Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманоіды як апошні прытулак і выратаваньне айчыннай ідэалёгіі


«Два мільёны шэсьцьсот атрымліваю, два шэсьцьсот! Два мільёны аддаю ім назад — за плян, за платныя паслугі, і шэсьцьсот мне застаецца на рукі. Я так больш не магу» — яна сядзела і загінала, і разгінала пальцы, каторы раз тлумачыла мне беларускі эканамічны цуд і адраджэньне сяла ў сфэры культуры. «Два мільёны! Два мільёны плян — платныя паслугі! Ты скажы мне — дзе іх узяць? Раней мы зараблялі на дыскатэцы. Цяпер жа падлеткам пазьней за 22.00 знаходзіцца на танцах нельга, а акрамя падлеткаў — хто пойдзе на тыя танцы? А да 22.00 — ім і не цікава, яшчэ сьветла летам на вуліцы! Дзеці яшчэ на ўборцы збожжа працуюць! А дырэктар калгасу ня ведае, што дзе расьце! Прыехаў на поле і пытаецца ў камбайнёраў: ну, якую культуру сёньня ўбіраеце? Тыя кажуць — жыта. А ён на іх як зараве: як такое можа быць, якое жыта?! Калі мы два дні даём у раён справаздачу, што вы тут убіраеце рож! Ат, што казаць... Пра танцы лепш. Ты пойдзеш? За дваццаць тысяч на танцы да нас?» — паглядзела яна на мяне з надзеяй. Я была цьвярозая (і ў гэты дзень, і напярэдадні), таму хітанула галавой зьлева-направа, і справа-налева — не. «Мне 38, якія танцы», — буркнула я. Трохі непрыемна, канечне. Мець такія заробкі, у гэтай сфэры культуры.

Яна гаварыла доўга — пра тое, што ніякая культура не патрэбная, што іх прымушаюць бяліць бардзюры, мыць вокны, рыхтаваць фэрмы да прыезду начальства, пісаць паперкі, браць зь неба платныя паслугі. Відаць, баліць моцна. 600 тысяч на рукі? 2 мільёны — назад у кругазварот? Вар’ятня нейкая.

Усе наведваньні розных вёсак, ці сьвятаў там, зводзяцца да такіх размоў пра «заробкі», пра гэтае жабрацтва, пра тое, што няма куды дзецца, пра фанабэрыстае начальства, якое зьдзекуецца з людзей, пра бравага начальніка мясцовага РАУС, які «сам асабіста ўласнай пэрсонай» любіць шастаць па раёне — то даярку зь літрам малака зловіць, то пустую бутэльку ад піва ў пыле і брудзе знойдзе ў нейкай прыбіральні — і будзе тады ўсім і інквізыцыя, і экзэкуцыя, то падлетка бяз флікера вылавіць у прыцемках. Працуе чалавек, стараецца!

Гэтыя размовы — і ўсё пра грошы, дакладней, што «няма грошай», надакучылі. Так слухаеш 30 хвілін, і гадзіну, і злосьць бярэ. Ды што такое, урэшце? Ну, няма ў вяскоўцаў грошай — гэта факт, як і тое, што вёсцы той — капцы. Але колькі можна пра тое гаварыць бясконца? Чым, урэшце, займаецца, чортава ідэалёгія, што людзям няма пра што пагаварыць, як толькі пра грошы? Я не працую ў ідэалёгіі, але ідэй па выратаваньні краіны маю больш, чым яны. Краіны — канечне, патасна сказана, гіпэрбала такая, але ну хоць кіраўніцтва краіны, хоць тых ідэолягаў ад магчымага народнага гневу ўратаваць я магу!

Ясна, што грошы ў вяскоўцаў ужо ня зьявяцца — няма адкуль. Калі раней гэтыя калеючыя вёскі прымацоўвалі да, напрыклад, буйных прамысловых прадпрыемстваў, то цяпер такое не пракоціць — тыя самі ледзь ліпяць, няма куды прыляпіць тыя калгасы. Няма грошай, усё, кропка.

Ясна і тое, што ідэалёгія са сваёй функцыяй ужо не спраўляецца, і прапаганда ёй ужо не кастыль і не пратэз. Бо хай сабе і бачаць вяскоўцы па ТБ даярак на абцасах і ў белых халатах, ці задаволеных камбайнэраў з ружовымі тварамі — то ўжо зараз наўрад ці павераць. Дастаткова выйсьці на вуліцу, прайсьціся па сяле — і... І ўсё.

Трэба шукаць новыя мэтады і формы працы! Галоўны прынцып — адцягнуць увагу, пераключыць людзей зь іх нізкіх інтарэсаў (грошы, ежа) на высокія, духоўныя! Напрыклад, чаму, скажыце мне, чаму мы ня бачым цяпер па тэлевізары перадач пра НЛА? Што — хіба ўжо нічога ня лётае ў небе? Чаму наш лексыкон настолькі зьбяднеў, што мы забыліся на такія словы, якія дваццаць гадоў таму ведалі ўсе — ад немаўлят да нябожчыкаў? Еці, гуманоіды, палтэргейсты! Чупакабры дзе дзеліся? Чым уфолягі цяпер займаюцца? Ці космас ужо нам не цікавы? Ці ня варта ўзгадаць нашы спробы ўсталяваць кантакты зь іншымі цывілізацыямі і іх — з намі? Чым займаецца «Беларусьфільм»? Здымае зноў нешта пра партызан? А пра гуманоідаў — хто будзе здымаць? Можа, вы забыліся ўжо, а я добра памятаю, як у 90-х па Валожынскім раёне еці блукаў, сьнежны чалавек, калі вы ня ведаеце, і яго яшчэ аўтамабіль зьбіў, і ён тады ці то плакаў, ці то выў, ці то нават гаварыў па-беларуску, здаецца «Што вы зрабілі!» Дзе ён зараз? Можа, варта арганізаваць нацыянальную экспэдыцыю і знайсьці — ці еці таго, ці хоць яго парэшткі, ну нейкі ж сьлед мусіў пакінуць чалавек, хоць і сьнежны?

Чаму ідэолягі забыліся на такі рэзэрв для шоў, як бабкі-шаптухі, знахаркі, якіх можна прыцягнуць з Палесься ў студыі на Макаёнка, і яны б распавядалі — як прываражыць, адваражыць, прывабіць грошы, павесіўшы ў сьвіронку здохлага крумкача, абвітага забітай роўна апоўначы каля могілак гадзюкай з жывой жабай у разяўленай пашчы?

Ці так ужо цяжка знайсьці (няма — дык стварыць) якога Кашпіроўскага, які б зьбіраў залі, падымаў бы інвалідаў з вазкоў, і нямыя пачыналі б гаварыць, сьляпыя — бачыць, а дурныя — філязофнічаць?

Ваду паставіць на зомбаскрынкі — хай бы зараджалася, ці праз скайп, ці вайбэр — працы непачаты край, а ніхто не бярэцца!

Арганізаваць ток-шоў, запрасіць вучоных і ня вельмі — хай бы расказалі, што ня толькі мяса есьці шкодна, але наогул есьці — ну гэта неяк нізка для чалавека, жывёльныя інстынкты! Анастасіеўцы вунь зьбіраліся сонечнай энэргіяй харчавацца (прынамсі, мне адзін такое расказваў, што так магчыма) — а чаму мы іх ня бачым у тэлевізары? Пра высокае трэба думаць, пра высокае!

Можа, і вяскоўцы б перасталі балакаць пра грошы, ежу — а ўбачылі б адкрытыя перад імі новыя, шырокія гарызонты! І на таўстамордых бы тых начальнікаў менш бы крыўдзіліся — не да іх бы было, калі па тэлевізару круцілі б еці, гуманоідаў, незямныя цывілізацыі, а ня гэтыя панылыя твары, якія толькі нянавісьць ды зайздрасьць выклікаюць.

Варта адкрыць новыя гарызонты перад людзьмі, калі ўжо старыя «Гарызонты» ляснуліся, адкрыць — і зазірнуць туды, не баючыся ўбачыць там еці або НЛА.

...Ну я ведаю, што і Саюз, нягледзячы на перадачы пра лятаючыя талеркі ды гуманоідаў, — усё-такі ляснуўся. Але ж хоць у тым часавым прамежку весела было жыць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG