Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 жніўня 1891 году нарадзіўся Макар Краўцоў (сапраўднае прозьвішча Косьцевіч). Строгі літаратурны крытык — ён, аднак, крыўдзіўся, калі крытыкавалі яго самога. Быў ворагам камуністаў, якога ратаваў вядомы пралетарскі паэт Міхась Чарот. Сапраўдны сябра, які маральна падтрымліваў Францішка Аляхновіча пасьля вяртаньня таго з Салаўкоў (многія лічылі, што Аляхновіч — агент ДПУ). Шчыры праваслаўны — ён бліскуча выкладаў беларускім дзеткам-каталікам без аніякага прыгнёту для іхняй веры. Слуцкі паўстанец, які быў вымушаны за некалькі месяцаў да сваёй гібелі (калі ў 1939 г. Сталін заняў Вільню) працаваць у бальшавіцкай «Віленскай праўдзе».

1) Любіў хросную, бо яна дазваляла яму, яшчэ хлопчыку, курыць табаку

У артыкуле «Маскалёвы дзеці» (газэта «Беларускі звон» № 22, 1921 г.) знаходзім такі ўспамін: «...мая хрышчоная маці (...) надта добрую душу мела, (...) калі зусім малому мне й кампану майму Ўладыку свойскую табаку курыць не забараняла».

2) Псэўданімам «Краўцоў» стала вулічная мянушка яго сям’і

Чытаем у той жа газэце: «...Вось мы, напрыклад, Краўцовыя, дык гэта таму, што мой дзед, як кажуць, хоць быў і нябедны, але любіў займацца кравецтвам і шыў кажухі».

3) Пачынальнік «ваяцкай паэзіі» ў беларускай літаратуры

Крытык Антон Адамовіч у артыкуле «Да нью-ёрскага выданьня „Твораў“ Уладзімера Жылкі» адзначае: «...пачатак «ваяцкае паэзіі» паклалі ня (...) вэтэраны «нашаніўскага адраджэнства», а тады яшчэ малады іхны пасьлядовец, Краўцоў Макар (...) У (...) газэце «Беларусь» (...) яшчэ ў 1919 г. (№ 9) быў надрукаваны першы твор «ваяцкае паэзіі» — ведамы «Ваяцкі гімн» Краўцова Макара (...), тэкст якога (...) цяперака спраўляе ролю нашага нацыянальнага гімну (...) у якім упяршыню ў вадраджэнскай лірыцы гэтак магутна прагучэў матыў нацыянальнае гордасьці ды ўпяршыню-ж высака ўзьняты быў нацыянальны сьцяг — «штандар наш бел-чырвона-белы», а таксама ясна азначаная канцавая мэта нацыянальна-рэвалюцыйнага руху — «нараджэньне жыцьця Рэспублікі свае...»

4) У царскія часы яго змушалі стаць стукачом

У артыкуле «Верма ў сваю школу» (газэта «Беларускі звон» № 13, 1921 г.) Краўцоў апісвае той час, калі быў вясковым настаўнікам незадоўга да 1-й сусьветнай вайны: «...адтрымаў я пакет ад павятовага спраўніка (...) з надпісам „конфідэнцыяльна“. У пакеце быў сакрэтны цыркуляр паведаміць павятовую паліцыю аб ліку тайных польскіх школ у районе офіцыяльнае школы. (...) я (...) з такім самым надпісам „конфідэнцыяльна“ паслаў спраўніцкую паперу свайму начальніку, інспэктару Дзьмітрэўскаму, з просьбаю растлумачыць, ці ўваходзіць у мае службовыя абавязкі спаўненьне падобных цыркулярных паліцэйскіх загадаў. Крок быў зроблены можа крыху й адважны (...) але лёгічна магчымы і, нямоцнага на розум, інспэктара ён змусіў даволі доўга думаць. Паліцыя, відаць, тлумачыла неспаўненьне мною цыркуляру беспасрэдна — простаю канцэлярскаю неакуратнасьцю (...) а інспэктар, пасьля досіць доўгага часу, мне адказаў простаю ссылкаю на нейкі цыркуляр (...), што аб тайных школах павінны паведамляцца інспэктары. Аб паліцыі ў адказе не было ні слова».

5) Падчас 1-й сусьветнай вайны ледзь ня выдаў ворагу пазыцыі штабу

У газэце «Родны край» (№ 33, 1935 г.) успамінаў: «...немцы занялі Сапяжышкі. Тэлеграфістыя пацьвярдзілі гэтую навіну. (...) уночы (...) зазваніў тэлефон у мяне над галавою. «Allo! Хто гаворыць?» — спытаўся я. Замест адказу чысьцюсенькай расейскаю моваю інтэлігентны голас ласкава пытаўся: «Скажэце, калі ласка, дзе стаіць штаб 3-га армейскага корпусу? «М... мы...» Невядома каму ў адказ я ледзь ня выпаліў: «Мыза Новы-Двор». Але ў час затрымаўся і пачаў энэргічна дапытвацца: «Хто гаворыць?» «Ды адказвайце хутчэй, ці вам ня ўсё роўна?» «Не, ня ўсё роўна (...) Хто гаворыць?» «Сапяжышкі!» — пачуўся той самы голас. Мне зрабілася крыху неяк горача, але я напружыў усю сілу свае волі і цьвёрда заявіў: «Тут штаб крэпасьці, а я — ніжні чын і на гэткія пытаньні нікім адказваць не ўпаважнены (...). Здарэньне гэтае ночы ўрэзалася мне ў памяць на ўсё жыцьцё, і нават пазьней, будучы на вайне афіцэрам, я нікому не расказваў пра яго. Дый як расказваць пра тэлефон у штаб крэпасьці з боку праціўніка, якому я ледзь ня выдаў з гарачкі важны ваенны сэкрэт?»

6) Быў целаахоўнікам прафэсара Яўхіма Карскага

Яўхім Карскі

Яўхім Карскі

У артыкуле «Памяць аб праф. Карскім» (газэта "Родны край № 5, 1936 г.) чытаем: «...Карскі быў абвешчаны ганаровым старшынёю Ўсебеларускага Зьезду. (...) Карскі не пакідаў (...) зьезду аж да самага разгону яго п’янымі салдатамі бальшавіцкага начальніка менскага гарнізону Крывашэіна. (...) Вось апранае ляжаўшую на крэсьле шубу і праціскаецца да дзьвярэй моцная фігура нашага ганаровага старшыні Карскага. Прабіраюся да яго, станаўлюся побач; яго пышная шуба і гэткі зусім «буржуйскі» выгляд трывожыць душу. Бо пяць мінут назад адзін чырвонаармеец ледзь не прабіў штыхом генэрала А-га (...) Засланяць Карскага ад зьнявагі п’янае салдатні, ці нават ад яшчэ горшай бяды, узяўся я — неазброены нават і гэткімі мускуламі, як у таварышоў-матросаў. «Прапусьціць прафэсара Карскага!» — камандую салдатам, калі мы ўжо блізка праціснуліся да дзьвярэй. Налятае сам Крывашэін. Карскі сваёю вечнаю дабрадушнаю ўсьмешкаю і каменным спакойствам як-бы зачароўвае камісара. «Проходите, проходите, пожалуйста», — сіпліва кажа Крывашэін.

7) Яго любімая зброя — кольт вялікага калібру

Пакідаючы ў 1919 годзе перад захопам бальшавікоў Менск, ён мог ня ўзяць з сабою ніякіх рэчаў, але кольт (Краўцоў нават на пісьме вылучаў яго вялікай літарай) заўсёды быў пры ім. У газэце «Родны край» (№ 7, 1936 г.) знаходзім: «...капітан Я-кі спытаўся ў мяне на чатыры вочы:

— Макар! Ты астаешся, ці выяжджаеш?

— Выяжджаю... Што за пытаньне?

— Чэснае слова афіцэра?

— Так, пане капітане...

Я атрымаў ад кап. Я-га на дарогу запрапанованыя ім 1000 марак (...) 9 ліпня 1920 г. раніцай, бяз ніякага асабістага багажу, без плашча нават, з вялізным Кольтам пры боку, я з Менску выехаў...»

8) Выклікаў на дуэль Антона Луцкевіча

Антон Луцкевіч

Антон Луцкевіч

Пра гэта расказаў у сваёй аповесьці «... Натуральны, як лінія небасхілу» Леанід Дранько-Майсюк, спаслаўшыся на ліст палкоўніка Г. Канапацкага і В. Більдзюкевіча (LCVA F.281 Ap.2 B.32 L.67): «Грамадзяніну Антону Луцкевічу. Мы ніжэй падпісаные ўпаважнены Грамадз. Макарам Косьцевічэм перадаць Вам яго вызаў на паядынак за зьнявагу, зробленаю яму Вамі ўчора ўвечары 25-ІІІ-22. Дзеля гэтага просім Вас сёньня 26-ІІІ-22. а 7 гадз. увечары прыслаць сваіх сэкундантаў у Бел. Муз. Др. Гурток (Біскупская 12) для перагавораў.

Палк. Канапацкі
В. Більдзюкевіч 2
6-ІІІ-22
Вільня
1 гадзіна па палудні».

9) Паважліва ставіўся да Расейскай праваслаўнай царквы

У газэце «Беларускі звон» (№ 12, 1921 г.) напісаў артыкул «Праваслаўная царква на Беларусі» (рэдактар Францішак Аляхновіч адзначыў пры публікацыі, што матэрыял гэты «вельмі спрэчны»). Краўцоў сьцьвярджаў: «Праваслаўная расейская царква, да якой цяпер належаць і беларусы, зрабіла праз дзевяць вякоў свайго істнаваньня вялікую працу — пашырыла асьвету і выгадавала ў Маскоўшчыне нацыянальную ідэю, але пасьля Пётры І, каторы зрабіў яе паслушным арудзьдзем гаспадарства, яна знаходзілася як-бы ў сьне да самых апошніх часоў. (...) Расейская рэвалюцыя дала царкве так даўно чаканую свабоду. Адбыўшыся ў Маскве ў 1917–1918 гг. царкоўны сабор пачаў новы пэрыяд гісторыі праваслаўнае царквы. (...) Сваё царкоўнае жыцьцё павінны арганізаваць самі беларусы і адтрымаць фактычную для сваей царквы незалежнасьць, ідэйная-ж, канонічная сувязь з Маскоўскім патрыярхам ня можа парывацца ў межах нашай бацькаўшчыны».

10) Хаваўся ад бальшавікоў сярод менскіх пралетарыяў

Публікуючы ў газэце «Родны край» (№ 14, 1935 г.) артыкул «Мае ўспаміны аб Жылцы», Макар Краўцоў пісаў: «...у Менску ў часе бальшавіцкай акупацыі ў 1919 годзе (...) як сябра рады БНР, разам з іншымі лічыўся абвешчаным бальшавікамі „вне закона“, і папасьць у рукі тагочаснае Чэ Ка для мяне азначала... ведама што азначала! Жыў я на Міхайлаўскай вуліцы № 104 сярод менскага беларускага пролетарыяту; работнікі ведалі, хто і што я, але я верыў ім, што ня выдадуць, і не памыляўся. Здарылася раз, што я быў на валасок ад таго, каб папасьць у рукі чрэзвычайкі. Яна шукала ўночы дэзэртыраў, якіх разьвялося бяз ліку шмат. А я, як былы афіцэр ваеннага часу, не рэестраваўся ў бальшавікоў і фармальна быў злосным дэзэртырам. Аднаго дня зайшоў да мяне сусед (...) папераджаючы, што мне начаваць у сябе дома няварта...»

11) Яго раздражняла любоў Уладзімера Жылкі да паэтаў Срэбнага веку

Уладзімер Жылка

Уладзімер Жылка

У тым жа матэрыяле знаходзім: «Жылка безьперастанку дэклямаваў вершы Блока, Брусава, Раслаўлева, Карынфскага, Сяргея Гарадзецкага (...) нябожчык Жылка здорава такі абрыд мне сваімі дэклямацыямі. Пішу, напрыклад, а тут ён схіляецца над вухам і сваім ціхім машастовым голасам рэцытуе:

Ах, мой синий, васильковый

Да шелковый поясок...

— Ды кінь ты ўсякіх Гарадзецкіх, — адгрызаюся я, — лепш вось гэта: „Прощай, немытая Россия, страна рабов, страна господ“... Але Жылка ўжо абарваў Гарадзецкага і, замест Лермантава, перайшоў на Блока. Часамі ён цэлымі гадзінамі дэклямаваў мілых яго сэрцу расейскіх поэтаў, і тады была адна толькі рада: „Алесь, скрыпку!“, — крычу я старшаму настаўніку весялоўскае камуны. Алесь пачынае іграць які-небудзь раманс, і Жылка адразу сьціхае».

12) Крытыкаваў першую кнігу Янкі Купалы «Жалейка»

Першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». svaboda.org

Першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». svaboda.org

У газэце «Сялянская ніва» № 8, 1926 г. (артыкул «Паэтыцкая творчасьць Янкі Купалы») чытаем: «...паэт у гэным першым сваім зборніку яшчэ не пануе добра над разьмерам і тэхнікай верша і н’ат не валадае яшчэ, як мае быць, роднай мовай, доказам чаго частыя полёнізмы і русыцызмы, якія ў значнай колькасьці спатыкаюцца ў „Жалейцы“; праўда і тое, што ў зборніку гэным бачым (...) цяжкія звароты, няўдалыя параўнаньні, вялікае ўбожства паэтыцкіх формаў, ды пэўную манатонію (...), дзякуючы перавазе матываў з сялянскага жыцьця, сярод якіх бачым яшчэ, падчас, нудныя перапевы і вар’янты аднэй і тэй самай тэмы, ужо ня раз апяванай праз іншых беларускіх паэтаў...»

Кніга Янкі Купалы «Спадчына»

Кніга Янкі Купалы «Спадчына»

13) Быў прыхільнікам невялікіх па аб’ёме кніг паэзіі і прозы

У «Сялянскай ніве» (№ 32, 1926 г., артыкул: «Паэтыцкая творчасьць Янкі Купалы») пісаў пра кнігу Янкі Купалы «Спадчына»: «...цяперака гэткія вялізныя зборнікі чыста выйшлі з моды! Сучасны чалавек пры шалёным тэмпе сягодняшняга жыцьця ня мае часу на доўгія, бясконцыя повесьці ці поэмы, якія гэтак былі да ўспадобы нашым, маючым шмат часу, прадзедам. Гэтак сама не да ўспадобы сучаснаму чытару і вялізныя зборнікі поэзыяў, на якія трэба патраціць шмат часу і цярплівасьці, каб сярод няўхільнага ў гэткага роду публікацыях, выбачайце за выражэньне, сьмяцьця, знайсьці рэчы запраўды мастацкія і цэнныя».

14) Рабіў знак еднасьці паміж полацкім пэрыядам беларускай гісторыі і 1917 годам

У артыкуле «Ўсебеларускі зьезд 1917 г.» («Беларускі звон» № 11–12, 1921 г.) пісаў: «...у абодвых гэтых страшэнна далёкіх адзін ад аднаго пэрыядах ёсьць нешта агульнае, аднолькавае. Аднолькавасьць гэтая — нішто іншае, як усенароднасьць улады; у Полацкі пэрыяд улада беларускага народу спачывала ў яго самога, у асобе Ўсенароднага Веча. (...) у нашыя часы захоўваецца (...) усенародны характар устаноўчае і законадаўчае ўлады»; «...Як у сівыя часы старадаўняе Полаччыны на Ўсенароднае веча зьбіраліся ўсе жывыя сілы народу, так і ў наш час сабраліся яны ў 1917 г. у Менску».

15) Называў сытуацыю зь беларускай мовай «слоўнай анархіяй»

Макар Краўцоў

Макар Краўцоў

У «Беларускім звоне» (№ 22, 1921 г.) пад псэўданімам Звончык гэтак іранізаваў: «...як на грэх, мы ўсе вельмі разумныя і ні то перамудрыць хочам Тарашкевіча, ні то замест Амэрыкі хочам Амерыку знайсьці, толькі вось ніяк не можам дайсьці да пеўнай пэўнасьці ў правапісе, а пішам кожны так, як у галаве заверне. (...) Калі анархія, дык анархія (...) Ляжу гэта я і думаю: а што, каб пачаць ну хоць бы вершам пісаць адно пры адным розныя гэткія незразумелыя словы, каб ні на якую іншую мову ніхто іх ня мог перакласьць, каб былі яны зусім поўным ідыятызмам! Ідэя! Пачынаю:

У лесе лёсым, лесу лёса
Стоць стаіць яго мільён
Глюгі бачу ў паднябёсах,
Пруцца качкі на паўдзён.

(...) гэткі арыгінальны беларускі футурызм».

16) Крыўдзіўся, што, у адрозьненьне ад расейскіх і польскіх газэт, беларуская прэса не зьвяртала ўвагі на ягоную перакладчыцкую дзейнасьць

Паэма Міхаіла Лермантава «Дэман» у перакладзе Макара Краўцова

Паэма Міхаіла Лермантава «Дэман» у перакладзе Макара Краўцова

Напісаў у «Сялянскую ніву» (№ 43, 1926 г.) «Ліст да рэдакцыі»: «Нашая справа» за 4 сьнежня № 3, зьмяшчаючы рэцэнзыю на беларускі перэклад расейскае поэмы А. Блока — «Дванаццаць», ні з таго ні з сяго прыпляла туды маё літэратурнае імя, кажучы аб маім перакладзе лермантаўскіх поэмаў «Мцыры» і «Дэмон», што яны «з тэхнічнага боку даволі ўдатные, мелі, аднак, вялікую нястачу: перакладчык не здалеў вызваліцца да канца ад уплыву духа расейскае мовы, дык і ня чуецца ў іх духа беларускага...» Я далёкі ад таго, каб баяцца крытыкі мае літэратурнае працы, і магу толькі пашкадаваць, што дасюль у беларускім друку ані на «Мцыры», ані на «Дэмон» ніхто крытычна не зарэагаваў. Пераклады мае рэцэнзаваліся тутэйшаю польскаю і расейскаю («Мцыры») прэсаю. Крытыка тады мае вагу, калі яна бесстаронная. З боку «Нашае справы» я на гэтаю бесстароннасьць разьлічаць не магу, бо ведаю, што ў ліку яе «супрацоўнікаў» ёсьць асоба, якая мае са мною асабістыя рахункі [маецца на ўвазе Антон Луцкевіч. — В. Дэ Эм]. Ну дык і зводзіць іх са мною, як толькі можа, стараючыся пры кожным здарэньні рабіць нягодную спробу мяне «лягнуць».

Паэма Міхаіла Лермантава «Мцыры» ў перакладзе Макара Краўцова

Паэма Міхаіла Лермантава «Мцыры» ў перакладзе Макара Краўцова

17) Польскія спэцслужбы ставіліся да яго як да тэрарыста

Юры Туронак (разьдзел «Памяці Браніслава Туронка» з кнігі «Мадэрная гісторыя Беларусі») прыводзіць наступны дакумэнт: «З рапартаў польскай контравыведкі (...): У лютым 1924 г. у Менску паўстаў Беларускі рэвалюцыйны камітэт (...) Мэтай (...) камітэту было імкненьне арганізаваць узброенае паўстаньне на польскай Беларусі, адарваць ад Польшчы абшары па Буг і Нарву і далучыць іх да савецкай Беларусі. (...) камітэт стварыў тэрарыстычныя атрады (...), праектавалася ўзрываньне мастоў, нішчэньне чыгункі і г.д. Як было ўстаноўлена, у паўстаньні мелі ўдзельнічаць наступныя афіцэры: Анусевіч, Бендрык, (...) палкоўнік Езавітаў, Косьцевіч [падкрэсьлена мной. — В. Дэ Эм]...»

18) Сьмяротна пакрыўдзіў Максіма Танка

Максім Танк — вязень Лукішак. 1932

Максім Танк — вязень Лукішак. 1932

У газэце «Родны край» (№ 4, 1936 г.) у рэцэнзіі «З выдавецкай нівы» Краўцоў гэтак пісаў пра творчасьць Максіма Танка: «...тутэйшы (...) „пясьняр вастрогу“ Максім Танк? Ніякая граматыка, ні беларускі слоўнік, ні найпрасьцейшыя правілы рытмікі яго не абавязваюць. (...) Стаўляць радкі стоўбікамі, думаць, што гэта ўжо і паэзія, ды сыпаць ёю, як зь мяшка, патрапіць кожны. Абы на здароўе!..» Абражаны Максім Танк адказаў на гэта вершам «Крытык» (газэта «Наша воля» № 7, 1936 г.):

Яшчэ не падняўся наш крытык з калыскі,
хадзіці на задніх ён лапках пачаў,
няблага вылізваў панскія міскі
і косьці індычак з стала абгрызаў.

Падросшы ён к людзям пачаў прыглядацца,
(ён сэрцам і носам круціў, як хвастом),
наўчыўся ён хутка кусаць, агрызацца,
хадзіці з маленькім, пад кляпай, значком.

Няраз яго гладзіла псярня па твары
таму, што кусацца умеў найніжэй, —
блішчэў яго весяла нос самаварам,
і поўная міска ляжала касьцей.

Памрэ, — пахаваюць. Засыпаць паможам:
усе вершаплёты прыйдзём грамадой,
і оду, як конскую скабу, паложым,
каб меў ён што грызьці і там пад зямлёй.

1936 г.

Максім Танк і Натальля Арсеньнева. Вільня,1937 г

Максім Танк і Натальля Арсеньнева. Вільня,1937 г

19) Навучыў сваю жонку-варшавянку беларускай мове

У ягонай сям’і (у адрозьненьне ад многіх сем’яў іншых нацыянальных дзеячаў) гучала толькі беларуская мова. Зоська Верас у лісьце да Аляксея Пяткевіча (3 красавіка 1972 г. Вільня) адзначала: «...ён (...) быў жанаты з варшавянкаю. І ў той час, калі ў сям’і пасла Ярэміча і бугальтара Біндзюка запанавала польская мова, у Косьцевіча — наадварот. Жонка навучылася добра гаварыць па-беларуску і гаварыла мовай мужа доўга пасьля, як ён загінуў». У фэльетонах і артыкулах неаднаразова высьмейваў расейскамоўных жонак беларускіх дзеячоў: «Напраўду выйшла, што вядомы дзеяч (...) гаварыў па-беларуску ўсюды, апрача (...) уласнага дому. (...) Жонка дзеяча, хоць і радзілася ў Беларускай Зямлі, але лічыла сябе небеларускаю, бо гэта-ж так брыдка, па-мужыцку гаварыць...»; у артыкуле «Трымаймася родных назоваў!» («Беларуская культура» № 1, 1927 г.) пісаў: «...нашто браць (...) благога прыкладу з розных там „дзеячоў“, якія дома гавораць альбо па-расейску, альбо па-польску».

20) Зоська Верас называла яго сям’ю «нежыцьцёвай»:

Зоська Верас. Фота Сяргея Панізьніка

Зоська Верас. Фота Сяргея Панізьніка

«...Косьцевічы былі людзі нейкія нежыцьцёвыя. Ён рэдка калі меў сталую працу. Найчасьцей быў зарэгістраваны як безработны і даставаў невялікую дапамогу. Як ён сядзеў, то жонка жыла ў некага на куце — мела ложак, пастаўлены на кухні. Як Макар Косьцевіч выйшаў з астрогу, то ня мелі дзе дзецца, не было за што наняць кватэру. Але тут ім пашанцавала. (...) нейкі стары расеец меў драўляны дом (...). Пры гаспадарчым будынку ён агарадзіў пакойчык, паставіў печку і пліту і аддаў кватэру Косьцевічам зусім бясплатна. (...) Калі Косьцевіча вывезьлі, а пасьля яго жонка апынулася ў нямецкім канцлягеры, гаспадар дому аб іх не забыўся. Калі Косьцевічыха вярнулася і прыйшла да яго, ён запрапанаваў: „Апякуйцеся мной да маёй сьмерці, пахавайце, а я вам запішу свой дом“. Так і было. (...) З платаў за кватэры жыла яна нядрэнна...»

Выкарыстаныя матэрыялы:

Адамовіч Антон. Да гісторыі беларускае літаратуры. Менск, 2005.

«Беларускі звон» №№ 11, 12, 13, 22, 1921 г. http://elibrary.mab.lt/handle/1/25/recent-submissions?offset=180, http://elibrary.mab.lt/handle/1/2335

Беларускія пісьменьнікі. Том 3. Мн., 1994.

Верас Зоська. Я помню ўсё: Успаміны, лісты. Гарадзенская бібліятэка, 2013.

Дранько-Майсюк Л. У Вільні і больш нідзе. «... Натуральны, як лінія небасхілу». Архіўная аповесьць пра Максіма Танка. Дзеяслоў № 2 (81) 2016.

Латышонак Алег. Жаўнеры БНР. Беларускае Гістарычнае Таварыства Беласток, Інстытут беларусістыкі, Вільня, 2009.

«Наша воля» № 7, 1936 г.

«Родны край» №№ 14, 33, 1935 г.; №№ 4, 5, 7, 1936 г.

«Сялянская ніва» № 8, 32, 43 1926 г.

Танк М. Збор твораў. У 13 т. Т. 1. Мн.: Бел. Навука, 2006.

Танк М. Збор твораў. У 13 т. Т. 9. Мн.: Бел. Навука, 2009.

Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2008.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG