Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Товарищ москаль, на Украину шуток не скаль» — Парашэнка ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Трэці год запар Украіна сьвяткуе Дзень Незалежнасьці ва ўмовах надзвычайных захадаў бясьпекі. Больш як 5 тысяч паліцэйскіх несьлі службу ў месцах афіцыйных мерапрыемстваў, паўтары тысячы памежнікаў ахоўвалі правапарадак на лініі дзяржаўнай мяжы, у памежных раёнах, у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе і на мяжы з Крымам.

Народжаныя вольнымі

Галоўны лёзунг сёлетняй кампаніі — «Народжаныя вольнымі». Арганізатары сьвяткаваньняў кажуць, што такім чынам хацелі нагадаць сусьветнай супольнасьці, што ўкраінцы будуць стаяць да канца за сваю зямлю і свабоду.

Пад гэтым дэвізам адбыўся і вайсковы парад на Храшчаціку ў Кіеве. З рэкорднаю за ўсе гады незалежнасьці колькасьцю вайскоўцаў і баявых машын — больш як 4 тысячы жаўнераў і 200 адзінак тэхнікі.

Жыхары ўсіх абласных цэнтраў Украіны маглі назіраць за вайсковым парадам у Кіеве на вялікіх экранах, усталяваных на галоўных плошчах сваіх гарадоў.

Украіна прадэманстравала сваю вайсковую моц — зэнітна-ракетныя комплексы «Бук», рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град» і «Сьмерч», танкі ўласнай распрацоўкі «Булат», артылерыйскія гарматы з радыюсам паражэньня больш як 40 кілямэтраў, падразьдзяленьне сілаў спэцыяльных апэрацыяў на амэрыканскіх аўтамабілях «Хамэр» і супольны ўкраінска-літоўскі-польскі батальён. З імправізаванай трыбуны на гэта пазіраў і польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда, які цяпер зь візытам у Кіеве.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (справа) і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (справа) і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Адваяваная незалежнасьць

«Незалежнасьць магла спыніцца на лічбе 23 гады... Гэта ваша заслуга, што сёньня мы адзначаем 25 гадоў незалежнасьці», — з такімі словамі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўжо пасьля параду падышоў да вэтэранаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.

За час агрэсіі Расеі загінулі больш як 2,5 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў, на фронт праз ваенкаматы прайшлі амаль 300 тысяч чалавек.

«Калі б мы рухаліся па інэрцыі мінулага году, цяпер павінна была б завяршацца 9 чарга мабілізацыі, але мы не пачыналі і сёмай. Прыярытэт — фармаваньне прафэсійнага войска. Штомесяц у шэрагі Ўзброеных сіл уліваецца 6 тысяч вайскоўцаў. Да канца году мы чакаем больш як 20 тысяч кантрактнікаў», — сказаў Пятро Парашэнка.

Кіраўнік украінскай дзяржавы мяркуе, што сёньняшні вайсковы парад сьведчыць пра рэальны прагрэс умацаваньня абароназдольнасьці Ўкраіны, але яшчэ спатрэбяцца «гады і дзясяткі мільярдаў грыўняў, каб спаць спакойна».

«Нашы міжнародныя партнэры з гэтага параду атрымаюць сыгнал, што Ўкраіна можа сама сябе абараняць, але мае патрэбу ў далейшай падтрымцы. Бо наш вораг — краіна, якая займае дзявятую частку сушы і мае ваенны бюджэт у дзясяткі і дзясяткі разоў большы за наш. І, нарэшце, наш парад — гэта сыгнал і ворагу: украінцы сурʼёзна гатовыя і далей змагацца за сваю незалежнасьць. І таму агрэсару лепш прыгадаць мудрую параду расейскага паэта Ўладзіміра Маякоўскага: «Товарищ москаль, на Украину шуток не скаль!».

«Віншаваньні» з усходу Ўкраіны...

Падразьдзяленьні гэтак званых «ЛНР» і «ДНР» за мінулыя суткі 48 разоў адкрывалі агонь па пазыцыях Узброеных сіл Украіны, у тым ліку 19 разоў — на данецкім напрамку, 22 — на марыюпальскім і 7 — на луганскім.

Разбурэньні ў Аўдзееўцы пасьля абстрэлу

Разбурэньні ў Аўдзееўцы пасьля абстрэлу

У выніку абстрэлаў цэнтральнай часткі гораду Аўдзееўка Данецкай вобласьці спынены чыгуначны рух.

«Значныя разбурэньні адбыліся на чыгуначнай станцыі гораду. Рух спынены з-за пашкоджаньня электрападстанцыі і перабітых чыгуначных шляхоў», — паведамілі Радыё Свабода ў прэс-цэнтры Штабу антытэрарыстычнай апэрацыі.

Украінскія валянтэры адказалі мірным «агнём»: пры дапамозе дрона яны скінулі на Данецк тысячы ўлётак зь віншаваньнямі да Дня Незалежнасьці Ўкраіны.

...і з Расеі

Тым часам сёньня Сьледчы камітэт Расеі паведаміў пра адкрыцьцё крымінальнай справы супраць міністра абароны Ўкраіны Сьцяпана Паўтарака і начальніка Генэральнага штабу Міністэрства абароны Віктара Мужэнкі.

«Гэта прызнаньне Расейскай Фэдэрацыяй нашых заслуг», — адразу адрэагаваў на паведамленьне СМІ Віктар Мужэнка.

Дождж — не перашкода

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, на вуліцах Кіева бурліць сьвяточнае жыцьцё: спартыўныя забегі, канцэрты, выставы, фэстывалі. Галоўнай жа мастацкай зьявай сёньняшняга дня мае стаць выступ унікальнага творчага калектыву музыкаў, якія нарадзіліся ў 1991 годзе — раўналеткаў украінскай незалежнасьці. 25-гадовыя музыкі амаль з усіх рэгіёнаў Украіны будуць выступаць пад кіраўніцтвам сусьветна вядомага ўкраінскага дырыжора Кірыла Карабыцы, які цяпер займае пасаду музычнага кіраўніка Нямецкага нацыянальнага тэатру і Дзяржаўнай капэлы гораду Вэймара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG