Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка ў рэгіёнах: новыя шаты караля


Аляксандар Лукашэнка наведвае фэрму ў Маларыце 15 жніўня.

Аляксандар Лукашэнка наведвае фэрму ў Маларыце 15 жніўня.

У якім новым вобразе падаюць Лукашэнку дзяржаўныя мэдыі?

Карбалевіч: 13 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведаў Ваўкавыскі раён, дзе адбылася нарада аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Гродзенскай вобласьці. Высьветлілася, што справы у рэгіёне ідуць дрэнна. На Гарадзеншчыне па выніках першага паўгодзьдзя ня выкананы пяць з васьмі ключавых паказчыкаў эфэктыўнасьці работы. Нічога новага, такая ж сытуацыя ва ўсёй краіне.

Усё было як звычайна. Лукашэнка крытыкаваў, патрабаваў, пагражаў адстаўкамі. Напрыклад, ён заявіў: «Калі губэрнатар не вядзе дыялёг з урадам, значыць, будзе новы губэрнатар. Калі ўрад не разумее мясцовыя органы ўлады, значыць, будзе новы ўрад».

Беларускія ўлады хочуць прадэманстраваць, што турэцкаму капіталу тут адчыненыя дзьверы.

Лукашэнка наведаў два прадпрыемствы. Падчас гэтага візыту ён дазволіў турэцкаму інвэстару набыць стратны Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын у растэрміноўку на 5 гадоў пры ўмове навядзеньня тут ідэальнага парадку за два гады. Думаю, што у Беларусі ўсё ж чакаюць візыту прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана. Гэты візыт быў перанесены. І напярэдадні беларускія ўлады хочуць прадэманстраваць, што турэцкаму капіталу тут адчыненыя дзьверы.

Але беларуская спэцыфіка стаўленьне да бізнэсу, у тым ліку і замежнага выявілася ў адной рэпліцы Лукашэнкі. Ён сказаў турэцкаму гаспадару: «Калі ня выканае ўмовы — вернем сабе прадпрыемства». Дзіўна, што на такіх умовах яшчэ знаходзяцца бізнэсоўцы-рызыканты, якія гатовыя ўкладаць тут інвэстыцыі.

Але гэтая паездка кіраўніка дзяржавы цікавая не самім зьместам, які быў традыцыйным, а асьвятленьнем ў дзяржаўных мэдыях. Рэч у тым, што для апошніх існуе пэўная праблема. За 22 гады кіраваньня Лукашэнкі візыты Лукашэнкі ў рэгіёны і прадпрыемствы адбываюцца па адной схеме. Нічога не мяняецца, абсалютная руціна, якая надакучыла насельніцтву. Ня думаю, што тэлерэпартажы пра гэтыя візыты глядзіць шмат людзей.

Таму яны паспрабавалі рабіць нейкія новыя піяр-хады, каб хоць неяк ажывіць традыцыйную завядзёнку. Я заўважыў два зь іх. Найперш на АНТ паведамілі, што цяперашні візыт Лукашэнка адметны тым, што прэзыдэнт непасрэдна, абмінаючы пасрэдніцкія ланцугі, кшталту ураду ці аблвыканкаму, прыехаў кіраваць раёнам. Гэта амаль як ў Паўночнай Карэі. Тамтэйшыя мэдыі, апавядаючы пра візыты свайго правадыра, у такіх выпадках абавязкова падкрэсьліваюць: «ажыцьцявіў кіраваньне на месцы». Так і тут.

Другі момант. Усе дзяржаўныя СМІ паведамілі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка незаплянавана наведаў адсталыя прадпрыемствы Ваўкавыскага раёну. На гэты конт ужо добра пацьвялілася Сьвятлана Калінкіна. Маўляў, вельмі сьмешна атрымалася, у выходны дзень, у суботу, на заводзе выпадкова апынуўся турэцкі інвэстар — такі раяль у кустах.

Дракахруст: Гэтыя прыёмы беларускіх дзяржаўных мэдыяў зусім не новыя. Гэта спроба патрапіць у народныя архетыпы пра ўладу. Вось ёсьць краіна, ёсьць у ёй розныя сытуацыі, і вось прыехаў цар і на месцы разабраўся. Каго трэба, пакараў, каго трэба, узнагародзіў — навёў парадак. Зразумела, ён ня будзе вечна сядзець у Ваўкавыску, але глядзіць, дбае, і ўсе чыноўнікі ведаюць, што ён можа і зваліцца, як сьнег на галаву.

Перафарматаваны вобраз Гаруна Аль Рашыда, які пераапранаўся ў звычайны строй, хадзіў па горадзе і даведваўся ўсю праўду, як жыве народ.

І другі — такі перафарматаваны вобраз Гаруна Аль Рашыда, які пераапранаўся ў звычайны строй, хадзіў па горадзе і даведваўся ўсю праўду, як жыве народ. Чынавенства, яго атачэньне, ад яго хавае гэта, а ён прарываўся да праўды жыцьця.

Гэтыя два прыёмы ўжываюцца ня толькі ў Беларусі, а ў дадзеным выпадку іх ў адным фляконе ўжылі БТ-шнікі, каб крыху прыпадняць вобраз кіраўніка дзяржавы.

Цікавае наведваньне менавіта турэцкага прадпрыемства. Рэч у тым, што паміж Беларусьсю і Турэччынай адбыўся невялічкі скандал. Мы ведаем, у Турэччыне адбыўся няўдалы пераварот, цяпер там дзясяткамі тысяч арыштоўваюць людзей, і, паводле Анкары, за ўсім гэтым стаіць прапаведнік Гюлен, які жыве ў Злучаных Штатах. Для сучаснай Турэччыны Гюлен — як Троцкі для колішняга СССР.

Але, як высьветлілася, гэты самы Гюлен быў вельмі папулярны ў Беларусі ў свой час, Акадэмія Навук выдавала манаграфіі пра тое, які ён геніяльны і справядлівы. Прынамсі, была выдадзеная біяграфія Гюлена, якую напісаў Яўген Бабосаў, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі, акадэмік НАН. Таксама быў выдадзены яшчэ адзін зборнік тэкстаў беларускіх навукоўцаў з хваласьпевамі Гюлену.

Рэч, хутчэй за ўсё, ня ў там, што акадэмік Бабосаў прасякнуўся ідэямі турэцкага прапаведніка, а банальна ў грошах. У Беларусі некалі нават «Рухнаму» перакладалі. Але ў дадзеным выпадку атрымалася такая «накладка».

Той самы Гюлен цяпер аказаўся ў Турэччыне самым вялікім злачынцам, і ў Анкару паляцеў Усевалад Янчэўскі, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Так выглядае, што прынамсі адной з тэмаў яго перамоваў у Турэччыне будзе мікшаваньне гэтай ня надта прыемнай сытуацыі. Хутчэй за ўсё, яна зьмікшуецца.

Урэшце, не такая ўжо важная для Турэччыны краіна Беларусь, да таго ж, я думаю, там не забылі пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі ў расейска-турэцкім канфлікце. Так што я думаю, што такімі крокамі, як жэсты Лукашэнкі на адрас турэцкага бізнэсу, і візыт Янчэўскага, усё ж такі гэты канфлікт залагодзяць.

Цыганкоў: На прыкладзе гэтага візыту мы бачым спалучэньне высокай міжнароднай палітыкі і нізкай папулісцкай. Высокая — гэта якраз жаданьне наладзіць адносіны з турэцкім бокам пасьля той дастаткова непрыемнай сытуацыяй з Гюленам. Афіцыйны Менск хоча запэўніць Турэччыну, што гэта была недарэчнасьць, ніякага інтарэсу да гэтай злачыннай, як кажуць турэцкія ўлады, асобы ў Беларусі няма, і толькі асобныя навукоўцы захапляліся ягонымі прамовамі, не падазраючы пра яго каварную сутнасьць.

Прыцягваючы турэцкіх інвэстараў, Лукашэнка ўсё ж такі застаецца самім сабой і кажа ім, ня выканаеце ўмовы — вернем сабе прадпрыемства.

Але цікава, што нават пры такой сытуацыі, прыцягваючы турэцкіх інвэстараў, Лукашэнка ўсё ж такі застаецца самім сабой і кажа ім, ня выканаеце ўмовы — вернем сабе прадпрыемства. Кажа, безумоўна, на публіку, у беларускі тэлевізар, і, натуральна, зразумела, якія могуць быць нэгатыўныя рэакцыі турэцкіх бізнэсоўцаў на гэтыя словы.

Беларускія чыноўнікі, якія былі побач з кіраўніком дзяржавы, ці якія займаюцца гэтым інвэстыцыйным праектам, скажуць тым: ды не хвалюйцеся, гэта прэзыдэнт кажа на публіку, на самой справе ўсё будзе нармальна. Такая няўдзячная роля ў даволі многіх беларускіх чыноўнікаў. Цяпер вось Янчэўскі паехаў у Турэччыну, некалькі гадоў таму на фоне аднаго скандалу з выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі наконт габрэяў Павал Якубовіч езьдзіў у Ізраіль і там даказваў, што Лукашэнка меў на ўвазе зусім ня тое.

І ўвесь час гэты лёс у эканамічнага блёку ўраду ці ў тых чыноўнікаў, якія вядуць перамовы з МВФ — кожны раз даказваць, што Лукашэнка насамрэч прыхільнік рынкавых мэтадаў, а тое, што ён кажа, на гэта не зьвяртайце ўвагі.

Другі аспэкт — пошук Аляксандрам Лукашэнкам і прапагандысцкай камандай нейкага іміджу. Я б не сказаў, што гэта пошук нейкага новага іміджу, але гэта прызнаньне таго, што некаторыя ранейшыя схемы апісаньня візыту састарэлі, не выклікаюць ужо ранейшай увагі ў гледачоў, і даводзіцца знаходзіць нешта новае, як нібыта нечаканы візыт на гэтае прадпрыемства.

Сапраўды атрымалася даволі нязграбна, калі нібыта нечаканы візыт, і побач стаяць турэцкія інвэстары, кіраўнікі і іншыя. Часам мы сапраўды трохі перабольшваем патэнцыйныя посьпехі і здольнасьці гэтай прапагандысцкай машыны. Гэта, напэўна, залежыць не ад таго, што нейкія неталенавітыя людзі там працуюць, а ад пэўных рамак, калідораў, у якіх яны павінныя працаваць.

Яны даволі абмежаваныя, фантазія там не вітаецца, трэба дзейнічаць у зацьверджаных схемах, і часам атрымліваюцца такія праколы. Аляксандар Лукашэнка, магчыма, на фоне эканамічнага крызысу будзе шукаць магчымасьць ажывіць свой імідж народнага прэзыдэнта, які клапоціцца пра народ, ратаўніка, і такога пакаральніка чыноўнікаў, якія не выконваюць свае абавязкі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG