Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 жніўня 1861 году нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, стваральнік унікальнага танцавальна-драматычнага тэатру. «Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходу і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкаго, на цьвёрдые падваліны і выплываюць усё новые і новые сілы. За гэтые стараньня і рупнасьць, шчырае дзякуй яму, а калісь, калі прабудзіцца сьвядомасьць ва ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкаго будзе сьвятой для ўсіх», — пісаў Вацлаў Ластоўскі.

1) Яго прагналі з каморніцкай службы, бо пакрыўдзіў паню

Па ўспамінах цымбаліста Першай беларускай трупы Івана Голера: «...у Горках жыла багатая пані. Мераючы яе зямлю як каморнік, Буйніцкі абрэзаў у карысьць сялян вугал пашы ў 15 гектараў. Пані паскардзілася, запрасіла другога каморніка, і той вярнуў пані зямлю, а Буйніцкага прагналі са службы. Пасьля гэтага ён стаў акцёрам».

2) Засмучаўся, што вяскоўцы, у адрозьненьне ад гараджан, не цікавяцца народнымі танцамі:

Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. 1910 год

Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. 1910 год

«...ажно дзіўна: беларускі танец гэтак людзі пачынаюць шанаваць па гарадох, а ў вёсцы ад яго без дай прычыны адрэкаюцца і саромяцца яго! Чаму-ж гэта?..»

3) Яго імя не ўпісалі ў праграмку легендарнай Першай беларускай вечарынкі

Афіша Першай беларускай вечарынкі («Наша Ніва» 11 (24) лютага 1910 г., № 7). Фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3 (1910).

Афіша Першай беларускай вечарынкі («Наша Ніва» 11 (24) лютага 1910 г., № 7). Фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3 (1910).

На афішы Першай беларускай вечарынкі («Наша Ніва» 11 (24) лютага 1910 г., № 7) пазначалася, што ў 1-м аддзеле будзе паказаны спэктакль «Па рэвізіі» пад рэжысурай «Франука Олехновіча», у 2-м аддзеле хор пад кіраўніцтвам Л.М. Рагоўскага «запяе беларускіе народные песьні», але пра тое, што ў 3-м аддзеле «Беларускіе народные танцы» падрыхтаваў Ігнат Буйніцкі, ні слова.

4) Выступленьні Ігната Буйніцкага былі больш папулярныя за тагачасныя спэктаклі Францішка Аляхновіча

Францішак Аляхновіч. 1914 г. Фота Яна Булгака

Францішак Аляхновіч. 1914 г. Фота Яна Булгака

«Пачаліся на сцэне танцы: лявоніха, мяцеліца, юрка і верабей, пад вясковую беларускую музыку. (...) Публіка проста адурэла; усе без канца крычалі: „браво! біс!“ Па 3–4 разы прыйшлося гуляць кожын танец». («Наша Ніва» 18 (2) лютага 1910 г., № 8). Тым часам А. Бульба ў «Нашай Ніве» (29 (12) верасьня, 1911 г., № 39, артыкул «З нашаго жыцьця. Аб беларускім тэатры») адзначае: «Беларускі музыкально-драматычны гурток» [створаны А. Бурбісам і Ф. Аляхновічам. — В. Дэ Эм] — дагэтуль бадай нічым сябе не паказаў (...)»

5) Яго танцавальныя спэктаклі маглі доўжыцца ад вечара да раніцы

Афішы Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага

Афішы Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага

Вось як апісвае карэспандэнт «Нашай Нівы» (26 жніўня 1910 г., № 35) вечарынку ў Дзісьне: «Калі пачаліся беларускіе танцы на сцэне ўся саля стагнала глуха ад пахвальных крыкоў, а на галовы танцораў сыпаліся кветкі і ўсьцілалі ім дарогу. На старане ў сівой сьвітцы сядзіць сівы, як голуб, старэц з ліхім парабкам-сынам сваім, вочы ў іх гараць, стары прытупывае нагой і трымаючы за руку сына крычыць: „вось так, сынку, мы даўней гулялі, вось так!..“ І спраўдзі гулялі! Да 10 гадзіны раніцы ішла бойкая гульня! (...) Ігнат Буйніцкі (...) быў тутака першым танцорам!»

6) Ніколі грашова ня крыўдзіў сваіх артыстаў

Трупа Буйніцкага

Трупа Буйніцкага

Паводле Ўладзіміра Няфёда: «...трупу ўтрымліваў Буйніцкі на свае асабістыя сродкі, якія ён меў ад свайго маёнтка. (...) Як сьведчыць І. Голер, «у час паездак І. Буйніцкі сам плаціў за акцёраў, аплачваў білеты за праезд, ежу, гасьцініцы. Акрамя таго, даваў яшчэ грошы. Музыкам, напрыклад, даваў рубель у суткі...»; у эсэ Рыгора Семашкевіча «Сьвітка Буйніцкага» знаходзім такія ўспаміны Голера: «Буйніцкі плаціў нам няблага — па рублю ў дзень, а касец на дзень каштаваў пяцьдзясят капеек, жняі дваццаць пяць плацілі...».

7) Дарыў кампазытарам музычныя інструмэнты

Праграма беларускага спэктакля ў Полацку. Фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3. 1910 год

Праграма беларускага спэктакля ў Полацку. Фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3. 1910 год

Пра гэта пісала «Наша Ніва» (3 сьнежня 1910 г. № 49): «...Публіка горача прывітала новы твор Л.М. Роговскаго, і яму была дадзена на ўспамін (...) ад організатароў беларускага тэатру — беларуская дуда».

8) Адной зь яго любімых артыстак была Цётка

Алаіза Пашкевіч (Цётка)

Алаіза Пашкевіч (Цётка)

Алаіза Пашкевіч (Цётка) актыўна ўдзельнічала ў трупе Буйніцкага: танцавала, дэклямавала вершы, грала камічныя і драматычныя ролі. Выступала пад псэўданімам М. Крапівіха. Паводле У. Няфёда: «У спэктаклях яна выконвала ролі Насты („У зімовы вечар“ Э. Ажэшкі), Наталкі („Сватаньне“ А. Чэхава) і Пантурчыхі („Па рэвізіі“ М. Крапіўніцкага)».

9) Посьпех яго танцавальных пастановак нарадзіў эпігонаў з боку расейскіх шавіністаў

І. Буйніцкі з дочкамі Вандай (зьлева) і Аленай. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

І. Буйніцкі з дочкамі Вандай (зьлева) і Аленай. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

«Наагул трэба адзначыць, што ня гледзячы на прыезд „жывых“ беларусоў-селян, беларускаго духу на вечэры было мала. Здавалося, што організаторы зусім рупіліся аб тое, каб і песьню і мову нашу перэрабіць на расейскі лад. І ня дзіва. Вечэр рабіло „Белорусское Общество“. Дзіва толькі тое, што гэтае „общество“, знаходзячы мейсцэ для беларускай мовы толькі „ў архіве“, цяпер, каб здабыць грошы на змаганьне з ёю, выводзіць яе на сцэну!» («Наша Ніва», 27 студзеня 1911 г., № 4).

10) За тое, што ратаваў гонар Беларусі, атрымаў у Пецярбургу залаты пярсьцёнак

Ігнат Буйніцкі, 1910 год

Ігнат Буйніцкі, 1910 год

Паводле Халімона з-пад Пушчы [Яўгена Хлябцэвіча. — В. Дэ Эм]: «...у Пецярбурзе 27 сьнежня адбыўся вечэр усіх народаў, што жывуць у Расеі... Але-ж гэта была толькі рэклама «Вестника Знанія». І надта добра зрабілі тые народы, каторые не хацелі, каб паказам іхняй музыкі, танцоў, песьнёў рабіў бы нехта інтэрэс у сваю кішэню. Я надта паважаю за гэта гонар палякоў, каторые адмовіліся... На бяду беларусоў, нейкі п. Гольтісон, саўсім не беларус, узяўся паставіць на гэтым вечэры беларускі аддзел (...) Анічога беларускаго! (...) аж сорам стала... (...) Але як выйшаў п. Буйніцкі са сваімі танцорамі і селянамі-беларусамі дударом, цымбалістам і скрыпачом (...) усе, хто там быў, ударылі ў ладонькі. (...) калі п. Буйніцкі з дачкой пашоў «Лявоніху» (...) уся публіка тысяч восем народу (...) як закрычала «браво, браво, беларусы» (...). Па ўспамінах І. Голера на гэтым вечары Буйніцкаму ўручылі залаты пярсьцёнак і вянок.

11) Польская і расейская інтэлігенцыя байкатавала яго спэктаклі, у той час як яўрэйская публіка была ў захапленьні

Сцэна са спэктакля «Па рэвізіі». 1910 год

Сцэна са спэктакля «Па рэвізіі». 1910 год

Менскі карэспандэнт «Нашай Нівы» (1 (14) ліпеня 1911 г., № 25-26) пісаў: «25 і 26 чэрвеня ігралі ў Мінску беларускі тэатр, пастаўлены Ігнатам Буйніцкім. Ігралі „Модны шляхцюк“ і „Па рэвізіі“; быў хор, каторы пеяў беларускіе народные песьні, дэклямація і танцы. Салю нанялі невялічкую, каторая была напоўнена (...) мешчанамі, дробнымі чыноўнічкамі і працавітым народам. Інтэлігенцыя польская і расейская не пайшла на прэдстаўленьня ў беларускай мове; відаць было, што непрыхільна адносілася да „мужыцкай“ гутаркі»; «У Смаргонях (...) на ўсіх прэдстаўленьнях было найболей жыдоў, і яны-то так шчыра віталі беларускі тэатр». («Наша Ніва», 25 (7) жніўня 1911 г., № 34).

12) Быў прыхільнікам сацыяльна акрэсьленай паэзіі

Альбэрт Паўловіч — любімы паэт Буйніцкага

Альбэрт Паўловіч — любімы паэт Буйніцкага

У сваіх праграмах шырока прапагандаваў вершы любімых паэтаў: Альбэрта Паўловіча, Цёткі, Янкі Купалы (патрыятычныя вершы), а паэзія Максіма Багдановіча гучала на гэтых вечарынах рэдка. Паводле У. Няфёда: «...больш за ўсё ён любіў чытаць гумарыстычныя творы з сатырычнай накіраванасьцю. Так, пастаянна ў яго рэпэртуары быў верш А. Паўловіча „Ракі“».

13) Быў выдатным сьпеваком

Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 1910 год. Скан фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3. 1910 г.

Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 1910 год. Скан фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3. 1910 г.

Паводле ўспамінаў аднавяскоўкі Ігната Буйніцкага Алены Ткач: «...У яго быў прыгожы голас. Ён навучыў нас сьпяваць „Купальскую песьню“, жніўную „Ў цёмным лесе“ і інш. Назаўсёды запомніліся мне гэтыя мэлёдыі...»; паводле Зыгмунта Абрамовіча, пры рэпэтыцыі з хорам: «...лёгкі бас-барытон дзядзькі Ігната не саліраваў, не вылучаўся (а галасавыя даныя для гэтага, несумненна, былі), але цьвёрда падтрымліваў хор, а ўдзел Буйніцкага даваў упэўненасьць, што „ўсё будзе як належыць“».

14) Усюды, дзе выступаў, агітаваў мясцовых жыхароў ствараць свой тэатар

Артысты Буйніцкага. 1910 г. Скан фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3 (1910).

Артысты Буйніцкага. 1910 г. Скан фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3 (1910).

Па ўспамінах артыста Д. Крывадубава: «І. Буйніцкі, куды б ні прыехаў, усюды імкнуўся ствараць мясцовыя калектывы мастацкай самадзейнасьці, праводзіў першыя заняткі зь імі, пакідаў удзельнікам рэпэртуар».

15) Не любіў мадэрнізацыі ў танцах

Ігнат Буйніцкі

Ігнат Буйніцкі

Паводле Зьмітрака Бядулі: «...Ён далёка не адыходзіў ад народнага прымітыву. (...) Клясычнай плястыкай яны [танцы. — В. Дэ Эм] не вызначаліся. Яны заставаліся як бы сырым этнаграфічным матэрыялам. Буйніцкі рабіў гэта наўмысля. Ён вельмі ідэалізаваў народную творчасьць і лічыў праступкам адыходзіць убок ад духу гэтай творчасьці» («Савецкая Беларусь», 24 лістапада 1922 г.)

16) У дачку Буйніцкага быў безнадзейна закаханы ягоны цымбаліст

Мужчынскі і жаночы строі артыстаў трупы Ігната Буйніцкага. Скан з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Мужчынскі і жаночы строі артыстаў трупы Ігната Буйніцкага. Скан з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Іван Голер успамінаў: «Гэрцю [сярэдняя дачка Буйніцкага ад першага шлюбу) я любіў. І яна мяне любіла, але падумаў я, што ў мужыцкіх стасунках жыву. Яда ў нас простая — капуста, поліўка, клёцкі з душой, а яна ўсё ж паненка — ёй і цукерак трэба, і кавы. Буйніцкія, праўда, ня паніліся, але я сам панімаў і да гэтага ўсяго аднёсься халаднакроўна».

17) Быў разлучаны да канца жыцьця з малодшай дачкой

Жонка І. Буйніцкага Марыя Аношка. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Жонка І. Буйніцкага Марыя Аношка. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Другая жонка, Марыя Аношка, «шляхцянка з Магілёва», кінула яго, сказаўшы: «Здурнеў пан Ігнат, я не магу глядзець на тыя мужыцкія танцы», і забрала самую меншую дачку Яўгенію, якой было 7–8 год.

Малодшая дачка І. Буйніцкага Яўгенія Шчапаньска. 1973 г. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 год

Малодшая дачка І. Буйніцкага Яўгенія Шчапаньска. 1973 г. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 год

Больш з бацькам Яўгенія ня бачылася. Ён дасылаў ёй свае фатаздымкі, на адным зь якіх напісаў: «Дарагая Жэня! Сардэчна дзякую за памяць. Прымі ад мяне самыя сардэчныя пажаданьні здароўя і доўгага жыцьця. Цалую цябе. Твой бацька І. Б.»

18) У ягонага старэйшага музыкі была трагічная старасьць

Цымбаліст трупы Буйніцкага Іван Голер. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Цымбаліст трупы Буйніцкага Іван Голер. Скан фота з кнігі У. Няфёда «Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра». 1991 г.

Паводле Рыгора Семашкевіча, цымбаліст з трупы Буйніцкага «...цяжка свой век дажывае (...). Каб столькіх дзяцей выгадаваўшы ды ісьці ў дом састарэлых... (...) ён (...) па базары ходзіць... (...) перада мной стаяў высокі дзябёлы дзед. Такі сівы, стары, што нават цяжка было вызначыць, колькі гадоў гэтай старасьці. (...) Ён (...) казаў (...) пра нейкія коўдры, якія зьбіраўся прадаваць. (...) «Іван Іванавіч, іх ніхто купляць ня будзе. Каму яны патрэбныя? (...)». Стары незадаволена круціў галавой і казаў як бы сам сабе: «Ну, не кажы, коўдры добрыя». «Чатыры сыны, як муры, здаровыя. А што я сам сабой век дажываю, то гэта мая бяда».

19) Памёр, танцуючы зь дзяўчынай

Буйніцкі танчыць

Буйніцкі танчыць

Па ўспамінах Івана Голера: «Будучы на вечарыне, Буйніцкі пад аркестр хоча паказаць гледачам красу беларускага танца. Выбірае сабе дзяўчыну і пачынае танцаваць. Аднак сэрца ў яго гадах не магло перанесьці такой нагрузкі. Кроў палілася з горла, сэрца перастала біцца». Паводле менш рамантычнай вэрсіі Рыгора Семашкевіча, «...ён заразіўся тыфам (...) і памёр у гарачцы ў шпіталі каля мястэчка Гарадок (...) верасьнёўскім днём 1917 года і быў пахаваны на салдацкіх могілках ля вёскі Палачаны. Потым дачка Алена перавезла яго прах у родныя Палівачы».

20) Магілу Буйніцкага дапамог адшукаць ягоны цымбаліст

Паводле У. Няфёда, «...сьляды магілы Буйніцкага былі згублены, на яе месцы паявіўся густы зарасьнік. Дапамог І. Голер. Гэта было ў 1961 г., калі тэатральная грамадзкасьць рыхтавалася адзначыць 100-годзьдзе з дня нараджэньня І. Буйніцкага».

Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Празароках

Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Празароках

Выкарыстаная літаратура:

Абрамовіч З. Няходжанымі сьцежкамі // Полымя. 1971. № 4.

Марціновіч А. Хто мы, адкуль мы... Мн. 1998.

Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн. 1991.

Наша Ніва. Факсымільнае выданьне. Выпуск 3 (1910).

Наша Ніва. Факсымільнае выданьне. Выпуск 4 (1911).

Наша Ніва. Факсымільнае выданьне. Выпуск 5 (1912-1915, 1920).

Савецкая Беларусь. 24 лістапада 1922 г.

Семашкевіч Р. Світка Буйніцкага: Эсэ // Маладосць. 1977. № 7

Тэатральная Беларусь. Т.1—2. Мн. 2002–2003.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG