Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У вайсковым парадзе да Дня незалежнасьці Ўкраіны возьмуць удзел і беларусы-добраахвотнікі


У вайсковым парадзе да Дня незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня будзе ўдзельнічаць украiнска-лiтоўска-польская брыгада імя Канстанцiна Астроскага.

Як паведамілі прадстаўнікі тактычнай групы «Беларусь», сёньня ўвечары яны бралі ўдзел у чарговай рэпэтыцыі параду.

Сёлета ва ўрачыстасьцях возьмуць удзел больш за 4 тысячы жаўнераў узброеных сіл Украіны, нацыянальнай гвардыі, памежнай службы, супрацоўнікаў нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, а таксама звыш 200 адзінак ваеннай тэхнікі.


Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Ўкраіны, упершыню ў гісторыі на парадзе будуць задзейнічаныя вайскоўцы сіл спэцыяльных апэрацый і рэзэрвісты, якія ўваходзяць у стратэгічны рэзэрв узброеных сіл Украіны, створаны на выпадак абвастрэньня сытуацыі для ўзмацненьня ўкраінскай арміі.

Падчас параду вайскоўцы ўзброеных сіл Украіны прадэманструюць новыя ўзоры параднай і паўсядзённай формы адзеньня. Дарэчы, для яе вытворчасьці выкарыстоўвалася беларуская тканіна.

Кіраўніцтва Міністэрства абароны Ўкраіны таксама зьвярнула ўвагу, што ваенная тэхніка, задзейнічаная ў парадзе, была мадэрнізаваная на ўкраінскіх заводах. Пасьля ўрачыстасьцяў яна будзе перададзеная ў воінскія падразьдзяленьні ўзброеных сіл Украіны.

Сёньня прэзыдэнт Пятро Парашэнка запрасіў украінцаў наведаць вайсковы парад: «24 жніўня прыходзьце паглядзець парад. Гэта дэманстрацыя, у першую чаргу, украінскаму народу, што нам ёсьць чым і як бараніць мір і спакой нашай дзяржавы і нашага народу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG