Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра падзеі жніўня 1991-га — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выходзіць другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».

19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) абвясьціў, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя, і ўвёў у Маскву войскі. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Па тэлевізары два дні паказвалі балет «Лебядзінае возера».

У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала путчыстаў. У той час рашэньні прымаў Вярхоўны Савет XII скліканьня. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. 20 жніўня на плошчу да Дому ўраду выйшаў народ. 21 жніўня ўвечары прыйшло паведамленьне з Масквы, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.

19 жніўня ў 91-ым большасьць беларусаў прачнулася пад паведамленьне пра ўвядзеньне з 4 гадзінаў раніцы надзвычайнага становішча; Гарбачоў адхілены, на яго месцы — фармальна віцэ-прэзыдэнт Янаеў, а рэальна краінай кіруе «ГКЧП» (у перакладзе з расейскай — «дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы»). Надзвычайнае становішча — гэта, звычайна, камэнданцкая гадзіна, патрулі. Ну і танкі, іншая бронетэхніка — як жа бязь іх? ГКЧП складаўся зь віцэ-прэзыдэнта СССР, старшыні КДБ, міністраў абароны і ўнутраных справаў і яшчэ зь некалькіх прыхільнікаў жорсткіх захадаў дзеля захаваньня камуністычнай імпэрыі.

Падзеньне - 20 гадоў пасьля распаду СССР. Мікрасайт (2011)

А я ехаў са свайго Ўручча, з вуліцы Гінтаўта, у Дом ураду і нічога гэтага ня ведаў, бо тэлевізар раніцай не ўключыў, а хатняга тэлефона ў мяне тады не было. У аўтобусе ж і ў мэтро па тварах людзей неяк не выглядала, што нешта здарылася.

Калі мяне не падводзіць памяць, у той дзень мы меліся сустрэцца з Пазьняком у Доме ўраду дзеля падрыхтоўкі заявы з нагоды заплянаванага на заўтра ў Маскве падпісаньня «саюзнай дамовы». Дамовіліся на час пасьля абеду, але я паехаў раней, бо трэба было перадаць машыністкам на раздрукоўку нейкія законапраекты. Словам, звычайныя рутынныя палітычныя справы.

І толькі прыехаўшы ў Вярхоўны Савет (было недзе крыху болей за 9 гадзінаў раніцы), я даведаўся пра пераварот. Першым, як аказалася, прыехаў Лявон Баршчэўскі — ён жыў бліжэй за ўсіх да Дому ўраду. (Пазьняк прыехаў каля 11-й, ад ягонай Ангарскай транспарт ішоў дрэнна, ды яшчэ трэба было рабіць перасадкі.) У памяшканьні Апазыцыі БНФ, 363-м пакоі, паступова сабраліся ўсе, хто тады быў у Менску — Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Ігар Гермянчук, Юрась Беленькі, Галіна Сямдзянава, Лявон Дзейка, Павал Холад...

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991 г. З архіву С. Навумчыка.

«Яго — сёньня, цябе — заўтра»

Чым пагражае ГКЧП — гэта мы зразумелі адразу.

Між іншым, пра саму абрэвіятуру, якую адмыслова не перакладаю з расейскай.

На пачатку 1990-ых гадоў, у часы нядоўгай і непасьлядоўнай беларусізацыі, расейскія абрэвіятуры перакладаліся ў прэсе дакладна: «НКУС» («народны камісарыят унутраных справаў», «ДКНС» («дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы»). Лічу, што ўжываць гэтыя прыдуманыя ў Маскве словы варта так, як яны зафіксаваліся ў сьвядомасьці — па-расейску. Бо, як і КГБ, гэтыя абрэвіятуры зрабіліся паняцьцямі, зьявамі — не перакладаем жа мы запазычанае з лаціны слова «інквізыцыя».

Таму тут і далей буду ўжываць, без перакладу, ГКЧП — «Государственный комитет по чрезвычайному положению».

Члены ГКЧП заявілі, што Гарбачоў «паводле стану здароўя» ня можа выконваць прэзыдэнцкія абавязкі, і бралі ўладу ў свае рукі. Гарбачоў быў ізаляваны на летняй рэзыдэнцыі ў крымскім Фаросе, на вуліцы Масквы выйшлі танкі. Тыя маскоўскія падзеі дастаткова добра апісаныя, і я ня буду на іх спыняцца, патлумачу толькі, чаму ўтварэньне ГКЧП адразу успрынялося намі як вялізная небясьпека.

Па-першае, у ягоны склад увайшлі тыя, хто найбольш зацята выступаў за захаваньне СССР — нагэтулькі зацята, што нават прапанаваная Гарбачовым «саюзная дамова» ім падавалася «разбуральнай». Па сутнасьці, гэта былі прыхільнікі рэстаўрацыі імпэрыі ў яе самым жорсткім, «сталінскім» варыянце.

І ў выпадку ўмацаваньня іхнага рэжыму незалежнасьць Беларусі магла яшчэ доўгія гады заставацца недасягальнай марай.

Па-другое, усталяваньне дыктатарскага рэжыму адбывалася б ня проста жорстка, а з крывёю, і яе б пралілі шмат: старшыня КГБ Кручкоў, які ўвайшоў у склад ГКЧП (і, як потым выявілася, быў галоўным ініцыятарам яго стварэньня) выразна прадэманстраваў усяму сьвету свой стыль у студзені 1991-га ў Вільні, калі КДБ справакаваў выкарыстаньне савецкімі вайскоўцамі сілы і загінулі 14 чалавек.

Нарэшце, утварэньне ГКЧП, абвяшчэньне надзвычайнага становішча і адхіленьне ад пасады Гарбачова было парушэньнем Канстытуцыі СССР. Мы дамагаліся выхаду з СССР і ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна Гарбачова — але лічылі, што парушэньне Канстытуцыі СССР сілавымі міністрамі прывядзе да некантраляваных працэсаў.

Так, пасьля візыту Гарбачова ў Менск у лютым 1991-га і праграмнай заявы на сустрэчы ў Акадэміі навук, дзе ён адкінуў сваю ранейшую дэмакратычную рыторыку, заявіўшы пра вернасьць «камуністычнаму выбару» і аблаяўшы «нацыяналістаў», ілюзіі адносна яго страцілі нават тыя сябры БНФ, якія іх яшчэ мелі. Гарбачоў дамагаўся захаваньня імпэрыі, і тут ягоныя намеры супадалі з мэтамі камуністычнага кіраўніцтва Беларусі.

І пры ўсім гэтым — тое, што рабіла з Гарбачовым ГКЧП, было гвалтоўным парушэньнем законнасьці дый проста справядлівасьці. Мы выступалі не ў абарону Гарбачова як палітыка, а ў абарону законна абранага прэзыдэнта, у абарону прыярытэту права і дэмакратыі.

Зрэшты, лепш за ўсіх стаўленьне да Гарбачова перадаў невядомы мне хлапец, які ў тыя дні прыйшоў на наш мітынг перад Домам ураду з партрэтам Гарбачова, на якім напісаў: «Яго — сёньня, цябе — заўтра». (Дарэчы, фотаздымак гэтага хлопца з плякатам я перадаў Гарбачову ў 1996 годзе ў Нью-Ёрку. Потым я даведаўся, што здымак-плякат зрабіў прадпрымальнік Яўген Ліпковіч: разам з жонкай яны набылі ў кнігарні некалькі партрэтаў Гарбачова, зрабілі надпісы і прынесьлі на плошчу).

Мы разумелі, што для нас гэтае «заўтра» можа мець самы прамы сэнс.

Мікалай Дземянцей

Мікалай Дземянцей

Дземянцей: «Я ж не пацанёнак»

Мы вырашылі высьветліць сытуацыю зь першых вуснаў — у старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея, які назаўтра меўся ехаць у Маскву і падпісваць з Гарбачовым «саюзную дамову». Акрамя таго, Дземянцей у адпаведнасьці з пасадай меў права склікаць нечарговую сэсію.

Да Дземянцея нас пайшло шасьцёра — Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі і я. Мы зь Ігарам Герменчуком рабілі запіс на дыктафоны (дыктафон я ўзяў у кагосьці з дэпутатаў, што застаўся ў пакоі апазыцыі, і адразу вярнуў, таму запіс у мяне не захаваўся). Праз колькі дзён тэкст быў зьмешчаны ў «Свабодзе» і «Знамени юности». У «Свабодзе» тэкст быў скарочаны праз эканомію газэтнай плошчы, у «Знамени юности» словы адных дэпутатаў прыпісаныя іншым (гэта ня ў якасьці папроку: мы не прадстаўляліся, а журналісты маглі і не разабрацца, дзе чый голас). Тут падаю дыялёг максымальна набліжаным да рэальнага.

Гутарка адбылася ў кабінэце Дземянцея.

Заблоцкі: «Аналіз сытуацыі сьведчыць, што з парушэньнем Канстытуцыі і законаў СССР уладу ў Крамлі спрабуе захапіць так званы камітэт па надзвычайным становішчы. Апазыцыя лічыць неабходным тэрмінова склікаць сэсію і абмеркаваць становішча. Мы думаем, што 7 чалавек, якія ўвайшлі ў склад гэтага камітэту, ня маюць права вырашаць за кожную рэспубліку».

Дземянцей: «Нічога яны за нас не вырашаюць».

Заблоцкі: «Яны за нас вырашаюць усё. Гэта — відавочна. Таму Вярхоўны Савет БССР, як мы лічым, павінен тэрмінова сабрацца і заявіць, што гэты камітэт антыканстытуцыйны і не паўнамоцны ўводзіць надзвычайнае становішча».

Голубеў: «Мікалай Іванавіч, наш Вярхоўны Савет павінен вызначыць: падтрымліваем мы гэтых самазванцаў ці будзем усё ж кіравацца канстытуцыйнымі прынцыпамі. Мы ведаем, што Вы званілі Лук’янаву (старшыні Вярхоўнага Савету СССР, які быў на баку путчыстаў — С.Н.). Зразумела, яму нічога не заставалася сказаць Вам, як толькі тое, што „ўсё робіцца паводле закону“. Але Беларусь павінна вырашаць сама за сябе».

Дземянцей: «Вы з Гарбачовым асабіста сустракаліся? Вы ведаеце, чаму нарадзілася ў яго гэтая заява?»

Голубеў: «Якая заява?»

Дземянцей: «Ну будзе яна, гэтая заява. Я ж не ад Гарбачова прыехаў. Вы, калі хочаце, едзьце да Гарбачова. Калі ласка, калі хочаце, пазваніце яму».

Навумчык: «Давайце пазвонім ад Вас па ВЧ» (так называлі адмысловую высокачастотную сувязь асаблівай сакрэтнасьці — С.Н.).

Дземянцей: «Я ж не пацанёнак. Вы можаце сябе так толькі ў дзіцячым садку паводзіць. Але вы тут знаходзіцеся з дарослым чалавекам. Не размаўляйце вы так са мной. Не сьпяшайся, не сьпяшайся. Ты ўсё ведаеш, ты ўсё можаш, можаш быць нават прэзыдэнтам краіны».

Голубеў: «Не».

Дземянцей: «Не, чаму, мог бы быць прэзыдэнтам. Вось вы разумееце, калі ў мяне надыдзе момант, што я адмоўлюся ад сваёй пасады, вы што, мяне прымусіце?»

Голубеў: «А другой гадзіне ночы?»

Дземянцей: «Вы былі там? Якія вы маеце адносіны, што з Гарбачовым і якую ён заяву зрабіў? Вы ведаеце пра гэта альбо не?»

Голубеў: «Я грамадзянін гэтай дзяржавы, я дэпутат Вярхоўнага Савету, і мой абавязак — стаяць на абароне Канстытуцыі».

Дземянцей: «І стойце, заўсёды стойце. Але стаяць трэба пасьлядоўна. Калі вы напішаце заяву аб складаньні сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў, дык — хто б як бы ні разважаў — вы напісалі заяву».

Голубеў: «Я не напішу».

Дземянцей: «Ну, не напісалі, і добра. Дык вось. Калі Гарбачоў за шэсьць гадоў прыйшоў да такога цяжкага стану, у якім ён, як і заўсёды, быў і працягвае заставацца, прыйшоў ён да такога стану. Я кажу гэта не паводле маіх службовых абавязкаў, а па-чалавечы. Ён прыйшоў да такога стану. І кожны чалавек можа прыйсьці да такога стану. І ён прыйшоў да такога стану. (Гэта ня стужка ў магнітафоне заядае, гэта гаворыць Дземянцей — С.Н.). І гэтая група, дакладней сказаць, Янаеў, былі зь ім разам, знаходзіліся, і гэтая нарадзілася заява разам з Гарбачовым. Па стану ягонага здароўя, яшчэ раз паўтараю...»

Навумчык: «Дзе заключэньне дактароў?»

Дземянцей: «Калі вы мяне хочаце слухаць — так, калі ўсё ведаеце — прашу, тады не перашкаджайце... Я вам кажу: у Гарбачова выцеклі, скажам, усе псыхалягічныя моманты, што яму далей казаць? І ён гаворыць: я далей ня рухаюся, давайце думаць разам. Вось і давялося па Канстытуцыі часова выконваць абавязкі Янаеву. Прэзыдэнт за суткі да гэтага пайшоў у адстаўку. На працягу тыдня будзе скліканая сэсія Вярхоўнага Савету СССР. Усё робіцца па Канстытуцыі. У нашыя рэспубліканскія справы ніхто ня ўмешваецца. Нам няма патрэбы зьбіраць сэсію. Гарбачоў сам за сябе вырашыў. Ён сышоў, а жыцьцё будзе працягвацца. Нам, беларусам, нішто не пагражае. І ня трэба падбухторваць людзей».

Гермянчук: «Выходзіць, што Вы прызнаяце законнасьць камітэту на чале зь Янаевым і будзеце выконваць яго распараджэньні?»

Дземянцей: «А што Вы хочаце, каб я выконваў?»

Гермянчук: «Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі зьявяцца на вуліцах Беларусі».

Дземянцей: «Усё, я далей ня буду працягваць размову. Паўтараю: Гарбачоў падаў у адстаўку. Абавязкі прэзыдэнта выконвае віцэ-прэзыдэнт Янаеў».

Заблоцкі: «Вы можаце казаць нам што заўгодна. Аднак усе разумеюць, што ў СССР адбываецца нэабальшавіцкі пераварот. Таму мы настойваем на тэрміновым скліканьні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Калі Вы адмаўляецеся гэта зрабіць, мы будзем зьбіраць патрэбныя 115 подпісаў дэпутатаў».

Было зразумела, што Дземянцей падтрымлівае путчыстаў. Пазыцыя старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі выглядала вельмі здрадніцкай на фоне інфармацыі, якая пачала паступаць з Масквы — там прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын выступіў з асуджэньнем ГКЧП і заклікаў не выконваць загады хунты.

Тады ж Уладзімер Заблоцкі канкрэтызаваў журналістам нашы патрабаваньні да сэсіі, якая мелася прыняць папраўку да артыкулу 72 Канстытуцыі «Аб вяршэнстве законаў БССР на яе тэрыторыі» і — што даўно было галоўнай мэтай БНФ — надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйны статус.

«Многае павінны зразумець і людзі, якія дагэтуль не задумваліся пра сутнасьць „абноўленага Саюзу“, пра тое, чаму неабходны сувэрэнітэт кожнай рэспубліцы і чаму трэба яго дамагацца. Гэта будзе самая слушная выснова, якую зараз зробіць беларускі народ. Я спадзяюся на гэта!» — сказаў Уладзімер Заблоцкі ў інтэрвію газэце «Свабода».

Зянон Пазьняк І Сяргей Навумчык на мітынгу супраць ГКЧП, жнівень 1991

Зянон Пазьняк І Сяргей Навумчык на мітынгу супраць ГКЧП, жнівень 1991

Што нас чакала

20 жніўня карэспандэнт газэты «Свабода» зрабіў здымак на чыгуначнай станцыі Менск-Радыятарны: туды падагналі некалькі вагонаў з закратаванымі вокнамі. У такіх вагонах на этап вазілі зьняволеных. Празь некалькі дзён, пасьля правалу путчу, краты з вокнаў былі зрэзаныя.

Калі мы празь некалькі дзён пабачылі гэты здымак у газэце, у нас не было ніякіх сумневаў, каго запіхнулі б у тыя вагоны ў выпадку перамогі ГКЧП і ў які накірунак нас павезьлі б.

Здымак з газэты "Свабода", жнівень 1991.

Здымак з газэты "Свабода", жнівень 1991.

Пазьней сталі вядомыя іншыя сьведчаньні намераў хунты ў дачыненьні да тых, хто перашкаджаў бы ёй вярнуць народ у камуністычнае стойла. Зь імі не зашкодзіла б пазнаёміцца тым, хто праз гады будзе называць путч «апэрэтачным». Некаторыя з тых, хто ўвайшоў у ГКЧП, сапраўды нагадвалі камічных пэрсанажаў, але сапраўднымі арганізатарамі былі кіраўнікі КГБ — установы, якая з моманту свайго ўтварэньня ў 1918 годзе не спынілася перад мільёнамі ахвяраў.

Адмысловая парлямэнцкая камісія, створаная пасьля правалу путчу, не атрымала ад КДБ ніводнага дакумэнта, які б адлюстроўваў пляны гэтага ведамства па «ўкараненьні ў жыцьцё» (як тады прынята было казаць) рашэньняў ГКЧП. Але гэта зусім не азначае, што такіх плянаў не існавала (дарэчы, КДБ увогуле ня даў камісіі ніякіх дакумэнтаў) — асабліва калі ўлічыць, што галоўным рухавіком ГКЧП быў старшыня дзяржбясьпекі СССР Уладзімер Кручкоў. Я перакананы, што дакумэнты былі зьнішчаныя ў першыя ж гадзіны пасьля правалу путчу.

Намесьнік міністра інфармацыі і друку СССР Аляксандар Гаркаўлюк распавядаў сьледчым пракуратуры Расеі пра нараду, якую ў першы дзень перавароту, 19 жніўня, правёў прэм’ер-міністар СССР Валянцін Паўлаў:

«Пачаў ён гэтую нараду словамі: «Ну што, мужыкі, будзем страляць альбо будзем саджаць?» Пачаўшы гэтай фразай, Паўлаў увесь час трымаў прысутных у псыхалягічным напружаньні. На працягу вечара ён некалькі разоў казаў аб выкарыстаньні ракет тыпу «стынгер», вайсковых фармаваньняў, прыгаворваў: «Або мы іх, або яны нас!» (Мариэтта Чудакова, «Егор», Москва, 2012).

Гэта, заўважу, кажа не азлоблены вайсковы пэнсіянэр, а дзейны прэм’ер-міністар.

Тагачасны генэральны пракурор Расеі Валянцін Сьцепанкоў спасылаецца на дадзенае сьледзтву паказаньне начальніка службы спэцпадразьдзяленьня КГБ Старадубцава, які заявіў начальству, што вырашыў ня ўдзельнічаць у штурме Белага дому і папрасіў дазволу пакінуць кабінэт. У адказ ён пачуў ад намесьніка ўпраўленьня КГБ па Маскве і Маскоўскай вобласьці Карабанава: «Ня трэба. Калі што, мы цябе расстраляем» (Мариэтта Чудакова, «Егор»).

А вось яшчэ адзін паказальны эпізод.

«У адным з артыкулаў публіцыста і пісьменьніка Дзяніса Драгунскага падаецца аповед ягонага знаёмага, які ў жніўні 1991 году працаваў у апараце расейскага ўраду. У першыя дні пасьля паразы змоўшчыкаў КГБ быў у вялікай разгубленасьці, у поўнай невядомасьці адносна свайго лёсу. У гэтыя дні да суразмоўцы Драгунскага зайшоў малады афіцэр КГБ. Ён прыйшоў з адзінай просьбай — захаваць жыцьцё ягонай жонцы і аднагадоваму сыну. У тым, што сам ён у найбліжэйшым часе будзе расстраляны, ён не сумняваўся, як чалавек вайсковы, лічыў гэта заканамерным і аб літасьці не прасіў. Перакананы, што рэпрэсіі напаткаюць усю ягоную сям’ю, ён прасіў літасьці толькі да іх... Суразмоўца Драгунскага казаў, што, слухаючы маладога афіцэра, ён упершыню за гэтыя дні па-сапраўднаму спужаўся, ды так, што халодны пот пацёк у яго па хрыбце. Я зразумеў, што яны зьбіраліся зрабіць з намі ў выпадку іх перамогі...» (Мариэтта Чудакова, «Егор»).

Гэтыя сьведчаньні не пакідаюць сумневаў, які лёс нас чакаў — калі б мы не маўчалі. А мы — не маўчалі.

Праўда, застаецца дыскусійным пытаньне: як доўга магло б пратрымацца ГКЧП з улікам катастрафічнай эканамічнай сытуацыі ў СССР? Менавіта гэтую сытуацыю Ягор Гайдар лічыць адным з галоўных фактараў недаўгавечнасьці ГКЧП.

«Эканамічная сытуацыя, якая склалася ў СССР да жніўня 1991 году, усталёўвала жорсткія межы магчымых варыянтаў разьвіцьця падзеяў, — перакананы Гайдар. — Нават калі б арганізатары перавароту здолелі ўтрымаць уладу, гэта не зьмяняла эканамічнага становішча краіны. Ад банкруцтва, спыненьня выплатаў па зьнешніх запазыках, краіну аддзялялі тыдні — і гэта пры поўным спыненьні разьлікаў за імпартныя пастаўкі. Пра буйныя заходнія крэдыты ў выпадку посьпеху ГКЧП думаць не даводзілася. Новым уладам давялося б прымаць рашэньні пра далейшае скарачэньне закупак харчаваньня, зьніжэньне пагалоўя жывёлы, скарачэньне імпарту іншых харчовых тавараў, спыненьне заводаў праз адсутнасьць імпартных камплектуючых» (Егор Гайдар, «Гибель империи. Уроки для современной России». Масква, 2006).

Нібыта ўсё слушна — ды вось толькі гісторыя СССР сьведчыць, што пры рэпрэсіўным здушэньні народ трываў куды большую нястачу. І трываў гадамі. А тыя кроплі свабоды, якія ўдавалася схапіць ці то ў часы НЭПу ці ў гады хрушчоўскай адлігі, чэкісты і войска выціскалі вельмі хутка.

Зусім магчыма (і нават верагодна), што ГКЧП не пратрымаўся б вельмі доўга — але і двух-трох гадоў хапіла б, каб колькасьць ахвяраў імпэрскай рэпрэсіўнай машыны павялічылася не на адну тысячу.

«Мы маем дачыненьне з таталітарным прыёмам захопу ўлады»

У калідорах Вярхоўнага Савету пачалі зьяўляцца і нашыя палітычныя апанэнты, дэпутаты-камуністы. Настрой у іх быў бадзёры, некаторыя паблажліва паляпвалі нас па плячы — маўляў, трымайцеся, хлопцы, раней было так, жартачкі, а вось зараз у вас пачнуцца цяжкія часы. Некаторыя зласьліва казалі: вы на свабодзе апошнія дні.

Ці ўсьведамлялі мы ўсю небясьпеку асабіста для нас, дэпутатаў, у тым выпадку, калі б ГКЧП замацаваўся? У той момант мы ня ведалі ўсіх плянаў змоўшчыкаў у дэталях, але добра памяталі гісторыю панаваньня камуністычнага рэжыму — з Курапатамі і ГУЛагам. Але цікава вось што: я не магу прыгадаць, каб мы ў Апазыцыі БНФ абмяркоўвалі, што з намі могуць зрабіць — арыштаваць, выслаць, пасадзіць у турму альбо забіць. Пра ўсё гэта за тры дні путчу я ня чуў ні слова. Кожны з нас, вядома, думаў пра такое — але ўголас мы не выказваліся. Дый хапала неадкладнай працы.

У тралейбусе па дарозе ў Вярхоўны Савет Пазьняк зрабіў накіды заявы, але паколькі мы (Баршчэўскі, Голубеў і я) дабраліся раней і мелі перад сабой тэксты Канстытуцыі і законаў, дык тэкст ужо быў складзены (тыя паперы ў мяне захаваліся, тэкст напісаны рукой Лявона Баршчэўскага). Пазьняк ухваліў наш тэкст: зводзіць два варыянты ў адзін проста не было часу, мы зрабілі нейкія дадаткі і падпісалі.

Пазьняк адразу ўзяў справу ў свае рукі. У экстрэмальных сытуацыях ён заўсёды дзейнічаў рашуча: пачаў абзвоньваць людзей, аддаваць распараджэньні. Галоўным вызначыў — арганізаваць масавы супраціў хунце (гэта на плошчах) і дамагчыся скліканьня нечарговай сэсіі. Адначасна вырашылі правесьці мітынг перад Домам ураду.

Мы надрукавалі заяву і перадалі яе журналістам.

«Заява народных дэпутатаў БССР ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту.

У ноч з 18 на 19 жніўня г.г. у Маскве шэрагам асобаў, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады Саюзу ССР, зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. Гэтая спроба парушае арт. 127-3 п. 15 дзейнай Канстытуцыі СССР і арт.15 Закону Саюзу ССР «Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча». Згодна з гэтымі заканадаўчымі актамі, прэзыдэнт Саюзу СССР можа абвяшчаць надзвычайнае становішча ў асобных рэгіёнах СССР толькі са згоды адпаведных органаў дзяржаўнай улады рэспублік «у інтарэсах гарантаваньня бясьпекі грамадзян СССР пры стыхійных бедзтвах, буйных аварыях альбо катастрофах, эпізаотыях, а таксама пры масавых беспарадках. Такім чынам, законных падставаў для ўвядзеньня надзвычайнага становішча у Беларусі і ў СССР няма. Разам з тым, праз 10 гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча адсутнічае Заява прэзыдэнта СССР М.С. Гарбачова аб добраахвотным намеры спыніць выкананьне сваіх паўнамоцтваў і мэдыцынскае заключэньне аб стане яго здароўя. У сувязі з гэтым, законным кіраўніком Саюзу ССР застаецца прэзыдэнт СССР, які можа быць адхілены ад сваёй пасады ня менш як 2/3 галасоў ад агульнай колькасьці Зьезду народных дэпутатаў СССР.

Зьдзейсьненым 18-19 жніўня г.г. актам бальшавікі-камуністы яшчэ раз пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць да гвалтоўнага вырашэньня сацыяльных і іншых праблем. Мы маем дачыненьне з таталітарным прыёмам захопу ўлады.

Дэпутаты ад Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР заклікаюць усіх грамадзян Беларусі захоўваць арганізаванасьць, вытрымку й дысцыпліну, выконваць толькі рашэньні канстытуцыйных органаў улады. Заклікаем нашых выбаршчыкаў правесьці 20 жніўня, у нерабочы час, пасьля 18 гадзін, сустрэчы з народнымі дэпутатамі ўсіх узроўняў і запатрабаваць спыненьня дзейнасьці незаконнага «Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР».

Мы зьвяртаемся да ваеннаслужачых савецкіх Узброеных сіл, супрацоўнікаў МУС і КДБ БССР з заклікам захоўваць вернасьць Канстытуцыі Беларускай ССР і Саюзу ССР, свайму службоваму абавязку, пазьбягаць ужываньня сілы і ўстрымацца ад падтрымкі неканстытуцыйных органаў.

Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР патрабуе тэрміновага скліканьня надзвычайнай сэсіі ВС БССР для абмеркаваньня становішча і прыняцьця неабходных захадаў.

Народныя дэпутаты БССР Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў, Г. Грушавы, Б. Гюнтэр, Л. Дзейка, У. Заблоцкі, Л. Зданевіч, В. Какоўка, М. Крыжаноўскі, С. Навумчык, У. Новік, Я. Новікаў, З. Пазьняк, С. Папкоў, П. Садоўскі, С. Слабчанка, У. Станкевіч, Г. Сямдзянава, А. Трусаў, Я. Цумараў. 19 жніўня 1991 г.«.

Крыху пазьней Пазьняк напісаў лісты да старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча, старшыні КДБ Эдуарда Шыркоўскага і міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава з заклікам «праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць Беларускай рэспубліцы, не прымаць ніякіх патрабаваньняў і загадаў так званага камітэту па надзвычайным становішчы, выконваць законы і Канстытуцыю БССР». Кожны ліст падпісалі некалькі дэпутатаў БНФ, якія ў той момант былі ў пакоі апазыцыі.

Пётра Садоўскі, які ўзначальваў парлямэнцкую камісію па міжнародных сувязях, быў адзіным з дэпутатаў БНФ, які меў факс, і неўзабаве нам удалося ўсталяваць сувязь з атачэньнем Барыса Ельцына. З Масквы нам пераслалі тэксты ўказаў — пад усімі, акрамя подпісу, Ельцын пазначаў і канкрэтны час.

У тыя трывожныя дні путчу 363-ці пакой Апазыцыі БНФ ператварыўся ў штаб супраціву хунце.

Разам з намі запатрабаваў склікаць сэсію Станіслаў Шушкевіч — ён зьвязаўся з кіраўніком Кіргізстану Аскарам Акаевым, які не падтрымаў КГЧП. Званіў ён і некаторым іншым дэмакратычным палітыкам «пры пасадах»: у яго як у першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету быў тэлефон адмысловай урадавай сувязі, так званая лінія ВЧ, доступ да якой мелі найвышэйшыя кіраўнікі СССР, рэспублік і рэгіёнаў, камандуючыя вайсковых акругаў і ўпраўленьняў КГБ. (Увесну таго самага 1991-га Яўген Будзінас выдаваў зборнік артыкулаў Андрэя Сахарава і папрасіў мяне дамовіцца з мэрам Ленінграду Анатолем Сабчаком, які лічыўся паплечнікам Сахарава па міжрэгіянальнай дэпутацкай групе наконт прадмовы да кнігі. Мы з Сабчаком не былі знаёмыя, і я пайшоў да Шушкевіча. Ён пасунуў да мяне тэлефон ВЧ — «Званіце!» Сабчака на месцы не аказалася, і я перадаў просьбу ягонаму вельмі ветліваму памочніку. Прозьвішча памочніка — Пуцін — нічога мне не казала.)

Шушкевіч зьвярнуўся да Дземянцея з прапановай склікаць нечарговую сэсію, але станоўчага адказу не атрымаў. Пазыцыя Шушкевіча як першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету ў дні путчу, асабліва тое, што ён выказаўся за нечарговую сэсію, была для нас падтрымкай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG