адных яе сэнсаў і набыцьці іншых. Вельмі добра гэты стан сьвядомасьці апісала Сьвятлана Алексіевіч у сваёй кнізе «Час second hand». Зразумела, для некага гэта быў час новых магчымасьцяў і самарэалізацыі, але грамадзтвы ў цэлым адрэагавалі на шок зьмяншэньнем жаданьня заводзіць дзяцей.

У сваёй, так бы мовіць, культурнай «лізе» славянаў і балтыйскіх народаў Беларусь аказалася далёка ня самай кепскай. Нават Расея, з улікам вялікай хвалі мігрантаў і высокай нараджальнасьці ў мусульманскай грамадзе, страціла насельніцтва. Беларусь страціла ўсяго 7%. Ці ажно 7%. Як паглядзець.

Зразумела, дынаміка народанасельніцтва — адносны крытэр, яно расьце і ў ЗША, і ў тым самым Таджыкістане. Але ў чым прычыны гэтых зьменаў у постсавецкіх краінах? Калегі, якія вашы тлумачэньні?

Цыганкоў: Многія прычыны вы ўжо назвалі. Вы, Юры, казалі пра развал СССР як пра вялікі шок для насельніцтва, экзыстэнцыйны шок. Аднак гэты развал супаў з дэмаграфічнай «ямай». Дэмографы яе прадказвалі яшчэ ў сярэдзіне 80-х. Рэч у тым, што пасьля Другой сусьветнай вайны перш за ўсё ў так званых славянскіх рэспубліках былога СССР — Расеі, Украіне, Беларусі, а таксама ў краінах Балтыі, гэтая «яма» вельмі ўстойліва захоўвалася. То бок пакаленьні пасьляваенныя нараджалі менш. Супалі такія натуральныя і сацыяльна-эканамічныя чыньнікі.

Беларусь знаходзіцца ў агульнаэўрапейскім трэндзе зьніжэньня нараджальнасьці.

Беларусь знаходзіцца ў агульнаэўрапейскім трэндзе зьніжэньня нараджальнасьці. Гэтая праблема паўстала для Беларусі ў 90-я, а для Эўропы і раней. Рэлігійныя ці традыцыйныя чыньнікі аказаліся важнейшымі за сацыяльныя і палітычныя. Краіны з мусульманскім насельніцтвам Сярэдняй Азіі і Азэрбайджан маюць нараджальнасьць большую.

Цікавы прыклад Азэрбайджану, Грузіі і Армэніі. Здаецца, краіны знаходзяцца ў падобных умовах, у адным рэгіёне. Нягледзячы на гэта, і паказьнікі нараджальнасьці, і дынаміка колькасьці насельніцтва кардынальна адрозьніваюцца. Азэрбайджан — мусульманская краіна, Армэнія і Грузія — хрысьціянскія.

Карбалевіч: Я згодзен з тым, што на гэты працэс найбольш уплываюць сусьветныя і рэгіянальныя трэнды, якія зьвязаны з заканамернасьцямі разьвіцьця розных цывілізацыяў. Постсавецкія краіны, у якіх дамінуюць хрысьціянскія рэлігіі, у дэмаграфічным сэнсе разьвіваюцца ў рэчышчы тэндэнцыяў, уласьцівых эўрапейскай цывілізацыі. Ва ўсёй Эўропе падзеньне нараджальнасьці — гэта доўгатэрміновы трэнд.

Больш за тое, нават у Кітаі цяпер падае нараджальнасьць, хоць былыя забароны, правіла аднаго дзіцяці, скасаваныя. Напэўна, існуе заканамернасьць, што калі краіна дасягае пэўнага ўзроўню дабрабыту, то нараджальнасьць падае.

А вось у мусульманскіх краінах гэтая тэндэнцыя або ня дзейнічае, або дзейнічае значна слабей. Зразумела, пэўны ўплыў тут аказваюць эканамічныя чыньнікі, але, думаю, культурна-рэлігійныя дамінуюць.

Зьяжджаюць маладыя, адукаваныя людзі, а прыяжджаюць, наадварот, людзі зь меншымі працоўнымі рэсурсамі.

Што тычыцца сытуацыі ў Беларусі, то зьмяншэньне насельніцтва тлумачыцца ня толькі зьніжэньнем нараджальнасьці, але і вялікай міграцыяй. Колькі людзей выехала з краіны, дакладна падлічыць цяжка. Але, думаю, гаворка ідзе нават не пра дзясяткі, а пра сотні тысячаў чалавек. Станоўчае міграцыйнае сальда з РФ — гэта, магчыма, хітрыкі статыстыкі.

Справа ў тым, што тыя, хто прыяжджае ў Беларусь, у асноўным рэгіструюцца. А тыя, хто выяжджае, нідзе не фіксуюцца. Яны лічацца пражываючымі ў Беларусі. Дарэчы, гэта адлюстроўваецца нават у сьпісах выбаршчыкаў. У сьпісе людзі ёсьць, а ў рэальнасьці няма.

Прычым зьяжджаюць маладыя, адукаваныя людзі, а прыяжджаюць, наадварот, людзі зь меншымі працоўнымі рэсурсамі. І па меры разьвіцьця крызісу гэты разрыў будзе нарастаць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG