Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасажыр «Белавія»: у самалёце адбылася разгермэтызацыя. Авіякампанія: да самалёта няма заўвагаў


Прынамсі два пасажыры рэйсу Бургас-Менск, які выконвала авіякампанія «Белавія» 20 жніўня, паскардзіліся ў сацыяльных сетках на разгермэтызацыю. Паводле іх слоў, празь нізкі ціск у салёне, пасажыраў ванітавала. «Белавія» заяўляе, што з самалётам усё было ў парадку.

Увечары 20 жніўня адразу два пасажыры рэйсу Бургам-Менск напісалі, што ў салёне самалёта адбылася разгермэтызацыя. Празь яе многіх пасажыраў ванітавала, а аднаму спатрэбілася мэдычная дапамога. Спачатку яе аказвалі лекары, што знайшліся сярод пасажыраў. Пасьля пасадкі самалёта ў Менску да трапу прыехала машына хуткай дапамогі.

Адзін з пасажыраў паведаміў, што выразна пачуў сыгнал трывогі пасьля таго, як самалёт набраў вышыню. Пасьля гэтага яшчэ цягам гадзіны не згасаў сыгнал аб абавязковых зашпіленых пасах бясьпекі.

На наступным дзень, 21 жніўня, «Белавія» пракамэнтавала сытуацыю. Як паведамляе прэс-служба авіякампаніі, на 20-ай хвіліне палёту да кабiннага экіпажу зьвярнуўся пасажыр са скаргай на дрэннае самаадчуваньне ў сувязі з задухай у салёне.

Бортправаднікі адзначылі, што стан пасажыра пагаршаецца, а таму яны спыталі, ці ёсьць сярод пасажыраў мэдыкі. Двое лекараў, якія знайшліся сярод пасажыраў, разам з экіпажам аказалі дапамогу пасажыру.

Камандзір паветранага судна зьмяніў тэмпэратуру паветра ў салёне, а таксама зьнізіў вышыню палёту з 7200 да 4200 мэтраў «для стварэньня больш камфортных умоваў для хворага пасажыра».

Пасьля пасадкі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» экіпаж выклікаў брыгаду хуткай дапамогі да трапу самалёта. Лекары ацанілі стан пасажыра — дадатковай мэдычнай дапамогі не спатрэбілася.

Таксама, паводле словаў прэс-службы «Белавія», інжынэрна-тэхнічны пэрсанал авіякампаніі правёў дадатковае тэставаньне працаздольнасьці сыстэмы кандыцыянаваньня.

«У сувязі з адсутнасьцю заўвагаў, паветранае судна працягнула выкананьне палётаў. 20 і 21 жніўня 2016 году на дадзеным самалёце былі выкананыя палёты ў Варну і Бургас без заўвагаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG