Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым палягаюць урокі маскоўскага путчу 91-га году? Чаму ў постсавецкіх краінах пасьля пачатку 90-х адбылося вяртаньне да аўтарытарызму? Як трэба праводзіць рэформы — хутка і рэзка альбо асьцярожна, улічваючы грамадзкія настроі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць рэдактар аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.


Цыганкоў: У гэтыя дні ў 25-гадавіну жнівеньскага путчу ў Маскве многія ўзгадваюць гэтыя падзеі з пункту гледжаньня гістарычных урокаў. Я думаю, нам варта задацца пытаньнем, чаму ў постсавецкіх краінах не атрымалася зрабіць рывок да дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці. Што стала гэтаму прычынай — было не падрыхтаванае грамадзтва ці памылкі асобных палітыкаў прывялі да таго, што маем?

Класкоўскі: У кіроўных элітаў не было нейкай дакладнай праграмы рэформаў, ды і масы таксама ня вытрымалі гэтага выпрабаваньня свабодай. Быў і цэлы каскад эканамічных нягодаў, зьвязаных з распадам адзінага эканамічнага арганізму СССР.

Для журналістаў, творчых элітаў 90-я гады запомніліся як пэрыяд нейкага ўзьлёту, разьняволенасьці, як зорная эпоха. А для «простых людзей» гэта збольшага змрочныя гады, «ліхія 90-я».

У сувязі з гэтым я канстатую такі парадокс, што, напрыклад, для журналістаў, творчых элітаў (і для мяне асабіста) 90-я гады запомніліся як пэрыяд нейкага ўзьлёту, разьняволенасьці, як зорная эпоха. А для «простых людзей» гэта збольшага змрочныя гады, «ліхія 90-я» — бо большасьць жыве болей прыземленымі матэрыяльнымі інтарэсамі. І гэты чыньнік стаў вырашальным, у прыватнасьці, у Беларусі, калі ў 1994 годзе людзі на адносна дэмакратычных выбарах прагаласавалі за чалавека, які паабяцаў вярнуць у сацыялістычны «рай».

Масавая сьвядомасьць — гэта вельмі інэртная рэч. Патэрналізм быў сфармаваны за гады савецкай улады і Расейскай імпэрыі — дзе заўжды прыгняталася асоба, дзе фармаваўся генэтычны страх, аўтарытарным кіраўнікам было лёгка запалохваць людзей. Увесь гэты комплекс чыньнікаў спрацаваў на тое, што адбыўся адкат. Але з гэтага не вынікае, што прыгожыя памкненьні і гераізм тых людзей, якія адстаялі ў 91-ым дэмакратыю — былі марнымі. Усё ж сёньняшнюю Беларусь не параўнаць з Савецкім Саюзам, мы на іншым вітку гісторыі.

Старыкевіч: Мы сутыкнуліся з такой зьявай, якую Сьвятлана Алексіевіч трапна апісала як «чырвоны чалавек». І ў 1991-ым годзе ён нікуды не падзеўся. Іншая справа, што ў яго былі пэўныя спадзяваньні і мары, і тады гэта хіснулася ў бок дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Але калі людзі сутыкнуліся з праблемамі, з тым, што гэта ня рай — то яны вярнуліся да свайго звычайнага стану.

Нават ідэальныя бліскучыя дзеяньні ў той сытуацыі наўрад ці прынцыпова б нешта вырашылі.

Я думаю, што нават ня варта казаць пра нейкія памылкі дэмакратычных палітыкаў. Безумоўна, яны былі — але яны не былі, на маю думку, вырашальнымі. Нават ідэальныя бліскучыя дзеяньні ў той сытуацыі наўрад ці прынцыпова б нешта вырашылі — хіба на нейкі пэрыяд. Але калі мы мелі і дагэтуль маем тое грамадзтва, якое маем — то яно хутчэй схільнае на да каштоўнасьцяў дэмакратыі і рынку.

Цыганкоў: 90-я гады даюць падставы для вялікіх дыскусіяў пра досьвед правядзеньня рэформаў. Калі ў цяперашнюю Беларусь, напрыклад, прыйдзе больш дэмакратычная ўлада, то як яна павінна праводзіць рэформы — асьцярожна і не сьпяшаючыся ці больш радыкальна і хутка, каб не дапусьціць разварот назад? Нават пры тым народзе, які ёсьць, і які, напэўна, занадта радыкальна называць «чырвонымі людзьмі».

Класкоўскі: На мой погляд, усё адно непазьбежны пэрыяд шокавай тэрапіі, зьніжэньня вытворчасьці і жыцьцёвага ўзроўню. Усё адно давядзецца «перапакутаваць». Сёньня апазыцыя выходзіць зь нейкімі прыгожымі праграмамі пра ўзровень жыцьця і працоўныя месцы — натуральна, палітыкі ёсьць палітыкі, але цудаў ніякіх ня будзе. Іншая рэч, што, я думаю, ня будзе і чыстай перамогі дэмакратыі. Будзе, напэўна, пэрыяд нейкага больш мяккага аўтарытарызму, і нейкая новая кіроўная эліта (болей прагрэсіўная за сёньняшнюю) усё роўна «празь не хачу» будзе праводзіць рэформы. Бо пакуль атрымліваецца зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню, але без пэрспэктывы выхаду з гэтага крызысу.

Усё адно непазьбежны пэрыяд шокавай тэрапіі, зьніжэньня вытворчасьці і жыцьцёвага ўзроўню. Усё адно давядзецца «перапакутаваць».

І калі сытуацыя палітычная будзе хісткай, то ёсьць небясьпека адкату, рэгрэсу, і вяртаньня да нейкай новай дыктатуры. Умоўна кажучы, людзі могуць згадаць лукашэнкаўскія часы як залатыя, пэрыяд тлустых гадоў, і адносна дэмакратычны ўрад можа пацярпець паразу, да ўлады вернуцца зноў болей рэтраградныя людзі.

З гэтага вынікае адно — не бывае нейкіх цудадзейных шляхоў да лепшага жыцьця, і Беларусі наканаваныя яшчэ дзесяцігодзьдзі перш, чым краіна наблізіцца да нейкага сярэднеэўрапейскага ўзроўню.

Цыганкоў: Расейскія дэмакраты ў 90-я праводзілі рэформы занадта жорстка і рэзка, ці наадварот — яны надта рана спыніліся?

Не хапіла дэмакратычнага досьведу і маральнага капіталу, каб працэс рэформаў давесьці да канца.

Класкоўскі: Я б сказаў, што сам тэрмін «расейскія дэмакраты» вельмі ўмоўны. Гэта былі далёка не дэмакратычныя мэтады. Тая ж прыватызацыя сапраўды была грабежніцкай, выскачылі і сталі мільярдэрамі выпадковыя людзі, якія апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Над тымі расейскімі рэформамі, вельмі непасьлядоўнымі, вісеў праклён аўтарытарызму, павылазілі радзімыя плямы старой сыстэмы. Не хапіла дэмакратычнага досьведу і маральнага капіталу, каб гэты працэс рэформаў давесьці да канца. Эліты і масы аказаліся не гатовымі для якаснага рыўка на нейкую новую ступень грамадзкага разьвіцьця.

Цалкам «чырвоных людзей» я бачу сярод некаторай часткі цяперашніх дэмакратаў, якія па сваіх паводзінах недалёка адышлі ад тых, хто іх прыцясьняе.

Старыкевіч: Я ня думаю, што існуе нейкі адзіны рэцэпт правядзеньня рэформаў — трэба ўлічваць канкрэтны стан грамадзтва. Дарэчы, гаворачы пра «чырвонага чалавека», я не сьцьвярджаў, што тады ці зараз у Беларусі ўсе былі такія. Натуральна, ёсьць заўважная колькасьць людзей зусім іншага кшталту. Але гэты тып «чырвонага чалавека» як быў, так і застаецца дамінуючым. І гэта шмат у чым вызначае тое, што адбываецца ў нас у краіне. Цалкам «чырвоных людзей» я бачу сярод некаторай часткі цяперашніх дэмакратаў, якія па сваіх паводзінах недалёка адышлі ад тых, хто іх прыцясьняе.

Што да рэформаў, то тут павінна быць моцнае, узважанае рашэньне. Бо адна справа — праводзіць рэформы ў краіне, якая даведзеная да галечы, і людзі гатовыя ўспрымаць лёзунгі кшталту «я не абяцаю вам нічога акрамя поту і крыві». Іншая справа, калі яны сапраўды памятаюць «тлустыя гады», і ім прапануюць нейкія перамены, якія вельмі верагодна прывядуць да пагаршэньня сытуацыі. Рэакцыя грамадзтва ў такім варыянце вельмі прадказальная, і імавернасьць адкату даволі высокая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG