Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі ласка, пакіньце вагон...»: камэнтар да Ромавых дзёньнікаў


Рома Сьвечнікаў

Рома Сьвечнікаў

Наста Грышчук

Рома Сьвечнікаў. Рома едзе. Кніга 1. Вільня: 34mag. net / «Логвінаў»

Рома Сьвечнікаў. Рома едзе. Кніга 2. Вільня: 34mag. net / «Логвінаў»

Што ні кажы, гэты праект — а за ім дзьве кнігі, што набылі дзікую папулярнасьць — нікога не пакінуў абыякавым. Рома ехаў, людзі абмяркоўвалі. Першая справаздача па кругасьветцы зьявілася ў 2014 годзе. Другая — летась, і ўжо сёлета трапіла ў лонг-ліст прэстыжнай літаратурнай прэміі.

Што зноў прыцягнула ўвагу да слыннага праекту 34mag.net.

І паставіла слушнае пытаньне: у чым мастацкая сіла кнігі «Рома едзе», калі яна залічаная ў шэрагі найвыбітнейшых кніг прозы гэтага літаратурнага сэзону?..

Насамрэч, шукаць адказ на пытаньне няма сэнсу. Паклаўшы руку на сэрца (і чытацкае, і вандроўнае), мушу прызнаць: «Рома едзе» — пасьпяховы мэдыяпраект, цікавая зьява, асабісты подзьвіг Ромы і яго адчайных спадарожнікаў, але ня твор мастацкай літаратуры.

Існуюць раманы ў падарожных нататках, дзе сам факт перамяшчэньня ў прасторы выкарыстоўваецца як нагода для большага: абстрагаваных разваг, назіраньняў за чалавечай прыродай, вывядзеньня агульных назоўнікаў ад гуманізму... Цудоўны прыклад — падарожжа канадца Жана Бэліво. Крызіс сярэдняга ўзросту засьпеў яго ў 45. Сям’я і добраўпарадкаванасьць урэшце пачалі душыць у ім усё чалавечае: волю, радасьць жыцьця, адчуваньне ўласнага «я». Мужчына прыйшоў да высновы: «Хай мяне зьесьць леў у Афрыцы, абы не грамадзтва», сабраў валізку і выправіўся ў пешае падарожжа на 11 гадоў.

Падобныя матывы рухалі і юным Ромам. Жонкі і малога бізнэсу ў яго не было. Але былі ўсё тыя самыя сацыяльныя ланцугі, якія аднаму даюць адчуваньне бясьпекі і спакою, а іншага душаць.

І думаецца, менавіта адсюль вынікае прырода нэгатыўных рэакцый на Ромава падарожжа: як многа беларусаў мараць зьдзейсьніць тое самае, але страх пазбыцца ланцугоў, кармушкі, залатых кратаў (а як для нашых рэалій — мядзяных) не дазваляе. Зьяўляюцца крыўда, зайздрасьць, адчуваньне ўласнага бясьсільля. Чую посьвіст камянёў, але рыса гэтая пераважвае нават нашу славутую «талерантнасьць».

Тут заўвага рэдактара кнігі і ўласна часопіса 34mag.net Данілы Беранцава вельмі дарэчы: «Мне здаецца, што падарожжа Ромы і створаны ім матэрыял вельмі своечасовая і актуальная праца. Нам усім варта спыніцца на хвілінку, паглядзець у сваё ўнутранае люстэрка, задацца сумленнымі, нязручнымі пытаньнямі ды вырашыцца на тое, што вось проста цяпер, не адкладваючы на панядзелак, варта выціснуць пэдаль счапленьня, затым паддаць газку — і Рома ўнутры нас паедзе».

Гэта адзін бок мэдаля. Другі хаваецца ў снабізьме творчай інтэлігенцыі. Добрым, сымпатычным снабізьме. Непатрабавальны і малады, як правіла, чытач быў у захапленьні ад Ромавых кніг. Тым часам як чытач патрабавальны і дасьведчаны ня мог заплюшчыць вочы на тое, што кнігі гэтыя, па сутнасьці, не літаратура — справаздача, сабраная пад вокладкай і аздобленая атмасфэрнымі здымкамі. Узьнікае міжвольная абарончая рэакцыя людзей «ад мастацтва»: пакуль праект «Рома едзе» заставаўся ў межах менавіта мэдыйнага праекту — усё было ОК^; як толькі ён замахнуўся на літаратурныя ляўры — ... Пакінем шматкроп’е.

І як бы ні запэўніваў нас Даніла Беранцаў, што «гэта не звычайныя запіскі падарожніка: тут амаль адсутнічаюць апісаньні гарадоў, парады турыстам ды іншы капірайтарскі стаф», што гэта «падарожжа ўсярэдзіну сябе, у сьвядомасьць пакаленьня, у час і норавы неспасьцігальнага несьвядомага арганізму зь сямі мільярдаў клетак», па прачытаньні ніякага адчуваньня глыбіні не ўзьнікае. Наадварот. Герой жыве ўпохапкі, адсюль — скупасьць апавяданьня.

Агульныя партрэты народнасьцяў ― мэксыканцаў, армян, кітайцаў, пэруанцаў і інш. ― у памяці не застаюцца. Сустракаючы іх у тэксьце, адчуваеш унутраны пратэст: па-першае, «усіх пад адзін грэбень» — мэтад, які даўно сябе скампрамэтаваў. Па-другое, трымаеш на ўвазе юны ўзрост аўтара, г. зн. — міжвольную запальчывасьць, куражлівасьць, максымалізм. Да гонару Ромы трэба заўважыць, што ў ягоных падарожных нататках даволі й буйных плянаў, дзе чалавек сапраўды паўстае чалавекам. А для гэтага, здаецца, так мала трэба: некалькі грубаватых штрыхоў у апісаньні твару, вопраткі, манеры трымацца і гаварыць — вось, чалавек зажыў.

Зноў жа, насуперак прадмове спадара Данілы, чытач сустракае тыя самыя «апісаньні гарадоў, парады турыстам». Зусім пазьбегчы іх немагчыма (дый навошта?). Такія геаграфічныя маркеры дапамагаюць адрозьніць адзін пункт падарожжа ад іншага, а праз энную колькасьць старонак яно робіцца неабходным. Ужо ў першай кнізе праступае аднастайнасьць, альгарытм разьвіцьця падзей: дарога зь нейкай прыгодай падчас яе (дзіўны спадарожнік, паломка, канфлікт і інш.), уражаньне ад чарговага гораду, пошук начлегу, блуканьні па горадзе, падчас якіх аўтар-герой накідвае партрэт абарыгенаў, працяг падарожжа... Урэшце, гэта стамляе. Кніга пачынае ўспрымацца як чарнавік да сябе самое. «Рома едзе» — збор найбагацейшага матэрыялу, сакавітай, яркай фактуры, зь якой бы працаваць і працаваць. Хто ведае, быць можа, сталаму Рому пасьля дзясятка падарожжаў уздумаецца-такі перапрацаваць ужо выдадзенае, дадаць новых адкрыцьцяў і ўражаньняў?.. Можа. Але пакуль літаратурная праца — апошняе, што яму патрэбна.

Пры тым спробы мастацкага тэксту ёсьць. У першай кнізе гэта, прыкладам, развагі пра свабоду, якая парадаксальным чынам аказваецца той самай турмой. Лёгіка разважаньняў пакідае шмат пытаньняў, але тут, прынамсі, выяўляецца аўтар. Як і ў экспрэсіі, ненарматыўнай лексыцы, якая неабходная Рому для выражэньня эмоцый. А гэта, у сваю чаргу, жыцьцёва неабходна самім нататкам, напісаным у сухім тэлеграфным стылі.

Даніла Беранцаў выказваў спадзяваньне, што чытач заўважыць сталеньне Ромы, яго стылю і пад. Гэтым разам ягоныя чаканьні апраўдаліся. Напачатку мы бачым поўнага аптымізму, па-добраму саманадзейнага юнака. Пасьля заўважаем, як між радкоў гучыць стомленасьць, трывога, часам нават страх. Рома не адразу прызнаецца ў гэтых пачуцьцях. Моладзевая ўпартасьць не дазваляе паказаць слабасьць. І калі прыходзіць тое самае сталеньне — пасьля шэрагу сапраўды суворых выпрабаваньняў, якія хлопец праходзіць з годнасьцю, — вось тады ён становіцца дастаткова мужным, каб прызнаць: так, стаміўся, так, мне страшна.

І ўсё ж асабістага ў «Рома едзе» надзвычай мала (што вельмі дзіўна). Імёны, пэйзажы, дарогі праносяцца перад чытачом віхурай, зь якой цяжка нешта выхапіць. Нестае аўтарскай засяроджанасьці на адной пэўнай праблеме, нестае самога аўтара. Вернемся да Жана Бэліво. У кнізе пра кругасьветку «У пошуках сябе» ён цягам некалькіх дзён блукае ў пустэльні. Тэкст — суцэльны маналёг. І гэта цікава! Рома ж трымае ў руках сотні сюжэтных нітачак — і нічога зь імі ня робіць. Нават у сябе ён зазірае адно тады, калі знаходзіцца пад наркатычнымі рэчывамі. Вось тут зьяўляецца нешта большае за пералік найменьняў. Тут чытач ажывае.

Два з паловай гады шляху, больш за 100 000 кілямэтраў і 30 краін адкрылі старыя ісьціны:

1. Чалавек жыве ў ілюзіі бясьпекі, якую дае дзяржава.

2. Зьвер у чалавеку заўжды жывы.

3. І тым ня менш, чалавек застаецца чалавекам: спагадлівым, добрым, шчодрым.

4. Грошы — умоўнасьць, якую лёгка абысьці.

5. Ад сябе не ўцячэш.

6. Усё адносна.

Прымаць гэта за аксіёму — ці выправіцца на доўгія, небясьпечныя і захапляльныя пошукі доказаў?..

XS
SM
MD
LG