Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Унікальную крэпасьць часоў Івана Грознага выявілі ў Віцебскай вобласьці» – так ананcуецца навіна карэспандэнтам дзяржаўнага ТВ-каналу.

Далей ідзе пра тое, што кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы ўзяў і зьнішчыў крэпасьць расейскіх стральцоў. Па-нармальнаму крэпасьць мусіла б быць «часоў Стэфана Баторыя», мясцовага на той час кіраўніка дзяржавы, а не суседняга. Але.

Сьвядомасьць сучасных беларусаў прасякнутая і прасякваецца «нашымі царамі» ледзь не ад нараджэньня. Спачатку школай, а пасьля праз кіно. Паспрабуйце назваць самі ці спытацца ў знаёмых пра ўсіх ачольнікаў ВКЛ і ўсіх ачольнікаў маскоўскага Крамля. Мяркую, расейскі сьпіс будзе больш поўны.

Я магу паверыць у інфармацыю міністра інфармацыі Ліліі Ананіч пра жаданьне дзяржавы здымаць беларускія сэрыялы на гістарычную тэматыку. Але ўявіць сабе якасную рэалізацыю – не. Няма прэцэдэнтаў.

Таму яшчэ досыць доўга беларускі спажывец будзе чытаць і глядзець гісторыі пра Івана Жахлівага (Грознага), Пятра Першага і Кацярыну Другую, а не вялікіх князёў і каралёў беларускай гісторыі. А таксама глядзець расейскімі вачыма на ўласную – «польскую» – гісторыю.

Хоць грамадзтва ня можа скінуцца фінансамі, каб здымаць якасныя гістарычныя фільмы, грамадзтва можа самаарганізоўвацца для меншых супольных праектаў, каб візуальна і сэнсава беларусізаваць прастору.

Што можна рабіць ужо цяпер бізнэсу і грамадзкім ініцыятывам, і што ўласна робіцца?

Цяпер у Беларусі набірае абароты КСА – карпаратыўная сацыяльная адказнасьць. Гэта такая дзейнасьць, калі бізнэсовая структура выдаткоўвае нейкі працэнт (звычайна да 3%) сваіх даходаў на падтрымку сацыяльных і культурных праектаў. Часта ў супрацы і нават з падачы грамадзкай арганізацыі ці ініцыятывы.

У дадзеным выпадку бізнэс-арганізацыя не разьлічвае на атрыманьне наўпроставага даходу ад укладзеных грошай. Тут ключавое слова – «адказнасьць». Гэта не зусім мэцэнацтва, бо бізнэс выступае альбо ініцыятарам, альбо сустваральнікам пэўнага праекту. Праекту, які мае, напрыклад, адукацыйную задачу.

Нядаўна пазнаёміўся з генэральным дырэктарам «Лідзкага піва» Аўдрыюсам Мікшысам. Акурат на мерапрыемстве КСА: узнагароджвалі пераможцаў мастацкага конкурсу, арганізаванага броварам.

Я запытаўся пра ролю беларускай мовы ў камунікацыі «Лідзкага» зь беларусамі. Аўдрыюс Мікшыс сказаў, што візуальнае аздабленьне ў іх пераходзіць цалкам на беларускую мову. А наагул што да камунікацыі, то прадпрыемства будзе глядзець на рэакцыю спажыўцоў.

Бадай, кожны маркетоляг скажа, што бізнэс мусіць ісьці за трэндам у грамадзтве, выкарыстоўваць у размове са спажыўцом пазнавальныя вобразы.

Зь іншага боку, што мае бізнэс з КСА, з тых 1-3%, якія выдаткоўваюцца без гарантыі павелічэньня даходу? Сэнс у «сацыяльнай адказнасьці». Вось, прафінансавалі конкурс для маладых лідзкіх мастакоў. Продажы не павялічацца, але актыўная частка грамадзтва гэтую акцыю запомніць пазытыўна.

Альбо, напрыклад, вазьмі Стэфана Баторыя на этыкетку, раскруці вобраз праз шэраг імпрэзаў. Глядзіш, і на БТ/ОНТ зьявіцца «час Стэфана Баторыя» (хоць за грошы падаткаплатнікаў БТ/ОНТ абавязанае займацца асьветніцтвам, але гэта іншая тэма).

У чым сэнс? Ва ўдзеле ў будаваньні сучаснай і будучай Беларусі. Нават калі адзін канкурэнт возьме на этыкетку Льва Сапегу, другі – Канстанціна Астроскага, а трэці – Тадэвуша Касьцюшку.

Выйграюць усе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG