Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што не разумее, навошта сацыяльныя сеткі патрэбныя наагул і апазыцыйным палітыкам у прыватнасьці. Якая эфэктыўнасьць сацыяльных сетак як сродку палітычнай камунікацыі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Выступаючы па БТ, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, выказалася наконт сацыяльных сетак і палітычнай камунікацыі ў іх: «Вось я, напрыклад, зусім не ўяўляю, навошта патрэбныя сацыяльныя сеткі. Зусім не разумею. Я лічу, што зь сябрамі трэба камунікаваць асабіста або праз тэлефон. Я не разумею: як можна гутарыць у перапісцы? Як можна выхваляцца фатаграфіямі перад незнаёмымі людзьмі? Таму для мяне гэта ўяўляецца як нешта бессэнсоўнае, надуманае».

Ярмошына адзначыла, што шырока сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюць апазыцыйныя палітыкі:

«Астатнія — можа, у меншай ступені, — працягвала яна. — Але давайце ня будзем забываць, што тыя, хто ідзе ў дэпутаты, вельмі вялікая частка — гэта людзі, якім за сорак ужо, а можа, нават і за пяцьдзясят. Яны проста ня вельмі прывучаныя».

Можна, зразумела, пасьмяяцца над старамоднасьцю старшыні ЦВК. Але насамрэч тут два моманты, два пытаньні — першае: наколькі сапраўды сацыяльныя сеткі распаўсюджаныя і ўплывовыя ў Беларусі, і другое: у якой ступені яны ўплываюць на тых, хто імі не карыстаецца.

Паводле дасьледаваньняў за месяц, 2.5 млн беларусаў карыстаюцца Вконтакте, 1.2 млн «Одноклассниками», каля мільёну — Фэйсбукам. Аўдыторыі моцна перакрыжоўваюцца, 80% карыстальнікаў «Одноклассниками» і 66% аўдыторыі ФБ — гэта і карыстальнікі «Вконтакте» таксама.

2.5 млн беларусаў карыстаюцца Вконтакте, 1.2 млн «Одноклассниками», каля мільёну — Фэйсбукам. Аўдыторыі моцна перакрыжоўваюцца, 80% карыстальнікаў «Одноклассниками» і 66% аўдыторыі ФБ — гэта і карыстальнікі «Вконтакте» таксама.

Наконт узростаў спадарыня Ярмошына мае рацыю толькі часткова: сапраўды, моладзь карыстаецца сацсеткамі часьцей за старэйшае пакаленьне, але перавага больш выразная на аўдыторыі «Вконтакте», у той жа час карыстальнікаў ФБ сярод моладзі ў краіне 180 тысячаў, сярод узроставай кагорты 45-54 гадоў — 170 тысячаў.

Аўдыторыя сацыяльных сетак нераўнамерна разьмеркаваная па краіне: адзін сталічны рэгіён дае 43%, самы не сацсетачны — Магілёўшчына, на якую прыпадае толькі 7% аўдыторыі.

2.5 мільёна адной аўдыторыі ВК, каля 3-3.5 мільёна агулам — гэта поўкраіны. І гэта далёка ня толькі сталічная моладзь.

Што да ўплыву — гэта даволі складанае пытаньне. Зразумела, для нас бачная частка грамадзкай рэакцыі — гэта менавіта сацсеткі. Скажам, тая ж рэакцыя на падзеньне кожуху рэактара на АЭС віравала менавіта ў іх. Але так выглядае, што ад іх ды ад СМІ яна распаўсюдзілася, перакінулася і на «маўклівую большасьць», прынамсі, на маўклівую ў сацыяльных сетках.

Але можна казаць і пра спэцыфічнасьць аўдыторыі сацсетак. Прынамсі, аўдыторыя ФБ больш крытычна ставіцца да ўладаў, больш па-праэўрапейску настроеная. Так што да пэўнай ступені рэакцыя сацсетак на тыя ці іншыя падзеі — гэта варэньне ў сваім катле.

Да таго ж, калі казаць пра палітычную камунікацыю, то сацыяльныя сеткі і сапраўды часам выступаюць сродкам выпуску пары — горача абмеркаваў нешта ў ФБ, скінуў рэжым там, дык і ці варта рабіць нешта ў рэале? Самі апазыцыйныя палітыкі кажуць, што ў масавым маштабе ўсё ж больш дзейсная старамодная наўпроставая камунікацыя.

Напэўна, настане дзень, калі і Ярмошына завядзе сабе акаўнт у сацсетках. Але ёсьць падазрэньне, што Ярмошына і ў Фэйсбуку застанецца Ярмошынай.

Ну, а другі цікавы момант — рэакцыя самой Ярмошынай. Яна — не сялянка з пачатковай адукацыяй. Буйны чыноўнік. У яе рэакцыі відавочны культурны разрыў — яна ня супраць сетак, ня кажа, што гэта кепска. Проста не яе, іншы культурны код. Але наўрад ці яна б казала так, калі б не адчувала, што такіх, як яна, насамрэч мільёны. І яны маюць значэньне.

Хаця ў пэрспэктыве, з улікам тэмпаў росту аўдыторыі сацсетак, можна меркаваць, што зь імі на працягу нейкіх 10 гадоў адбудзецца тое ж, што адбылося з мабільнікамі і адбываецца з інтэрнэтам. Напачатку — раскоша, цацка для нямногіх абраных, зараз мабільнікі, прынамсі, маюць усе.

Гэта новы сьвет. І неабавязкова зусім іншы. З інтэрнэтам, дарэчы, таксама назіралася падобная зьява: калі карыстальнікаў было мала, іх палітычныя погляды істотна адрозьніваліся ад поглядаў іншых у бок большай крытычнасьці. Расла доля карыстальнікаў — згладжваліся адрозьненьні.

Так што, напэўна, настане дзень, калі і Ярмошына завядзе сабе акаўнт у сацсетках. Як пісаў гуру СМІ Маршал Маклюэн: мэдыя — гэта і ёсьць пасланьне, тэхналёгіі мяняюць сьвет. Але ёсьць падазрэньне, што Ярмошына і ў Фэйсбуку застанецца Ярмошынай.

Карбалевіч: Калі тэлебачаньне стала важнейшым чыньнікам палітычнага жыцьця, гэта зрабіла пераварот у палітычных тэхналёгіях, стварыла новыя магчымасьці стварэньня палітычнага вобразу і, адпаведна, пэўныя небясьпекі. Выкажу гіпотэзу: калі б Сталін жыў у эпоху тэлебачаньня, зь яго наўрад ці ўдалося б стварыць вобраз геніяльнага палітыка, бо ён быў абсалютна нетэлегенічны. То бок, для кожнай эпохі сродкаў масавай камунікацыі — свой вобраз палітыка.

Асноўны электарат існага рэжыму не жыве ў сацыяльных сетках. Ён жыве ў тэлевізары.

Эпоха сацыяльных сетак дыктуе палітыкам свае правілы паводзінаў. Палітыкі павінны ісьці туды, дзе іх электарат. Калі казаць пра сёньняшнюю беларускую ўладу, то я разумею, чаму Ярмошына так зьдзекліва выказваецца наконт сацыяльных сетак, чаму Лукашэнка называе інтэрнэт ня йнакш, як «памыйка». Бо асноўны электарат існага рэжыму не жыве ў сацыяльных сетках. Ён жыве ў тэлевізары. Адсюль і адпаведныя паводзіны.

Іншая сытуацыя з беларускай апазыцыяй. Доўгі час апазыцыйныя лідэры тлумачылі свае невысокія рэйтынгі тым, што нас, маўляў, не пускаюць на тэлевізію. І гэта часткова было праўдай.

Але цяпер, у эпоху інтэрнэту, сытуацыя памянялася. Асноўная частка апазыцыйнага электарату жыве ў сацыяльных сетках. Але на рэйтынгах апазыцыйных лідэраў гэта адбілася нязначна. Дакладней, сказаць, ніяк не адбілася. Доля людзей у грамадзтве, якая падтрымлівае апазыцыю, практычна не зьмянілася ў параўнаньні з даінтэрнэтнай эпохай.

Вось, напрыклад, Анатоль Лябедзька, здаецца, актыўнічае ў Фэйсбуку, на іншых пляцоўках больш за іншых палітыкаў. Здаецца, кожны дзень паведамляе нешта вострае і нават крэатыўнае. Аднак на ягоным рэйтынгу гэта ніяк не адбіваецца.

Цыганкоў: Чаму праўладныя палітыкі ня йдуць у сацыяльныя сеткі? Таму што ім гэта ня трэба, бо яны фактычна не зьяўляюцца палітыкамі. Яны зьяўляюцца прызначэнцамі ад улады, адпаведна іх не турбуе, што пра іх скажуць у сацыяльных сетках, наколькі шмат там яны здабудуць новых прыхільнікаў, калі ім гэтыя прыхільнікі па сутнасьці непатрэбныя.

Праўладныя палітыкі ня йдуць у сацыяльныя сеткі, таму што ім гэта ня трэба, бо яны фактычна не зьяўляюцца палітыкамі. Яны зьяўляюцца прызначэнцамі ад улады,

Да таго ж, сацыяльныя сеткі — рэч двусечная: тут ёсьць і рэзкія рэплікі, і крытыка, і канкурэнцыя, тут трэба праяўляць сябе зь лепшага, крэатыўнага боку. Ня кожны гэта можа, ня кожнаму падабаецца атрыманьне крытычных заўвагаў і нэгатыўнай рэакцыі.

Але да гонару апазыцыйных палітыкаў варта сказаць, што ўсе яны прысутнічаюць у Фэйсбуку з той ці іншай ступеньню актыўнасьці, і гэта стварае зручны момант для іх камунікацыі як з насельніцтвам, гэтак і з журналістамі.

Раней, калі нейкая падзея адбывалася з тым ці іншым палітыкам, журналісты павінны былі тэлефанаваць яму, цяпер ён на месцы падзеі можа напісаць у сацыяльную сетку, і гэта спрашчае інфармацыйнае паведамленьне пра падзею.

Зьявіліся ў сацыяльных сетках некаторыя праўладныя палітолягі, але сярод дэпутатаў палаты прадстаўнікоў гэта проста лічаныя адзінкі. Яны калі і ёсьць, то ў такіх сетках, як «Одноклассники», дзе няма палітыкі, а выстаўляюць свае дзіцячыя фатаграфіі. Гэта паказвае, што яны не зьяўляюцца палітыкамі і тымі людзьмі, якіх хвалюе папулярнасьць сярод сваіх выбарцаў.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG