Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як была абвешчаная Незалежнасьць


Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева

Пра падзеі жніўня 1991-га — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выходзіць другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».



1-га сакратара ЦК КПБ пагналі з трыбуны

Дзьве падзеі пераламалі хаду сэсіі на нашу карысьць: выштурхоўваньне з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі Анатоля Малафеева і прамова Пазьняка з заклікам да камуністаў прагаласаваць за незалежнасьць.

А шостай раніцы 25 жніўня над віцебскай ратушай беларускія патрыёты ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг.

А ў Авальнай залі дэпутат-касманаўт Уладзімер Кавалёнак заклікае прыняць прапановы Апазыцыі БНФ. Генадзь Карпенка зачытвае заяву некалькіх членаў Прэзыдыюму з патрабаваньнем да Мікалая Дземянцея і Васіля Шаладонава сысьці ў адстаўку. Яўген Глушкевіч кажа, што «калі мы ня вызначымся цягам гэтых дзвюх гадзінаў, паралельная структура будзе створаная. Цяпер ужо фармуецца нацыянальная гвардыя, 300 чалавек запісалася».

І тут адбылася кульмінацыйная падзея: да трыбуны пайшоў галоўны камуніст Малафееў.

Малафееў падтрымаў ГКЧП, і нават калі кіраўніцтва ЦК КПСС асудзіла путчыстаў (ужо пасьля іх правалу) — выказваўся ў падтрымку хунты. Ён ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, але быў народным дэпутатам СССР і таму, паводле рэглямэнту, меў права на выступ. Пасьля выступу Глушкевіча і Ганчара, калі абвінавачваньні ў бок камуністаў дасягнулі, як яму падалося, гранічнай мяжы, ён устаў з «урадавага сэктару», па-камандзірску даў пальцам знак Дземянцею (маўляў, зараз буду выступаць) і пайшоў да цэнтральнай трыбуны.

Малафееў ішоў як гаспадар — павольна, з адчуваньнем уласнай перавагі.

Але не дайшоў.

Першай на трыбуне апынулася Галіна Сямдзянава і загарадзіла сабой мікрафон. Мы паўскоквалі зь месцаў — Яўген Глушкевіч, Ігар Гермянук, Павал Холад, Віктар Ганчар, Валянцін Голубеў, Іван Герасюк, Мікалай Крыжаноўскі — і атачылі Малафеева, пачалі крычаць яму ў твар: «Пайшоў вон!» Памятаю, цяжка было стрымацца, каб не схапіць яго за каўнер, але — стрымаліся, запас нэрваў усё ж заставаўся і пасьля бяссонных начэй.

Дарэчы, гэты эпізод зафіксаваны ня толькі фатографамі, але і кінаапэратарам, ён патрапіў у фільм Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты», і ўжо празь некалькі гадоў я ўбачыў тое, што не заўважыў тады. Лукашэнка мітусіўся паміж трыбунай і Дземянцеем, спрабуючы ўгаварыць Сямдзянаву пусьціць Малафеева на трыбуну — гэта вельмі добра бачна ў фільме.


(За колькі месяцаў да гэтага Лукашэнка, стварыўшы фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», жорстка дыскутаваў з Малафеевым і абвінавачваў яго ў аўтарытарызьме ды непрыманьні іншых поглядаў. Пройдзе час, і прэзыдэнт Лукашэнка прызначыць Малафеева кіраўніком свайго «сэнату».)

Малафееў быў вымушаны пайсьці з трыбуны на сваё месца. І гэта псыхалягічна зламала камуністаў: усёмагутны першы сакратар, валадар лёсаў — быў сагнаны, фізычна адпрэчаны палітычнымі праціўнікамі. Такога сьцены Авальнай залі ня бачылі.

Разгублены Дземянцей абвяшчае перапынак на паўгадзіны — але зацягваецца ён нашмат даўжэй. У перапынку ён «раіцца з таварышвамі» — але таварышы-камуністы дэмаралізаваныя. Тыя члены Прэзыдыюму ВС, якія здольныя адэкватна ацаніць сытуацыю, раюць яму выканаць патрабаваньне аб адстаўцы.

Для нас гэта азначала адно — выкарыстаць яшчэ большы націск, каб дамагчыся наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу. У перапынках мы зьбіраемся ў нашым 363-м пакоі і карэктуем тактыку.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.

Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.


У нейкі момант каля дзьвярэй зьявіўся Вячаслаў Кебіч. «Я падаю ў адстаўку», — каротка сказаў прэм’ер-міністар. Чаму Кебіч пайшоў паведаміць пра гэта нам? Наколькі сур’ёзным быў ягоны намер? Я ніколі ў яго пра гэта не распытваў, а ў сваіх даволі аб’ёмістых мэмуарах Вячаслаў Францавіч абышоў гэты эпізод. Думаю, што тут быў элемэнт гульні, а магчыма, ён хацеў нейкіх дамоўленасьцяў з Апазыцыяй БНФ. Але размовы не атрымалася: Кебіча адразу ўзяў пад рукі касманаўт Уладзімер Кавалёнак, палітычная арбіта якога ў тыя дні круцілася вакол БНФ. Касманаўт павёў прэм’ера па даўгім калідоры трэцяга паверху і пачаў угаворваць: «Вячаслаў Францавіч, ні ў якім разе, што ж будзе з эканомікай, Вы спэцыяліст» — і гэтак далей. Тых словаў Кебічу хапіла, каб перадумаць; значыць, і не было ў яго сур’ёзнага намеру сыходзіць, проста прамацваў глебу. Зрэшты, празь некалькі гадзін пасьля свайго тэатральнага дэмаршу Кебіч падтрымаў Пазьняка, і з улікам ягонага аўтарытэту ў намэнклятуры гэтая падтрымка станоўча паўплывала на вынік галасаваньня аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнай сілы.

Пасьля перапынку Дземянцей заяўляе, што сыходзіць у адстаўку.

Шушкевіч дзякуе Дземянцею «за работу на пасадзе старшыні» і кажа гэтулькі шмат добрых слоў, колькі мы, дэпутаты БНФ, на свой адрас ад яго ніколі ня чулі (і не пачуем). Але знаходзяцца словы і для нас — у зьвязку з выгнаньнем з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ.

Станіслаў Шушкевіч: «Мне сорамна за тое, што адбылося ў нас у залі Вярхоўнага Савету! Нідзе, нават на Нюрнбэрскім працэсе, не было такога, каб той, каго абвінавачваюць, каго падазраюць, ня меў слова. Я быў сьведкам той зьявы, што народны дэпутат СССР ня змог выступіць на трыбуне. Мы ня можам ісьці такім шляхам, як бы мы да каго ні ставіліся...»

Адметна, што, калі Дземянцей выключаў мікрафоны праціўнікам камуністаў — дэпутатам Апазыцыі БНФ, Шушкевіч ніколі не заступіўся і ня выказаўся на карысьць магчымасьці народных дэпутатаў «выступіць на трыбуне». Пазьней ужо ён сам адключаў нам мікрафоны.

Шушкевіч прапанаваў «з канстытуцыйных пазыцый спакойна правесьці сэсію і закончыць яе».

«Павінна быць дадзеная ацэнка дзейнасьці Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, які ня выканаў сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Сэсію закрываць сёньня так, як вы хочаце, нельга» — пераконваў Валянцін Голубеў.

Дыскусія. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. (Кінакадр)

Дыскусія. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. (Кінакадр)



Слова бярэ дэпутат Апазыцыі БНФ Вольга Галубовіч: «Вам, Станіслаў Станіслававіч, сорамна за нас, народных дэпутатаў, за тое, што мы не далі магчымасьці гаварыць з самай высокай народнай трыбуны чалавеку. Лідэру партыі, якая была ідэйным натхняльнікам антыдзяржаўнага перавароту, якая хацела зьнішчыць свайго генэральнага сакратара. А мне, паважаны Станіслаў Станіслававіч, было горка і балюча за тое, што ўчора, калі Расея стаяла над трунамі ахвяр антыдзяржаўнага перавароту, у гэтай самай высокай залі рэспублікі што было? Падман і спроба завуаляваць сваю злачынную бязьдзейнасьць».

Шушкевіч пачаў апраўдваць Прэзыдыюм, адстаўкі якога мы настойліва патрабавалі. І першае, што ён зрабіў пасьля таго, як абвясьціў, што бярэцца выконваць функцыі старшыні, даў слова Малафееву.

Мы на знак пратэсту падчас выступу Малафеева пакінулі залю, хоць здагадваліся, што Малафееў пачне адступаць. Так яно і сталася: у фае праз трансьляцыю чулі, што першы сакратар, як раней і ягоныя калегі з ЦК, спрабаваў давесьці, нібыта КПБ не падтрымлівала путчыстаў і КПБ выходзіць з КПСС, і нават сказаў пра «дэмакратычную свабодную Беларусь». Мы разумелі, што гэта — ня болей, чым фарысэйства, спроба ўратаваць партыю, якая канчаткова збанкрутавала.

Намэнклятура ў Авальнай залі зразумела, што Малафееў капітуляваў і ўжо не валодае сытуацыяй. Фактычна, камуністы страцілі лідэра, а разам зь ім — і волю да барацьбы. Іншага выйсьця, як прымаць прапановы Апазыцыі БНФ, у іх не было.

Пасьля гэтага імпэту прыбавілася і ў раней «памяркоўных» дэпутатаў, якія адзін за адным выступалі з гнеўнымі прамовамі. Ужо і Вячаслаў Кебіч заявіў, што ня браў удзелу ў пасяджэньні Бюро ЦК КПБ, на якім была прынятая заява з падтрымкай хунты, а таксама дадае наступнае: «нам трэба карэнным чынам перагледзець нашую ацэнку, што нібыта рэспубліка ў бязьмежнай залежнасьці ад іншых рэгіёнаў. Урэшце, у сьвеце ня так ужо і шмат краінаў, якія маюць увесь набор мінэральна-сыравінных і паліўных рэсурсаў. Аднак жывуць, і жывуць няблага». (Шкада, што праз пару гадоў Кебіч забудзецца на гэтыя словы.)

Увечары 24 жніўня стала вядома, што Гарбачоў зьняў зь сябе абавязкі генэральнага сакратара ЦК КПСС; на дзень раней у Маскве прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын падпісаў указ аб прыпыненьні дзейнасьці КПСС на тэрыторыі Расеі. Фактычна, беларускія камуністы апынуліся без гаспадароў, і ў Авальнай залі камуністы-дэпутаты загаварылі што КПБ будзе самастойнай, а Беларусь стане сувэрэннай дзяржавай. Узьнікала небясьпека ператварэньня рэспублікі ў камуністычны запаведнік. Тым больш важным было дамагчыся спыненьня дзейнасьці кампартыі.

Нашая тактыка пачынала даваць плён, які высьвечваўся на таблё вынікаў галасаваньня.

Прымаецца пастанова з асуджэньнем дзеяньняў ГКЧП. Ствараецца камісія па ацэнцы дзеяньняў службовых асобаў і ўстаноў у дні путчу на чале з дэпутатам Апазыцыі БНФ палкоўнікам міліцыі Ігарам Пырхам, прымаецца рашэньне аб дэпартызацыі. Нарэшце, дэпутаты пагаджаюцца ўзяць за аснову наш праект пастановы аб забароне дзейнасьці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі: 185 галасоў пры патрэбных 174-х.

Усяго за пастанову прагаласуе 212 дэпутатаў.

«Сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі»


Станіслаў Шушкевіч пераходзіць да пытаньня аб незалежнасьці: «У нас ёсьць праект пастановы „Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце“. Вы захоўваеце гэтую прапанову? (Маецца на ўвазе Апазыцыя БНФ. Натуральна ж, мы захоўвалі яе: гэта было галоўнае, дзеля чаго мы патрабавалі склікаць нечарговую сэсію — С.Н.). Вы ведаеце, канстытуцыйная большасьць патрэбная нам. Я б хацеў зьвярнуць вашу ўвагу, што вельмі цяжка гэтае пытаньне нават пры самых станоўчых адносінах вырашыць».

Гэта была рэпліка, якую ні ў якім разе нельга было вымаўляць: пасьля адстаўкі Дземянцея для значнай колькасьці дэпутатаў Шушкевіч ужо ўспрымаўся «начальнікам», яны прызвычаіліся галасаваць так, як скажа начальнік, а тут — начальнік сумняваецца ў выніку галасаваньня. Дык, можа, і ня варта галасаваць?

Апрача таго, перад гэтым выступіў дэпутат Аляксандар Лукашэнка, які ў сувэрэнітэце ўбачыў пагрозу ізаляцыі ад Расеі і ад Гарбачова. Як я ўжо адзначаў, Лукашэнка ўвогуле адмовіўся рэгістравацца і браць удзел у сэсіі. Але пры гэтым пакінуў за сабой права выступаць: ішла прамая трансьляцыя, тое, што адбывалася ў Авальнай залі, слухалі, без перабольшаньня, мільёны, і страціць магчымасьць чарговы раз «засьвяціцца» ён не хацеў. Дырэктар саўгасу «Гарадзец» узначальваў групу «Камуністы за дэмакратыю», і некалькі галасоў у нашу падтрымку маглі адпасьці.

І вось тады ўзяў слова Пазьняк. Ён выступаў спантанна, без падрыхтоўкі, але гэта, я перакананы, была самая дзейсная прамова ў найноўшай гісторыі Беларусі. Калі сёньня параўноўваць яе зь іншымі прамовамі Пазьняка, можна знайсьці значна больш аналітычныя, лепшыя паводле стылю, і нават больш эмацыйныя. Але менавіта тая прамова, сказаная без падрыхтоўкі ад мікрафона, інтуітыўна, «на адным дыханьні», самым непасрэдным чынам паўплывала на тое, што на мапе сьвету зьявілася новая краіна — Беларусь. Сказаная яна была ў патрэбны момант і тымі словамі, якія толькі і маглі паўплываць на людзей, ад якіх увечары 25 жніўня 1991 году залежала, ці спраўдзіцца мара пакаленьняў.

Прамаўляў Пазьняк у поўнай цішыні; я памятаю нейкае пашчоўкваньне, калі адзін з апэратараў у другім канцы залі павярнуў сваю тэлекамэру.

Тую гістарычную прамову Зянона Пазьняка падам тут цалкам:

"Я хачу зрабіць некалькі заўваг па гэтым пытаньні, паколькі тут у зале выступалі некаторыя дэпутаты, у прыватнасьці, дэпутат Лукашэнка, які проста заблытаў гэтае пытаньне.

Справа ў тым, шаноўныя калегі, што зараз мы ўступілі ў прынцыпова новую сытуацыю. Усе рэспублікі вакол нас аб’явілі аб сваёй нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасьці. У тым ліку ўчора гэта зрабіла Ўкраіна. Практычна пытаньне аб Саюзным дагаворы здымаецца на нейкі пэрыяд. Саюз існуе толькі намінальна. I калі ў гэтай сытуацыі мы ня прымем адпаведнага закону аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць разьвівацца, і разьвівацца як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш мабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасьць ад гэтых рэспублік. Тым больш, я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расейскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на Ўсходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права.

На вялікі жаль, гэта так. I менавіта зыходзячы з гэтых меркаваньняў я неаднойчы выказваўся і пісаў аб тым, што я сумняваюся ў дэмакратычным характары будучай Расеі. Таму што асноўны прынцып дэмакратыі — гэта прызнаньне права нацыі на самавызначэньне. Калі ў грамадзтве існуе імпэрская мэнтальнасьць, дасягнуць дэмакратыі поўнасьцю вельмі цяжка. I тыя высновы, якія мы можам зрабіць зараз, сутыкаючыся з палітыкай з Усходу, прыводзяць нас да думкі, што зараз нам, каб выратаваць наш народ, нашу эканоміку, абавязкова патрэбны дзяржаўны сувэрэнітэт. Тыя хуткія тэмпы, якімі зараз пойдуць разьвівацца дзяржавы, якія заснаваны на дзяржаўнай незалежнасьці, яны прывядуць да таго, што іхняя эканоміка высмакча з нашай рэспублікі рабочую сілу, высмакча тавары. I калі ў нас ня будзе сваёй валютнай сыстэмы (а мы можам яе мець талькі тады, калі будзем мець нацыянальную незалежнасьць), мы трапім у вельмі цяжкае эканамічнае і залежнае становішча. Ужо Расея некалькі тыдняў назад паведаміла, Ельцын паведаміў аб тым, што зьбіраецца павысіць цэны на нафту. Гэта быў у пэўнай ступені шантаж нашай рэспублікі. І ён быў ня першы раз.

Калі мы ня будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, ня зможам свае рэсурсы, ўсе свае сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народу і нашай дзяржавы, мы ня зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы. А яна будзе, і будзе абавязкова.

Мы ўступаем у новы стан дзяржаўных узаемаадносінаў. Таму, шаноўныя калегі, я вельмі вас прашу, паколькі палітычная абстаноўка зьмянілася рэзка і хутка і некаторыя з нас не пасьпелі яе адразу ацаніць, я заклікаю ўсіх дэпутатаў зараз ацаніць гэтую абстаноўку самым належным чынам. Таму што ўсякае замаруджваньне пойдзе нам на шкоду.

Ня трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узьнікне Альбанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сэсіі пацьвярджаюць: яны неабарачальныя, яны ідуць на карысьць нашаму грамадзтву. А сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасьць нам магчымасьць разьвіць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформаў. Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут ня вельмі многа, і патрэбна канстытуцыйная большасьць. Таму я вырашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых было гэта нечаканым. Але я дастаткова добра ведаю, якія ўзаемаадносіны ў тых маладых структурах, якія зараз нараджаюцца. I калі мы спаткаемся з імі потым, не падрыхтаваўшыся, мы проста апынемся ў невырашальным стане. Дзякуй за ўвагу«.

Пазьняк папрасіў камуністаў прагаласаваць за незалежнасьць — але апэляваў не да беларускай гісторыі (гэта не спрацавала б), не да права нацыі мець сваю дзяржаву (яны не любілі слова «нацыя»), а да пачуцьця самазахаваньня. Яны чакалі ад Пазьняка ўхваленьняў пераможца Ельцына, а лідэр БНФ сказаў, што сумняваецца ў дэмакратычным характары будучай Расеі, што на усходзе фармуецца новая імпэрыя.

Словы Пазьняка сапраўды былі для камуністаў вельмі нечаканымі, як нечаканым, шакавальным была і форма звароту («мы», «нам») ад чалавека, які некалькі гадзінаў таму заявіў, што ня хоча ў гэтай залі дыхаць адным паветрам з тымі, хто падтрымаў хунту.

Пасьля Пазьняка слова адразу ўзяў нефармальны лідэр камуністаў Міхаіл Мачуленка (да прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС — другі сакратар Гомельскага абкаму КПБ):

«Я стопрацэнтна падтрымліваю народнага дэпутата Пазьняка і прапаную тут жа, зараз жа прагаласаваць за тое, што ён сказаў» (Воплескі)«.

Дзьмітры Булахаў папярэджвае, што «мы парушаем Канстытуцыю рэспублікі», але ля мікрафона — старшыня Віцебскага аблвыканкаму Уладзімер Кулакоў:

«Я прасіў бы таксама падтрымаць пытаньне, каб мы прынялі гэтае рашэньне, таму што, сапраўды, становішча ў эканоміцы сёньня такое, што калі нам цяпер не абараніць эканамічна і палітычна рэспубліку, будзе хаос і рэспубліка пойдзе да эканамічнага краху. Таму трэба падтрымаць».

Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч: «Я толькі што меў размову зь вельмі высокапастаўленымі кіраўнікамі Расеі. І мушу заклікаць вас пасьля гэтай размовы менавіта прыняць такі закон, таму што абстаноўка падпісаньня саюзнай дамовы вельмі зьмянілася. Наўрад ці такое падпісаньне ў найбліжэйшым часе ўвогуле адбудзецца. Таму я таксама заклікаю вас знайсьці такую форму, каб нам не парушаць Канстытуцыю. Але такі закон трэба сёньня прыняць» (Воплескі.)

Міхаіл Жэбрак, былы першы сакратар Ваўкавыскага райкаму кампартыі: «Я да ўчорашняга дня стаяў за абноўлены Саюзны дагавор. Але пасьля ўчорашняга дня, тое, што адбылося на Украіне, мяне прымушае зрабіць заяву пра тое, што калі мы сёньня ня прымем такі закон, тое, што прапануе Зянон Станіслававіч Пазьняк, дык трэба тады прымаць рашэньне аб уваходзе Заходняга краю ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Іншага выйсьця няма. І Беларусь ня будзе існаваць, таму што тады Беларусі абсалютна ня будзе. Я ў гэтым перакананы і прашу падтрымаць і прыняць такі закон. Давайце ставіць на галасаваньне».

Ідзе галасаваньне: паэтапна, за прыняцьце «за аснову» («за» — 249 галасоў), за ўдакладненьне назвы («Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай СССР» («за» — 252 галасы), закон прымаецца ў першым чытаньні («за» — 253). З кожным разам колькасьць прыхільнікаў павялічваецца. Затым галасуюцца некаторыя асобныя пункты, і нарэшце — закон цалкам. «За » — 256 дэпутатаў. Супраць — 0, устрымалася — 0.

На гадзіньніку — 20.12.

Станіслаў Шушкевіч віншуе жыхароў Беларусі.

Далей прымаем неабходныя зьмены ў 72-і артыкул Канстытуцыі і прапанову Саўміну аб перадачы ў падпарадкаваньне Беларусі органаў пракуратуры, МУС, КДБ і ўсёй маёмасьці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

У гэты вечар Беларусь робіцца незалежнай дзяржавай.

Перамога!!!

Людзі на плошчы перад Вярхоўным Саветам у час Сэсіі Незалежнасьці. (Фота з газэты)

Людзі на плошчы перад Вярхоўным Саветам у час Сэсіі Незалежнасьці. (Фота з газэты)



Мы выйшлі на плошчу, да тысяч людзей, якія віталі нас воплескамі. Пазьняк узьняўся на імправізаваную трыбуну — грузавік з гукаўзмацняльнай апаратурай. На жаль, у аўдыёзапісе, які ў мяне ёсьць, няма пачатку выступу — там лідэр БНФ папярэдзіў, што ня варта недаацэньваць тых, хто яшчэ некалькі дзён таму падтрымаў праімпэрскі путч:

"Яны зьвядуць да таго, што ўсе гэтыя заваёвы ня будуць выконвацца. Таму трэба іх прымушаць. І гэта — толькі першы крок. Толькі першы крок, але наступны крок, якім мы выйдзем — гэта з узьнятымі сьцягамі аптымістычна, зь песьнямі, з патрабаваньнямі, на законнай аснове, не баючыся, нікога не зьневажаючы, а як свабодныя людзі, спраўджваючы тое, што дасягнуў наш Вярхоўны Савет супроць КПБ, якая яшчэ існуе і многа можа нарабіць шкоды. Мы зараз законна будзем змагацца з гэтай гідрай, і ў гэтым сэнсе вельмі важна нам гэта зразумець.

Калі такая падтрымка будзе — то я ўпэўнены: Беларусь будзе і свабоднай, і незалежнай, і некамуністычнай. І — дэмакратычнай. І вельмі заможнай. І вельмі хутка. Вельмі хутка! Калі мы толькі пяройдзем да рэформаў, калі мы вырашым пытаньні зь зямлёй, з уласнасьцю, з усімі нашымі сродкамі — вельмі хутка будзе вынік. Вельмі хутка будзе вынік! Ёсьць разьлікі, элемэнтарна мы тады праз год адчуем паляпшэньне.


Праз тры гады мы ўжо будзем добра стаяць на нагах. А разьлікі ўсе паказваюць — пры добрай хадзе спраў за восем гадоў мы можам стаць на ўзровень Фінляндыі, на ўзровень дастаткова заможнай эўрапейскай краіны. Гэта пры ідэальным варыянце. Чым меншая краіна — тым хутчэй ідзе абарачэньне. Скажам, для Ўкраіны такі разьлік — 15-25 гадоў. Для Савецкага Саюзу, калі б ён пачаў тыя рэформы — 50 гадоў, таму што краіна велізарная... У нас Беларусь — 10 мільёнаў, кампактная тэрыторыя, найвыдатнейшае геапалітычнае становішча, найвыдатнейшае. Усе шляхі, і паветраныя — усе ідуць праз нас.

Атрымаўшы незалежнасьць, мы можам выкарыстоўваць гэта вельмі эфэктыўна, калі мы выкарыстаем і нашую электроніку, нашыя розумы, нашыя мазгі, калі мы будзем любіць нашую Бацькаўшчыну моцна, то ў нас ёсьць усе магчымасьці стаць свабодным, шчасьлівым, заможным народам. І нас будуць паважаць, шанаваць. І тады жыцьцё наша будзе радасным. А жыць добра — гэта самая найвялікшая каштоўнасьць. Проста мы даўно не жылі, мы не жылі яшчэ пры свабодзе. Мы яшчэ добра не ўсьведамляем, што гэта такое. І вось — пачынаецца раніца. Дык давайце ж памятаць аб тым, што ад нас будзе залежаць, як будзе доўжыцца наш сьветлы дзень! Жыве Беларусь!"

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, прыняты пасьля сэсіі Незалежнасьці. (Фота з друку)

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, прыняты пасьля сэсіі Незалежнасьці. (Фота з друку)



А потым Пётра Садоўскі падняўся на грузавік і засьпяваў купалаўскія "Тры дарожанькі..."— засьпяваў так, што голас разьлёгся далёка за плошчай. І толькі тыя, хто стаяў побач, бачылі ў яго на вачах сьлёзы...

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG