Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Некаторыя адмыслоўцы кажуць, што ёсьць «чорная магія» і ёсьць «белая магія». А некаторыя кажуць, што магія — адна, і яна бясколерная. Як бы яно насамрэч ні было, я сёньня — пра «шаманку чорнай магіі»...

У старажытную музычную эпоху, калі Майкла Джэксана мала хто мог адрозьніць ад ягоных чатырох братоў, узьнік брытанскі гурт «Fleetwood Mac». Заснаваў яго гітарыст Пітэр Грын; сярод заснавальнікаў быў яшчэ музыка, які называўся Флітвуд Мак. Неўзабаве Мак кудысьці выпарыўся, але гурт і назва засталіся. Дзеля журналісцкай акуратнасьці адзначым, што гурт існуе і па сёньняшні дзень, і калі верыць статыстыкам продажу музычных альбомаў — «Fleetwood Mac» у самым топе найбольш пасьпяховых выканаўцаў поп- і рок-музыкі на сьвеце...

Але тое, чаго дасягнуў «Fleetwood Mac» пасьля 1970 году, калі гурт пакінуў Пітэр Грын, сёньня мяне не цікавіць. Тут я хачу прыгадаць блюзава-рокавую песьню Пітэра Грына з 1968 году, якая называецца «Black Magic Woman».

Як часта бывае ў гісторыі музыкі, сусьветную папулярнасьць «Black Magic Woman» здабыла пасьля таго, як яе выканаў іншы музыка, больш раскручаны ў музычным бізнэсе. Песьню ўвёў на сусьветную музычную сцэну гітарыст-віртуоз мэксыканскага паходжаньня Карлас Сантана, які зьмясьціў яе на сваім выдатным другім альбоме, «Abraxas» (1970). Сантана, захоўваючы арыгінальную музычную лінію Пітэра Грына, дадаў да песьні лацінаамэрыканскія і афрыканскія элемэнты і аздобы, і атрымаўся сапраўдны гіт сусьветнага фармату.

Але калі сёньня я слухаю «Black Magic Woman» у жывым выкананьні Пітэра Грына і ягоных калегаў з 1970 году, мяне агартаюць сумненьні: усё ж Пітэр Грын — клясны гітарыст, і ягонае выкананьне нічым ня горшае за Сантанава. Мяркуйце самі:


А цяпер Карлас Сантана, таксама ў 1970 годзе:


Потым песьню «Black Magic Woman» выконвалі з посьпехам шмат якія іншыя музыкі. Але ніхто з такім «філінгам», як Грын і Сантана. Ну, хіба што амэрыканская джазавая вакалістка і піяністка Патрыша Барбэр, якая запісала жывое выкананьне песьні на альбоме «Companion» з 1999 году. Дастаткова добрага відэакліпу Барбэр я не знайшоў, а таму стаўлю аўдыёзапіс з альбому:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG