Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўладам ЛДП


Сяргей Гадукевіч галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка 2015 году.
Сяргей Гадукевіч галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка 2015 году.

За што Сяргей Гайдукевіч будзе ўганараваны пасадай чальца Савету Рэспублікі?

Дракахруст: Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч вылучаны ад Менскай вобласьці кандыдатам у склад Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта ўчора паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Прыгадаем: Сяргей Гайдукевіч — бязьзьменны кіраўнік ЛДП, адной са старэйшых партыяў найноўшай Беларусі, тройчы — ў 2001, 2006 і 2015 гадах удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах, аднойчы, ў 2004 годзе быў абраны дэпутатам палаты прадстаўнікоў.

У 2004-2007 гадах ён быў спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных спраў Беларусі па ўзаемадзеяньні з эўраструктурамі і парлямэнтамі. Потым, гледзячы па ўсім, настаў пэрыяд пэўнай апалы — ані ён, ані ніводзін іншы прадстаўнік партыі не патрапілі ў палаты 4-га і 5-га скліканьняў, палітык зьняўся з прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, крытыкуючы іх як спэктакль.

Але партыя працягвала існаваньне, актыўна ўдзельнічае яна і ў сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, усё больш актыўным робіцца сын патрыярха ЛДП Алег Гайдукевіч, які, так выглядае, ужо часткова пераймае паўнамоцтвы бацькі ў кіраваньні партыяй.

Месца ў Савеце Рэспублікі, так бы мовіць, у айчыннай палаце лордаў — сьведчаньне таго, што апала зьнятая.

Месца ў Савеце Рэспублікі, так бы мовіць, у айчыннай палаце лордаў — сьведчаньне таго, што апала зьнятая. На леташніх выбарах Сяргей Гайдукевіч выканаў сваю функцыю кандыдата-спойлера, страхоўкі на выпадак, калі апазыцыйны кандыдат раптам здыме кандыдатуру. Дарэчы, падобную ж ролю адыграў і старшыня Патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч, які сёлета балятуецца ў палату прадстаўнікоў, і на думку экспэртаў мае вялікія шанцы туды патрапіць.

Але больш цікавым, чым пытаньне, чаму апала адносна Сяргея Гайдукевіча зьмянілася на міласьць, падаецца пытаньне, навошта ўладам наагул існаваньне ЛДП? Зачыніць партыю не ўяўляла вялікай складанасьці, міжнароднага шуму было б значна менш, чым ад закрыцьця, скажам, БНФ ці АГП.

Шкоды ад яе ніякай, але якая карысьць?

Так выглядае, што ЛДП выконвае ў беларускай палітычнай сыстэме некалькі функцыяў. Беларускім уладам хоць і не да спадобы складаная і разгалінаваная расейская сыстэма маніпуляцыйнага аўтарытарызму, але не зусім і чужая. Час ад часу лунаюць думкі ператварыць «Белую Русь» у партыю, надаць большую ролю ляялісцкім палітычным арганізацыям, нават увесьці прапарцыйную сыстэму парлямэнцкіх выбарах. На гэты выпадак — «раяль у кустах», ЛДП — партыя правераная, надзейная, з доўгай ўсім вядомай гісторыяй.

ЛДП таксама — пэўны канал выпусканьня пары прарасейскага актывізму. Гайдукевіч у свой час спрабаваў зладзіць рэфэрэндум аб стварэньні канфэдэрацыі з Расеяй, ён часты госьць у Маскве, з калегам Уладзімерам Жырыноўскім ён то сварыўся, то мірыўся і дэманстраваў адзінства. У каго ў Беларусі надта душа баліць за Расею — калі ласка, шлях у ЛДП. З пункту гледжаньня ўладаў усё лепш, чым у якую-небудзь «Рускую весну в Белоруссии». А ў ЛДП такія людзі будуць пад прыглядам.

Нарэшце, ЛДП — дадатковы канал камунікацыі з Захадам. Гэта для дасьведчаных людзей ЛДП — лялька адміністрацыі прэзыдэнта, а для Захаду — старэйшая партыя краіны, якая, дарэчы, ніводнага разу не расколвалася, старшыня — найбольш часты, пасьля Лукашэнкі, удзельнік прэзыдэнцкіх выбараў. Чым не грамадзянская супольнасьць?

Да таго ж Захад — ён розны. Зь некаторымі яго прадстаўнікамі камунікаваць ня надта ёмка, з рознымі скрайне правымі, якія на фоне міграцыйнага крызісу імкліва набываюць папулярнасьць. А тут калі ласка — ЛДП усё ёмка. Падчас нядаўняга візыту групы крайне правых эўрапейскіх палітыкаў у Беларусь яны сустракаліся з кіраўніцтвам ЛДП. Камунікацыя праз ЛДП з гэтым колам ёсьць, а ўлады нібыта і ні пры чым.

Так што ЛДП і яго бязьзьменны старшыня выконваюць даволі важную ролі ў палітычнай сыстэме Беларусі, што забясьпечвае ёй доўгія гады жыцьця, а Сяргею Гайдукевічу — месца сэнатара.

Глод: Юры Дракахруст акрэсьліў асноўныя этапы кар’еры Сяргея Гайдукевіча. Я хачу да гэтага дадаць, што вядомай асобай ён стаў у 1991 годзе, калі пачаў працаваць ва ўпраўленьні бясьпекі пры Савеце Міністраў (тагачасны аналяг цяперашняй рады бясьпекі). Затым быў намесьнікам старшыні камітэту па пытаньнях сацыяльнай абароны вайскоўцаў. Менавіта ён стварыў Народны рух Беларусі (1991–1994), які не атрымаў разьвіцьця. Лібэральна-дэмакратычную партыю ён ачоліў у 1995 годзе і застаецца на гэтай пасадзе ўжо 21 год.

Чаму я ўсё гэта пералічыў? Найперш для таго, каб паказаць, што пры розным стаўленьні да спадара Гайдукевіча нельга не адзначыць, што палітычны досьвед у яго істотны. Да таго ж ён для улады чалавек свой. Як калісьці сьпяваў Уладзімер Высоцкі, «проверенный, наш товарищ».

Цудоўная магчымасьць паказаць Захаду, які велізарны прагрэс зроблены зараз у Беларусі!

Чакаць, што ён раптам стане ярым апазыцыянэрам, не выпадае. А гэта гарантыя спакойнага жыцьця і для яго асабіста, і для ўладаў. І адначасова, якая цудоўная магчымасьць паказаць Захаду, які велізарны прагрэс зроблены зараз у Беларусі! У дыктатарскай краіне прадстаўнік апазыцыі становіцца ня проста дэпутатам ніжняй палаты, а «сэнатарам».

Невыпадкова, што ўчора, калі я размаўляў з сынам Сяргея Гайдукевіча — Алегам, які зьяўляецца першым намесьнікам бацькі ў партыі, першае, што пачуў ад сына было наступнае: што б хто не казаў пра ЛДПБ, наша партыя апазыцыйная. І вось упершыню лідэр апазыцыйнай партыі будзе засядаць у верхняй палаце парлямэнту.

Станаўленьне Сяргея Гайдукевіча адбывалася, калегі, на нашых вачах. Мы яго ведаем даўно. Мы ня маем ілюзій наконт яго палітычнай кар’еры і сутнасьці. Аднак падабаецца камусьці гэта ці не падабаецца, але спадар Гайдукевіч-старэйшы прысутнічае ў нашым жыцьці ўжо шмат гадоў, удзельнічае ў тых ці іншых палітычных кампаніях, падыгрываючы уладзе і вырашаючы свае асабістыя праблемы.

На яго, зноў жа незалежна ад нашага жаданьня, арыентуецца пэўная частка беларускага грамадзтва. Па вялікім рахунку (тут я ўжыву словы нябожчыка Паўла Шарамета) Сяргей Гайдукевіч ня быў заўважаны ў злачынствах супраць апазыцыі.

А што чакаць ад «сэнатара» Гайдукевіча? Ды чаго заўгодна. Прапаноўваў жа ён апазыцыянэрам падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі пасады ў сваім «урадзе» за падтрымку на выбарах. Альбо згадаем, як на выбарах 2010 году лідэр ЛДПБ зьняў сваю кандыдатуру. А ў дзень галасаваньня разам з партыйным актывам на знак пратэсту пайшоў глядзець прадстаўленьне ў цырку.
Так што, магчыма, мы пабачым яшчэ нейкі «цыркавы» нумар у выкананьні Сяргея Гайдукевіча.

Хацеў бы згадаць яшчэ пра двух удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі — Мікалая Ўлаховіча і Тацьцяну Караткевіч. Абое яны балятуюцца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. І калі па акрузе Караткевіч сытуацыя складаная, 6 чалавек, ёсьць прадстаўнік уладаў, намесьнік дырэктара Беларускай чыгункі, то Сеньненская акруга, у якой балятуецца Ўлаховіч, вельмі цікавая.

Я б сказаў нават небывалая. Там тры кандыдаты, і ўсе тры — партыйцы. Гэта Улаховіч, які мае сваю партыю, гэта Ільля Дабратвор ад партыі БНФ і Васіль Заднепраны, старшыня Рэспубліканскай партыі Працы і Справядлівасьці. Нікога іншага няма, і мне падаеццца, што Улаховіч цалкам можа стаць дэпутатам палаты прадстаўнікоў. І тады ва ўладаў будзе козыр: у нас і ў верхняй, і ў ніжняй палатах сядзяць апазыцыянэры.

Цыганкоў: Алег Гайдукевіч, сын Сяргея Гайдукевіча і намесьнік яго па партыі, балятуецца ў Палату Прадстаўнікоў. Але некалькі тыдняў таму адбыўся даволі нечаканы паварот. На гэтай акрузе ў якасьці кандыдата ледзь не ў апошнія дні рэгістрацыі зьявіўся спадар Варанецкі, былы намесьнік міністра замежных справаў, цяпер — пасол Беларусі ў Аўстрыі. На думку назіральнікаў менавіта ён стане пераможцам па гэтай акрузе.

Магчыма, адбыўся разьмен: Сяргею Гайдукевічу сказалі, што калі ўжо мы «зарубілі» вашага сына, ён яшчэ малады, то ў якасьці абмену мы вам дадзім пасаду ў Савеце Рэспублікі.

Магчыма, адбыўся разьмен: Сяргею Гайдукевічу сказалі, што калі ўжо мы «зарубілі» вашага сына, ён яшчэ малады, то ў якасьці абмену мы вам дадзім пасаду ў Савеце Рэспублікі. Каб ні партыя, ні сям’я не адчувалі сябе пакрыўджанымі.

Гэта толькі вэрсія, але здаецца, яна дастаткова прагматычная, паколькі, калі стала відавочна, што Алег Гайдукевіч не пераможа, то магчымасьць такой кампэнсацыі можна было спрагназаваць.

ЛДП вельмі патрэбная для той беларускай палітычнай карціны, якую малююць улады. У патрэбны момант можна туды акумуляваць незадавальненьне, пра што даволі падрабязна казаў Юры Дракахруст. Нельга сказаць, што ЛДП літаральна кіруецца з адміністрацыі прэзыдэнта, але яна безумоўна заўсёды выгандлёўвае сабе пазыцыі. Ну і зараз вяршыняй дасягненьняў Сяргея Гайдукевіча стане яго абраньне ў склад Савету Рэспублікі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG