Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар беларускамоўнай гімназіі № 4 папаўся на 500 «мечаных» далярах


Юры Бандарэнка

Юры Бандарэнка

Юрыя Бандарэнку, заслужанага настаўніка Беларусі, выдатніка адукацыі СССР, РСФСР і БССР, уладальніка мэдаля Францішка Скарыны, дырэктара гімназіі № 4 Менску — адной зь нешматлікіх беларускамоўных у сталіцы — затрымалі 18 жніўня на працоўным месцы. Гэты факт Свабодзе пацьвердзілі гімназічныя настаўнікі. Іншыя кіраўнікі не пацярпелі і рыхтуюць гімназію да новага навучальнага году.

На думку супрацоўнікаў, а таксама бацькоў вучняў, прычына, дзеля якой у гімназію наведаліся супрацоўнікі КДБ, крыецца ў гаспадарчай дзейнасьці. Спадар Бандарэнка ніколі не адзначаўся апазыцыйнасьцю дый не асабліва шанаваў беларускамоўны статус гімназіі, затое спаганяў «прэміяльныя» за ўладкаваньне дзяцей.

«Учора тры гадзіны трымалі панятых, перакрылі ўваходы-выхады, з будынку школы нікога не выпускалі, — расказала адна з выкладчыц гімназіі. — Падстава нібыта такая: дзіцё паступала ў пятую клясу, і бацькі ў якасьці „падзякі“ прынесьлі 500 даляраў. Праўда, як аказалася, „мечаных“. Тут жа сьледам наскочылі супрацоўнікі спэцслужбаў...»

У кабінэце дырэктара зрабілі ператрус, а яго самога забралі на допыт. Паводле папярэдніх зьвестак, асобы ў цывільным, якія праводзілі вобшук, адносяцца да Камітэту дзяржбясьпекі. Спраўдзіць гэта непасрэдна ў ведамстве пакуль не ўдалося — тэлефоны прэсавай службы ўпарта маўчаць.

Менская гімназія № 4

Менская гімназія № 4

Гімназія № 4 — адна зь пяці беларускамоўных у Менску і адзіная ў Фрунзенскім раёне. Тэрытарыяльна яна месьціцца ў мікрараёне Кунцаўшчына ў шчыльным атачэньні расейскамоўных школ. Невыразная моўная палітыка, якая перашкаджае стварэньню на базе гімназіі нацыянальнага асяродку, не спрыяе ажыятажнаму попыту на навучаньне пад яе дахам. Тым ня меней, як кажуць калегі Бандарэнкі, ягонай несумненнай рысай было ўменьне «набіць цану»:

«Ён вельмі ўмела вёў, скажам так, рэклямную палітыку, мог разьдзьмуць выгляд значнасьці на роўным месцы, — кажа іншы выкладчык гімназіі. — Нават калі ў клясу набрана чалавек 10–12 і хтосьці хоча яшчэ далучыцца, ён напускаў важнасьці і казаў: нават і ня ведаю, куды вас пасаджу, у нас ужо ўсё пад завязку. Калі толькі... Далей ужо ішлі намёкі. І калі абраныя абыходзіліся фарбай ці лякам на пару мільёнаў старых рублёў, то для астатніх было дакладна вызначана — што, колькі, каму і як».

Некаторыя бацькі між сабой яшчэ раней абураліся: перад працэдурай здачы іспытаў на пераход з пачатковых клясаў у старэйшыя дырэктар патрабаваў ад падначаленых падрыхтаваць сьпісы слабых дзяцей, якія ня маюць шанцаў набраць патрэбную колькасьць балаў. А затым сам абтэлефаноўваў бацькоў, запрашаючы на гутарку.

Апроч таго, з ініцыятывы дырэктара была створана «апякунская рада», якая дзейнічала пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам і распараджалася «добраахвотнымі ахвяраваньнямі», якія паступалі на азеляненьне, добраўпарадкаваньне і бясконцыя рамонты клясных памяшканьняў.

У менскай гімназіі №4

У менскай гімназіі №4

Юры Бандарэнка ўжо восем гадоў як мог сысьці на пэнсію. Аднак усе апошнія гады размовы пра тое, што заслужанага настаўніка нарэшце будуць замяняць, так і заставаліся размовамі. Як перакананы пэдагагічны калектыў, трымацца на плыву дапамагалі найперш «падвязкі» на ўзроўні кіраўніцтва РАНА Фрунзенскага раёну і Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму — зь яго старшынём Міхаілам Мірончыкам Бандарэнка сябраваў.

Сам Юры Міхайлавіч таксама прайшоў праз адміністрацыйную дзейнасьць: на пачатку 1980-х у 35-гадовым узросьце ўзначаліў Фрунзенскае РАНА, стаўшы самым маладым кіраўніком такой структуры. Пасьля кіраваў аналягічным аддзелам у РАНА Першамайскага раёну. Адтуль пры цьмяных абставінах сышоў, але неўзабаве быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пасьля вяртаньня з-за мяжы ў 1997 годзе быў прызначаны дырэктарам гімназіі № 4 Менску.

Як стала вядома, акурат учора адбылася нарада дырэктараў сярэдніх школ і гімназіяў Менску, у кулюарах якой расстроеная загадчыца РАНА скардзілася калегам — відаць, і я працую апошні дзень.

Менская гімназія №4

Менская гімназія №4

Юры Бандарэнка хоць і кіраваў беларускамоўнай установай, але беларускасьці ў яе сьценах яўна бракавала. Нестыкоўка паміж шыльдай і практыкай ня раз станавілася прычынай канфліктных сытуацыяў.

Адным з самых паказальных стаў пікет пад вокнамі гімназіі ў міжнародны Дзень роднай мовы. Зладзіў пікет Гэнік Лойка, чые трое дзяцей навучаліся і навучаюцца дагэтуль у школе. Вядомы скульптар і актывіст патрабаваў рэальнай, а ня «дзьмутай» беларускасьці з унясеньнем адпаведных пунктаў ва ўнутраны статут. Скончылася гэта для пікетоўца 5 суткамі арышту, кіраўніцтва гімназіі судовае рашэньне ўхваліла.

Рабіліся спробы беларусізаваць беларускую гімназію з дапамогай несумненных аўтарытэтаў. На прыём да дырэктара Бандарэнкі ў кампаніі з тым жа Лойкам ды некаторымі іншымі актыўнымі бацькамі хадзілі паэт Генадзь Бураўкін, чый унук тут вучыўся, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч ды іншыя. Аднак кіраўнік установы горача запэўніваў, што праблемаў зь беларускай мовай у гімназіі няма, гэта толькі прыдумкі нядобразычліўцаў.

Менская гімназія №4. (Зьлева направа) Былая завуч Алена Калтовіч, дырэктар Юры Бандарэнка, пісьменьнік Генадзь Бураўкін, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч і скульптар Гэнік Лойка пад скульптурай Ўладзімера Караткевіча працы Гэніка Лойкі

Менская гімназія №4. (Зьлева направа) Былая завуч Алена Калтовіч, дырэктар Юры Бандарэнка, пісьменьнік Генадзь Бураўкін, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч і скульптар Гэнік Лойка пад скульптурай Ўладзімера Караткевіча працы Гэніка Лойкі

Юры Бандарэнка — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны і знакамі «Выдатнік адукацыі СССР», «Выдатнік адукацыі РСФСР», «Выдатнік адукацыі БССР», ляўрэат прэміі Менгарвыканкаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG