Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 нечаканых беларускіх посьпехаў на Алімпіядах


Юлія Несьцярэнка, Афіны-2004

Юлія Несьцярэнка, Афіны-2004

Перад Алімпійскімі гульнямі прынята прагназаваць (а ў беларускім выпадку нават плянаваць), хто і колькі мэдалёў прынясе ў залік сваёй зборнай. Але за тое многія і любяць спорт, што далёка ня ўсе прадказаньні збываюцца, а фаварыты часьцяком застаюцца без узнагародаў. Вось і ў Рыё першае «золата» ў скарбонку Беларусі паклаў той, ад каго гэтага зусім не чакалі. Уладзіслава Ганчарова букмэкеры хоць і бачылі ў ліку прызэраў, але пераможцам — наўрад ці. Зрэшты, амаль на кожнай з ранейшых Алімпіядаў у складзе зборных Беларусі знаходзіліся тыя, хто ствараў сэнсацыі і абвяргаў усе прагнозы. Паспрабуем узгадаць некаторых зь іх.

Кацярына Карстэн (Хадатовіч), Атланта-1996

Першае алімпійскае золата незалежнай Беларусі прынесла Кацярына Карстэн родам зь вёскі Асечына, што пад Крупкамі. Гэта цяпер вясьлярку называюць Кацярынай Вялікай і на яе рахунку цэлы шэраг дасягненьняў нацыянальнага маштабу (удзел у сямі Алімпіядах, абарона званьня алімпійскай чэмпіёнкі). А ў 1996 годзе спартсмэнка, хай сабе ўжо і бронзавая прызэрка Барсэлёны-1992, на ролю фаварыта наўрад ці магла прэтэндаваць. На трох папярэдніх чэмпіянатах сьвету яна нават ня здолела трапіць на п’едэстал. Канадка Сілкен Лаўман і датчанка Трынэ Хансан каціраваліся куды лепш. Вырашальную ролю ў тым супрацьстаяньні згуляла хітрасьць, на якую Кацярына пайшла ў паўфінальным заплыве — якраз поруч з Лаўман. Замест таго каб да апошняга змагацца за першае месца ў адборы, Кацярына на фінішы зымітавала стому, і канадка даволі лёгка заняла першае месца. А вось ужо ў фінале беларуска спрацавала напоўніцу — яе фінішны рывок на апошніх 250 мэтрах стаў нечаканым абсалютна для ўсіх, і ў выніку Кацярына апярэдзіла Лаўман амаль на цэлы корпус лодкі.

З гэтага моманту ў жаночым веславаньні пачаўся пэрыяд гегемоніі Карстэн. Яна перамагла на сусьветных форумах у 1997 і 1999, абараніла званьне чэмпіёна Алімпійскіх гульняў у Сыднэі-2000, заваёўвала срэбра ў Афінах-2004 і бронзу ў Пэкіне-2008, шмат разоў перамагала на чэмпіянатах Эўропы і сьвету... Але ўжо ў Лёндане-2012 узрост пачаў браць сваё — Кацярына Карстэн заняла толькі 5 месца. Тым ня менш спартсмэнка нават у свае 44 гады здолела адабрацца ў Рыё і паставіць, здаецца, недасяжны нацыянальны рэкорд — удзел у сямі Алімпіядах! Днямі вясьлярка абвясьціла пра завяршэньне кар’еры. Няхай сабе трыюмфальна сысьці не ўдалося (спартсмэнка ня трапіла ў галоўны фінал і заняла толькі 8 месца), але Карстэн і без таго даўно ўвайшла ў гісторыю беларускага і сусьветнага спорту.

Зборная Беларусі па хакеі, Солт-Лэйк-Сіці-2002

Да славутай перамогі беларусаў над швэдамі ў ЗША шмат хто дагэтуль ставіцца неадназначна. Сапраўды, на п’едэстал наша зборная ў 2002-м так і ня трапіла, прайграўшы два вырашальныя матчы спачатку будучым пераможцам — канадцам 7:1, а потым і бронзавым прызэрам — расіянам 7:2. Сумнеўнае дасягненьне без мэдаля. Апроч таго, менавіта пасьля 2002 году па ўсёй краіне пачалі расьці лядовыя палацы, а хакей — культывавацца як нацыянальны гульнявы від спорту.

Тым ня менш сэнсацыйнасьць той перамогі пераацаніць цяжка. У групавым турніры, дзе падбіраліся спаборнікі на 1/4 фіналу, зборная Беларусі прайграла абсалютна ўсім апанэнтам і прапусьціла неверагодныя 22 шайбы ў трох матчах. У сваю чаргу, швэды перамаглі ва ўсіх трох матчах (у тым ліку абыгралі зборную Канады), забіўшы 14 галоў. Такім чынам, у чвэрцьфінале «трэкрунур» у спаборнікі дастаўся самы «прахадны» калектыў. Можа, менавіта статус безнадзейнага аўтсайдэра паўплываў на настрой жоўта-сініх, можа, самі беларусы, апынуўшыся ў ролі загнанага зьвера, скокнулі вышэй за галаву, але далей было тое, што цяжка паддаецца асэнсаваньню.

У той дзень у «Е-Цэнтры» сышліся ўсе зоры. Выдатная гульня Андрэя Мезіна (44 адбітыя кідкі — неверагодны паказчык), шалёная самааддача беларускіх хакеістаў і, безумоўна, легендарны стрэл Уладзімера Копаця, пасьля якога шайба сустрэлася з галавой швэдзкага брамніка Томі Сала. Яна магла адскочыць абсалютна ў любы бок, але павольна закацілася менавіта ў вароты. За дзьве з паловай хвіліны, якія заставаліся да канца сустрэчы, швэды ня здолелі прайсьці беларусаў, якія закрыліся ў глухую абарону.

А што ж далей? У 2006 годзе беларусы ня здолелі нават кваліфікавацца на фінальны турнір, у 2010-м прайгралі ў кваліфікацыі плэй-оф Швэйцарыі, у 2014-м зноў не прайшлі кваліфікацыю. Дый на сусьветных форумах вынікі Беларусі апошнім часам паўзуць уніз. Пакуль што перамога над зорнай Швэцыяй і 4 месца застаецца найлепшым дасягненьнем айчыннага хакею, і гэта, відаць па ўсім, надоўга.

Юлія Несьцярэнка, Афіны-2004

Жаночы забег на 100 мэтраў стаў, напэўна, галоўнай сэнсацыяй усёй афінскай алімпіяды. Упершыню за дзесяцігодзьдзі на вяршыні п’едэсталу апынулася жанчына зь белай скурай, ды яшчэ і з краіны, якая ніколі не паказвала высокіх вынікаў у бегавых дысцыплінах. Так, напярэдадні Алімпіяды Несьцярэнка паказвала неблагую хуткасьць, але пра «золата» наўрад ці хто з шараговых заўзятараў мог нават задумвацца. Спадзяваньні ўзьніклі пасьля першага адборачнага забегу, у якім Юлія ўпэўнена перамагла, калі «выбегла» з 11 сэкундаў. Яшчэ лепшы вынік — у паўфінальным забегу. І вось — вырашальны момант.

На старце Несьцярэнка сур’ёзна саступіла канкурэнткам, але адразу ж уключылася і пачала мэтадычна адыгрываць адставаньне. Кульмінацыяй стала апошняя чвэрць дыстанцыі, на якой атлетка проста, як той казаў, «зьела» спаборніц. 10,94 — каб не правальны старт, Юлія магла б прэтэндаваць і на рэкорды... Імгненна надышоў час фатасэсіяў, інтэрвію і сусьветнай славы — стомэтроўка лічыцца самай элітнай і папулярнай спрынтэрскай дыстанцыяй, а алімпійскі чэмпіён у гэтай дысцыпліне адразу становіцца зоркай.

Але гэты зорны час для Юліі Несьцярэнкі стаў апошнім. Вярнуўшыся ў Беларусь, яна амаль адразу пасварылася з трэнэрам — Віктарам Ярашэвічам, і перайшла займацца пад кіраўніцтва свайго мужа. Пасьля быў шэраг траўмаў, правальных забегаў і, як пазьней стала вядома, праблемаў у асабістым жыцьці. Вядома, не абышлося і бяз рознага кшталту чутак пра «Белую Маланку», як спартсмэнку сталі называць пасьля сэнсацыйнай перамогі. Маўляў, нешта было нячыста з тым «золатам». Але ніякіх пацьверджаньняў такім чуткам не знайшлося. Несьцярэнка дагэтуль займаецца спортам, праўда, да афінскіх вынікаў ужо вельмі далёка. А яшчэ Юлія адзначаецца рэлігійнасьцю: у нешматлікіх інтэрвію яна вельмі часта разважае на духоўныя тэмы.

Ігар Макараў, Атэны-2004

Другое беларускае «золата» на афінскай Алімпіядзе таксама было досыць нечаканае. Да гэтага часу найлепшым дасягненьнем беларускіх дзюдаістаў была «бронза» ўраджэнца Паўночнай Асэтыі Анатоля Ларукова. Ігар Макараў таксама нарадзіўся ў Расеі, але ўсё сьвядомае жыцьцё пражыў у Гомелі. У Атэны спартсмэн ехаў далёка не фаварытам, самым значным ягоным вынікам была бронза на чэмпіянаце сьвету 2003 году. Галоўным прэтэндэнтам на «золата» ў напаўцяжкой катэгорыі лічылі японца Касэя Інауэ, які перамог на трох запар сусьветных форумах. Аднак капітан японскай зборнай сэнсацыйна прайграў яшчэ ў чвэрцьфінале.

А вось Макараў мэтадычна праходзіў сапернікаў аднаго за адным. У фінале беларусу супрацьстаяў Чан Сан Хо з Паўднёвай Карэі, шматразовы прызёр чэмпіянатаў сьвету, двухразовы чэмпіён Азіі. Для абодвух дзюдаістаў гэта быў пяты паядынак за дзень. Сустрэча пачалася вельмі спакойна, першае «юка» беларус зарабіў толькі ў яе сярэдзіне. Праз хвіліну карэец зраўняў лік. Але Макараў у першай жа атацы ў адказ зьдзейсьніў вельмі ўдалы кідок, і толькі цуд уратаваў Чан Сан Хо ад імгненнай паразы — судзьдзя залічыў «ваза ары». Астатнія паўтары хвіліны карэйскі дзюдаіст адчайна спрабаваў адыграць адставаньне, аднак Макараў пільна абараняўся і давёў паядынак да перамогі.

Пасьля Атэнаў кар’ера Ігара склалася ня вельмі пасьпяхова. Шэраг траўмаў, няўдалая спроба адабрацца на Алімпіяду ў Пэкіне... Праўда, яшчэ праз чатыры гады Макараў паехаў у Лёндан. Там ён саступіў у 1/4 фіналу, потым здабыў перамогу ў суцяшальным паядынку, аднак апошнюю сустрэчу за бронзавы мэдаль прайграў. Праз два гады Ігар завяршыў спартыўную кар’еру. Цяпер ён выхоўвае новае пакаленьне беларускіх барцоў і нават адкрыў уласную школу дзюдо ў Гомелі. У сваіх нешматлікіх інтэрвію Макараў з болем выказваецца пра цяперашні стан дзюдо ў краіне (у Рыё абодва прадстаўнікі Беларусі саступілі ў першых жа паядынках) і спрабуе прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы.

Аксана Мянькова, Пэкін-2008

Кітайская Алімпіяда стала для беларусаў самай пасьпяховай у гісторыі. Нават з улікам усіх допінгавых скандалаў і далейшых пазбаўленьняў мэдалёў наша пэкінская скарбонка пакуль застаецца самай напоўненай. Вялікую ролю ў гэтым сыграла і кідальніца молата, ураджэнка Крычава Аксана Мянькова. Лёгкаатлетка заўсёды паказвала даволі сярэднія вынікі, найлепшым яе дасягненьнем доўгі час было 13 месца на чэмпіянаце сьвету ў 2009 годзе. Але ў Пэкіне кідальніца молата, што называецца, «стрэліла».

Кваліфікацыю Аксана прайшла зь цяжкасьцю: толькі ў апошняй спробе яна здолела трапіць у лік фіналістаў з 11 радка. А вось у фінале адбылося нешта неверагоднае. Першы ж молат Мяньковай паляцеў на 74,4 мэтра, што стала сур’ёзнай заяўкай на п’едэстал. Вынік хутка паўтарыла спартсмэнка з Кітаю, а пасьля пераўзышла кідальніца з Кубы. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў Мянькова закрыла пытаньне аб пераможцы. 76,34 — фантастычны вынік і алімпійскі рэкорд!

Пасьля Пэкіну Мянькова хутка сышла ў дэкрэтны адпачынак, а потым вярнулася ў сэктар. Вынікі паказвала неблагія, некалькі разоў абнаўляла нацыянальны рэкорд, а да Алімпіяды ў Лёндане ўвогуле падыходзіла ў статусе лідэра сэзону. Тым больш дзіўна, што на саміх спаборніцтвах кідальніцу зноў напаткалі праблемы з кваліфікацыяй — як і ў 2008-м, вырашальнай стала апошняя спроба. Фінал жа зусім не задаўся — толькі сёмае месца. Пасьля завяршэньня Алімпіяды тагачасны міністар спорту і турызму Алег Качан абвінаваціў Мянькову і шэраг іншых лёгкаатлетаў у мэтанакіраваным заніжэньні вынікаў.

Дарэчы, у Рыё Аксана Мянькова таксама зьбіралася ехаць, хоць ранейшых вынікаў у сэзон не паказвала. Але паездку давялося адмяніць — WADA на хвалі допінгавых скандалаў пераправерыла пробы Мяньковай 2008 і 2012 гадоў і знайшла забароненыя рэчывы, спартсмэнку дыскваліфікавалі. Пакуль невядома, ці будзе анулявана першае месца спартсмэнкі ў Пэкіне, бо слуханьні па справе яшчэ не завершаныя. Але цалкам верагодна, што сваё «золата» Беларусь разьмяняе на бронзу — чацьвёртае месца ў Пэкіне заняла Дар’я Пчэльнік.

Сяргей Новікаў, Ванкувэр-2010

У другой палове 2000-х у беларускім біятлёне, асабліва мужчынскім, пачаўся крызіс. Спартоўцы практычна перасталі трапляць на п’едэстал нават на этапах Кубка сьвету, ня кажучы ўжо пра чэмпіянаты сьвету і Алімпійскія гульні. Апошнімі прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня, якое яшчэ засьпела час перамог, заставаліся Аляксандар Сыман, Рустам Валіулін і Сяргей Новікаў, але ў Ванкувэры ад іх амаль ніхто нічога не чакаў. Той жа Новікаў у кар’еры ніколі не ўздымаўся на п’едэстал у індывідуальных дысцыплінах, а Кубак сьвету часьцей заканчваў у сярэдзіне заліку ці нават ніжэй. Тое, што адбылося 18 лютага 2010 году ў парку Ўістлера, трэба патлумачыць.

У індывідуальнай гонцы на 20 кілямэтраў лідзіраваў нарвэжац Эміль Свэндсэн, ён дапусьціў усяго адзін промах на чатырох рубяжах і прымчаўся на фініш за 48 хвілін 22,5 сэкунды. Яго суайчыньнік, легендарны Уле-Эйнар Б’ёрндален прамахнуўся двойчы, але дзякуючы высокай хуткасьці прайграў усяго 9,5 сэкунды. Беларус жа ўсе чатыры рубяжы адстраляў чыста і паказаў фэнамэнальную для сябе хуткасьць. Што цікава, Новікаў прайграў Свэнсэну ўсё тыя ж 9,5 сэкунды, што дазволіла яму падзяліць другое месца з Б’ёрндаленам.

Кар’ера Сяргея Новікава працягвалася да 2014 году. Ён яшчэ зьезьдзіў са зборнай у Сочы, але вынікі былі зусім сьціплыя: 53 месца ў «індывідуалцы», 33-е — у спрынце, 50-е — у перасьледаваньні... А вось на чэмпіянаце сьвету 2012 году ў Рупольдынгу Сяргей даказаў, што індывідуальная гонка — ягоны «канёк», заняўшы даволі высокае 9 месца. Пасьля заканчэньня кар’еры Новікаў адмовіўся ўваходзіць у трэнэрскі штаб зборнай Беларусі, матываваўшы гэта жаданьнем праводзіць больш часу зь сям’ёй. А нядаўна алімпійскі прызэр узначаліў Магілёўскі абласны прафсаюзны спартыўны клюб «Спартак».

Антон Кушнір і Ала Цупер, Сочы-2014

Алу Цупер і Антона Кушніра аб’ядноўвае ня толькі алімпійскае «золата» ў фрыстайле. Спартсмэны яшчэ і землякі: Антон нарадзіўся ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны, а Ала — у самім Роўне. Там жа яны і пачалі свае заняткі фрыстайлам. А цяпер выступаюць за зборную Беларусі. Дзіўна, але нават фіналы ў спаборніцтвах паветраных акрабатаў у Сочы прайшлі як пад капірку. Беларусы заўсёды займалі высокія месцы ў фрыстайле (Аляксей Грышын браў золата ў 2010-м і адзіную беларускую бронзу ў 2002-м, Зьміцер Дашчынскі — адзінае срэбра ў 2006-м). Але пра залаты дубль нават самыя аптымістычныя заўзятары наўрад ці маглі хаця б марыць.

Цупер пачынала кваліфікацыю вельмі цяжка. Толькі 0,03 бала дазволілі ёй апярэдзіць кітаянку Чжань Сінь. У першым фінале беларуска перамагла, а ў другім зноў заняла апошняе зь месцаў, якія дазвалялі працягнуць барацьбу. Вырашальны скачок Ала выконвала першай з усіх прэтэндэнтак. Спроба была ўдалая, спартсмэнка атрымала 98,01 бала. Але ўсё залежала ад скачкоў канкурэнтак. Усе тры не змаглі ўдала прызямліцца, а адна зь дзьвюх кітаянак нават атрымала сур’ёзную траўму. Цупер прынесла Беларусі першае ў гісторыі алімпійскае «золата» ў жаночым фрыстайле.

Практычна аналягічным быў шлях Антона Кушніра. Ён таксама спачатку меў праблемы з кваліфікацыяй, хоць і ехаў у Сочы адным з фаварытаў. Толькі ў другой спробе спартсмэн кваліфікаваўся далей. У першым і другім фіналах Кушнір займаў 2 і 3 месцы, а вырашальны скачок рабіў другім з чатырох прэтэндэнтаў. Фрыстайліст заявіў адзін з найбольш складаных скокаў, якія толькі існуюць (складанасьць 5,000), змог удала яго выканаць і выйшаў на першае месца. Канкурэнты з Кітаю, як і ў выпадку з Цупер, дапусьцілі памылкі пры прызямленьні, што зрабіла Антона алімпійскім чэмпіёнам.

Цікава, што пасьляалімпійскі лёс Кушніра і Цупер таксама склаўся вельмі падобна. У Антона неўзабаве пасьля вяртаньня з Сочы нарадзілася дачка, а Ала другі раз стала мамай — у сакавіку 2015-га ў яе нарадзіўся сын. Спартсмэнка пакуль узяла паўзу ў кар’еры, хоць кажа, што заканчваць са спортам пакуль не зьбіраецца. А вось спад у выступленьнях Кушніра зьвязаны са шматлікім траўмамі. Тым ня менш ён плянуе ўзяць удзел у гульнях у Пхёнчхане. Пакуль жа фрыстайліст рэклямуе джынсавае адзеньне і разам з жонкай бярэ ўдзел у фатасэсіях з вышыванкамі.

Яраслаў Лыскавец для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG