Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы апостальскі нунцый Габар Пінтэр прыбыў у Менск: «Папа Рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасьць для візыту»


18 жніўня ў Беларусь прыбыў новы апостальскі нунцый, арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Пра гэта паведаміў партал Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

Апостальскага нунцыя сустракалі ў менскім аэрапорце ўсе сябры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі на чале зь яе старшынём — мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Прыляцеўшы ў Менск, Габар Пінтэр сказаў, што ягонай першапачатковай задачай стануць сустрэчы зь біскупамі, сьвятарамі, вернікамі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. Прыблізна ў кастрычніку адбудзецца сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Апостальскі нунцый таксама паведаміў, што бачыўся з папам Францішкам 13 дзён таму:

«І практычна першым, пра што зайшла гаворка, быў апошні візыт прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і яго сустрэча з пантыфікам, а таксама запрашэньне ў Беларусь. Папа Рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасьць для гэтага візыту. Я не магу сказаць, калі ці як, але думаю, што сказанае пантыфікам — штосьці пазытыўнае для Беларусі».

Габар Пінтэр прызначаны новым апостальскім нунцыем у Беларусі 13 траўня. Да гэтага ён займаў пасаду дарадцы апостальскай нунцыятуры ў Аўстрыі.

Габар Пінтэр нарадзіўся 9 сакавіка 1964 году ў Вугоршчыне. На дыпляматычнай службе Ватыкану з 1996 году, працаваў у Балівіі, Гаіці, краінах Скандынавіі, у Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае вугорскай, нямецкай, італьянскай, ангельскай, францускай, гішпанскай, крэольскай, швэдзкай і расейскай мовамі.

Папярэдні апостальскі нунцый, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці працаваў у Беларусі зь сярэдзіны лета 2011 па лістапад 2015 году і пакінуў гэты пост у сувязі з прызначэньнем яго кіраўніком дыпляматычнай місіі Ватыкану ва Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG