Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі гадоў таму давялося гутарыць з адным вельмі буйным беларускім чыноўнікам пра дэмакратыю. Ужо сьмешна, але гутарка атрымалася зьмястоўнай.

На маё шкадаваньне з нагоды таго, што дэмакратыі ў Беларусі, мякка кажучы, малавата, мой суразмоўца разважліва адказаў: «Ну, а як вы думаеце гэта, скажам, у Англіі гістарычна было? Сядзеў кароль і раптам вырашыў — дам-ка я народу, парлямэнту правы? Не, ня так было. Бароны, саслоўі, парлямэнт, грамадзтва гэтыя правы ў кароны вырывалі. Ну і ў нас так будзе. Або ня будзе. Але калі будзе, то толькі так».

Я прыгадаў гэтую размову ў сувязі з чарговым этапам выбарчай кампаніі — рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты. Сёлета яна прайшла даволі лібэральна, апазыцыя панесла пэўныя страты, асабліва яскравыя — намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец і намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў, але большасьць і ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты, і апазыцыйных былі зарэгістраваныя.

Дарэчы, не ва ўсіх аўтарытарных сыстэмах менавіта гэтая стадыя выбарчай кампаніі гэтак жа лібэральная. Напрыклад, у Іране менавіта рэгістрацыя кандыдатаў — асноўны фільтар адсеву непажаданых. Там ёсьць спэцыяльная камісія, якая вызначае ступень адпаведнасьці кандыдатаў высокім прынцыпам ісламу. Не адпавядаеш — да пабачэньня. Алаху не паскардзісься. Затое пасьля тым, хто праз гэты фільтар прайшоў, галасы лічаць досыць шчыра. У Беларусі іншая сыстэма.

Асаблівасьць гэтых выбараў палягае ў тым, што толькі нешматлікія апазыцыйныя арганізацыі адстойвалі ідэю іх ігнараваньня. І справа ня толькі ў тым, што пасьля 2012 году былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія наўпрост забараняюць агітацыю за байкот. Досьвед байкоту выбараў 2012 году і «ігнору» выбараў 2015 году не прынёс якога-небудзь значнага плёну. Спрэчна, што і ўдзел прыносіў або прынясе багаты плён, але гэта прынамсі магчымасьць пагутарыць з народам, месяц паагітаваць яго, за дзяржаўны кошт выступіць па ТБ і ў газэце.

У выніку сёлета апазыцыйныя партыі праз партыйныя зьезды вылучылі 207 кандыдатаў, у 2012 годзе — 128. Рост колькасьці прэтэндэнтаў у кандыдаты адбыўся і за кошт партыйнага вылучэньня ад ляяльных уладзе партый — 180 цяпер супраць 136 чатыры гады таму. Пры гэтым колькасьць вылучэньняў праз збор подпісаў вырасла нязначна — з 223 да 245.

Ну і якое значэньне маюць гэтыя лічбы? — спытае чытач. Ды ніякага, хутчэй за ўсё. Для ілюстрацыі таго, наколькі дасканалая беларуская выбарчая сыстэма, варта прыгадаць забаўную гісторыю, якая здарылася на мінулых выбарах у Гомельскай-Навабеліцкай акрузе.

Чыноўнік, які балятаваўся тады па акрузе, падчас кампаніі быў зьняты з пасады і зьняў сваю кандыдатуру з выбараў. Зьняў сваю кандыдатуру ў парадку выкананьня партыйнай лініі і кандыдат апазыцыйнай АГП. І застаўся адзін-адзінюткі кандыдат ад ЛДП — не апазыцыя, але і не правераны кадар. Паводле дадзеных ЦВК тады больш за палову выбаршчыкаў акругi не паленаваліся прыйсьці галасаваць і 87% (!) з іх прагаласавалі супраць адзінага пакінутага кандыдата. Яўка — гэта сьвятое. Ну і вынік галасаваньня тых, хто прыйшоў, ня менш сьвяты. Свабоднае народнае волевыяўленьне, чаго вы хочаце?

Гэтак жа вольным яно, хутчэй за ўсё, будзе і гэтым разам. Варта ўяўляць сабе, як гэта адбываецца. У Беларусі 5 дзён перад асноўным днём галасаваньня адбываецца датэрміновае галасаваньне. На ноч урна запячатваецца і ахоўваецца міліцыяй. Назіраць усе 5 дзён датэрміновага галасаваньня — справа клапотная, ноччу назіраць за захаваньнем урны староньнім асобам не паложана. Так што зьмесьціва ўрны на дзень галасаваньня — гэта ў значнай ступені «чорная скрыня». А гэта ўжо парадку 30%.

У асноўны дзень галасаваньня бюлетэні як правіла лічаць разам — і датэрміновага і асноўнага галасаваньня. Так што нават пры жаданьні злавіць адрозьненьні, калі яны ёсьць, не атрымаецца. А ў каго будзе такое жаданьне? Кожны чалец камісіі лічыць купку бюлетэняў, якая яму дасталася, прыкладна дзясятую частку ад усіх бюлетэняў, і паведамляе вынік старшыні камісіі. А старшыня апавяшчае выніковую лічбу.

Ну апынецца, скажам, у камісіі нейкая «контра», атрымаецца ў яго ці ў яе, што за кандыдата А — 23%, а за кандыдата Б — 37%. А старшыня аб’яўляе сумарны вынік: за, А — 80%, за Б — 7%. Супярэчыць гэта дадзеным «контры»? Фармальна не. Як у анэкдоце — расклад, баценька.

Але каб не ствараць і такіх тэарэтычных калізіяў, да фармаваньня камісіяў сёлета, як і раней, падышлі строга і прадбачліва, «контраў» у ёй апынулася ўсяго 0,08%.

Як кажуць спэцыялісты па ваеннай стратэгіі, галоўнае не намеры, а магчымасьці. Намеры могуць быць самымі добрымі. Але магчымасьці (і спакуса) атрымаць жаданы вынік, пагадзіцеся, ладныя.

Так што ў рамках гэтых магчымасьцяў і спакусаў абмяркоўваюцца не таямніцы народнага волевыяўленьня, а таямніцы меркаваньня улады.

Для якой, прынамсі пакуль, адзіны рэальны фактар, які мае сэнс браць у разьлік — гэта Захад.

Ня тое, каб ён быў такі ўжо важны і тым больш вырашальны. Да таго ж у гэтай справе ня хочацца і атрымаць занадта мала, але небясьпечна атрымаць і шмат, з улікам таго, што за складанымі манэўрамі афіцыйнага Менску і Захаду ўважліва і крыху раздражнёна назіраюць з Масквы.

Ёсьць, зрэшты, і нейкія ўнутраныя імпульсы, пажаданьні, так бы мовіць, айчынных сучасных баронаў і саслоўяў. Напрыклад, «Белая Русь» даўно і беспасьпяхова просіцца ў партыі. У Расеі «Единая Россия» вунь дзе, а ў Беларусі іх калегі зь «Белай Русі» — незразумела хто. Ёсьць ідэі пашырыць прадстаўніцтва ляяльных уладзе партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, абаперціся на квітнеючую (і пры гэтым цалкам згодную з уладай) грамадзянскую супольнасьць.

Гэта ў прынцыпе нават таму самаму Захаду скарміць можна. Ну вось такая ў нас сапраўдная грамадзянская супольнасьць. Зноў жа як у анэкдоце — ну вось такое ў нас лета. Можа і пракоціць.

Хаця наўрад ці. Да таго ж, паводле формулы чыноўніка, цытаванага на пачатку артыкулу, навошта нешта мяняць, калі можна не мяняць? Да таго ж гісторыя падказвае, што грамадзянская апора для аўтарытарнай улады часьцей за ўсё ператвараецца ўсяго толькі ў яшчэ адну кармушку. А як прыпрэ які-небудзь Майдан, так куды толькі дзяецца гэтая апора?

Так што адказ на падобныя прапановы і ідэі будзе, хутчэй за ўсё, у стылі адказу расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева крымскім пэнсіянэрам: «Грошай няма, але вы трымайцеся там». І будуць трымацца. А хіба ёсьць варыянты?

Яшчэ адна інтрыга выбараў — ці апынуцца ў парлямэнце некалькі апазыцыянэраў? Вельмі апазыцыйных, ня вельмі — хоць якіх-небудзь. Гэткія здагадкі актыўна выказваліся на пазамінулых выбарах у 2008 годзе, тады нават сам прэзыдэнт туманна намякаў, што ўсё можа быць і ён ня зьдзівіцца, калі парачка апазыцыянэраў у парлямэнт патрапіць. Зьдзіўляцца яму і праўда не давялося, усе цьвікі аказаліся забітыя па плешкі.

Магчыма, такое трапяткое стаўленьне кіраўніка дзяржавы да парлямэнту тлумачыцца тым, што і сам жа ён трапіў на палітычны Алімп з дэпутацкага крэсла. Іншы час, іншы парлямэнт, але ці варта рызыкаваць?

Зразумела, усё сказанае — па трэндзе прагноз. У гэтым сэнсе беларуская ўлада нічым не адрозьніваецца ад сваіх цяперашніх і колішніх аўтарытарных калегаў у многіх краінах сьвету.

Праўда, часам прылятаюць «чорныя лебедзі», часам здараюцца нечаканасьці. Нябожчык беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі ў адным са сваіх артыкулаў прыводзіў вялікі сьпіс выбараў у розных краінах сьвету, у якіх іх арганізатары не без падставаў разьлічвалі на адзін вынік, а атрымалі істотна іншы. Хоць выбарчыя камісіі ў адпаведных краінах узначальвалі людзі, якія ў сваёй любові да дакладнасьці і празрыстасьці ня надта адрозьніваліся ад Лідзіі Ярмошынай.

Ці складзецца ў Беларусі да 11 верасьня сытуацыя, падобная на апісаныя Сіліцкім? Хутчэй за ўсё, не. Ускосна гэта пацьвярджаецца скаргамі палітыкаў на цяжкасьці збору подпісаў за кандыдатаў падчас сёлетняй кампаніі. «Разаграваньне» грамадзтва, калі яно мае месца, праяўляецца ў розных формах, у тым ліку і ў росьце цікавасьці да палітыкі. Якая мацнейшая і за адпускны сэзон, і за дачы. Ну, а калі не мацнейшая, то значыць і ня зьменіцца нічога.

Крызіс і крызіс, Госпад трываў і нам загадаў, скончыцца ж ён калі-небудзь. І кажух рэактара на АЭС ну і праўда зусім ледзь-ледзь нахінуўся. Дый памяняюць цяпер. Ну і на поўдні ад межаў Беларусі жах што робіцца.

Праўда, усё гэта выяўляецца ў ступенях і долях. Якія мы, праўда, наўрад ці даведаемся. Не, калі верасьнёўскія выбары раптам стануцца «перакульнымі», то гэта цяжка будзе не заўважыць. А так Лідзія Міхайлаўна, вядома, паведаміць пра пераканаўчую перамогу «блёку камуністаў і беспартыйных». Ой, не, вядома. Ну пра перамогу каго трэба паведаміць. А колькі рэальна набярэ альтэрнатыва, у якую долю галасоў увасобіцца падзеньне заробкаў, рост цэнаў і «камуналкі», «падарунак» з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту, палёт кажуха рэактара АЭС — ідзі даведайся. Мой прагноз — 3% афіцыйна. І правільныя сацыёлягі яго пацьвердзяць. Няправільных бо і няма ўжо.

А апазыцыя... Ну, пасьля выбараў вядома адновіць адвечную спрэчку пра байкот. Праўда, да выбараў тыя, хто ў іх усё ж паўдзельнічае, сустрэнуцца з сотнямі людзей, ім нешта раскажуць, іх паслухаюць. Магу паспрачацца, што прыхільнікі байкоту за гэты самы тэрмін сустрэнуцца з значна меншай колькасьцю людзей. Вось неяк так атрымаецца. Дый навошта, па сутнасьці?

Людзям старэйшага пакаленьня, накшталт мяне, гэтая адвечная беларуская апазыцыйная спрэчка нагадвае спрэчку «ліквідатараў» і «атзавістаў» з «Гісторыі КПСС». Ленін, дарэчы, горача падтрымліваў байкот першай і другой Думаў, сам пісаў палымяны заклік, у якім тлумачыў, што Дума — пародыя на парлямэнт, а ўмовы выбараў жахліва несправядлівыя. Потым, праўда, прызнаў байкот другой Думы памылкай, адзначыўшы, што бальшавікі пераацанілі народны ўздым, а трэба было выкарыстоўваць магчымасьці, якія давала непрадбачлівае самадзяржаўе, для барацьбы зь ім жа.

Цяперашняя беларуская ўлада ўяўляецца больш прадбачлівай. Дый палітыкаў калібру Леніна ў апазыцыі не назіраецца. Што, магчыма, і да лепшага. Ну, а 99 гадоў таму ў Расейскай імпэрыі ўсё наогул вырашыла зусім ня спрэчка «атзавістаў» зь «ліквідатарамі».

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG