Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Ільчанка: лепш сьмерць, чым зноў у турму. Аповед крымскага палітвязьня


Юры Ільчанка

Юры Ільчанка

Крымчанін Юры Ільчанка правёў у Сімфэропальскім сьледчым ізалятары 11 месяцаў. Яго арыштавалі 2 ліпеня 2015 году паводле абвінавачаньня ў закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці і ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Нагодаю для затрыманьня стаў шэраг ягоных публікацыяў у сацыяльных сетках, у якіх ён заклікаў да поўнай блякады Крыму і адмовы ад атрыманьня расейскага пашпарту.

24 жніўня 2014 году Юры Ільчанка зладзіў сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Ўкраіны ў сваім офісе. У Севастопалі ён стварыў навучальны цэнтар па вывучэньні замежных моваў, які стаў фактычна прытулкам для тых украінцаў, якія не ўспрынялі новую крымскую ўладу. У часе акупацыі Юры і ягоная сям’я бралі ўдзел ва ўсіх украінскіх выбарах.

Нечакана для яго, у чэрвені Севастопальскі гарадзкі суд зьмяніў меру стрыманьня на хатні арышт. Гэты тэрмін зьбягаў 25 чэрвеня, і Юры не выключаў, што яго зноў арыштуюць.

Праз два месяцы пасьля сэнсацыйных уцёкаў з Крыму Юры распавёў, як усё было. Гэта стала магчымым толькі пасьля таго, як на мацерыковую Ўкраіну пры дапамозе актывістаў арганізацыі «Крым-SOS» былі вывезеныя і ягоныя бацькі, якія таксама адмовіліся атрымліваць расейскае грамадзянства. Іх выезд быў вельмі складаны, бо маці знаходзіцца ў цяжкім стане з-за хваробы Альцгаймэра.

Пра абвінавачаньні

— Калі я трапіў у турму, на мяне аказваўся вялікі ціск. Перашкаджалі падтрымліваць зносіны з іншымі палітвязьнямі, пасадзілі зь людзьмі з крымінальнага сьвету. Сядзелі там, напрыклад, людзі, у якіх было па пяць забойстваў або па 9 судзімасьцяў. Аднойчы, калі адзін такі чалавек напіўся, ён сказаў, што ім абяцалі кароткія тэрміны зьняволеньня, калі яны прымусяць мяне прыняць расейскае грамадзянства і падпісаць усе, што хацелі расейскія ўлады. А хацелі мне навязаць яшчэ тое, што я быццам зьяўляюся каардынатарам Правага сэктару ў Севастопалі, а яшчэ лепш — што па ўсім Крыме. Таксама хацелі, каб я падпісаў тое, што хацеў падарваць помнік Леніну.

Я адмовіўся гэта рабіць, нягледзячы на шантаж, пагрозы, таму, вядома ж, мне паабяцалі зрабіць жыцьцё пеклам і адправіць мяне на 20 гадоў у Магадан.

Пра катаваньні і ўмовы ўтрыманьня

— Спрабавалі біць па нырках, па галаве, па хрыбетніку, каб заставалася як мага менш сьлядоў, але нанесьці як мага больш пакут і шкоды. Кожны раз, калі я засынаў увечары, не хацелася раніцай прачынацца, хацелася проста памерці ноччу і каб наступны дзень не надыходзіў.

Мяне некалькі разоў кідалі ў карцэр, як у Сімфэропалі, гэтак і ў Севастопалі. За маю пазыцыю, за тое, што я праводзіў агітацыю нават у турме. Забаранялі размаўляць на ўкраінскай і крымскататарскай мовах. Гэта быў нацыянальны ціск і мы мелі размаўляць на іх мове.

Калі быў іх дзень перамогі, ад мяне патрабавалі, каб я надзеў гэтак званую георгіеўскую стужку. Я, вядома, адмовіўся, і за гэта мне чацьвёра сутак не давалі спаць і не давалі наагул нават легчы на нары, прымушалі стаяць, у крайнім выпадку — сядзець. Калі я пачынаў засыпаць, то білі. Вядома, першыя-другія суткі гэта яшчэ можна было вытрымаць, а на трэція-чацьвёртыя ўжо засынаеш нават стоячы. Гэта было вельмі цяжка.

Умовы існаваньня можна таксама прыраўняць да катаваньняў. Там настолькі перапоўненая турма, у кожнага зьняволенага няма свайго ляжачага месца. Напрыклад, на 6 нараў — 15 чалавек, і людзі павінны чаргаваць, каб кожны спаў хаця б некалькі гадзін. Іншыя знаходзіліся на вельмі абмежаванай плошчы. Напрыклад, 15 чалавек на 9 квадратных мэтраў. Амаль як у маршрутцы ў гадзіны пік. Тое, што давалі на сьняданак і вечар, мы наагул не бралі, яно сьмярдзела так, што ад гэтага паху ўсіх ванітавала. Бралі толькі на абед першую страву і дадавалі тое, што перадавалі з дому — можна было адну перадачку ў месяц перадаць. То бок раз на суткі сілкаваліся.

Умовы былі жудасныя. Калі камусьці было дрэнна, то мы стукалі, каб паклікалі доктара, а нам часта казалі — гэта не шпіталь, у нас няма хворых, у нас ёсьць або жывыя, або мёртвыя. Многія не вытрымлівалі гэтага. Я бачыў некалькі сьмерцяў, калі людзі вешаліся, калі рэзалі сабе вены, гэта амаль кожны дзень адбывалася.

Пра хатні арышт і ўцёкі

— Калі праз 11 месяцаў я быў пераведзены на хатні арышт, я вырашаў пытаньне, што рабіць далей. Я ведаў, што кожны дзень мяне зноў могуць арыштаваць, бо ў мяне было шмат публікацыяў у інтэрнэце антыакупацыйнага зьместу. Я для сябе вырашыў, што для мяне лепш сьмерць і падарвацца на міне або расьцяжцы, пераходзячы мяжу, чым зноўку трапіць у расейскую турму.

Гэта было напярэдадні гэтак званага дня Расеі. У ноч на гэты дзень я апрануў бацькаву куртку, узяў мамчыну палачку, бо хацеў, каб камэры назіраньня не адразу мяне пазналі. Камэры былі разьвешаныя ўсюды, я сам бачыў, як іх усталёўвалі нават на дрэвах. Выйшаў з хаты, перад камэрамі прайшоў павольна, потым ужо скінуў з сябе куртку, кінуў палачку, зрэзаў бранзалет, які быў у мяне на назе, што сачыў за маімі перасоўваньнем, а потым пабег. Паўтары гадзіны праз лес, да мяжы дабіраўся аўтастопам, бо ведаў, што мяне будуць шукаць з сабакамі. Гэта была праўда. Як распавядаў мой бацька, у дзень уцёкаў прыйшлі каля 10 паліцэйскіх разам з вайсковымі, з сабакамі, яны спрабавалі мяне знайсьці і ўзяць мой сьлед. Але ім гэта не ўдалося, таму што я некалькі разоў мяняў машыны. Частку шляху ішоў пешшу, частку — праяжджаў машынай. Пераходзіў мяжу праз замініраваны лес наўздагад, спадзяваючыся толькі на Бога. Галоўнае — не патрапіць зноў у тое пекла.

На мяжы

— Быў калючы дрот, былі розныя прыборы, нейкія жалезныя рэчы, якія выдавалі гук, калі да іх дакранаесься... Адзін раз я ледзь не трапіў у яміну, адной нагой туды ступіў, але мне ўдалося выбрацца. Таксама было такое, што мяне нібыта заўважылі і прыкладна на адлегласьці 50 мэтраў ад сябе я заўважыў пяць ліхтарыкаў, я лёг на зямлю і ляжаў недзе каля 40 хвілін не рухаючыся, молячыся за тое, каб усё было добра.

На другую ноч пасьля ўцёкаў з дому, мне здавалася, што я іду тым лесам вельмі доўга, і шмат прайшоў, а на самой справе за паўночы я прайшоў 200-250 мэтраў. Там былі суцэльныя кусты, часам 10 хвілін патрэбна было, каб прайсьці мэтар. Калі я ўжо выйшаў на дарогу, падумаў, што ўжо знаходжуся на нашай свабоднай тэрыторыі, але да мяне зьвярнуўся адзін расейскі жаўнер і я зразумеў, што гэта ўжо нэўтральная тэрыторыя, але там яшчэ стаіць адзін іх салдат. Я пабачыў за некалькі дзесяткаў мэтраў і нашага жаўнера, таму пачаў бегчы. А расеец не адразу зарыентаваўся і не пасьпеў пачаць страляць, але пабег за мной. Я крыкнуў нашаму нешта накшталт — спыніце яго, і бег далей, да месца, дзе ўжо правяралі дакумэнты. Можа гэта крыху тэатральна, але я ўпаў на калені, падзякаваў Богу за сваё вызваленьне, пацалаваў украінскую зямлю, а потым ужо пайшоў на праверку дакумэнтаў, распавёў сваю гісторыю...

Пра Львоў і дапамогу

— Потым я дабіраўся ў Львоў, бо адразу для сябе вызначыў, што Львоў — горад, у якім я хацеў бы жыць, калі няма магчымасьці жыць у Крыме. Мне вельмі дапамагла арганізацыя Крым-SOS. Я вельмі ім удзячны, калі б не іх дапамога мне было б вельмі цяжка самому, без грошай, без усяго ўсё пачынаць з нуля. Дзякуючы ім, дзякуючы львавянам і нават тым, хто раней прыехаў у Львоў з Крыма і з Усходу, у мяне ўжо атрымоўваецца стаць на ногі. Цяпер мне ўжо дапамаглі вывезьці бацькоў, якіх таксама запалохвалі. Нават напярэдадні выезду бацьку казалі, нават не марнуйце грошы, усё роўна вас не выпусьцяць. Доўга трымалі на мяжы, але цяпер бацькі са мной. Дзякуй усім!

XS
SM
MD
LG