Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці сапраўды, як заявіў Аляксандр Лукашэнка, толькі лянівы ў Беларусі можа не зарабіць?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: Падчас наведваньня Маларыты, размаўляючы з жыхарамі 15 жніўня, кіраўнік дзяржавы заявіў: «У Беларусі толькі лянівы можа не зарабіць. Мы што, ваюем, вайна ў нас ідзе ці яшчэ нешта? Трэба проста трохі варушыцца».

Лукашэнка адзначыў, што кожнаму, перш за ўсё, неабходна разьлічваць на сябе. «Вы павінны разумець, што ніхто зь ніадкуль грошы ня возьме», — сказаў ён. «Калі вы будзеце, апусьціўшы рукі, сядзець і глядзець, што хтосьці вам нешта прынясе..., то, ведаеце, дапамагаюць таму, хто сам гэтага хоча», — заявіў беларускі лідэр.

Гэтая рэпліка знамянальная ў некалькіх сэнсах. Найперш, думаю, яна не дадасьць папулярнасьці Лукашэнку. Бо ва ўмовах крызысу, калі скарачаюцца працоўныя месцы і заробкі, а дзяржава стварае ўсялякія перашкоды для самазанятасьці, такая заява можа толькі раздражніць людзей. У мяне склалася такое ўражаньне, што ён да канца не ўяўляе рэальную сацыяльна-эканамічную карціну ў краіне. Бо рапарты і ўрадоўцаў, і мясцовых кіраўнікоў дыхаюць аптымізмам.

У мяне склалася такое ўражаньне, што Лукашэнка да канца не ўяўляе рэальную сацыяльна-эканамічную карціну ў краіне.

Другі момант. Гэтая заява Лукашэнкі гучыць дысанансам з ідэалёгіяй патэрналісцкай дзяржавы, з той сацыяльнай мадэльлю, якая створаная ў Беларусі. Бо даходы абсалютнай большасьць насельніцтва залежаць ад дзяржавы. Гэта пэнсіянэры, бюджэтнікі, работнікі дзяржпрадпрыемстваў, працаўнікі сельскагаспадарчых каапэратываў, якія фактычна зьяўляюцца дзяржаўнымі структурамі. І гэтую сваю ролю ў эканоміцы дзяржава ніяк ня хоча скарачаць.

Зь іншага боку, гэтая заява сьведчыць пра крызыс беларускай сацыяльнай мадэлі. Заклік да людзей разьлічваць на сябе, а не на дзяржаву — гэта прызнаньне таго, што ў дзяржавы няма рэсурсаў працягваць ранейшы сацыяльна-эканамічны курс, захоўваць статус «сацыяльнай дзяржавы». Адсюль такі амаль лібэральны тэзіс.

Іншае пытаньне: ці зразумее Лукашэнку ягоны электарат? Бо 20 гадоў ён запэўніваў людзей у іншым. Галоўны пастулят афіцыйнай ідэалёгіі палягаў у тым, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад суседніх краінаў, захоўваецца сацыяльная дзяржава, якая ня кінула свой народ у дзікі рынак, клапоціцца пра людзей. І вось цяпер гучыць супрацьлеглы тэзіс: кожны клапоціцца пра сябе сам.

І, нарэшце, апошняе. За словамі Лукашэнкі ня йдуць справы. Таму што каб людзі сапраўды маглі клапаціцца пра сябе, трэба даць грамадзтву эканамічную свабоду.

Заклік да людзей разьлічваць на сябе, а не на дзяржаву — гэта прызнаньне таго, што ў дзяржавы няма рэсурсаў захоўваць статус «сацыяльнай дзяржавы».

А гэтага абсалютна няма. На нарадзе ў той жа Маларыце Лукашэнка чарговым разам згадаў праблему, што сілавыя структуры па сутнасьці перашкаджаюць эканамічнаму разьвіцьцю, бясконца плішчаць гаспадарчых кіраўнікоў. Калі бачыш, як у Менску міліцыянты хапаюць ці разганяюць бабуль, якія на вуліцах спрабуюць прадаць кроп ці кветкі са свайго агароду, то заклікі не сядзець, апусьціўшы рукі, выглядаюць недарэчнымі.

Дракахруст: Я б не перабольшваў паваротнае значэньне гэтай заявы. Наколькі я памятаю, такое ці падобнае на такое гаварылася шмат разоў: што працаваць трэба самім, што дзяржава ўсё даць ня можа. Так што гэта ня нешта новае, чаго ніколі раней не гучала.

Акрамя таго, я мяркую, што тут ёсьць пэўны хітрык, бо фармальна, магчыма, Лукашэнка і мае рацыю. Калі параўноўваць зь іншымі краінамі, з краінамі рэгіёну, у тым ліку і з Польшчай, Літвой, то сапраўды, беспрацоўе ў Беларусі меншае. Яно, магчыма, большае, чым паводле афіцыйных дадзеных, але меншае, чым у іншых краінах, дзе працы проста фізычна няма.

Працоўныя месцы ёсьць. Але вельмі малааплатныя. Можна пайсьці прыбіраць вуліцу. Але ці хопіць гэтых грошай, каб карміць сям’ю, каб жыць?

Іншая справа, якая гэта праца ў Беларусі, якія гэта працоўныя месцы. Мы нядаўна абмяркоўвалі з вамі дадзеныя Мінстату па заробках, сярэдні заробак — 350 даляраў. Вы, Віталь, казалі, што так званы мэдыянны заробак (які разьдзяляе ўсё насельніцтва на дзьве роўныя часткі) яшчэ ніжэй, бо 60% насельніцтва атрымлівае заробак меншы, чым сярэдні.

Такім чынам, працоўныя месцы ёсьць. Але вельмі малааплатныя. Можна ўзяць мятлу ў рукі, пайсьці прыбіраць вуліцу. Але ці хопіць гэтых грошай, каб карміць сям’ю, каб жыць? Зарабіць-та можна, а жыць на гэта як?

Беларусь — бедная краіна, і вельмі істотна зьбяднелая краіна за апошнія гады. Ну, а працоўныя месцы ёсьць.

Цыганкоў: Такія выказваньні ўжо гучаць за апошнія гады ўсё часьцей. Ня так даўно беларуская грамадзкасьць актыўна абуралася выказваньнем міністра працы Марыяны Шчоткінай, якая заявіла, што беларусы павінны круціцца і працаваць ня толькі на адной працы.

Потым вясной сёлета віцэ-прэм’ер Натальля Качанава выказалася наконт таго, што вось прыходзіць малады трэнэр на заробак мільён трыста тысячаў: ну, што ж зробіш — такі заробак.

Беларускія чыноўнікі насмельваюцца выказвацца ў такім рэчышчы. Гэтыя чыноўнікі не выбіраюцца насельніцтвам, яны не павінны клапаціцца пра свой посьпех на наступных выбарах, таму могуць казаць непрыемныя рэчы, якія ў многіх краінах чыноўнікі казаць пабаяліся б.

Але гэта сьведчыць пра тое, што іх рэфэрэнтная група, тыя, чыё меркаваньне для іх важнае, знаходзіцца не сярод шырокіх масаў, а ў адміністрацыі прэзыдэнта. І сам кіраўнік дзяржавы пацьвердзіў, што такое стаўленьне на сёньня — мэйнстрым, і такія выказваньні мы, напэўна, яшчэ пачуем.

Сацыяльная дамова зараз вельмі актыўна падрываецца з уладнага боку, паколькі ўлада ўжо ня можа забясьпечыць ранейшы ўзровень, і яна хоча перакласьці адказнасьць на само насельніцтва.

Калі б тое казаў лібэральны публіцыст альбо эканаміст: маўляў, каб лепш жыць, трэба круціцца, хто ня хоча зарабляць — не зарабляе, а хто хоча — зможа зарабіць, то гэта б успрымалася нармальна. У прынцыпе, мы 25 гадоў такое слухаем ад лібэральных эканамістаў і ў цэлым пагаджаемся. Гэта этас капіталізму, грамадзтва дасягненьняў, дзе ты не павінен ленавацца і сядзець на канапе.

Але сапраўды, іронія лёсу ў тым, што цяпер мы гэта чуем ад Аляксандра Лукашэнкі, які якраз сваёй палітыкай сьцьвярджаў іншае. Гэта сьведчыць пра нейкі пачатак разрыву той нефармальнай сацыяльнай дамовы паміж уладай і «маўклівай большасьцю» беларускага народу. Формула дамовы была такой: мы забясьпечваем вам дастатковы матэрыяльны ўзровень, а вы не патрабуеце лішняга: і матэрыяльна, і правоў ды свабодаў, дэмакратыі і г.д.

Гэтая сацыяльная дамова зараз вельмі актыўна падрываецца з уладнага боку, паколькі ўлада ўжо ня можа забясьпечыць ранейшы ўзровень, і яна хоча перакласьці адказнасьць на само насельніцтва. Улада не стварыла такіх умоваў, каб больш актыўны чалавек мог сябе праявіць. Мы бачым праблему з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, з магчымасьцю адкрыць свой малы бізнэс, дастаткова вялікія падаткі і чыноўніцкі цяжар. І таму застаецца патэрналісцкая эканамічная сыстэма, у якой чалавек па-ранейшаму залежыць ад дзяржавы, а сваю ініцыятыву ня мае як праявіць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG