Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў Віцебску помнік прыёмнаму сыну хана Батыя?


Помнік Аляксандру Неўскаму, яго жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску
Помнік Аляксандру Неўскаму, яго жонцы Аляксандры і сыну Васілю ў Віцебску

Кананізаваны РПЦ і ўслаўлены рэжысэрам Эйзэнштэйнам Аляксандар Неўскі быў верным васалам Залатой Арды і жорстка распраўляўся з суайчыньнікамі, якія не хацелі плаціць манголам даніну. Ці ведаюць пра гэта жыхары Віцебску, дзе расейскаму князю нядаўна ўсталявалі помнік? Госьцем перадачы — гісторык Сяргей Тарасаў.

— Сяргей, аказваецца, помнікі Аляксандру Неўскаму ўжо стаяць у блізкім да Беларусі Пскове і далёкай Чыце, у былой сталіцы Расейскай імпэрыі Санкт-Пецярбургу і Богам забытай Усьць-Іжоры. Каму спатрэбіўся помнік расейскаму князю ў Віцебску?

— Слушна сказаў ў інтэрвію Радыё Свабода доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, што гэты помнік — своеасаблівы адказ «русского мира» на ўсталяваны ў тым жа Віцебску помнік князю Альгерду. З гледзішча cучаснай расейскай ідэалёгіі — Альгерд, безумоўна, вораг Масквы. У 1368 годзе ён падышоў да Масквы, прысланіў дзіду да гарадзкой брамы і сказаў: «Няхай князь маскоўскі памятае, што войска літоўскае стаяла пад Масквой». А мяжа Вялікага Княства тады праходзіла недзе пад Вязьмай...

Гісторык Сяргей Тарасаў
Гісторык Сяргей Тарасаў

І тут будзе дарэчы нагадаць, як гадоў восем таму расейцы з дапамогай фэдэральнага тэлебачаньня вырашылі высьветліць, хто ж зьяўляецца найбольш выбітнай асобай у расейскай гісторыі. Адбылося тэлегаласаваньне, і калі былі падведзеныя вынікі, то арганізатары схапіліся за галаву. На першым месцы апынуўся Іосіф Вісарыёнавіч Сталін! Тады было абвешчана, што адбыўся тэхнічны збой у праграме, і галасаваньне зладзілі нанова. І вось ужо тады было выбрана імя Аляксандра Неўскага, і ён стаў лічыцца першай фігурай расейскай гісторыі. І таму расейцы прасоўваюць яго паўсюль. Вось і да нашага Віцебску чарга дайшла.

— І абгрунтоўваецца гэта тым, што Аляксандар Неўскі быў жанаты на дачцэ віцебскага князя Брачыслава. Маўляў, аднаго гэтага дастаткова, каб паставіць помнік. А ці былі ў князя яшчэ нейкія заслугі?

Той жа Аляксандар Неўскі стаў прыёмным сынам хана Батыя.

— Ніякіх заслуг перад нашай зямлёй у яго не было, апрача жонкі. Лічыце самі — адзіная бітва, дзе войскі Аляксандра Неўскага і полацкія дружыны змагаліся разам, адбылася ў 1240 годзе на Няве. Летапісы паведамляюць, што ў той бітве Якаў Палачанін моцна папаліў швэдзкія караблі. Але тая бітва скончылася, фактычна, нічым. Сеча спынілася ўвечары, швэды спакойна пахавалі сваіх загінулых і на тых караблях, якія засталіся, спакойна вярнуліся дадому. Хоць гэта і была перамога, але вялікага значэньня яна ня мела. Другая бітва — на Чудзкім возеры ў 1242 годзе — стала знакамітай толькі дзякуючы фільму Сяргея Эйзэнштэйна «Аляксандар Неўскі». Насамрэч яна была лякальнай. З абодвух бакоў у ёй удзельнічала ня так шмат войска. Швэдзкія крыніцы кажуць, што загінула 20 рыцараў і 6 трапіла ў палон. «Заслугі» Аляксандра Неўскага куды больш істотныя на ўсходнім накірунку. Ягоны бацька Яраслаў ня стаў супраціўляцца манголам, а сьвядома аддаў сваё княства пад ардынцаў, і потым уся Маскоўская Русь стала, фактычна, улусам Залатой Арды. Той жа Аляксандар Неўскі стаў прыёмным сынам хана Батыя. Калі Батый пасадзіў яго на гэты ўлус, князь забясьпечваў збор даніны і перадачу яе ў Залатую Арду. Самая «гераічная» справа, якую зрабіў Аляксандар Неўскі, — правядзеньне ў 1252 годзе падушнага перапісу ўсяго насельніцтва маскоўскага ўлуса. Адзінай мэтай перапісу было кожнага жыхара, ад багатага да самага беднага, абкласьці данінай. Кожны мусіў тую даніну выплочваць. Калі не выплочваў, то аддаваўся ў рабства манголам, альбо манголамі прадаваўся. Зразумела, ня ўсе пагаджаліся плаціць даніну. Скажам, наўгародцы і пскавічы як маглі супраціўляліся. Тады Аляксандар Неўскі загадаў, каб усім нязгодным зь яго палітыкай адразалі насы альбо вушы.

Аляксандар Неўскі загадаў, каб усім нязгодным зь яго палітыкай адразалі насы альбо вушы.

— На помніку імя жонкі Аляксандра Неўскага — Аляксандра. У Ноўгарадзкім летапісе яна — Параскева. Дык як насамрэч звалі княгіню?

— Тады славянскія імёны пры хрышчэньні мяняліся на агульнахрысьціянскія, звычайна, грэцкага паходжаньня. У дадзеным выпадку мы маем два імя грэцкага паходжаньня, абодва хрысьціянскія — Параскева і Аляксандра. Я думаю, што першым імем усё ж была Параскева. А падчас шлюбу Параскеву чамусьці перахрысьцілі ў Аляксандру. Прычынай, на мой погляд, можа быць наступнае. Справа ў тым, што хрысьціянства ў ХІ-ХІІІ стагодзьдзях на полацкіх землях, на тэрыторыі ВКЛ і ў Маскоўскай Русі моцна адрозьнівалася. Тут быў трошкі іншы погляд на паходжаньне ўсяго сутнага, на адзінабоства, многабоства і г.д. Там былі свае адрозьненьні. Скажам, захаваўся шалом, які належаў Аляксандру Неўскаму. Ён цяпер знаходзіцца ў Гістарычным музэі Крамля (так званая Аружэйная палата). Дык вось на шаломе Аляксандра Неўскага арабскай вязьзю высечаны радок з Карану.

— Гэта не перашкодзіла РПЦ залічыць уладальніка шалома ў почат сьвятых.

— Бо лічыцца, што Аляксандар Неўскі захаваў праваслаўе. Забываецца, што ён, лежачы на пузе, цалаваў ногі ардынскаму хану, што ён, праводзячы падушны перапіс, зьнішчаў уласнае насельніцтва. Галоўнае — захаваў праваслаўе. У што потым ператварылася тое праваслаўе, можна пабачыць на гравюрах, скажам, Івана Жахлівага. На галаве ў яго цюрбан, апрануты ў ён у доўгі халат, а на нагах у яго чаравічкі з загнутымі насамі — па мусульманскай традыцыі, каб не варушыць прах памерлых. Не варта забываць, што свайго старэйшага сына Васіля, які быў супраць падушнага перапісу, Аляксандар Неўскі пасадзіў у вязьніцу, а потым адправіў у Арду.

Свайго старэйшага сына Васіля, які быў супраць падушнага перапісу, Аляксандар Неўскі пасадзіў у вязьніцу, а потым адправіў у Арду.

— Дык Аляксандар Неўскі яшчэ і «клапатлівым» бацькам быў... А ці не выглядаюць гэтыя два віцебскія помнікі — Аляксандру Неўскаму і Альгерду — антаганістычна? «Ваяваць» яны між сабою ня будуць?

— Спадзяюся, што ня будуць. Але Альгерд і Аляксандар Неўскі — асобы абсалютна розных вагавых катэгорый. Альгерд быў сапраўдным абаронцам сваёй зямлі. На адкрыцьці помніка Аляксандру Неўскаму, ягонай жонцы і сыну гаварылася, што іх скульптурныя выявы — гэта таксама сымбаль моцнай сям’і. Але калі ўзгадаць, як князь паступіў са сваім сынам, то сямейныя вартасьці помніка вельмі сумнеўныя. На мой погляд, гэты помнік у Віцебску — проста недарэчнасьць.

— Зь імем жонкі Аляксандра Неўскага Параскевы-Аляксандры зьвязана зьнікненьне аднаго з цудадзейных абразоў. Што гэта за гісторыя?

Аляксандар Неўскі з жонкай і сынам – тэатралізаваная дзея на вуліцах Віцебску
Аляксандар Неўскі з жонкай і сынам – тэатралізаваная дзея на вуліцах Віцебску

— Маецца на ўвазе абраз Божай Маці Адзігітрыі Эфескай. Гэта адзін з чатырох абразоў, напісаных, як лічыцца, эвангелістам Лукой. Захоўваўся ён у Эфесе. Па просьбе Эўфрасіньні Полацкай канстантынопальскі Патрыярх даслаў ёй гэты абраз. Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта была копія. У ХІІІ стагодзьдзі абраз быў падараваны Параскеве як дабраславеньне на шлюб з Аляксандрам Неўскім. Вянчаньне адбылося ў Багародзіцкім саборы гораду Тарапца, дзе потым абраз і застаўся і захоўваўся ажно да 1921 году. Калі бальшавікі сканфіскоўвалі царкоўную маёмасьць, яны забралі і абраз, які ў 1936 годзе апынуўся ў Ленінградзе, у Рускім музэі. У пачатку 90-х была магчымасьць вярнуць яго на радзіму. Мы з маім сябрам, выдатным беларускім рэжысэрам Віктарам Шавялевічам досыць часта наведвалі Пецярбург, бывалі ў Пушкінскім доме, дзе дырэктарам быў акадэмік Дзьмітрый Ліхачоў, мы зь ім былі ў вельмі добрых сяброўскіх адносінах. Аднойчы мы ў яго пацікавіліся, ці магчыма той абраз перадаць Беларусі, паколькі ён — наша нацыянальная каштоўнасьць. А фондамі Рускага музэю на той час кіравала дачка акадэміка, і яна паведаміла — магчыма, толькі трэба зьвярнуцца з афіцыйным лістом ад імя Рэспублікі Беларусь. Па прыезьдзе ў Менск я падрыхтаваў такі ліст, і ён быў пакладзены на стол тагачаснага міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі. Прайшоў цэлы год, а ў яго так і не дайшлі рукі той ліст падпісаць. А праз год у Расеі быў прыняты закон аб рэстытуцыі, які забараніў вываз за межы Расейскай Фэдэрацыі любых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

— Дык той полацкі абраз па-ранейшаму знаходзіцца ў Пецярбургу?

— Не. У 2009 годзе Мінкультуры Расейскай Фэдэрацыі прыняло рашэньне аб перадачы абраза Прасьвятой Багародзіцы Эфэскай з Рускага музэю ў новазбудаваную царкву сьвятога Аляксандра Неўскага, якая знаходзіцца ў катэджным пасёлку Княжае Возера Істрынскага раёну Маскоўскай вобласьці. Гэта яшчэ адна «Рублёўка», проста камусьці з расейскіх нуворышаў захацелася мець там менавіта гэты абраз. Там ён цяпер і знаходзіцца.

— Вернемся да віцебскага помніка. Калі Аляксандар Неўскі там зьявіўся як праява «русского мира», то трэба ж неяк яго стрымліваць. Каго ў дапамогу Альгерду ў Віцебску і Ўсяславу Чарадзею ў Полацку вы паставілі б на пастамэнты ў другіх беларускіх гарадах?

Найперш варта паставіць помнік вялікаму князю Вітаўту — у Менску.

— Найперш варта паставіць помнік вялікаму князю Вітаўту — у Менску. Чаму ў суседняй Літве ёсьць і вуліцы, і плошчы сьвятога Вітаўтаса, і помнік у цэнтры Вільні, а ў нас нічога няма? І помнік Міндоўгу трэба было б паставіць у Наваградку. Зразумейце, Аляксандар Неўскі для нас нічога добрага не зрабіў. А пра зробленае ім для Маскоўскай дзяржавы нават сорамна ўзгадваць.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG