Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віншаваньні міністру з «кантраляваным правалам», — спартовы аналітык пра Гульні-2016


Сустрэча беларускіх алімпійцаў у Менску. Міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко вітае вольніцу Марыю Мамашук. 20 жніўня 2016 году

Сустрэча беларускіх алімпійцаў у Менску. Міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко вітае вольніцу Марыю Мамашук. 20 жніўня 2016 году

Зборная Беларусі паказала найгоршы вынік за ўсю гісторыю выступаў на летніх Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай — на арэнах Рыё-дэ-Жанэйра агулам здабыта 9 мэдалёў. Толькі адзін зь іх найвышэйшай вартасьці, яшчэ па чатыры — срэбра і бронза.

Для прыкладу, на дэбютных спаборніцтвах у Атланце-1996 беларусы заваявалі 15 узнагародаў (1 золата, 6 срэбраў і 8 бронзаў), у Сыднэі-2000 — 17 (3-3-11), у Атэнах-2004 — 13 (2-5-6), у Пэкіне-2008 — 18 (4-5-9), у Лёндане-2012 — 12 (2-5-5).

Па выніках Гульняў-2016 у мэдалёвым рэйтынгу каманда Беларусі фінішавала на 40-м радку. Золата Беларусі прынёс батутыст Уладзіслаў Ганчароў, срэбра — кідальнік молата Іван Ціхан, вольніца Марыя Мамашук, цяжкаатлеты Вадзім Стральцоў і Дар’я Навумава. Бронзу ў камандную скарбонку паклалі плыўчыха Аляксандра Герасіменя, барацьбіты Джавід Гамзатаў і Ібрагім Саідаў, а таксама «чацьвёрка» байдарачніц — Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Маргарыта Махнева і Надзея Ляпешка.

Уладзіслаў Ганчароў

Уладзіслаў Ганчароў

Зь вялізным адрывам у мэдалёвым заліку першынствавалі амэрыканцы — 46 залатых, 37 срэбных і 38 бронзавых узнагародаў. Далей разьмясьціліся брытанцы (27-23-17) і кітайцы (26-18-26). Нягледзячы на тое, што каманды па лёгкай і цяжкай атлетыцы былі ў поўным складзе адхіленыя ад гульняў, нядрэнныя вынікі прадэманстравала Расея — агульнае чацьвёртае месца з 19 залатымі, 18 срэбнымі і 19 бронзавымі мэдалямі. Уладальнікамі ўзнагародаў сталі прадстаўнікі 86 краінаў, уключна з часткова прызнанымі Косавам і Тайванем, а таксама спартоўцы з каманды ўцекачоў, якія выступаюць пад алімпійскім сьцягам.

Дарэчы, менавіта з адсутнасьцю расейскіх атлетаў зьвязвалі спадзевы на высокія месцы беларускія спартовыя функцыянэры. Аднак на справе ў мэдалёвую спрэчку здолеў уклініцца толькі Іван Ціхан. Астатнія штурхальнікі-кідальнікі, якія раней спраўна папаўнялі мэдалёвыя актывы, нічым не зьдзівілі. Бягуньні Аліна Талай і Марына Арзамасава, якіх разглядалі ў якасьці фаварытаў, таксама фінішавалі далёка ад п’едэсталу.

Іван Ціхан

Іван Ціхан

Адным з фактараў сьціплага мэдалёвага выніку адмыслоўцы называюць адхіленьне ад стартаў мужчынскай каманды ў веславаньні на байдарках і каноэ, чальцы якой падазраюцца ва ўжываньні забароненых прэпаратаў. На ранейшых Алімпіядах менавіта весьляры зьбіралі траціну беларускіх узнагародаў. Гэтым разам умяшаўся форс-мажор.

Ня спраўдзілі чаканьняў гімнасты: некалі славутая школа беларускай спартовай гімнастыкі фактычна зьнікла як зьява, і цяпер стаўка робіцца на завезеных з-за мяжы аўтсайдэраў; у мастацкай гімнастыцы засталіся пытаньні да аб’ектыўнасьці судзейства, але і ўзровень майстэрства аб’ектыўна пакідае жадаць лепшага.

Беларуская гімнастка Меліціна Станюта

Беларуская гімнастка Меліціна Станюта

Няма годнай зьмены беларускім стралкам — з году ў год на спаборніцтвы прыяжджаюць вэтэраны, якія ўжо ня могуць канкураваць з нашмат маладзейшымі супернікамі.

У сваю чаргу, кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Рыё-дэ-Жанэйра Максім Рыжанкоў галоўным расчараваньнем Гульняў назваў выступ сьцяганосца зборнай Беларусі, велагоншчыка Васіля Кірыенкі. Той патлумачыў, што ня быў матываваны, таму асабліва і не змагаўся.

Барацьбіт Ібрагім Саідаў (справа)

Барацьбіт Ібрагім Саідаў (справа)

Далёка ад п’едэсталу засталіся баксёры, а ў мужчынскай барацьбе хоць і ёсьць дзьве бронзавыя ўзнагароды, але на рахунку дагестанскіх легіянэраў. Дарэчы, упершыню ў алімпійскай камандзе вольнікаў няма ніводнага беларуса, і толькі адзін — у грэка-рымскай барацьбе.

Чаму беларускі спорт адкочваецца фактычна па ўсіх пазыцыях? На якім гістарычным адрэзку страчаная прага да перамогі? Меркаваньне выказвае спартовы аналітык, у мінулым аўтар і вядучы праграмы «Асілак» на Беларускім тэлебачаньні Ўладзімер Даўжэнка:

Уладзімер Даўжэнка

Уладзімер Даўжэнка

«Як вядома, цяперашні міністар спорту Шамко — гэта пажарны, былы намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў. Дык вось у гэтых пажарных ёсьць такое паняцьце і такі выраз, як „кантраляванае гарэньне“. А па выніках цяперашняй Алімпіяды я хачу павіншаваць спадара ці таварыша міністра, як яму бліжэй, з кантраляваным правалам. Упершыню мы набралі менш за 10 мэдалёў, толькі адзін залаты. І тое, пры ўсёй павазе да 20-гадовага Ганчарова зь Віцебску, пагадзіцеся, батут — гэта такі від, як і мастацкая гімнастыка, дзе за мэдалі змагаюцца толькі некалькі краінаў. Гэта не мэдаляносныя віды спорту кшталту лёгкай атлетыкі ці плаваньня. Тым ня меней хоць адзін залаты мэдаль, але ёсьць. І на тым дзякуй».

Паводле суразмоўцы, зацікаўленым ведамствам нарэшце трэба зьвярнуць увагу на перакосы, якіх ужо немагчыма не заўважаць — як прыклад, практыка прыцягваньня іншаземных атлетаў, якія ў асобных дысцыплінах цалкам выціснулі мясцовых выхаванцаў:

Ледзь не траціна мэдалёў заваяваная людзьмі, якія год-два таму спусьціліся ў Беларусь з каўкаскіх гор. Вось гэтыя дзеці гор, вядомыя сваім рэзкім характарам, схільнасьцю да боек, прынесьлі нам мэдалі. А беларускіх байцоў не відаць наагул, гэта хіба не трагедыя?

«Ледзь не траціна мэдалёў заваяваная людзьмі, якія год-два таму спусьціліся ў Беларусь з каўкаскіх гор. Вось гэтыя дзеці гор, вядомыя сваім рэзкім характарам, схільнасьцю да боек, прынесьлі нам мэдалі. А беларускіх байцоў не відаць наагул, гэта хіба не трагедыя? У гэтым зьвязку шмат каго згадваеш: Мядзьведзь, Смаль, Дземяшкевіч, якому, дарэчы, днямі спаўняецца 50 гадоў. Дзе прадаўжальнікі традыцыяў? Шмат якія віды спорту вымерлі ўшчэнт! Бо заваяваць адзін мэдаль у лёгкай атлетыцы, адзін у плаваньні — гэта жахліва. Як замахвацца на камандныя мэдалі, калі няма людзей? Ці можна разьлічваць на нейкія месцы ў баскетболе, калі няма гульцоў на два склады? Дайшло да таго, што ў Буяльскага няма памочніка, ён як „масавік-зацейнік“ на турніры. Усё вельмі дрэнна».

Як кажа Ўладзімер Даўжэнка, цяпер алімпійскі спорт у Беларусі фінансуецца паводле астаткавага прынцыпу. Пры тым, што «стратэгічныя» віды недахопу ў бюджэце не адчуваюць ні пры якім раскладзе:

«Гэта тэндэнцыя. Сёньня Максім Рыжанкоў, памочнік прэзыдэнта па спорце, досыць сьмела заявіў: будзем дакладваць кіраўніку краіны, што трэба меней аддаваць фінансавай увагі хакею, футболу, а болей — на алімпійскія віды спорту. Аказваецца, на алімпійскія дысцыпліны з агульнай сумы дзяржбюджэту на спорт ідзе толькі 20%. Мы не хакейная краіна, нам не патрэбна 35 лядовых палацаў — вунь у Бярозе палац стаў калом. І такая карціна ў любым месцы. Пра што гаварыць? Адзінае, я б задаў пытаньне Рыжанкову: не баіцеся, што пасьля такой прапановы вас адразу папросяць вызваліць месца? Мы ж ведаем, хто ў нас да пэўнага часу любіў футбол, а цяпер шчыра любіць хакей».

Як кажа спартовы аналітык, беларускі спорт мае патрэбу ў неадкладнай рэвізіі. Аднак, удакладняе спадар Даўжэнка, пакуль галіной кіруюць «людзі зь мінулага», чакаць радыкальных пераўтварэньняў цяжка:

Самае сумнае, што будзе алімпійскі сход, і ён зноў скончыцца як заўсёды: людзі зойдуць у залю для галасаваньня з ужо паднятымі рукамі.

«Трэба пераглядаць усё, леглі так, што невядома як падняцца. Самае сумнае, што будзе алімпійскі сход, і ён зноў скончыцца як заўсёды: людзі зойдуць у залю для галасаваньня з ужо паднятымі рукамі. Яны гэтыя рукі толькі ў прыбіральні апускаюць, калі трэба справіць патрэбу, а так — суцэльны „одобрям-с“, памянеце мае словы. Проста адчай, ня наша сьвята. Зрэшты, ня толькі ў спорце, ва ўсім. І мы цудоўна разумеем, адкуль гэтыя 20 гадоў змрочнай паласы...

Вельмі шкада Карстэн, якая сама кажа: ну колькі яшчэ цягнуць на сабе? Паважаю Самсонава, бо ў той азіятчыне вышэй за 4-е месца не прабіцца. Так, ёсьць крыўдныя чацьвёртыя месцы, але ж і ў іншых яны ёсьць, прычым у вялікай колькасьці. У мастацкай гімнастыцы ўпершыню ад 2004-га засталіся без узнагародаў. І тут ужо гаворка не пра „драўляныя“ мэдалі, а пра 5–6 месцы, нашы дзяўчаты былі слабейшыя. Так, судзьдзі, паддывановыя справы, аднак будзьце вышэйшыя, згадайце бразыльцаў: нам заб’юць колькі могуць, а мы — колькі захочам. Вось які прынцып спорту павінен быць».

Тым часам некалькі мэдалёў беларусы здабылі для іншых краінаў. Так, былы чалец зборнай Беларусі ў пяцібор’і Аляксандар Лясун, які заваяваў золата для Расеі, сказаў, што зь беларускай каманды яго проста выгналі, і не заставалася іншых варыянтаў, як шукаць альтэрнатывы. А цяжкаатлет Аляксандар Зайчыкаў, родам зь Менску, пасьля пераезду ў Кызыларду здабыў бронзавую ўзнагароду для Казахстану.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG