Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найноўшая гісторыя Беларусі падобная на ківач (маятнік).

17 сакавіка 1991 году адбыўся «ўсесаюзны рэфэрэндум», на якім большасьць беларусаў прагаласавала за захаваньне СССР. Гэта значыць, супраць незалежнасьці Беларусі.

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці. Гэта значыць, насуперак большасьці беларусаў.

19 жніўня адбыўся путч ГКЧП – за вяртаньне да СССР. Гэта значыць, за тое, што і большасьць беларусаў.

25 жніўня ВС БССР надаў Дэклярацыі канстытуцыйную сілу. Зноў супраць большасьці.

8 сьнежня ў Віскулях падпісалі канец СССР, а ў 1994 большасьць беларусаў выбрала Лукашэнку, які абяцаў вяртаньне СССР. Лукашэнка сваё абяцаньне выканаў у цэлым часткова, але для большасьці беларусаў цалкам – вярнуў не СССР, а БССР.

Літоўская рэспубліка ў тым савецкім рэфэрэндуме ўжо ня ўдзельнічала. Хоць годам раней, калі я туды пераехаў, гэта яшчэ быў Савецкі Саюз.

19 жніўня 1991 году ў лесе пад Вільняй я браў брусьніцы. Шмат брусьніц, ад раньняе раніцы і да вечара. І пра ГКЧП даведаўся толькі тады, калі вярнуўся дадому.

Што было б са мною, калі б ГКЧП перамог?

На момант путчу мы зь сябрамі ўжо аднавілі і выдавалі «Нашу Ніву» (для чаго, уласна, і перабраліся ў старую беларускую сталіцу, дзе выходзіла тая культавая беларуская газэта).

Расейскі путч быў хваляй адліву, адкату, адступленьня. Кажуць, путч праваліўся. На маю думку, гэта ня так. У Расеі па выніку адбыўся адкат, толькі не да СССР, а да імпэрыі. У Беларусі – да БССР.

Вярнуліся манаполія дзяржавы на СМІ і рыторыка ў стылі савецкіх газэт, таемнасьць улады, усемагутнасьць спэцслужбаў, мілітарны характар жыцьця. А галоўнае – татальны ўціск чалавечае годнасьці.

Можна сказаць, што большасьць беларусаў дамаглася свайго, а можна – што прафукалі 20 гадоў трансфармацыі, адмовіўшыся ад уласнай свабоды і правоў чалавека – якраз тых прынцыпаў і ідэалаў, на якіх стаяла і стаіць «Наша Ніва».

Дадам – і стаяла б. Магчыма, гэта было б іншае выданьне, хутчэй за ўсё, паўлегальнае ці зусім нелегальнае, як гэта было ў сярэдзіне 1980-х. Магчыма, яно друкавалася б у Літве і завозілася б у Беларусь, як гэта было ў канцы 1990-х. А калі б гэта было немагчыма, я б перабраўся назад у БССР, як гэта і адбылося некалькі гадоў таму.

Нічога не зьмянілася.

Таму пытаньне ў загалоўку варта паставіць інакш: А што, калі б путч не перамог? Калі б не прафукалі? Станоўчая форма гучыць так: Якога лёсу я жадаю сабе, людзям, Беларусі? Але гэта ўжо тэма іншага артыкулу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG