Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэя лёсу — хіба не адна з самых старажытных. Тое, што было, і не магло быць іначай. Ці магло, але ня сутнасна, не істотна. Такі погляд папулярны і адносна прыватнага, індывідуальнага жыцьця, і адносна калектыўнага.

На працягу вялікіх адрэзкаў гісторыі гэта і сапраўды так. Ну ці можна, скажам, уявіць сабе антыкамуністычную рэвалюцыю і тым больш яе перамогу ў СССР у якім-небудзь 1949 годзе?

Але бываюць моманты, калі актуальныя і дасягальныя істотна розныя варыянты будучыні, калі падзеі могуць пайсьці і такім, і іншым шляхам. Прычым, пасьля выбару, зробленага на разьвілцы, рэальны шлях з цягам часу ўсё больш адхіляецца ад альтэрнатыўнага, які ў момант выбару быў ня менш магчымым.

На мой погляд, менавіта такой разьвілкай быў жнівень 1991 году. На нашым вяку, на нашай памяці, былі прынамсі дзьве падзеі, адпаведныя «перамозе путчу».

Першая — брэжнеўскі «застой», які зьмяніў хрушчоўскую «адлігу», а другая — расстрэл пратэстаў у Кітаі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе.

Ну так, заднім лікам і там дзейнічае ідэя лёсу, наканаванасьці. Але тады, унутры сытуацыі і ў СССР, і ў КНР наканаваньнем здавалася зусім іншае, адваротнае — што працэс вызваленьня грамадзтва ўжо «не разьбіць, не спыніць, не стрымаць», што адпаведныя сыстэмы прырэчаныя. І былі, былі падставы так лічыць.

Дарэчы, вопыт паразы «адлігі» дамінаваў падчас перабудовы амаль што да жніўня 1991 году, памятаецца папулярны вершык:

У нас теперь эпоха гласности,
Свобода партией дана,
Но комитет госбезопасности
Запомнит наши имена.

Увесь час была перасьцярога, што гэтую вольніцу вось-вось прыхлопнуць, што ўся яна грунтуецца на міласьці, на дазволе ўлады. А зьменіць улада міласьць на гнеў, дык і ...

Словам, тое, што адбылося ў сувэрэннай Беларусі пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Высьветлілася, як лёгка можна забраць у грамадзтва свабоду. З чаго вынікае, што так не магло адбыцца ў жніўні 1991 году?

І так выглядае, што нацыянальнай свабоды, у сэнсе незалежнасьці, гэта тычыцца нават у большай ступені, чым свабодаў палітычных і грамадзянскіх.

Цалкам імаверна, што нават у выпадку перамогі путчу сыстэма не вярнулася б у 1985 год, тым больш у сталінскія часы

Цалкам імаверна, што нават у выпадку перамогі путчу сыстэма не вярнулася б у 1985 год, тым больш у сталінскія часы. Як і брэжнеўскі «застой» ня быў вяртаньнем да сталіншчыны, і пасьля таго, як Цяньаньмэнь была залітая крывёй, Мао ня ўстаў са свайго маўзалею.

А вось зь незалежнасьцю справа іншая. Перамога Ельцына была ўнікальным шанцам яе атрымаць, прычым атрымаць без ракі крыві. Можна, зразумела, меркаваць, што калі б яна не атрымалася тады, то атрымалася б пазьней.

Можа так, можа не. Пэўная нацыянальная сьвядомасьць і сапраўды высьпявала ў БССР, але яна і дагэтуль, у незалежнай Беларусі, ня надта каб квітнее, прынамсі, у яе культурна-этнічнай форме. І зусім ня факт, што яна больш бы мацнела, калі б Беларусь пражыла яшчэ гады і дзесяцігодзьдзі ў адзінай краіне.

Наканаванасьць тут — пытаньне веры, перакананьняў, а не гістарычных заканамернасьцяў. Тое, што баварцы апынуліся з прусакамі ў адной дзяржаве, а з аўстрыйцамі — у розных, не было напісана ні на якіх скрыжалях лёсу. І ў Баварыі былі памкненьні да самастойнага існаваньня, і ў Аўстрыі — моцныя інтэнцыі да аб’яднаньня зь Нямеччынай. Цяперашні стан — у значнай ступені зьбег абставінаў.

Незалежнасьць можна і не атрымаць, нягледзячы на гераічныя высілкі і пакуты, як дагэтуль ня маюць яе, скажам, курды. Але атрымаўшы, яе ані псыхалягічна, ані палітычна немагчыма аддаць

Іншая справа, што на кожнай «галінцы» пасьля разьвілкі дзейнічаюць свае заканамернасьці, якія ўсё далей адносяць ад няспраўджанай альтэрнатывы. Незалежнасьць можна і не атрымаць, нягледзячы на гераічныя высілкі і пакуты, як дагэтуль ня маюць яе, скажам, курды.

Але атрымаўшы, яе ані псыхалягічна, ані палітычна немагчыма аддаць. У гэтым сэнсе гісторыя, якую Гегель называў іранічнай дамай, паставіла над Беларусьсю «чысты» экспэрымэнт — што будзе, калі паставіць на чале новай незалежнай дзяржавы адэпта і рамантыка імпэрыі, да якой тая дзяржава раней належала?

З пункту гледжаньня гістарычнага нічога, як высьвятляецца, ня будзе. У сэнсе — незалежнасьць пераварыць яго, а не ён зьнішчыць яе.

Але гэта — пасьля жніўня 1991 году, пасьля таго, што і як тады адбылося. За што дзякуй усім, хто перамог у той рэвалюцыі, беларусам, расейцам, украінцам, літоўцам, грузінам. Яны ўсе — далакопы камунізму і ў пэўным сэнсе — бацькі беларускай незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG