Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Япрынцавых як люстэрка дзяржаўнага капіталізму


Суд на Япрынцавымі. Уладзімер Япрынцаў у залі суду. Менск, 23 жніўня 2016 году

Суд на Япрынцавымі. Уладзімер Япрынцаў у залі суду. Менск, 23 жніўня 2016 году

Якія высновы можна зрабіць з гэтай справы? Тэму абмяркоўваюць аналітыкі Радыё Свабода Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: У аўторак 23 жніўня закончыўся гучны судовы працэс па «справе Япрынцавых». Гучным ён стаў таму, што ягонымі фігурантамі аказаліся людзі, якія маюць дачыненьне да кампаніі «Трайпл», адной з найбуйнейшых прыватных кампаній Беларусі, галоўны акцыянэр якой — Юры Чыж — быў асобай, набліжанай да Лукашэнкі. На лаве падсудных апынуліся другая асоба кампаніі «Трайпл» Уладзімер Япрынцаў, ягоны сын Казьбек і Аляксандр Арабян. Іх абвінавачвалі паводле артыкулу «Махлярства».

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яны бралі грошы замежных грамадзян, абяцалі паставіць нафтапрадукты, але ня выканалі абавязаньні. Даваў паказаньні у судзе і сам Юры Чыж, які цяпер таксама знаходзіцца за кратамі.

У выніку суд прызнаў Уладзімера Япрынцава вінаватым і прысудзіў яму штраф на 500 базавых велічынь. Казьбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян атрымалі па 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Гэты судовы працэс цікавы тым, што раскрывае норавы, мэханізмы, схемы, якія пануюць у беларускім топ-бізнэсе. Высьветлілася, што беларускія прыдворныя бізнэсоўцы працуюць па вельмі непразрыстых, заблытаных, каламутных правілах. Там і афшорныя кампаніі, і фірмы-«пракладкі», каб хаваць фінансавыя апэрацыі. І абман, і няшчырасьць, і тое, што на расейскай паўкрымінальнай мове называецца «кінуць» партнэра.

Калі на коне вялікія грошы, то нармальныя чалавечыя адносіны адыходзяць на другі плян. У прынцыпе нічога сэнсацыйнага. Звычайныя норавы пэрыяду першапачатковага назапашваньня капіталу, якія адбываліся ў шмат якіх краінах і добра апісаныя нават у сусьветнай мастацкай літаратурнай клясыцы. Цікава тое, што гэта цяпер прыйшло ў Беларусь і гэта можна было публічна назіраць на працэсе.

Гледзячы па гэтым працэсе і па пэрыядычных «пасадках» буйных бізнэсоўцаў, нармальны цывілізаваны буйны бізнэс у Беларусі яшчэ не зьявіўся.

Прычым сам судовы працэс пачаўся ў выніку канфлікту паміж партнэрамі. Усё пачалося з таго, што Юры Чыж напісаў заяву ў КДБ на Уладзімера Япрынцава. А той у сваю чаргу, як можна зразумець з афіцыйнай інфармацыі, даў паказаньні адносна Чыжа. І абодва апынуліся за кратамі. Калі б ня гэтыя абставіны, то, магчыма, іх і не чапалі б праваахоўныя органы. Бо кампанія «Трайпл» мела самы надзейны ў краіне «дах». Невыпадкова Чыж зьбіраў бульбу і кавуны ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Але высьветлілася, што ўся моц кампаніі «Трайпл» грунтавалася на блізкасьці да цела яе кіраўніка. І як толькі «дах працёк», усё і пасыпалася.

Таксама высьветлілася, што для расейскіх паўкрымінальных «аўтарытэтаў» Чыж — зусім не аўтарытэтная фігура, і ягоная блізкасьць да Лукашэнкі для іх мала што значыць. Чыж напісаў заяву ў КДБ на Япрынцава тады, калі на яго моцна «наехалі» маскоўскія бізнэсоўцы.

Гледзячы па гэтым працэсе і па пэрыядычных «пасадках» буйных бізнэсоўцаў, нармальны цывілізаваны буйны бізнэс у Беларусі яшчэ не зьявіўся і наўрад ці зьявіцца ў цяперашніх умовах.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на словы Казьбека Япрынцава, які паведаміў, што на допыце ў КДБ яму сказалі, што камітэт можа ўзламаць любы мабільны тэлефон, акрамя айфона. Магчыма, гэта і не зусім праўда, і ў першай, і ў другой частцы, але цікава, што, як пісаў Оруэл, Вялікі брат сочыць за табой паўсюль. Нават гэтая рэпліка паказвае, што слухаюць многіх. Але гэта заўвага ўбок.

Капіталізм прыйшоў і ў Беларусь, і ў Беларусі ён дзікі.

Вы, Валер, маеце рацыю, што гэты працэс сапраўды стаў такой карцінкай нораваў. Да яе я яшчэ б дадаў такі момант, што пацярпелыя ў гэтай справе — расейскія бізнэсоўцы. І вось калі яны выступалі на судзе, калі камунікавалі з падсуднымі, калі раскрываліся нейкія дэталі зьдзелак, адносінаў, было такое адчуваньне, што для гэтых людзей Савецкі Саюз застаўся. Яны жывуць, дзейнічаюць у нейкай адзінай культурнай і бізнэсовай прасторы. Гэта для іх адна краіна.

Ну і яшчэ такі парадокс, што з ідэалягічнага пункту гледжаньня Беларусь — гэта апошні аскепак сацыялізму, гэта месца, дзе захаваўся «залаты век» Савецкага Саюзу. Але справа ня ў тым, добра гэта ці дрэнна, а ў тым, што гэта няпраўда.

Капіталізм прыйшоў і ў Беларусь, і ў Беларусі ён дзікі. І ў гэтым палягае парадокс. У такіх краінах, як Літва, Польшча, Чэхія, якія ўзялі курс на адыход ад камуністычнага мінулага, на пабудову капіталізму, там усё ж дзяржава ўжывала і ўжывае адмысловыя захады, каб свой капіталізм цывілізаваць.

А ў Беларусі ёсьць ідэалягічны фасад, на якім напісана што «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу» (як казаў Лукашэнка 10 гадоў таму), а за гэтым фасадам — норавы «дзікага Захаду», «рабаўніцкага капіталізму» сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, добра апісаныя амэрыканскімі клясыкамі.

Цыганкоў: Гэтая справа будзе цікавая ня толькі нам, журналістам і аналітыкам, але магчыма і гісторыкам, як пэўны адбітак свайго часу. Ня так часта ў Беларусі саджаюць самых вялікіх бізнэсоўцаў, і яна кажа пра тыя норавы, якія дзейнічаюць у беларускім вялікім бізнэсе і дае падставу рабіць высновы пра атмасфэру ў беларускім бізнэсе. Але варта адзначыць, што гэта не клясычны капіталізм амэрыканскага ўзору ХІХ стагодзьдзя, а дзяржаўны капіталізм, такі «недакапіталізм». Тое, што мы бачылі на працэсе Япрынцавых, нейкім чынам вяртае нас у 90-я гады. Падазроныя схемы, якія чыста зьнешне вельмі нагадваюць фінансавую піраміду.

Тое, што мы бачылі на працэсе Япрынцавых, нейкім чынам вяртае нас у 90-я гады.

І яшчэ пра адну асаблівасьць гэтага працэсу, які — зьвяно ў ланцугу іншых. Адбываецца эканамічны крызіс, дзяржава ўсё актыўней патрабуе ад бізнэсоўцаў дзяліцца. Тыя дзяліцца ня хочуць альбо проста ня маюць грошай. Улада ў асобе спэцслужбаў ня надта ім верыць. Беларускія алігархі — ня ўзор чыстага сумленьня, таму хтосьці зь іх спрабаваў, магчыма, нелегальна перавесьці грошы за мяжу пад пагрозай экспрапрыяцыі, павышэньня падаткаў і гэтак далей.

Мне здаецца, што раней, яшчэ 5-7 гадоў таму, большасьць такіх справаў вырашалася б ціха, шляхам пэўных закулісных дамоўленасьцяў. Але цяпер колькасьць гучных справаў расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. За апошнія 10-15 гадоў такога не было.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG