Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пляны на адпачынак бязь зьменаў: беларусаў не пужае «жоўты» узровень тэрпагрозы ва Ўкраіне


Чарга на нэўтральнай паласе на ўезд ва Ўкраіну ў Новых Ярылавічах

Чарга на нэўтральнай паласе на ўезд ва Ўкраіну ў Новых Ярылавічах

Пасьля абвяшчэньня ў Чарнігаўскай і паўднёвых абласьцях Украіны «жоўтага» ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы на беларуска-ўкраінскіх памежных пунктах паток ахвочых трапіць ва Ўкраіну ня зьменшыўся.

«Беларусы на адпачынку ў Лазурным. Мяркую, кожная дваццатая машына — зь беларускімі нумарамі. Разам з тым уся нацыянальная самабытнасьць, уся ідэнтычнасьць гэтымі нумарамі і вычэрпваецца. За гэтыя некалькі дзён я чуў польскую, нямецкую, мову каўкаскіх народаў, але беларусы сябе ніяк не выдаюць», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку супрацоўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед.

Востраў Джарылгач, Херсонская вобласьць, Украіна

Востраў Джарылгач, Херсонская вобласьць, Украіна

Пасьля анэксіі Крыму беларусы палюбілі адпачынак у Херсонскай вобласьці. Жалезны порт, Лазурнае, Скадоўск. У Скадоўску, дарэчы, можна наведаць запаведную, але таксама памежную зону — востраў Джарылгач, на якім дагэтуль захаваўся маяк, пабудаваны паводле праекту Эйфэля.

Маяк, пабудаваны на Джарылгачы паводле праекту Эйфеля ў 1826 годзе

Маяк, пабудаваны на Джарылгачы паводле праекту Эйфеля ў 1826 годзе

Мінулымі выходнымі ўжо на нэўтральнай паласе між беларускім пунктам «Новая Гута» і ўкраінскім «Новыя Ярылавічы» ўтварылася кілямэтровая чарга пераважна зь беларускіх аўтамабіляў. Ва Ўкраіну ехалі гамельчукі, жыхары Менску, Менскай і Магілёўскай абласьцей.

Украінскі пункт пропуску “Новыя Ярылавічы”

Украінскі пункт пропуску “Новыя Ярылавічы”

Перапоўненымі ішлі і аўтобусы з Гомелю на Чарнігаў і Кіеў.

Жыхары Берасьцейскай вобласьці і Берасьця ўяжджаюць ва Ўкраіну праз пункт «Макраны-Даманава». Але і там сытуацыя не нашмат лепшая.

«Мы выехалі сёньня вельмі рана, а на мяжы прастаялі больш як дзьве гадзіны. Едзем у Адэсу, спадзяемся, што нічога не сапсуе наш адпачынак. Але будзем вельмі пільныя. Мы дамовіліся раней з гаспадарамі кватэры», — кажа мне жыхарка Берасьцейскай вобласьці, якая падарожнічае разам з мужам і дачкой.

У чарзе на ўезд ва Ўкраіну пераважна аўтамабілі з Менску, Гомеля і Магілёва

У чарзе на ўезд ва Ўкраіну пераважна аўтамабілі з Менску, Гомеля і Магілёва

Гамельчукі традыцыйна і нязьменна на працягу ўсяго году накіроўваюцца па закупы на Чарнігаўскі рэчавы базар, усе іншыя беларусы — на поўдзень, да мора. Паток адпачывальнікаў спыняўся толькі ўлетку 2014-га, адразу пасьля падзеяў на Майдане. Але недзе праз паўгода актыўнасьць беларусаў аднавілася. Першапраходцамі зноў жа сталі гамельчукі — гандлёвыя сувязі мацнейшыя за страх.

«Вас не пужае, што ў Хэрсонскай вобласьці, куды вы накіроўваецеся, абвешчана імаверная тэрарыстычная пагроза? Там побач і Крым, дзе адбываюцца зусім неадназначныя рэчы. Дывэрсанты, стральба?» — запытваю я ў маладой пары менчукоў.

«А чаго баяцца? Я ўчора туды тэлефанаваў. Усё там у парадку. Ціха і спакойна».

«Як жа ж так? На беларускім пункце той самы паток машын, але там спраўляюцца бяз чэргаў», — абураюцца іншыя беларусы.

Пытаюся ў беларускіх памежнікаў, у які час лепш ехаць, каб ня трапіць у шматгадзінную чаргу.

«Вельмі цяжка нешта разьлічыць. Апошнія некалькі тыдняў — чэргі ў любы час. Сёньня ўсю ноч ехалі і ехалі... Вы ж бачылі, што адбываецца на нэўтральнай паласе?»

Уздоўж аўтамабільных чэргаў на нэўтральнай паласе туды-сюды гойсаюць жыхары памежных раёнаў Украіны. Украінцы заўсёды адрозьніваліся прадпрымальніцкай уласьцівасьцю. Як толькі дзесьці нешта здараецца, адразу ўзьнікае неабходны сэрвіс. «Гарбата, кава, вада!» — прапануюць мужчыны і жанчыны, якія перавозяць свой тавар на роварах.

Чарнігаўская траса на Кіеў

Чарнігаўская траса на Кіеў

Праз чатыры гадзіны чаканьня, нарэшце можна рухацца. Наперадзе амаль тысяча кілямэтраў ня вельмі добрай дарогі і з заторамі на адэскай трасе.

XS
SM
MD
LG