Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыфашысты Валавік, Бойка і Іваноў 4 месяцы ў турме. Праваабаронцы ня бачаць палітыкі ў крымінальнай справе


Фігуранта так званай справы антыфашыстаў Зьмітра Цэхановіча пасьля 4 месяцаў зьняволеньня вызвалілі зь СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе.

Як паведамляе суполка «Наша справа» ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», гэта адбылося ў мінулую пятніцу.

Тым часам за кратамі застаюцца яшчэ тры фігуранта крымінальнай справы: Ільля Валавік, Вадзім Бойка і Філіп Іваноў. Прычым умовы іх утрыманьня, як сьцьвярджае «Наша справа», зрабілі больш жорсткімі.

Раней нефармальны рух беларускіх антыфашыстаў распаўсюдзіў у сацсетках заяву, дзе крымінальная справа супраць Валавіка, Бойкі, Цэхановіча і Іванова называецца «палітычна матываванай і празьмерна разьдзьмутай».

Падставай для крымінальнага перасьледу антыфашыстаў стала бойка ў тралейбусе 29 чэрвеня 2014 году на прыпынку «Ўнівэрсам» на вуліцы Несьцерава ў Менску. Тады, сярод іншага, пабілі шкло. У бойцы ўдзельнічалі прадстаўнікі дзьвюх фанацкіх груповак, якія ўмоўна лічацца ўльтраправымі і антыфашыстамі. Улетку 2014 году было затрымана 5 чалавек, якія падазраваліся ў прычыненьні матэрыяльнай шкоды «Мінсктрансу», аднак хутка ўсіх пяцёх адпусьцілі на волю. І амаль праз два гады ў справе зьявіўся пацярпелы (які сам быў затрыманы за наркотыкі), на падставе заявы якога Бойку і Валавіку прад’явілі абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Пазьней арыштавалі Цэхановіча і Іванова.

Учора на форуме «Свабоду палітзьняволеным» у Менску шэраг грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычных партыяў прызналі Валавіка, Бойку, Іванова і Цэхановіча палітвязьнямі.

Між тым праваабарончая супольнасьць Беларусі пакуль ня бачыць ніякіх падстаў, каб называць «справу антыфашыстаў» палітычнай.

Валянцін Стрэфановіч
Валянцін Стрэфановіч

«Я пакуль ня бачу прыкметаў палітычнага перасьледу. Біцьцё шкла ў тралейбусе, калі яно мела месца, ня думаю, што сьведчыць пра палітычныя матывы. Будзем адсочваць гэтую справу далей. У любым выпадку, калі будзе больш дадатковай інфармацыі, мы будзем гэта абмяркоўваць, выкарыстоўваць тыя крытэры, якія ў нас прынятыя і якія ў нас звычайна выкарыстоўваюць», — сказаў у камэнтары Свабодзе намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца пры гэтым ня стаў камэнтаваць дэталі крымінальнай справы і яе стан на сёньняшні дзень. Ён дадаў, што сваякі арыштаваных антыфашыстаў не зьвярталіся ў ПЦ «Вясна».

Стэфановіч не выключае, што прадстаўнікі нефармальнага моладзевага антыфашысцкага руху могуць знаходзіцца на адмысловым уліку ў праваахоўных органах.

«Але ў любым выпадку ўчыненьне тых ці іншых супрацьпраўных дзеяньняў выклікае цікавасьць у праваахоўных органаў. Калі гаворка вядзецца пра нейкія бойкі, хуліганскія дзеяньні, бойкі паміж фанатамі, то яны, вядома, выклікаюць цікавасьць. У любой краіне ствараецца база адносна асобаў, схільных да такога кшталту дзеяньняў», — кажа ён.

Як сьцьвярджаюць у суполцы «Наша справа», справай антыфашыстаў займалася Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй і Сьледчы камітэт. Суполка паведамляе, што адначасова з крымінальным перасьледам Валавіка, Бойкі, Цэхановіча і Іванова ідзе няспынны ціск на іншых удзельнікаў антыфашысцкага руху і на іхнія сем’і.

«Абвінавачаныя па „справе антыфашыстаў“, на думку ГУБАЗіК, зьяўляюцца аўтарытэтамі розных групаў антыфашысцкага руху Менску і ўяўляюць сабой пагрозу для дзейнай улады. Ставячы перад сабой задачу ліквідаваць усе непадкантрольныя сілавым структурам моладзевыя аб’яднаньні ў Беларусі, ГУБАЗіК такім чынам спрабуе дасягнуць сваёй мэты», — гаворыцца ў паведамленьні суполкі «Наша справа».

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі моладзевага антыфашысцкага руху ўжо некалькі разоў ладзілі акцыі салідарнасьці з арыштаванымі аднадумцамі. Напрыклад, 29 сакавіка каля будынку Сьледчага камітэту ў Менску невядомыя вывесілі расьцяжку «Волю антыфа».

Самі беларускія антыфашысты пазьбягаюць кантактаў са СМІ і ўсялякай публічнасьці, імкнучыся захаваць ананімнасьць. Хто адмініструе суполку «Наша справа», празь якую антыфашысты распаўсюджваюць свае заявы, невядома. Таксама невядома, што сабой наогул уяўляе так званы моладзевы антыфашысцкі рух у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG