Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкая паліцыя выдала ордэры на арышт 120 топ-мэнэджэраў


Турэцкая паліцыя праводзіць ператрусы адначасова ў 44 кампаніях ў Стамбуле і выдала ордэры на затрыманьне 120 чальцоў іх кіраўніцтва, паведамляе турэцкае дзяржаўнае агенцтва Анадолу.

Ператрусы і затрыманьні праходзяць у межах расьсьледаваньня спробы дзяржаўнага перавароту, якая адбылася ў Турэччыне 15 ліпеня. Чыноўнікі пакуль не паведамілі назвы кампаніяў, дзе вядуцца ператрусы.

Кампаніі падазраюцца ў фінансаваньні руху Фэтхулаха Гюлена — рэлігійнага дзеяча, які жыве ў ЗША і якога турэцкія ўлады лічаць завадатарам бунту.

Турэцкія ўлады перакананыя, што прыхільнікі апазыцыянэра стварылі ў Турэччыне ценявыя структуры — так званую паралельную дзяржаву. Сам Гюлен, які калісьці быў паплечнікам Эрдагана, адмаўляе абвінавачваньні ў падтрымцы бунту.

Пасьля спробы дзяржаўнага перавароту турэцкія ўлады пачалі маштабныя чысткі: больш за 35 тысяч чалавек былі затрыманыя, зь іх 17 тысяч — афіцыйна арыштаваныя.

Больш за 80 тысяч чалавек, сярод якіх вайскоўцы, судзьдзі, дэканы і выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, журналісты пазбавіліся сваіх пасадаў з-за падазрэньняў у падтрымцы Гюлена. Былі зачыненыя больш за дзьве тысячы арганізацыяў.

XS
SM
MD
LG