Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная бібліятэка Ізраілю адсудзіла неапублікаваную спадчыну Франца Кафкі


Belarus -- writer Franz Kafka

Belarus -- writer Franz Kafka

Вярхоўны суд Ізраілю пастанавіў, што збор неапублікаваных рукапісаў Франца Кафкі павінен быць перададзены з ізраільскай сям’і ў Нацыянальную бібліятэку краіны.

Рашэньне, як паведамляе Бі-Бі-Сі, заканчвае васьмігадовае юрыдычнае змаганьне за рукапісы, якія знаходзіліся ў распараджэньні сям’і Эстэр Гофэ, сакратаркі сябра Кафкі Макса Брода.

Давід Блюмбэрг, старшыня Нацыянальнай бібліятэкі Ізраілю, сказаў, што рашэньне стала «сьвяточным днём для любога чалавека культуры, у Ізраілі і за мяжою».

Перад сваёй сьмерцю ад сухотаў, якая наступіла ў 1924 годзе, Кафка пакінуў указаньні, каб яго рукапісы былі спаленыя. Але ягоны сябар Макс Брод праігнараваў гэтую просьбу і апублікаваў некаторыя зь іх.

Публікацыі Брода ўключалі «Працэс», «Ператварэньне» і «Замак» — творы, дзякуючы якім Кафка стаў адным з самых вядомых празаікаў ХХ стагодзьдзя.

Брод патаемна вывез рукапісы Кафкі з роднай Прагі ў 1939 годзе, ратуючы іх ад нацыстаў. Брод памёр ў 1968 годзе, перадаўшы рукапісы сваёй сакратарцы Эстэр Гофэ, якая перахоўвала іх у сваёй кватэры ў Тэль-Авіве, а таксама ў сэйфах у Ізраілі і Швэйцарыі. Юрыдычная бітва за тое, каму яны павінны належаць, пачалася пасьля сьмерці Гофэ ў 2007 годзе.

На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Ізраілю паведамляецца, што матэрыялы з гэтага збору ўключаюць «уласнаручныя допісы Кафкі Максу Броду, парыскі дзёньнік Кафкі, малюнкі і шмат якія творы Макса Брода ды ягоныя лісты Кафку».

XS
SM
MD
LG