Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыехаў новы часовы павераны ў справах ЗША. Якія пэрспэктывы ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: 22 жніўня ў Менск прыбыў новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі. Да прызначэньня ў Беларусь ён займаў пасаду палітычнага дарадцы і быў выканаўцам абавязкаў намесьніка амбасадара ЗША ў Вугоршчыне.

Ранейшы кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі ў Менску Скот Роланд пакінуў Беларусь 8 ліпеня. У інтэрвію БелаПАН перад адʼездам ён зьвярнуў увагу на значнае паляпшэньне беларуска-амэрыканскіх адносінаў за апошнія два гады.

Варта нагадаць перадгісторыю беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў.

Амэрыканскія санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў 2006 годзе ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу пэрыядычна падаўжаліся. А з 2008 году, яшчэ да таго, як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», беларускі амбасадар быў адкліканы з Вашынгтону. І далей ЗША таксама былі вымушаныя адклікаць свайго амбасадара і скараціць штат з 35 да 5 чалавек.

Сёлета 29 красавіка ЗША працягнулі прынятае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычніка 2016 году.

Калі аналізаваць варыянты разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, то можна прагназаваць, што пагаршэньня не павінна быць — вядома, калі ў Беларусі не адбудзецца нечага дужа нэгатыўнага кшталту 19 сьнежня 2010 году.

«Толькі цяпер, упершыню пасьля 2008 году, мы пачынаем весьці размову аб магчымым абмене амбасадарамі — беларускага ў Вашынгтон, амэрыканскага ў Менск. Гэта пытаньне, разгляд якога адкладзены да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі (у верасьні) і прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША (у лістападзе). Калі такі абмен адбудзецца, сюды прыедуць дыпляматы, якія забясьпечаць ужо іншы ўзровень дыпляматычнай прысутнасьці», — сказаў былы часовы павераны Роланд.

На сёньня ў пасольстве ЗША ў Беларусі дазволена працаваць дзевяці дыпляматам.

Калі аналізаваць варыянты разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, то можна прагназаваць, што пагаршэньня не павінна быць — вядома, калі ў Беларусі не адбудзецца нечага дужа нэгатыўнага кшталту 19 сьнежня 2010 году.

Што да магчымасьці істотнага паляпшэньня, то гэта ў тым ліку залежыць і ад вынікаў выбараў у ЗША. Відавочна, што Гілары Клінтан, калі стане прэзыдэнтам, будзе працягваць палітыку Абамы — больш мяккую, накіраваную на кампраміс, згоду, якую ён вёў усе 8 гадоў свайго прэзыдэнцтва на міжнароднай арэне. Гэта і пагадненьне з Іранам, і візыт на Кубу — так што ў выпадку прыходу Гілары Клінтан (а гэта на сёньня выглядае найбольш верагодным варыянтам) будзе працягнутая такая палітыка. Плюс Клінтан, гледзячы па ўсім, дастаткова крытычна настроеная да цяперашняга расейскага палітычнага рэжыму, таму задача падтрымаць палітычна незалежнасьць Беларусі ад Расеі будзе па-ранейшаму актуальнай.

У выпадку перамогі Трампа непрадказальнасьць, вядома, узрастае, — але ўсё ж трэба сказаць, што замежная палітыка ЗША ў стратэгічным сэнсе дастаткова пасьлядоўная. І асабліва наконт такіх ня самых вялікіх краінаў, як Беларусь, яна вызначаецца ў значнай ступені ня першымі асобамі, а адпаведнымі чыноўнікамі ў Дзярждэпартамэнце і іншых ведамствах.

Карбалевіч: З моманту выцісканьня з Беларусі амэрыканскага амбасадара Карэн Сьцʼюарт у 2008 годзе, Роберт Райлі — гэта пяты часовы павераны ЗША у Беларусі. То бок, працэс нармалізацыі дыпляматычных адносінаў зацягнуўся.

Кіраўнік амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва Скот Роланд заявіў перад адʼездам, што пытаньне аб абмене амбасадарамі будзе разглядацца пасьля беларускіх парлямэнцкіх і амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Галоўным чыньнікам будуць менавіта вынікі выбараў у ЗША. Хто б там не перамог, новай адміністрацыі давядзецца прымаць рашэньне адносна Беларусі па-новаму.

Думаю, усё ж, галоўным чыньнікам будуць менавіта вынікі выбараў у ЗША. Хто б там не перамог, новай адміністрацыі давядзецца прымаць рашэньне адносна Беларусі па-новаму. Калі пераможа Трамп, то тут увогуле цяжка нешта прадказваць. Але нават калі пераможа Клінтан, то ёй давядзецца выбудоўваць новую замежную палітыку адносна ўсяго рэгіёну Ўсходняй Эўропы. Бо з таго часу, калі Гілары Клінтан была дзяржсакратаром США падчас першай кадэнцыі Абамы, тут шмат што памянялася. Здарыўся ўкраінскі крызыс.

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі наўрад ці моцна паўплываюць на двухбаковыя адносіны. Тым больш, што відавочна, што яны пройдуць па звыклым беларускім сцэнары.

Думаю, тут, як у адносінах Беларусі з ЭЗ, будзе ўсё большую ролю адыгрываць геапалітыка.

Дракахруст: Давайце паспрабуем спрагназаваць не далёкую пэрспэктыву адносінаў, а блізкую і практычную. Пасол у абмен на скасаваньне санкцыяў — адбудзецца такая зьдзелка ці не? Пытаньне пакуль стаіць менавіта так. Усё астатняе будзе пасьля гэтага.

Ці будзе зроблены гэты крок? Спадар Роланд выказваў спадзяваньне, што так. Але гэта праца чыноўнікаў і дыпляматаў — выказваць спадзяваньні.

Вырашальную ролю адыграюць менавіта амэрыканскія выбары. У асноўным таму, што новая адміністрацыя будзе занятая іншымі праблемамі, і рукі да Беларусі могуць дайсьці не адразу.

Сапраўды, вырашальную ролю адыграюць менавіта амэрыканскія выбары. У асноўным таму, што новая адміністрацыя будзе занятая іншымі праблемамі, і рукі да Беларусі могуць дайсьці не адразу. А ў гэтым сэнсе рашэньне аб скасаваньні санкцый — рашэньне вострае, рэзкае, і ў пэўнай ступені рызыкоўнае.

Усім зразумела, што як бы ні прайшлі ў Беларусі выбары, нават калі некалькі апазыцыянэраў трапяць у парлямэнт, Беларусь застанецца дыктатарскай аўтарытарнай краінай. І ці ўзнагароджваць яе за нейкія жэсты, тым больш за жэсты, якія ўвогуле азначаюць ня больш як «пацёмкінскія вёскі» — гэта складаная праблема. Калі на яе будзе час, магчыма, яна будзе вырашаная. А, магчыма, і адкладуць рашэньне.

Мой прагноз — Трамп хутчэй такое рашэньне прыме, чым Клінтан, бо, як вы, Віталь, сказалі, Клінтан будзе збольшага працягваць палітыку Абамы, асабліва спачатку. Ну дык Абама за 8 гадоў не знайшоў магчымасьці скасаваць санкцыі. Ня выключана, што ня знойдзе і прадаўжальніца яго справы.

Магчыма, на што спадар Роланд і намякаў — калі Менск пагодзіцца вярнуць пасольствы за частковую адмену санкцый, тады гэтая зьдзелка можа адбыцца. У рэшце рэшт рашэньне аб частковай адмене санкцый — не настолькі рэзкае і адказнае, як іх поўнае скасаваньне. А Менск можа і пагадзіцца, таму што пэўная патрэба ў амэрыканскай прысутнасьці ўсё ж такі ёсьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG