Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія краіны ціха чакаюць заканчэньня «выбарчых баёў» у ЗША, а Ўкраіна і Расея наўпрост у іх увязаліся — украінскі палітоляг


Віктар Небажэнка
Віктар Небажэнка

Ва Ўкраіне апублікаваныя дакумэнты, якія нібыта даводзяць, што Пол Манафорт — цяперашні кансультант кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа — атрымаў больш як 12 мільёнаў даляраў за кансультаваньне экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны, а таксама дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Лешчанка (фракцыя Блёк Пятра Парашэнкі) абнародавалі дакумэнты, якія нібыта даводзяць, што Пол Манафорт — цяперашні кансультант кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа — атрымаў наяўнымі больш як 12 мільёнаў даляраў за кансультаваньне экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў часе некалькіх украінскіх выбарчых кампаній.

Чаму гэтыя дакумэнты зьявіліся толькі цяпер і ці не зарана Ўкраіна робіць стаўку на аднаго з кандыдатаў у выбарчай гонцы ў ЗША, Радыё Свабода запытала ва ўкраінскага палітоляга Віктара Небажэнкі.

— Гэта сапраўды ўнікальная сытуацыя. За ўсю гісторыю амэрыканскіх выбараў, ні царская Расея, ні СССР, ніхто не спрабаваў умешвацца ў амэрыканскую выбарчую кампанію. Зараз расейскія хакеры ўзламалі электронную дакумэнтацыю Сораса і Дэмакратычнай партыі. Па-за ўсякім сумневам мы бачым, што ўся расейская і падкантрольная заходняя прэса перайшлі на бок Трампа. У гэтым пляне трэба аддаць належнае нахабству ці нават мужнасьці ўкраінскага ўраду, які, ня ведаючы, хто пераможа на выбарах — Клінтан або Трамп, ставяць на Клінтан і публікуюць гэтыя матэрыялы.

— Але ж у дакумэнтах подпісы самога Манафорта не фігуруюць... Як можна давесьці, што ён атрымліваў гэтыя грошы?

— Вельмі проста. Гэта ж ня здачу забыцца ў краме, дзе ніхто пра гэта ня памятае — ні вы, ні прадавец. Хтосьці атрымліваў для яго грошы, яны ўсе расьпісваліся, хтосьці насіў, хтосьці перадаваў... Той, хто гэта рабіў — жывы сьведак. Калі б ён раптоўна памёр, наша гутарка ня мала б сэнсу.

Гэта звычайны крадзеж грошай, і ён ніяк ня зьвязаны з кандыдатам Трампам. Так, сам Манафорт — вялікі авантурыст, у ХІХ стагодзьдзі ён, напэўна, быў бы амэрыканскім алігархам. Але на жаль, у ХХІ стагодзьдзі ён звычайны замежны высокааплатны лабіст і паліттэхноляг. Яму вельмі шмат належыць па расколу і па падрыхтоўцы ва Ўкраіне данецкага бунту, стварэньня сэпаратысцкіх рэспублік і сытуацыі з Крымам. Але я ня думаю, што ён гэта рабіў з далёка ідучымі ідэямі. Проста ён атрымліваў грошы за тое, што хацеў ад яго пачуць яго гаспадар. Іншае пытаньне, што Трамп, хутчэй за ўсё, не падазраваў пра гэтыя 12 мільёнаў даляраў. І я ня думаю, што яны пайшлі на ягоную выбарчую кампанію — тут трэба адрозьніваць прагнасьць самога Манафорта і тое, што ганьбіць Трампа, як кандыдата ад рэспубліканцаў. Ня трэба сябе падманваць — гэтая гісторыя не паўплывае на прыхільнікаў Трампа. Але тое, што ўпершыню Ўкраіна і Расея зрабілі стаўку на розных кандыдатаў, і актыўна бяруць у кампаніі ўдзел, чаго ня робяць Францыя, Нямеччына... Усе заходнія краіны ціха чакаюць, калі скончацца вялікія баі паміж Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяй у Амэрыцы, а Ўкраіна і Расея ўвязаліся. І ў гэтым сэнсе, калі выйграе Трамп, украінскаму палітычнаму клясу давядзецца цяжка.

— Добра вядомы факт фінансаваньня Злучанымі Штатамі правядзеньня некаторых рэформ ва Ўкраіне. Ці мог урад ЗША наўпрост ці праз сваіх лабістаў намякнуць Украіне, што было б нядрэнна атрымаць такія дакумэнты на кіраўніка выбарчага штабу канкурэнта?

— Я ня думаю, што так было. Хутчэй, гэта агульная арыентацыя Ўкраіны на дэмакратычную партыю. Гэтая старая традыцыя. Да рэспубліканцаў ніколі не было прыхільнасьці. Вось сёньня адзначаецца 25-годдзе путчу і адначасова незалежнасьці Украіны. Дык я добра памятаю, як седзячы ў Вярхоўнай Радзе, у ложы для памочнікаў, кансультантаў, журналістаў, слухаў выступ прэзыдэнта Буша ад Рэспубліканскай партыі. Ён тады казаў: «Не адлучайцеся ад Расеі. Гэта ваша вялікая памылка!». Мы тады ўсе былі ў шоку. Вось з таго часу і сфармавалася арыентацыя на дэмакратаў, бо рэспубліканцам усё ж такі больш падабаецца расейскі імпэрскі стыль. І варта адзначыць, што сярод тых, хто галасуе за дэмакратаў у Амэрыцы, да 6 мільёнаў украінцаў паводле паходжаньня, і яны заўсёды абапіраліся на дэмакратаў.

Але ўсё роўна, гэта вельмі незвычайна для дыпляматыі, каб краіна, якая атрымлівае фінансавую дапамогу ад Амэрыкі, адкрыта ўмешвалася, а сёньняшняя публікацыя дакумэнтаў пра грошы і ганарары Манафорта — гэта, вядома ж, спроба ўмяшацца ў выбарчую кампанію ў ЗША. Разам з тым, гэта хутчэй спроба процідзейнічаць не самому Манафорту або Трампу, а расейскай падтрымцы Трампа.

— Ці ня ўзьнікнуць праблемы для ўкраінскай улады ў выпадку перамогі Трампа на выбарах у такім выпадку?

— Украіне будзе вельмі цяжка, але я ня думаю, што будуць нейкія сур’ёзныя наступствы. Зь іншага боку, які б ня быў Трамп шалапутам у свае 72 гады, ён усё ж такі падпарадкоўваецца амэрыканскай дзяржаўнай машыне, а там ёсьць свае заканамернасьці. Ну ня можа ён проста спыніць вайну на Данбасе або ў Сырыі, дамовіцца з Пуціным! Ёсьць абставіны, якія прымусяць Трампа ўлічваць доўгатэрміновыя амэрыканскія трэнды. Думаю, калі скончыцца выбарчая кампанія, мы ўбачым зусім іншага прэзыдэнта. І тое ж самае ў дачыненьні да Клінтан. Зараз мы знаходзімся ў атмасфэры выбарчай кампаніі, дзе вельмі высокія стаўкі, чаго раней ніколі не было ў Злучаных Штатах. Да таго ж, Манафорт усё ж прыхаваў ад Трампа тое, што ён браў 12 мільёнаў даляраў наяўнымі. Я ня думаю, што гэта спадабаецца Трампу.

— Аднак Трамп ужо панізіў Манафорта ў статусе ў сваім выбарчым штабе...

— Панізіў, таму што ня можа яго выгнаць, бо менавіта гэтага ад Трампа дамагаюцца дэмакраты. Але для Манафорта няма будучыні ў амэрыканскіх структурах. Яму толькі спрабаваць ехаць куды-небудзь у Сярэднюю Азію, у Сырыю, Іран, Ірак, дзе патрэбныя спэцыфічныя спосабы расколу электарату для перамогі. Ён усё ж спэцыяліст у вельмі вузкай сфэры, ён ня ўмее рабіць моцнага кандыдата пераможцам. Ён умее зьнішчаць канкурэнта, бо выводзіць свайго кандыдата на фоне таго, то ўсе астатнія аказваюцца дыскрэдытаванымі. Гэта спэцыфічны тып паліттэхналягічнай працы, але яна атрымліваецца ў яго бездакорна. Як інакш можна было чалавека з трыма судзімасьцямі зрабіць прэзыдэнтам Украіны? І як мы можам ставіцца да Манафорта пасьля такога цынізму? Нічога амэрыканскага ў гэтым чалавеку няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG