Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таталізатар ад руху «За свабоду»: Хто ўгадае склад парлямэнту, атрымае пляншэт, «як у дэлегатаў Усебеларускага сходу»


Рух «За свабоду» запусьціў «Палітычны таталізатар-2016» на вынікі парлямэнцкіх выбараў. Той, хто назаве ўсіх дэпутатаў, атрымае пляншэт, як у дэлегатаў Усебеларускага сходу.

Для ўдзелу ў таталізатары трэба зайсьці на адмысловы сайт і абраць прозьвішчы людзей, якія з найбольшай верагоднасьцю трапяць у парлямэнт.

«Палітычны таталізатар» працуе ў двух рэжымах: рэгіянальны (можна адгадваць па сваёй вобласьці/Менску) ці агульны (увесь склад парлямэнту).

За перамогу на рэгіянальным этапе ўзнагародзяць 7 чалавек — яны атрымаюць флэшкі. Супэрпрыз за ўгадваньне складу ўсяго парлямэнту — пляншэт Samsung Galaxy Tab, які ў прызавы фонд таталізатара перадаў адзін з дэлегатаў чэрвеньскага Ўсебеларускага сходу. Як адзначылі прадстаўнікі руху «За свабоду», дэлегат, які падорыць свой пляншэт пераможцу, пажадаў застацца невядомым.

Удзельнічаць у «Палітычным таталізатары» могуць жыхары Беларусі, старэйшыя за 18 год, акрамя супрацоўнікаў ЦВК і чыноўнікаў ад абласнога ўзроўню і вышэй.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Усе выбары, якія праходзяць у Беларусі, маюць вельмі прадказальныя вынікі. Усе ведаюць, што на прэзыдэнцкіх пераможа дзейны прэзыдэнт, а на парлямэнцкіх — чалавек з каманды ўлады. Такім чынам, пераможцу можна адгадаць задоўга да правядзеньня галасаваньня, проста зірнуўшы на сьпіс кандыдатаў», — сказаў ініцыятар правядзеньня «Палітычнага таталізатара», першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Ён дадаў, што мэта таталізатара — ня толькі прыцягнуць увагу да палітычных працэсаў у Беларусі, але і пасьмяяцца з выбарчага фарсу:

«Мы заклікаем беларусаў да актыўнага ўдзелу ў палітычнай кампаніі, заклікаем падтрымліваць правацэнтрысцкіх кандыдатаў. Але і прапануем разам пасьмяяцца з выбарчага фарсу і такім чынам выказаць пратэст супраць цяперашняй сыстэмы прызначэньня дэпутатаў».

XS
SM
MD
LG