Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Такое пытаньне ў самых розных інтанацыях было вельмі папулярным пасьля путчу 1991 году. Калі стала ясна, што ГКЧП у Маскве не ўтрымаўся.

Пыталіся і ў мяне, але я ня ведаў, што адказаць.

У той дзень а 12.00 я меўся вылятаць у Крым да маіх прыяцеляў з інстытуту фізкультуры, што працавалі фізрукамі й важатымі ў лягеры «Чайка», які месьціўся пад Фаросам у цудоўнай бухце на самым беразе Чорнага мора.

Адна важная акалічнасьць гнала мяне туды як найхутчэй. Там я спадзяваўся сустрэць дзяўчынку Лену. Лена была майстрам спорту ў мастацкай гімнастыцы і ўвогуле вельмі разумнай і цікавай дзяўчынай, якая мне страшна падабалася. Лена таксама выказвала мне знакі ўвагі. Сустрэча, якая мелася адбыцца, моцна натхняла й магла стацца, як я адчуваў, для нас вызначальнай.

Ранкам я забег на Беларускае тэлебачаньне, дзе працаваў у спартовай рэдакцыі, каб падпісаць нейкую патрэбную паперу.

На ўваходзе каля турнікету стаяў нахохлены міліцыянт Сьцяпан, чамусьці ў касцы й з аўтаматам Калашнікава на плячы.

– Добры дзень! – павітаўся я, разважаючы, якога ражна ён такі ўзброены.

Сьцяпан хітнуў галавой, але нічога не адказаў. Заміж яго спартовы камэнтатар Сяргей Новікаў, які таксама стаяў каля турнікету, пахмурна заўважыў:

– Добры, калі, вядома, лічыць, што гэты дзень – добры.

Я пакруціў вачыма, адчуўшы нейкую недаказанасьць і трывогу ў атмасфэры, але так нічога й не зразумеў.

Папярэднія вечар і ноч выдаліся для мяне насычанымі. Я сьвяткаваў пачатак адпачынку ў вясёлай кампаніі і таму зранку не ўключаў тэлевізар, ня слухаў радыё і нават не пасьпеў купіць ніякае газэты. «Лебядзінае возера» я заўважыў, толькі калі зірнуў на экран тэлевізара ў фае БТ.

Пра путч я даведаўся ўжо ў аэрапорце, а вечарам, дабраўшыся да пункту прызначэньня, глядзеў разам зь Ленай і іншымі маімі прыяцелямі на вайсковыя караблі, што атачылі акваторыю фароскай рэзыдэнцыі Гарбачова, якая знаходзілася за нейкіх дзесяць-пятнаццаць кілямэтраў далей за нашу «Чайку».

Суседзтва з рэжымным аб’ектам стварыла пэўныя перашкоды на маім шляху да летніка, прыйшлося як дывэрсанту прабірацца ў лягер скрозь ядлоўцавы гай, бо на дарозе стаяў міліцэйскі пост і нікога не прапускаў, таму што ўздоўж берага па гэтай дарозе можна было дабрацца ня толькі да «Чайкі», але й да рэзыдэнцыі заблякаванага Гарбачова.

Нарэшце, выйшаўшы з гаю на бераг летніка, першым са знаёмцаў я ўбачыў Воўку Купчына, які пасьпеў пасьля інстытуту ўладкавацца ў АМОН і ўлетку па завядзёнцы прыехаў адпачыць ад службы фізруком.

Воўка веславаў да берага ў шлюпе, але выгляд меў спалоханы й напружаны.

– Па бычкі хадзіў? – спытаў я.

– Якія бычкі, ты што ня ў курсе, што адбываецца? – пытаньнем на пытаньне адказаў Воўка.

Аказалася, што Воўка ўзяў з сабой у летнік амонаўскі рыштунак: кайданкі й дубінку. Насіў іх з сабой на пасе, суворым выглядам палохаючы піянэраў. Але калі даведаўся пра путч, запанікаваў.

Яму мроілася ўсюдыіснае КГБ, як змрочныя людзі ў цывільным пытаюцца ў яго рыпучым голасам:

– А нашто табе, чалавеча, у піянэрскім летніку амонаўскія прычындалы?

Таму пры першай магчымасьці Воўка забраўся ў шлюп, налёг на вёслы, адышоў ад берага мэтраў дзьвесьце, прывязаў у якасьці грузу кайданкі да дубінкі й кінуў іх у сінія хвалі Чорнага мора.

Пасьля прыяцелі падначвалі Воўку-амонаўца злымі пытаньнямі, маўляў, таварыш амонавец, а вашу дубінку не Муму звалі?

Воўка злосна маўчаў, але з таго часу да яго прырасла мянушка – Герасім.

Вечарам у тэлевізары мы глядзелі вядомую прэс-канфэрэнцыю з хлюпаючым носам і дрыготкай у руках галоўнага путчыста Янаева. Рэпартаж пра тое, як у Маскве зьбіраюцца людзі бараніць сваю свабоду, і адчувалі нейкае глыбокае нутраное перакананьне, што ніякага путчу не атрымаецца. Мяне расьпірала энэргія, хацелася дзейнічаць, нешта рабіць.

– Наступнага ранку я маю быць у аэрапорце з мэтай ляцець у Маскву на дапамогу абаронцам Белага дому. Крымскі адпачынак пачакае. Да Лены прыеду пасьля, – так я пастанавіў сабе, гледзячы навіны пра маскоўскія падзеі.

Але пакуль тое, здарыліся танцы. Было цёпла, зь цёмнага крымскага неба сьвяцілі срэбныя зоркі. Я танчыў зь дзяўчынкай Ленай, найлепшай дзяўчынкай у сьвеце пад пранікнёную песьню Ігара Талькова пра летні дождж. Танец быў абвешчаны апошнім.

Гучала музыка, я абдымаў Лену, маё сэрца білася ўсё часьцей. Я думаў, што вось зараз, зараз самы час прызнацца ў каханьні.

Я адчуваў, як сэрца Лены білася ва ўнісон майму, і яна, пэўна, таксама чакала майго прызнаньня.

Бываюць такія моманты ў жыцьці, такія вызначальныя моманты. Ты разумееш, што цяпер альбо ніколі.

– Але я ж заўтра зьяжджаю. Няправільна неяк, прызнацца й уцячы, – напружана вагаўся я ў сваіх думках.

Мы танчылі. Лена чакала. Я ж ніяк ня мог выбраць паміж каханьнем і змаганьнем.

Але раптам выбар зрабіўся сам сабой. Музыка скончылася.

«Несвоевременность – вечная драма, где есть он и она», – прагучалі заключныя словы песьні…

Так скончыўся для мяне дзень 19 жніўня 1990 году.

Ранкам 20 жніўня ў аэрапорце Сімфэропаля квіткоў да Масквы не было й ня мелася быць. На літару М былі квіткі толькі да Магадану.

– У Магадан пакуль рана, – падумалася мне.

– У Магадан за казённы кошт возяць, – нібыта падслухаўшы мае думкі, пасьміхнуўся нейкі барадаты джыгіт-каўказец.

Ва ўсякі спосаб спрабуючы дастаць квіток да Масквы, я нэрвова туды-сюды соваўся па аэрапорце. Але паўсюль мяне трымала няўдача.

– Ні прызнаньня ў «Чайцы», ні змаганьня ў Маскве, – скрушна думалася мне.

Змрочны й роспачны, я сеў на лаўцы пад высокай сімфэропальскай таполяй, як раптам мяне кранулі за плячо.

– Што сумуем? – інстытуцкі прыяцель баскетбаліст Саша пазіраў на мяне з вышыні амаль двух мэтраў. Пачуўшы мой аповед, ён прапанаваў паехаць разам зь ім у Артэк, дзе ён атабарыўся, таксама ў якасьці фізрука. Я на сэкунду задумаўся, выдыхнуў, падхапіў пляцак і павольна пасунуўся за Сашам.

Месяц Артэку стаўся імклівым, незразумелым, шалёным палётам.

Крымскае віно, ня гледзячы ні на якія сухія законы таго часу.

Група маладых грэцкіх камуністаў, зь якімі мы шторанку, не астыўшы ад учорашняга, танчылі Сіртакі.

Дэлегацыя фінскіх прафсаюзаў на чале з былым чэмпіёнам Эўропы ў плаваньні Юсі, якога цьвярозым я бачыў толькі ў дзень ад’езду.

Ягоная каляжанка Тулікі, гарачая фінская пані, якая «зьняла скальпы» з усіх беларускіх фізрукоў дружыны «Марская» і ўсіх беларускіх прыяцеляў тых фізрукоў.

Незнарок пакрыўджаная маім легкадумным сьмехам, невялікая, але моцна скроеная тамбоўская вучылка важатая Ліда, са сваім пытаньнем-просьбай:

– Алег, можна я вас пацалую?

І, не чакаючы адказу, навалілася й ледзь не прыдушыла мяне, расьпешчанага крымскім сонцам і віном, сваім магутным бюстам.

Я ўсё ж выжыў пасьля пацалунку й зарагатаў, як вар’ят.

Нарэшце, начальнік дружыны – Валеры Іванавіч, які вельмі шанаваў беларускую нардычнасьць, вытрыманасьць і абавязковасьць, часам закрываючы вочы на невялікія парушэньні рэжыму.

Я ляцеў у гэтым шалёным палёце і разумеў, што такі адпачынкавы кураж ёсьць заменай, кампэнсацыяй за маё страчанае 19 жніўня.

Я вярнуўся ў Менск 19 верасьня, празь месяц пасьля спробы путчу. Я вярнуўся зусім спустошаны, прыціхлы, абсалютна без эмоцый. Вярнуўся ў іншую краіну, дзе вакол падзеі несьліся й мяняліся, як у калейдаскопе. Дзе было неверагодна цікава жыць. Дзе адкрываліся такія далягляды, што займала дух, але на гэтых новых даляглядах, як я ні ўзіраўся, не знаходзіў дзяўчынкі Лены.

Сёньня, калі мяне раптам спытаюць, што я рабіў 19 жніўня 1991 году, я ведаю, што адкажу. 19 жніўня 1991 году, я не зрабіў ні-чо-га.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG