Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў: «Не далі адну акругу, вазьму трэць краіны...»


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў стане даверанай асобай ва ўсіх 30 зарэгістраваных ад АГП кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня.

Гэта паведаміў сёньня старшыня партыі Анатоль Лябедзька:

«Мікалая Казлова ўлады з фармальнай прычыны не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Такім чынам ён страціў магчымасьць афіцыйна кантактаваць з 60 тысячамі выбарнікаў. Але ў нас ёсьць 30 зарэгістраваных партыйных кандыдатаў. І мы вырашылі, што Мікалай стане даверанай асобай у кожнага зь іх. Праз гэта ён зможа афіцыйна езьдзіць па краіне і размаўляць з выбарнікамі ў многіх акругах. Больш за тое, мы вывучаем магчымасьць таго, каб Мікалай Казлоў стаў даверанай асобай у кандыдатаў усёй правацэнтрысцкай кааліцыі (акрамя АГП, у яе ўваходзяць рух „За свабоду“ і не зарэгістраваная афіцыйна партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі)».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Свабодзе патлумачылі:

«Выбарчы кодэкс не абмяжоўвае колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, у якіх адзін і той жа чалавек можа адначасова быць даверанай асобай. Так што тэарэтычна спадар Казлоў можа стаць даверанай асобай хоць ва ўсіх абсалютна ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Адзінае пытаньне — ці патрэбна гэта ім?

А абмежаваньне ёсьць іншае — па колькасьці, то бок адзін кандыдат ня можа мець больш за 15 давераных асобаў».

Сам Мікалай Казлоў кажа:

«Я былы супрацоўнік міліцыі. І, вядома, у Старавіленскай акрузе, дзе зьбіраўся балятавацца, у мяне былі б сустрэчы з маімі былымі калегамі. Я запытаўся б пра іх стаўленьне да цяперашняга парадку працы афіцэраў міліцыі. Справа ў тым, што, яны, заступаючы на дзяжурства ў выбарчай камісіі, аўтаматычна павінны падпарадкоўвацца старшыні камісіі. Хіба ж гэта правільна, і хіба можна такім чынам кантраляваць празрыстасьць выбараў?

Улады не далі мне аўдыторыю ў 60 тысяч выбарцаў. Няхай гэта застаецца на іх сумленьні. Але я ўжо маю 30 са 110 акругаў. То бок буду размаўляць з амаль трацінай выбарцаў.

Улады не далі мне аўдыторыю ў 60 тысяч выбарцаў. Няхай гэта застаецца на іх сумленьні. Але я ўжо маю 30 са 110 акругаў. То бок буду размаўляць з амаль трацінай выбарцаў».

Мікалая Казлова акруговая камісія не зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты на падставе нібыта парушэньняў пры запаўненьні дэклярацыі. Ён абскарджваў гэтае рашэньне ў гарадзкой выбарчай камісіі. Аднак і яна не адмяніла рашэньне акруговай.

Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў яшчэ на парлямэнцкіх выбарах у 2008 годзе афіцыйна зафіксаваў укіды бюлетэняў на адным з участкаў у Менску. Казлова прасілі адклікаць свой рапарт, замяць справу. Але міліцыянт праявіў прынцыповасьць. Таму гэтая справа набыла гучны рэзананс.

Цяпер Мікалай Казлоў — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG