Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 жніўня: сьвята ўкраінскай культуры ў Менску, фэст «Крэўскі замак» на Смаргоншчыне


Крэўскі замак.
Крэўскі замак.

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

АФІША

У Менску ў Верхнім горадзе пройдзе Сьвята ўкраінскай культуры. Госьці пачуюць народныя песьні, убачаць танцы, паспрабуюць стравы ўкраінскай нацыянальнай кухні, пазнаёмяцца з экспазіцыяй украінскай вышыўкі, творамі літаратуры. Час правядзеньня з 11:00 да 23:00.

У Шанхаі (Кітай) ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 году Сьвятлана Алексіевіч сустрэнецца з Нобэлеўскім ляўрэатам па літаратуры 2012 году Мо Янем.

У Менску ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музэю пачнецца «Кіно-Пікнік», у рамках якога пройдзе Міжнародны фэстываль вулічнага кіно. Пачатак у 15.00.

У Менску пройдзе чарговы канцэрт «Клясыка каля Ратушы з Velcom». Пачатак у 20.00.

На хутар Шаблі (в. Малое Запрудзьдзе Валожынскага раёну) зьедуцца раварысты. Арганізатары так акрэсьліваюць мэту велазьлёту: аб’яднаць на адной пляцоўцы раварыстаў розных культур, распавесьці пра цікавыя праекты, зьвязаныя з роварамі, знайсьці аднадумцаў для новых падарожжаў. Падрабязная інфармацыя тут.

У вёсцы Крэва (Гарадзенская вобласьць, Смаргонскі раён) пройдзе фэстываль «Крэўскі замак». У памяць аб гісторыі Крэўскага замка і яго уладальніках штогод каля сьцен помніка праводзяцца сьвяточныя мерапрыемствы, прысьвечаныя чарговай гадавіне зь дня каранацыі князя Міндоўга — заснавальніка і першага князя Вялікага княства Літоўскага. Тут можна будзе пабачыць сярэднявечныя танцы, рыцарскія баі. Пачатак а 12:00. Праграма тут.

На радзіме Тадэвуша Рэйтана ў вёсцы Грушаўка (Берасьцейская вобл., Ляхавіцкі р-н) пройдзе фэст сучаснага мастацтва, прымеркаваны да дня нараджэньня Рэйтана. Пачатак у 11:30.

Дзень у гісторыі:

1937 — польскімі ўладамі забаронена дзейнасьць Таварыства беларускай асьветы.

1968 — войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславаччыну.

1991 — болей за 100.000 чалавек выйшлі да будынку Вярхоўнага Савету РСФСР у Маскве, пратэстуючы супраць змоўшчыкаў, што жадалі скінуць Міхаіла Гарбачова.

У Менску ў гэты дзень на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ адбыўся мітынг перад Домам ураду.

1991 — Эстонія абвяшчае сваю незалежнасьць ад СССР.

1998 — Найвышэйшы суд Канады адмаўляе Квэбэку ў незалежнасьці

У гэты дзень нарадзіліся:

1742 — Тадэвуш Рэйтан, удзельнік Барскай канфэдэрацыі, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай, патрыёт ВКЛ

1847 — Баляслаў Прус, польскі пісьменьнік.

1860 — Раймон Пуанкарэ, францускі дзяржаўны дзяяч, прэзыдэнт Францыі ў 1913-1920 гадах.

1932 — Васілій Аксёнаў, расейскі пісьменьнік.

У гэты дзень памерлі:

1919 — Іван Луцкевіч, беларускі археоляг, публіцыст, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху.

1940 — Леў Троцкі, расейскі рэвалюцыянэр, адзін з арганізатараў рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, забіты ў Мэксыцы агентам НКВД.

1991 — Баляслаў Грабінскі, доктар мэдыцыны, беларускі грамадзкі дзяяч.

2011 — Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Цытата на памяць:

«У КГБ баяліся, што зьявіліся ўлёткі і людзі прыйдуць на плошчу на сустрэчу са сваімі дэпутатамі і выкажуцца, што яны думаюць супраць гэтых путчыстаў. А мы разам гаворым путчыстам: „Не!“. Я хачу сказаць, што дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце выступіла з ініцыятывай аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі, дзе мы маглі б даць ацэнку і тым падзеям, якія адбыліся ў імпэрскім цэнтры ў спробе захопу ўлады, каб мы маглі даць ацэнку тым нашым кіраўнікам Беларусі, якія яшчэ ў нядзелю лісьліва даказвалі нам, што трэба ехаць у Маскву падпісваць з Гарбачовым саюзны дагавор, і празь некалькі гадзін яны ўжо адмовіліся і пачалі служыць новым панам. Людзі! Зараз галоўнае — арганізаваць еднасьць, згуртаваньне, змаганьне за канстытуцыйныя правы, за захаваньне ўсіх законаў, паводле якіх мы жывём, і галоўнае — за пабудову нашай незалежнай Беларускай дзяржавы».

З выступу дэпутата Апазыцыі БНФ Пётры Садоўскага на мітынгу 20 жніўня 1991 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG