Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На які рынак абрынуцца рублёвыя запасы?


Чым пагражае фінансавай сыстэме Беларусі вялікая колькасьць «гарачых» грошай у насельніцтва?

Глод: Паводле падлікаў вядомага беларускага фінансіста Ўладзімера Тарасава, сума так званых «гарачых» грошай на руках у насельніцтва складае каля 10-13% ад аб’ёму розьнічнага гандлю. Гэтыя значныя грошы ў беларускiх рублях у любы момант могуць хлынуць на валютны або таварны рынкі, дэстабілізуючы іх. Прычым штомесяц аб’ём такіх запасаў толькі павялічваецца.

Аб маштабе патэнцыйных праблемаў можна меркаваць, разглядаючы дадзеныя Нацыянальнага банку Беларусі аб дэпазытах фізычных асобаў на 1 жніўня 2016 году. Як высьвятляецца, сума перакладных дэпазытаў, у асноўным, сродкаў на банкаўскіх картках, у ліпені павялічылася ў параўнаньні з чэрвенем на 26%. Гэта значыць, у ліпені, як і ў чэрвені, людзі зьнізілі аб’ём набыцьця валюты.

Такі працэс зусім не характэрны для беларускіх фінансаў. Звычайна ў летнія месяцы беларусы больш купляюць валюты, чым прадаюць. Тлумачыцца гэта проста — на адпачынак за мяжу зь беларукімі рублямі не паедзеш. Патрэбныя там — эўра і даляры. Аднак сёлета з прычыны крызісу шмат хто ня можа дазволіць сабе адпачываць на моры. Вось гэтыя людзі і пакінулі свае зьберажэньні на сваіх бягучых рахунках.

Сёлета з прычыны крызісу шмат хто ня можа дазволіць сабе адпачываць на моры. Вось гэтыя людзі і пакінулі свае зьберажэньні на сваіх бягучых рахунках.

Зразумела, што частка гэтых сродкаў пайшла на тэрміновыя рублёвыя дэпазыты. Але, як сьведчыць Нацбанк, гэта невялікія сумы. Таму верагодна, што насельніцтва пачало назапашваць наяўныя грошы ня толькі ў валюце, але і ў рублях.

Урэшце, як адзначае аналітык Тарасаў, чым бы працэс назапашваньня «гарачых» грошай ні быў выкліканы, галоўнае, што ў ліпені на руках насельніцтва апынулася дадаткова дзесьці 300-400 мільёнаў новых рублёў. І яны ў любы момант могуць быць накіраваныя альбо на набыцьцё тавараў, альбо на валютны рынак.

Такім чынам, у беларускай фінансавай сыстэме паўстаў дадатковы фактар рызыкі ўзьнікненьня нестабільнасьці. Калі сродкі насельніцтва хлынуць на валютны рынак, то гэта можа прывесьці да раптоўнай дэвальвацыі рубля. А калі людзі пачнуць масава набываць тавары, то гэта можа прывесьці да росту цэнаў або да ўзьнікненьня дэфіцыту тавараў. Бо на гарачыя грошы, як я ўжо казаў на самым пачатку, можна набыць да 13% усяго аб’ёму розьнічнага гандлю.

Такім чынам на фінансавым рынку Беларусі склалася сытуацыя, якой раней, мабыць, не назіралася. Прычым з кожным месяцам дадзеная рызыка будзе толькі нарастаць.

Карбалевіч: Думаю, часткова праблема ўзьнікла ў сувязі з дэнамінацыяй. Мэдыі папярэджвалі, што, магчыма, будуць пэўныя перабоі з атрыманьнем новых грошай, таму трэба назапасіць на першы час наяўных грошай.

Дарэчы, за паўгода рэальныя грашовыя даходы насельніцтва скараціліся на 7%, у параўнаньні зь першымі шасьцю месяцамі мінулага году.

Другі момант: у сувязі з рашэньнем Нацбанку аб зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня банкі зьнізілі стаўкі па рублёвых унёсках. Цяпер максымальная стаўка ў «Беларусьбанку» — 20,5%. А дасюль была 25%. Летась увогуле яна была звыш 35% і нават больш. Да таго ж, такая максымальная стаўка 20,5% даецца толькі на ўнёскі ня менш, чым на год. Калі тэрмін меншы, адпаведна стаўка падае. То бок прыцягальнасьць рублёвых тэрміновых дэпазытаў значна зьменшылася.

Дарэчы, за паўгода рэальныя грашовыя даходы насельніцтва скараціліся на 7%, у параўнаньні зь першымі шасьцю месяцамі мінулага году.

Нацбанк ужо неяк умее працаваць з такімі праблемамі, сутыкаючыся зь імі шмат гадоў, ён навучыўся іх разрульваць. Таму вось гэтая праблема ня самая вялікая, якая ёсьць сёньня ў беларускай эканоміцы.

Дракахруст: Гэтыя скачкі аб’ёму грошай на бягучых рахунках у значнай ступені зьвязаныя з дэнамінацыяй. У чэрвені-ліпені гэтыя аб’ёмы вырасьлі, але ў траўні-чэрвені яны зьменшыліся. Людзі яшчэ ня вельмі разумеюць, што з новымі грашыма рабіць, як іх трымаць. Таму цяпер узьнікла няпэўнасьць, адсюль скачкі аб’ёму грашовай масы на бягучых рахунках. Але трэнд пакуль не вядомы.

Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня — гэта двусечная зброя. Нядаўна Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацбанку, камэнтаваў гэтае рашэньне і тлумачыў, што так, з аднаго боку зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня — гэта палёгка прадпрыемствам, бо яны і так стогнуць ад высокіх адсоткаў на крэдыты, дык ім крышачку далі паветра.

Людзі яшчэ ня вельмі разумеюць, што з новымі грашыма рабіць, як іх трымаць.

Але зь іншага боку, калі зьніжаецца стаўка рэфінансаваньня, то зьніжаецца і адсотак на банкаўскія дэпазыты. Тэрміновыя дэпазыты робяцца менш прывабнымі. З чэрвеня па ліпень вырасла маса грошай менавіта на бягучых рахунках, на картках, якімі можна плаціць, гэта сапраўды «гарачыя» грошы. А вось істотнага росту аб’ёму тэрміновых дэпазытаў, якія кладуцца пад адсотак, не назіраецца, і магчыма зараз ён яшчэ зьменшыцца, таму што адсотак зьнізіўся.

Мне здаецца, асабліва з улікам сытуацыі на валютным рынку, што калі Беларусі штосьці і пагражае з прычыны гэтага грашовага «навесу», то гэта не дэвальвацыя, а інфляцыя. Бо даляры купляць, як мы бачым, і няма вялікага жаданьня, а вось тое, што гэтыя грошы могуць абрынуцца на таварны рынак, і адпаведна падняць цэны, гэта цалкам імаверна.

Станіслаў Багданкевіч з павагай казаў, што ў Нацбанку працуюць прафэсіяналы, што ім відней, але ён бы пачакаў, паглядзеў на тэндэнцыі ў дынаміцы грашовай масы, бо яна скача. Бо ў гэтым зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня ёсьць рызыка інфляцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG