Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У выбары ніхто ня верыць», — кандыдат Уладзімер Кацора


Леанід Злотнікаў, Уладзімер Кацора, Аляксандар Сасноў — зьлева направа

Леанід Злотнікаў, Уладзімер Кацора, Аляксандар Сасноў — зьлева направа

Кандыдат у дэпутаты ад АГП па Гомельскай-Сяльмашаўскай выбарчай акрузе № 32 Уладзімер Кацора — адзін зь нямногіх кандыдатаў у Гомелі, хто ладзіць сустрэчы з выбарцамі. Дзьве такія сустрэчы з удзелам давераных асобаў кандыдата — экс-міністра працы Аляксандра Саснова, эканамістаў Леаніда Злотнікава і Мікалая Новікава — адбыліся напярэдадні ў сярэдняй школе № 57 і ДК «Гомсельмаш». Імі зацікавіліся нават доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ, якія працуюць у рэгіёне.

На адной з сустрэчаў прысутнічала паўсотні выбарцаў, на другой — дзясяткі на два болей. У акрузе больш як 60 тысяч выбарцаў, каманда Кацоры раздала пяць тысяч друкаваных запрашэньняў. Яшчэ трыццаць тысяч абвестак распаўсюджана ў акрузе праз паштовыя скрыні.

Хто стане побач?

«Улада давяла людзей да такога стану, — кажа Ўладзімер Кацора, — што ніхто ўжо ні ўва што ня верыць. І выбарнікамі нас назваць язык не паварочваецца, бо мы нічога не вырашаем, і нашы галасы ня лічаць».

Адзін з прысутных на сустрэчы запытаўся, што рабіць у такім разе — выходзіць на плошчу?

Сустрэча ў СШ№ 57

Сустрэча ў СШ№ 57

«У цывілізаваных краінах усё вырашаецца праз выбары, і я хачу каб у нашай краіне было так жа. Бунт — гэта крайняя мера. Я гатовы выйсьці на плошчу — у мяне ў машыне ёсьць нават налепка з надпісам: „Твой голас будзе пачуты толькі на плошчы!“. Але хто стане побач са мною? Людзі баяцца. Баяцца іншым разам прыйсьці нават у наш офіс, бо „там апазыцыя“. У нашых людзей нязгода з уладай выяўляецца толькі на кухні. Станеце побач са мною — нешта зрушыцца», — адказаў кандыдат Кацора.

Кабеты сталага веку засыпалі палітыка бытавымі пытаньнямі: адкрылі пункт выдачы мэтадону ад наркалягічнага дыспансэру — бруд, неахайнасьць наўкол; рамонт дома пачалі — кінулі.

«Я з выбараў буду здымацца, бо іх у нас няма, — кажа Кацора. — Майго прозьвішча вы не пабачыце ў бюлетэнях. Прызначэнец у дэпутаты ўжо вядомы — гэта Віктар Шылаў, намесьнік дырэктара па ідэалёгіі заводу ліцьця і нармаляў. Я ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі таму, што ў апазыцыі няма іншага спосабу пагаварыць з вамі. Усе пытаньні, якія людзі ўзьнімалі, падыходзячы да нашых пікетаў, і падчас гэтых сустрэчаў, я перашлю Лідзіі Ярмошынай, бо яна лічыць парлямэнт не палітычнай, а сацыяльнай структурай».

Няма рамонту — няма выбараў

Гараджанам кандыдат раіць не сядзець склаўшы рукі, а гуртавацца, адстойваць свае правы — напрыклад, як зрабілі жыхары аднаго з дамоў на вуліцы Дворнікава. Калі камунальнікі спынілі рамонт, яны фарбай напісалі на асфальце: «Няма рамонту — няма выбараў!». Адміністрацыя, міліцыя забегалі: хто напісаў, што здарылася?

Людзі пыталіся ў кандыдата: «Чаму ў краіне існуе непавага да рабочага чалавека?» «Чаму сацыяльныя пэнсіі істотна падвышаюць, а тым, хто мае 30–40 гадоў працоўнага стажу, калі і падвышаюць, то на капейку?»

Пытаньне з залі

Пытаньне з залі

«Вы гэтыя пытаньні павінны задаваць прадстаўнікам улады, а не прад’яўляць прэтэнзіі кандыдатам у дэпутаты, — казаў прысутным экс-міністар працы Аляксандар Сасноў. — У Беларусі наогул 62% насельніцтва лічаць, што дзяржава павінна ім усё даць. Але прыдумаць, арганізаваць, зарабіць павінен сам чалавек, а дзяржава — павінна яму спрыяць. Чвэрць стагодзьдзя таму, калі можна было выбіраць шлях разьвіцьця краіны, большасьць людзей спалохалася свабоды і самастойнасьці. Рабы спалохаліся свабоды. Выбралі папуліста, які абяцаў „запусьціць заводы“ і ўсё ўсім даць. І цяпер маем тое, што маем».

Адзін з гараджанаў, які назваўся Анатолем, наогул схільны лічыць, што эканамічныя і сацыяльныя праблемы ў краіне паўстаюць таму, што беларусы не шануюць продкаў: зьвялі на нішто родную мову, культуру. Спадар Анатоль узгадаў гісторыю, якую вычытаў у СМІ: у Кітаі ў шасьці навучальных установах пачынаюць вывучаць беларускую мову. А беларускае чынавенства сваёй мовы цураецца.

Шлях у мінулае стагодзьдзе

Другая частка сустрэчы была адведзена на праблемы эканомікі: людзі пыталіся, як выратаваць «Гомсельмаш», МАЗ, Менскі трактарны завод.

Сустрэча ў ДК «Гомсельмаш»

Сустрэча ў ДК «Гомсельмаш»

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што Беларусі наканавана паўтарыць той шлях, які прайшлі ўсходнеэўрапейскія краіны ў 90-я гады. За апошнія паўстагодзьдзя адбыўся новы віток спэцыялізацыі і каапэрацыі вытворчасьці. Буйныя пасьпяховыя прадпрыемствы — гэта толькі зборка, дэталі пастаўляюцца з усяго сьвету. Іншых эфэктыўных мадэляў усясьветная эканоміка ня ведае.

Адзін з колішніх спэцыялістаў «Гомсельмашу» сказаў на сустрэчы, што калі на пачатку 2000-х гадоў аб’яднаньне мела сур’ёзныя прэфэрэнцыі ад дзяржавы, іх не скарысталі для сур’ёзнага перааснашчэньня вытворчасьці. Пакрысе нешта рабілі, але збольшага «праядалі» выдзеленыя сродкі. З гэтай прычыны так і не стварылі камбайнаў добрай якасьці, якімі зацікавіліся б на сусьветным рынку.

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў даводзіў прысутным, што трэба, каб беларусы самі працавалі на сваю эканоміку.

«На валютных рахунках беларусаў звыш 7 мільярдаў даляраў. Чаму б дзяржаве не зацікавіць сваіх грамадзянаў, каб яны набывалі акцыі пасьпяховых прадпрыемстваў? Глядзіш, і замежныя інвэстары падцягнуліся б, бачачы, што за такімі прадпрыемствамі стаяць дзясяткі, сотні жывых акцыянэраў. А дзеля гэтага патрэбныя маштабныя рэформы — пабудаваць эканоміку краіны на адным ці двух прадпрыемствах проста нерэальна», — падсумаваў эканаміст.

На абедзьвюх сустрэчах апазыцыйны кандыдат цытаваў словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя ім яшчэ ў 1995 годзе: «Я не пайду галасаваць. Усё адно ашукаюць».

Пікет апазыцыйнага кандыдата перад ДК «Гомсельмаш»

Пікет апазыцыйнага кандыдата перад ДК «Гомсельмаш»

XS
SM
MD
LG