Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоркі дзяржаўнай шоў-індустрыі: ад Ярмошынай да Дарафеевай


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«Зоркай шоў-бізнэсу» назвалі калегі кандыдатку ў дэпутаты парлямэнту сьпявачку Ірыну Дарафееву, і я чарговы раз спатыкнуўся аб гэтае азначэньне.

Аб неадпаведнасьць словаў сутнасьці. Падобны дысананс існуе з «мэрамі», «губэрнатарамі» ды «іншамаркамі». Некаторым СМІ чытачы рэгулярна нагадваюць пра тое, што мэры – выбарная пасада, а не прызначэнцы «вэртыкалі», губэрні – правінцыі Крамля, а легкавыя аўтамабілі ў Беларусі – усе іншамаркі, бо беларускай маркі легкавікоў не існуе ў прыродзе.

Але як быць з шоў-бізнэсам у краіне, дзе больш за 80% эканомікі – дзяржаўныя? У тым ліку тэле- радыёвытворчасьць, і канцэртныя пляцоўкі татальна кантралююцца дзяржавай. Які гэта шоў-бізнэс, ці нават проста – бізнэс?

Памятаю, як калісьці Ірына Дарафеева з гонарам казала ў інтэрвію для БТ, што за год зрабіла канцэртаў больш, чым ёсьць дзён у календары. У якасьці ілюстрацыі ў сюжэце ішлі кадры выступаў на жніве перад мэханізатарамі і ў сельскіх ДК.

Упэўнены, што «вэртыкаль» абы каму не дала б столькі заказаў – кожны выступ аплачваецца, хоць і не ідзе ў кішэню артыста з гледзішча бізнэсу. Бо не дае плюсы ў раскрутку. Затое дае плюсы ў адносіны зь дзяржавай.

Не ўяўляю, колькі дзяржава зарабляе са сваёй шоў-дзейнасьці. Дакладней, які працэнт выдаткаваных грошай закрывае, а які застаецца «вісяком» бюджэту.

Тут як зь сельскай гаспадаркай – усе ведаюць, што яна стратная-датацыйная, але па БТ з гонарам малоцяць пра «перамогі на франтах» бітвы за ўраджай. У чым перамога – што менш датацыяў у параўнаньні з папярэднім годам?

Так і з зоркамі шоў. Дакладней, з зоркамі дзяржаўнай шоў-індустрыі. Можа, грувастка, але блізка да сэнсу.

За бюджэтныя грошы тысячы чалавек робяць БТ, па якім пасьля паказваюць сотні артыстаў – у шырокім сэнсе. Людзей, якія разыгрываюць патрэбныя ролі ў падрыхтаваных сцэнарах. Па выніках робяцца ўнутраныя карпаратыўныя падсумаваньні, абіраюцца лепшыя. Яны і ёсьць – «зоркі».

Так і зь якімі-кольвек выбарамі. Дзяржаўная шоў-індустрыя – гэта і сьпявачка/сьпявак з БТ, і «пераможца» дэпутат, і старшыня выбарчай камісіі ў экране тэлевізара.

А Ірына Дарафеева стала квінтэсэнцыяй дзяржаўнай шоў-індустрыі – сьпявачкай-дэпутатам. Фактычна «камсамолка атрымала заданьне» забіць двух зайцаў.

Зрэшты, мой тэкст – зварот да калегаў-мэдыйнікаў. Падумайце пра тое, што ва ўсёй названай гульні ў шоў-бізнэс і выбары, ва ўсёй названай індустрыі ёсьць і падаткі тых самых недзяржаўных СМІ, якія часам ненаўмысна, відаць, па інэрцыі, падыгрываюць людзям дзяржаўнай закрытай сыстэмы, якая існуе сама для сябе, але сілкуецца звонку – з вас, з нас усіх.

Каму як ня СМІ называць рэчы сваімі імёнамі.

XS
SM
MD
LG